Навіны пабрацімаў. У Мікалаве стварылі мурал з «катом-ахоўнікам», які дапаможа перажыць гараджанам ліхалецце

Мясцовыя мастакі стварылі мурал з узброеным катом для падтрымкі тых, хто застаўся ў горадзе і тых, хто абараніць яго.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


«Кот-ахоўнік», галоўны персанаж карціны, намаляванай на тарцы аднаго з дамоў, паводле задумы аўтараў дапаможа жыхарам прыфрантавога гораду аднаўляць раўнавагу.

«Нязломныя Херсон, Адэса і Мікалаеў», суправаджае ката надпіс.

Аўтараў муралу мясцовыя медыі называюць Алёнай і Змітром. Яны кажуць, што галоўная ідэя іхнага твору ў тым, каб людзі не толькі зважалі на агрэсію і разбурэнне, але і бачылі тое, што можа ўзняць настрой. Прысвечаны ён землякам, якія засталіся ў горадзе, і тым, хто яго бароніць.

«Калі шмат цемры, чалавечая псіхіка імкнецца дадаць і ўбачыць нешта добрае, таму вырашылі са Змітром стварыць гэты мурал», – падае словы Алены мікалаеўская фотамастачка Святлана Воўк. Яна першай паведаміла, што ў Мікалаева з’явіўся «кот-ахоўнік».

May be an image of 3 people and outdoors


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота з рэсурсу: facebook.com/sveta.vovk.56

“Памерці, але вытрымаць” – у дні канферэнцыі “Новай Беларусі”, у Мінску прайшло пасяджэнне Савета Міністраў

«Памерці, але вытрымаць» – у дні канферэнцыі «Новай Беларусі», у Мінску прайшло пасяджэнне Савету Міністраў

Пасяджэнне Савету Міністраў  было прымеркаванае да тэмы функцыянавання дзяржавы ва ўмовах санкцый і прысвячалася захадам па пераадоленню іх наступстваў – паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка, які старшыняваў на пасяджэнні, выказаў упэўненасць, што па выніках года эканоміка мае шанцы паказаць такі самы вынік, як і летась.

Пры гэтым асабліва адзначалася, што вялікая ўвага надаецца магчымасці працягваць гандаль з Еўразвязам.

«Нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюзу. Гэта наш бліжэйшы сусед. Мы палавіну там, на маю думку, працавалі па экспарту, – сказаў Лукашэнка.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка так ахарактарызаваў актуальную сітуацыю ў эканоміцы: знешнія ўмовы для работы эканомікі істотна пагоршыліся, таму што ўведзеныя санкцыі адносна Беларусі з боку шэрагу краін датычацца ўсіх этапаў экспарту ад дастаўкі тавару да атрымання выручкі. Каб замясціць прыбыткі, якія выпалі з-за санкцый, быў прыняты комплекс мер для нарошчвання вытворчасці і экспарту ў іншых галінах.

«Штомесяц расце экспарт тавараў, і ў чэрвені ён практычна дасягнуў узроўню мінулага года, а ў Расію – дасягнуў гістарычнага максімуму $2 млрд за месяц» – паведаміў Галоўчанка.

«Дэакупацыя Беларусі, правядзенне новых выбараў» – у другую гадавіну выбараў–2020 завяршылася канферэнцыя «Новая Беларусь» у Вільні. Залю «мініравалі»

Самая масштабная і прадстаўнічая канферэнцыя дэмакратычных сілаў апошняга часу прайшла ў Вільні 8 – 9 жніўня. 

Кабінет Ціханоўскай

Яе галоўным вынікам стала стварэнне Кабінета Святланы Ціханоўскай, мэта якога была агучаная як «дэакупацыя краіны і правядзенне новых выбараў». Прадстаўнікамі Святланы Ціханоўскай у Кабінеце сталі Павел Латушка (прадстаўнік па транзіце ўлады), Аляксандр Азараў (па бяспецы), Валер Кавалеўскі (па замежных справах) і Валерый Сахашчык (па абароне і нацыянальнай бяспецы).

