На ўсходзе Магілёўшчыны актывізавалася перавозка тавараў чыгункай

На станцыі Клімавічы за два апошнія месяцы павялічыўся грузапаток больш чым удвая. Чыгункай вязуць драўніну, угнаенні, будаўнічыя матэрыялы. Стала больш пасажыраў.

“Калі ў маі тут на пагрузку было адпраўлена 437 вагонаў, то ў чэрвені — 1039. Такая ж лічба была і ў ліпені”, – кажуць клімавіцкія чыгуначнікі.

Паводле кіраўніцы чыгуначнай станцыі Лідзіі Нерасценкі дадатковыя аб’ёмы перавозак далі работнікі лясной гаспадаркі.  Па ліквідацыі наступстваў навальніцаў буралом вывозяць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Піламатэрыялы пастаўляюць у Расію ды Азербайджан. 

Штодня да 10 вагонаў ідуць на адгрузку прадукцыі клімавіцкага цэха Беларускага цэментнага завода. Будаўнічыя матэрыялы прыбываюць для мясцовых прадпрыемстваў. На станцыю для сельгаспрадпрыемстваў рэгулярна прыбываюць угнаенні, піша  клімавіцкая газэта “Родная ніва”.

Друз, адсеў і іншыя матэрыялы прыходзяць для ДРБУ-172, цэгла, блокі – для ПМК № 256. Камбінат хлебапрадуктаў адпраўляе спажыўцам муку, вотруб’е і іншую прадукцыю.

Кіраўніца чыгуначнай станцыі кажа, што ў параўнанні з мінулым годам на 35 працэнтаў вырас аб’ём пасажыраперавозак. У чэрвені білетная каса рэалізавала 30 тысяч білетаў. 

Ілюстрацыі з рэсурсу www.rodniva.by