У Чарнігаве 8-гадовы спявак сабраў 64 тысячы грыўнаў на рамонт трафейнага танка. Хто яшчэ з дзяцей дапамае украінскім вайскоўцам

У Чарнігаве 8-гадовы спявак сабраў 64 тысячы грыўнаў на рамонт трафейнага танка. Хто яшчэ з дзяцей дапамае украінскім вайскоўцам.

Сяргей Мароз ладзіў дабрачынныя канцэрты разам з бацькам, але бацькі падкрэсліваюць, што ідэя падтрымаць Узброеныя Сілы Украіны сыходзіла ад самаго хлопца.

Сабраныя грошы ён перадаў украінскаму валанцёру Сяргею Прытуле.

На відэа ёсць замілаваны момант, калі Сяргей Прытула жартаўліва пытае хлопца:

– А гэтыя грошы дакладна сабраныя законным шляхам?

Не паразумеўшыся, хлопец упэўнена кажа:

– Не!

64 тысячы грыўняў адпавядаюць прыблізна 3 500 беларускіх рублёў. Каб сабраць гэтыя сродкі, хлапчуку спатрэбіліся два тыдні. Усе сродкі пойдуць на рамонт танка, які ЗСУ адваявалі ў расійскай арміі.

Хто яшчэ з дзяцей дапамогае ўкраінскаму войску

Месяц таму 10-гадовая чэмпіёнка свету па шашкам Вераніка Яжова сабрала 21 тысячу грыўнаў (700 долараў) на дапамогу ўзброеным сілам Украіны. Гэтыя грошы яна таксама перадала ў дабрачынны фонд украінскага валанцёра і тэлевядучага Сяргея Прытулы, паведамляў Магілёў.media.

Сямігадовая Сафія Чарненка з Мікалаева сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. Ейныя карціны прадаюцца на адной з інтэрнэт-платформаў у Казахстане, а таксама праз суполку «Цмок міру» у ЗША. Грошы адразу пералічваюцца ў крыптавалюту Узброеных сіл Украіны.

Дзяўчынка з маці выехала з Мікалаева 24 лютага, калі пачалася поўнамаштабная вайна. Яна была расстроеная, што адмянілі заняткі малявання.

Па словах маці Ганны, дачка вядзе ўласную хроніку вайны і адлюстроўвае яе ў малюнках. Спачатку яна малявала вайну таемна, пакуль яе творы не ўбачылі сваякі, пісаў  Магілёў.media. 

На сваіх старонках у сацыяльных сетках Ганна размясціла фатаграфіі малюнкаў Софіі. Іх заўважыла ўкраінская ілюстратарка Іра Шу і прапанавала разам стварыць тэматычны стыкерпак. Грошы ад продажу пойдуць на дапамогу Узброеным сілам. У планах – стварэнне тэматычных налепак.

Хто такі Сяргей Прытула

Украінскі тэлевядучы, радыёвядучы, гумарыст і шоумен.

Актыўна займаецца валанцёрскай дзейнасцю, збірае матэрыяльную дапамогу ад неабыякавых грамадзян. Разам з тэлевядучым Генадзем Папенка не раз асабіста наведваў прыфрантавыя зоны, дапамагаючы ўкраінскім вайскоўцам.

Частку грошай, заробленых выступамі, ахвяруе на дапамогу арміі. У Цярнопалі ўтрымлівае рэабілітацыйны цэнтр для пацярпелых ад вайны.

У 2022 годзе за 3 месяцы вайны яго фонд сабраў 700 мільёнаў грыўняў на патрэбы арміі. З 22 чэрвеня 2022 года ад імя уласнага фонду збірае сродкі на 3 байрактары для ўкраінскага войска.