Намеснікамі Ціханоўскай у яе адсутнасць будуць Латушка і Кавалеўскі, а ў звычайны час галоўная першага будзе заключацца ва «узмацненні ціску на рэжым, выкарыстанні ўсіх магчымых юрыдычных, эканамічных, персанальных рэсурсаў дзеля гэтага».

Кабінет – не ўрад у выгнанні

Ідэя Кабінета з’явілася адказам на ініцыятывы па стварэнні часовага ўраду ў выгнанні, якія гучалі на канферэнцыі ў напярэдадні. Наогул атмасфера канферэнцыі характарызуецца яе ўдзельнікамі як напружаная, часам нервовая, са спрэчкамі. Да гэтай напружанасці дадалося паведамленні аб мініраванні ў Вільні 20 устаноў, у тым ліку залі, дзе праходзіла канферэнцыя.

Чальцы Кабінету пры пасадах будуць 6 месяцаў. Праца з прыхільнікамі пераменаў ў онлайне

Службовыя абавязкі ўсіх прадстаўнікоў Кабінета будуць вызначацца на працягу жніўня і верасня, а тэрмін знаходжання кожнага на пасадзе вызначаны ў 6 месяцаў. 

Таксама восенню чакаецца запуск праекту «лічбавай Беларусі» ад Паўла Лібера. Ён павінен перанесці ў віртуальную рэальнасць працу з актыўнымі прыхільнікамі дэмакратычных перамен у Беларусі, даць ім платформу для волевыяўлення і прыкладання намаганняў.

Расійскія артысты Хазанаў, Ярмольнік, Шыфрын, Пугачова, Галкін “адпачываюць” у Латвію пакуль трывае вайна ва Ўкраіне

У Латвіі перабываюць расійскія артысты, якія адкрыта выказвалі сваю пазіцыю адносна агрэсіі Расіі супраць Украіны. Там жа «адпачываюць» і тыя хто ніяк не адрэагаваў на тое, што творыць Расіі ва Ўкраіне. Найбольш расійскія артысты ўпадабаюць балтыйскае ўзмор’е.

Генадзь Хазанаў

Генадзь Хазанаў абвяргае чуткі аб эміграцыі, але ў Латвіі «адпачывае» амаль паўгода.

У Латвіі ён перабывае – як мінімум, з сярэдзіны сакавіка. Яго бачылі ў кампаніі з яшчэ адным расійскім артыстам Леанідам Ярмольнікам.

Як піша латвійскае выданне Press нагодаю для чутак пра эміграцыю Хазанава стаў неадназначны каментар дырэктар расійскага тэатру «Ленком» Марка Варшавера. Ён заявіў, што вярнуцца артыст (Хазанаў, ММ) не можа, і загадкава дадаўшы: «Так здарылася».

Геннадий Хазанов находится в Латвии и прокомментировал слухи об эмиграции - PRESS.LV

Паводле Press Генадзь Хазанаў паабяцаў, што гледачы яго пабачаць на сцэне «Ленкома». Ён адмаўляе, што эміграваў з Расіі, але ягоны каментар гучыць не пераканаўча.

«Трэба проста пільна глядзець на тое, што адбываецца ў маскоўскіх тэатрах. Тады ніякіх пытанняў не ўзнікне. Я гуляю ў спектаклях. Цяпер лета, вакацыі. Але ж гэта не значыць, што я эміграваў», – падае словы расійскага артыста Press, спасылаючыся на канал «Тeleprogramma.pro».

Генадзь Хазанаў мае нерухомасць у краінах Балтыі. Ён удзельнічаў у пастаноўках Рыжскага рускага тэатра.

Леанід Ярмольнік

У Леаніда Ярмольніка ёсць кватэра ў Юрмале. Ён яе прыдбаў у 2012 годзе. Як хвалілася жонка артыста, яны туды ездзілі “як на дачу”, піша выданьне “Фокус”.

Леонид Ярмольник, Леонид Ярмольник и хазанов выехали из России, русско-украинская война

Леанід Ярмольнік жыў у  Заходняй Украіне, калі яго бацька служыў ува Львове.

Яфім Шыфрын

Пра жаданне пакінуць Расіі раней выказваўся яшчэ адзін тамтэйшы артыст Яфім Шыфрын. Ягоны бацька быў рэпрэсаваны ў Савецкім Саюзе, а будучы артыст нарадзіўся ў Магаданскай вобласці. Пазней ягоная сям’я пераехала ў Латвію і пасялілася ў Юрмале. У Латвіі Шыфрын скончыў школу і пачаў вучыцца ў мясцовым універсітэце.

