У Магілёве паставілі помнік святару Каніскаму. Улада не раіліся з гараджанамі, ці патрэбны манумент неадназначнаму персанажу беларускай гісторыі

У адкрыцці помніка ўдзельнічалі асобы апранутыя ў казацкае. На чорных майках было напісана, што яны нібыта прадстаўнікі «беларускага казацтва».

Помнік Каніскаму паставілі на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк. На адкрыцьцё прыйшлі кіраўнікі гораду і аблвыканкаму. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін ўзнагародзіў Уладзімера Цумарава і Анатолія Ісачанку мэдалямі “святителя Георгия Конисского”. 

На адкрыцьцё помніка сабралася вялікая грамада людзей, якія называлі сябе праваслаўнымі. Па іх словах Каніскі вялікі дзеяч і святы. Некаторыя адзначалі, што ён  “абараніў Белую Русь ад каталікоў”.

Урачыстасць праходзіла побач з плошчай Арджанікідзэ. Яе ў 2016 годзе ўлады з ініцыятывы праваслаўных актывістаў хацелі пераназваць у гонар Каніскага. Тады было абвешчана грамадскае абмеркаванне, якое разгарнула палеміку ў беларускім інтэрнэце. Яно і выявіла неадназначнае стаўленне да святара, як гістарычнай асобы.

На епіскапскае служэнне ў Беларусь Каніскага запрасілі з Украіны ў 1755 годзе. Магілёўскай епархіяй ён кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя. Падзеі таго часу прывялі да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэчы Паспалітай.

Па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пачалі навяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.

Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскі, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гістарыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярныя.

У 1992 годзе вал «Красной звезды» пераназвалі у архірэйскі вал Каніскага. Тады гэта не выклікала ў грамадстве напружання і расцэньвалася як аднаўленне гістарычнай праўды.

6 жніўня 1993 году архіепіскап Георгій Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых святых. Ягоны вобраз намаляваны на некалькіх праваслаўных святынях Магілёва. На Архірэйскім вале стаіць крыж у яго памяць, а на будынку былога архірэйскага палацу ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё.

Цяперашняя ўлада Каніскага ставіць у адзін шэраг з Еўфрасінняй Полацкай і іншымі прызнанымі беларускімі дзеячамі і асветнікамі.

Сама ж Беларусь успрымаецца ў свеце, як саўдзельніца вайны, распачатай Расіяй супраць Украіны. Адбылося гвалтоўнае здушэнне грамадскага пратэсту 2020 году. А, канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята ў 2021-ым. Грамадскага абмеркавання, як у выпадку пераназваннем плошчы, не абвяшчалася. Летась на месцы, дзе паставілі помнік Каніскаму, паклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.