У Магілёве на выхадныя сіноптыкі прагназуюць спёку. А што з пляжамі?

Для аматараў акунуцца ў мясцовыя вадаёмы навіны безнадзейныя. Санэпідэмстанцыя не рэкамендуе гэтага рабіць.

Абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведамляе, што паводле вынікаў лабараторнага кантролю вынесены прапановы аб абмежаванні або забароне купання дзяцей і дарослых на ўсіх пляжах абласнога цэнтру. Не раяць эпідэміёлагі займацца на магілёўскіх вадаёмах і воднымі відамі спорту.

Вада не адпавядае гігіенічным нарматывам на Дняпры – гарадскі пляж і пляж у пасёлку Палыкавічы а таксама Пячэрскім, Грабянёўскім і Вільчыцкім вадасховішчах, піша быхаўская раёнка “Маяк Прыдняпроўя”

У гараджанаў застаецца магчымасць акунацца ў вадаёмы паблізу сваіх лецішчаў, ці кінуць усё і паехаць на курорты.

Тым часам, сіноптыкі з Белгідрамету  прагназуюць 6 жніўня на большай частцы краіны спёку да 32 градусаў. Захаваецца жоўты ўзровень небяспекі.

У Магілёве скварыць будзе меней. Паветра прагрэецца да 29 градусаў. Увечары ў нядзелю магчымы дождж. Беражыце сябе.