У адным з інтэрв’ю Шыфрын назваў сябе латышом і нават па-латышску звярнуўся да прэзідэнткі краіны Агаты Муцэніецэ, піша выданьне BB.lv.

Ала Пугачова і Максім Галкін

У Латвіі цяпер Ала Пугачова з мужам Максімам Галкіным. Яны абодва асудзілі ўварванне Расіі ва Ўкраіну і вымушаныя былі пакінуць радзіму. Аселі ў Ізраілі.

Мала часу таму наведаліся ў балтыйскую краіну, дзе Галкін дае канцэрты, на якіх выказваецца супраць расійскай агрэсіі. Па ягоным словах вучыць латышскую мову.

фота з рэсурсаў: bb.lv,  focus.ua, easytravel.eu

Кіраўнікі раёнаў выправіліся ў школы. Правяраюць іх гатоўнасць да навучальнага году

У Глуску спраўдзіў падрыхтоўку мясцовай школы мастацтваў старшыня райвыканкаму Ўладзімір Кніга. З ім на агледзіны навучальнай установы хадзілі яго падначаленыя, а таксама супрацоўнікі міліцыі і пажарнай службы.

Ці засталіся чыноўнікі задаволеныя станам школы мастацтваў, невядома.

Мясцовая раёнка “Радзіма” паведаміла толькі пра факт самаго візіту ў навучальную ўстанову «спецыяльнай камісіяй з прадстаўнікоў раённага выканаўчага камітэту, спецыялістаў сферы адукацыі, санітарнай, пажарнай, праваахоўнай службаў», якая ацэньвае гатоўнасць да прыёму вучняў». Службоўцы не прамінулі сфатаграфавацца.

У прэзентацыі дзіцячай школы мастацтваў адзначана, што яна дом для тых, хто не можа ўявіць сваё жыццё без музыкі, песні, танца. Ва ўстанове працуюць15 настаўнікаў. Тут навучаецца 274 школьнікі. Яны вучацца па 2 спецыялізацыях: музычнае (фартэпіяна, баян, акардэон, домра, цымбалы, гітара, флейта), харэаграфічнае.

Звычайна на агледзіны школ выпраўляюць шараговых чыноўнікаў, якімі кіруюць службоўцы з сістэмы адукацыі. Кіраўнікі райвыканкамаў наведваюцца ў навучальныя ўстановы з праверкай зрэдку. Іхны візіт найчасцей выкліканы неабходнасцю падкрэсліць клопат аб мясцовым насельніцтве і яго патрэбаў.

Да сярэдзіны жніўня навучальныя ўстановы павінны атрымаць гэтак званыя пашпарты гатоўнасці. Школы і дзіцячыя садкі аглядае міжведамасная камісія, якая дае экспертную ацэнку іх падрыхтаванасці.

фота з русурсаў: glusk.gov.by, glusk.by

Больш за тону пшаніцы, сотні кілаграмаў угнаенняў і камбікармоў – работнікі сельгаспрадпрыемстваў крадуць усё што можна

Дзяржаўная форма ўласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці на сяле працягвае правакаваць работнікаў прадпрыемстваў на крадзеж у асабліва буйных памерах. «Усё вакол калгаснае, усё вакол маё» даўно стала ўстойлівай формулай для жыцця глыбінкі, а нічога акрамя міліцэйскіх рэйдаў па вёскам дзяржава гэтаму канцэпту, відаць, супрацьпастаўляць і не збіраецца.

Праваахоўныя органы Магілёўскай вобласці штодня размяшчаюць у сваім тэлеграм-канале справаздачы пра чарговыя вынікі рэйдаў.

Так, механізатар адной з дзяржаўных гаспадарак у Быхаўскім раёне на працягу некалькіх дзён цягаў з зернеўборачнага камбайна на полі пшаніцу і ў выніку вынес каля 1,3 тон зерня, якое схаваў на сваім двары. Цяпер супраць 55-гадовага мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа.

У Кіраўскім раёне 44-гадовы механізатар скраў 145 кілаграмаў калійных угнаенняў на тым жа прадпрыемстве, дзе працаваў.

Працаўнік сельгаспрадпрыемства ў Горацкім раёне – далей паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал – быў злоўлены на крадзяжы 200 кілаграмаў камбікорму.

 

«У нас свае ZARы». Кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам» абяцае адзець усіх школьнікаў у беларускае і раіць палюбіць яго

З інтэрв’ю кіраўніцы канцэрну «Беллёгпрам» Таццяны Лугіной тэлеканалу «БТ» вынікае, што беларусам няма куды падзецца, як купляць адзежу, вырабленую мясцовымі прадпрыемствамі. Лугіна апавядае праўладнаму медыя пра сітуацыю са школьнай формай. Сёлета вучні павінны ісці ў школу ў форме дзелавога стылю.

Па словах Лугіной, каб апрануць дзяўчыну-школьніцу хопіць 280 рублёў, а хлопца ад 160 да 260 рублёў.

Яна кажа, што «Беллёгпрам» прагназаваў у сакавіку і красавіку павышаны попыт на беларускае, бо людзі сталі меней перасоўвацца ў сувязі з закрыццём межаў.

Лугіна запэўнівае: блізу аднаго мільёна беларускіх вучняў не застанецца без адзежы да школы. Яе вырабляе 18 мясцовых прадпрыемстваў.

Кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам» лічыць, што цяперашні час дазваляе насельніцтву не «бегчы за нечым модным і замежным, а расплюшчыць вочы і палюбіць тое, што ў нас ёсць».

«Калі чуеш, што ZARA сышла з Расіі. ZARA сышла, і што тут такога трагічнага. У нас жа сваіх ZAR», – кажа яна ў інтэрвʼю «БТ».


Што казала раней кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам»


У чэрвені Таццяна Лугіна казала, што за 150 рублёў можна будзе купіць спрошчаны варыянт школьнай формы. Кошт шарсцяной адзежы даступным будзе не кожнай сям’і, даводзіла кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам».

Яна прызнаецца: верхняя і ніжняя планкі кошту школьнай формы знаходзяцца далёка адна ад адной, пісаў  Магілёў.media.

Лугіна адзначала, што паводле падлікаў ведамства, каб сабраць вучня ў школу бацькам трэба мець ад 150 да 750 рублёў. У гэтую суму ўваходзяць абутак і заплечнік.

фота з рэсурсу: mogilev.biz

«У пацыентаў незагойныя раны». У Латвіі лечаць параненых у выніку расійскіх абстрэлаў украінцаў

У Рыжскую Усходнюю клінічную ўніверсітэцкую больніцу дастаўлены 21 чалавек з цяжкімі раненнямі, атрыманымі ва Украіне.


Пішам пра краіны суседкі, на жыццё якіх паўплывала поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіны. Суседзі Беларусі апякуюцца уцекачамі-украінцамі, прымаюць на лячэнне ахвяраў вайны, пастаўляюць гуманітарную дапамогу Ўкраіне. Самі сутыкаюцца з эканамічнымі цяжкасцямі, прызнаюць наяўнасць крызісных прыкметаў у фінансавым сектары і не баяцца агучваюць сваю пазіцыю адносна таго, што творыць Расія ва Ўкраіне.


Паводле кіраўніка клінікі траўматалогіі і артапедыі Андрыса Вікманіса гэтыя пацыенты адрозніваюцца ад хворых з бытавымі траўмамі, бо для ахвяраў вайны неабходныя аперацыі па рэканструктыўнай хірургіі, пратэзы, трансплантацыя касцей.

Большасць дастаўленых пацыентаў – маладыя людзі з траўмамі, атрыманымі ў выніку абстрэлаў або выбухаў. Медыкі асцерагаюцца, што ў параненых на вайне магчымыя інфекцыі. Акрамя таго, у некаторых пацыентаў ёсць незагойныя раны, паведамляе  інфармацыйнае агенцтва «Delfi».

Міністр аховы здароўя Даніэль Паўлютс кажа, што каля 8000 мірных жыхароў Украіны ўжо атрымалі медычную дапамогу ў Латвіі.

Ён падкрэслівае: аб гатоўнасці падтрымаць параненых ва Украіне гаварылі ўжо даўно, але да гэтага часу вылечылі толькі некалькі такіх людзей. Па яго словах, Латвія здольная прыняць некалькі сотняў пацярпелых ва Украіне і зараз – час выкарыстоўваць гэтыя магчымасці.

У супрацоўніцтве з дабрачыннай арганізацыяй M-Help.com Міністэрства аховы здароўя прадставіла спецыяльны аўтобус, здольны за адзін раз перавезці 21 пацярпелага.

Дырэктар дабрачыннай арганізацыі M-Help.com Арвіс Рэкетс кажа, што арганізацыя першапачаткова дапамагала ў аснашчэнні ўкраінскіх больніцаў, але цяпер яна таксама дапаможа арганізаваць рэгулярныя аўтобусныя рэйсы для пацярпелых у вайне ва Украіне.

фота з рэсурсу: swissinfo.ch

В Быхове чиновники нашли новое место для кладбища. Хоронить на нём будут цивилизованно, а тем временем старое кладбище зарастает (фоторепортаж)

Проблема с кладбищем в Быхове стоит давно.

Основное, Белогорское кладбище, “переполнено”. «Быховский жилкомхоз» вынужден принять решение о его закрытии.

Это кладбище известно тем, что здесь находятся захоронения местных евреев. В 2018 году тут на средства британского Фонда Саймона Марка Лазаруса поставили два памятника жертвам Холокоста.

Местное еврейское кладбище расположено на крутом холме, огорожено и граничит с православными захоронениями. В 2014 году на нём было 217 надгробий, установленных не ранее начала 20 века. Сейчас площадь кладбища используется и для христианских захоронений, немало из которых наложены на еврейские захоронения.

Как стало известно, скоро жители Быхова будут хоронить своих родственников на кладбище деревни Трестивец, расположенном в трех километрах от города. Уже есть план, согласно которому, для захоронений будет выделена дополнительная площадь размером в пять гектаров.

В том, что на городском кладбище не осталось места для захоронений свою роль сыграла катастрофа на Чернобыльской АЭС. Быхов оказался одной из самых загрязненной территорий в Беларуси. А уж пандемия коронавируса привела к тому, что кладбище, расположенное на горе, разрослось и спустилось в низину, к реке Мокрянка.

Как следствие, к Белогорскому кладбищу нет нормальных подъездов, нет возможности вынести с захоронений мусор и спилить аварийные деревья, а похороны становятся сущим мучением.

Еще одной проблемой является самовольное огораживание захоронений. Между могил нет проходов.

Все эти проблемы накапливались десятилетиями, разрастались, как снежный ком и, в итоге привели власти к понимаю того, что необходимо новое кладбище.

На Трестиветском кладбище, обещают чиновники, его территорию разобьют на сектора, и заниматься захоронениям будет исключительно УКП «Быховский жилкомхоз». Захоронения запретят огораживать, а также устанавливать возле могил скамейки и столы. Желающие смогут арендовать столы и шезлонги у жилкомхоза.

На новом кладбище оборудуют автомобильную стоянку, место для прощания с усопшими, между секторами проложат асфальтированные дороги.

К цивилизованному отношению горожан к кладбищу чиновники будут приучать административными методами.

Ад аграгарадкоў да «вёсак будучыні». Эксперыменты з сельскай гаспадаркай працягваюцца

Беларускія ўлады заявілі пра намеры стварыць ува ўсіх рэгіёнах «Вёскі будучыні». Чыноўнікі запэўніваюць, што ў такіх паселішчах будзе забяспечанае камфортнае пражыванне і створаныя новыя працоўныя месцы ды вытворчасці.

Намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч кажа, што ўся тэрыторыя краіны ўжо падзелена на шэсць рэгіянальных груп, дзе адначасова будзе ўкараняцца гэты праект, піша краснапольскае выданне «Чырвоны сцяг».

Вернутыя з савецкай мінуўшычыны – аграгарадкі, якія і тады не далі плёну

Два дзясяткі гадоў таму заяўлялася, што аграгарадкі стануць прыкладна тым жа, што і праектаваная «Вёска будучыні».

У 2003 годзе Лукашэнка даручыў распрацаваць праграму адраджэння вёскі, каб яна стала перспектыўнай і прывабнай для моладзі.

Першым аграгарадком стала вёска Язёры Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласці.

Феномен «аграгарадка» – не выдумка цяперашняй улады ў Беларусі. Яе прататыпы ў БССР з’явіліся яшчэ ў 1950 гадах, калі ўзяліся ўзбуйняць калгасы. Новых паселішчаў стварылі 3852. Тагачасныя аграгарадкі не выратавалі вёску ад дэградацыі, не затрымалі там і моладзь.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў савецкі досвед узгадалі. Планавалася, што да канца 2011 года будзе завершана стварэнне сеткі аграгарадкоў, а іх колькасць перавысіць 1,5 тысячы. У 2014 годзе іх было 1512. Аграгарадок стаў афіцыйным відам сельскага паселішча.

У ідэале аграгарадок меўся быць забяспечаны сувяззю, электрычнасцю, газам, водаправодам, крамамі, сталоўкамі, поштай, ашчаднай касай, установамі медыцыны, адукацыі, культуры, спорту.

На справе ж многія аграгарадкі не адпавядалі крытэрыям такой інфраструктуры. Толькі 93 % жыллёвага фонду газіфікавана, 76 % забяспечана водаправодам, 72 % каналізацыяй, 65 % цэнтральным ацяпленнем, 50% гарачай вадой. Насельнікі аграгарадкоў не маюць абяцаных высокіх заробкаў, а адсутнасць перспектыў не прываблівае ў іх моладзь.

Пра “Вёскі будучыні” чыноўнікі кажуць ужо пяць гадоў

У лістападзе 2017-га тагачасны віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы абвясціў, што ў Беларусі выбралі пасёлкі, якія ператворацца ў «вёскі будучыні». Іх збіраліся ствараць на базе аграгарадкоў і, нібыта, тады ўжо былі падрыхтаваныя тыпавыя праекты «вёсак будучыні».

У якасці прыкладу, да чаго павінны імкнуцца такія вёскі, чыноўнік назваў аграгарадок Верцялішкі і вёску Копысь, пісала   «БелТА». 

Копысь адметная тым, што праз Дняпро родная вёска Лукашэнкі, а ў копысеўскай лякарні ён нарадзіўся і, таму, па словах мясцовых жыхароў, па асабліваму ставіцца да гэтага паселішча.

Як вынікала з тлумачэньняў Русага, тагачасныя намеры ў стварэнні «вёсак будучыні» не былі прапрацаваныя, бо, як ён адзначыў, толькі ў 2018 збіраліся іх «юрыдычна ўзаконьваць».

Мінула 5 гадоў і чынавенства зноў загаварыла пра “Вёскі будучыні” ўжо вуснамі намесніка міністра эканомікі Таццяны Бранцэвіч.

З яе слоў, праўда, незразумелая прынцыповая розніца паміж «вёскай будучага» і аграгарадком. Яна амаль цытуе Русага, але спасылаецца на «Канцэпцыю рэгіянальнага развіцця», якую толькі разглядае Лукашэнка.

«Ужо вызначаны населеныя пункты, падрыхтаваны комплекс мер. – запэўнівае яна – Дадаткам да гэтай канцэпцыі зʼяўляюцца палепшаныя сацыяльныя стандарты пражывання ў гэтых населеных пунктах».

Высновы…

Чыноўнікі не могуць зразумець, што толькі прыватная ўласнасць паставіць усё на свае месцы без аграгарадкоў, «вёсак будучыні», а сусветны вопыт паказвае, што без прыватніка-гаспадара свайго лёсу і не будзе гэтай «будучыні».

Кожны новы віток рэфармавання вёскі чыноўноўнікамі вядзе да змяншэння колькасці сельскага насельніцтва, дэградацыі сяла, нягледзячы на вялізныя фінансавыя затраты, датацыі ў аграпрамысловы комплекс, ад якіх не багацеюць ні краіна, ні яе грамадзяне.

Фота з рэсурсаў: komandirovka.ru, tourister.ru, pniva.by, mezcisetki.mogilev.edu.by, rodniva.by,  be.wikipedia.org