«Сітуацыя з экспартам аднаўляецца» – запэўнівае прэм’ер-міністр Галоўчанка

Раман Галоўчанка кажа, што «пэўнае прасяданне было звязанае з наўпроставым уплывам санкцыяў і стратай украінскага рынку».

Цяпер жа, па словах урадоўцы, крызісныя тэндэнцыі пераадоленыя і экспарт тавараў «прырастае» ад 6 да 8 працэнтаў.

«У нас ідзе станоўчая дынаміка па штомесячным аднаўленні экспарту. Штомесяц паляпшаецца знешнегандлёвае сальда», – даводзіць Галоўчанка ў каментары агенцтву «Белта».

Паводле яго, зьнешнегандлёвае сальда складае цяпер 2 мільярды 300 мільёнаў долараў і па жніўні, як ён спадзяецца, «павялічыцца яшчэ па 500 мільёнаў долараў».

“Отжали” – прэм’ер Галоўчанка пагражае «недружалюбным» краінам тым, што ў Беларусі іхная маёмасьць “вядомая і падлічаная”

Раман Галоўчанка заяўляе, што Беларусь «мае намер адказаць люстэркава на агрэсіўныя дзеянні эканамічнага кшталту з боку недружалюбных краін». Са словаў урадоўцы вынікае, што ўсё «будзе цывілізавана»: іхную уласнасць, якая знаходзіцца ў Беларусі, могуць забраць. Сярод такіх краінаў згадваюцца Літва і Латвія.

“Нам перашкаджаюць рэалізоўваць свае камерцыйныя інтарэсы”

Незадаволенасць беларускага боку выклікана, як заяўляецца, «фактычным пазбаўленнем уласнасці». Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб былі ўжытыя захады супраць Літвы, яка нібыта прысабечыла 30 працэнтаў акцыяў клайпедскага тэрміналу сыпкіх грузаў.

“Мала таго, што гэтыя санкцыі незаконна ўвялі, дык яшчэ і фактычна забралі нашу ўласнасць” – казаў Лукашэнка, словы якога падавала БелТА.

На ягоныя словы Галоўчанка адрэагаваў сваім «Отжали».

nv-online.info

Чыноўнік заяўляе, што ўжо пачалася “прэтэнзійная праца”. Паводле яго, дзеянні «недружалюбных» краін “фактычна нам перашкаджаюць рэалізоўваць свае камерцыйныя інтарэсы”, піша БелТА.

“Нашы меры ў адказ цяпер рыхтуюцца. – даводзіць Галоўчанка – Таксама ўсё будзе цывілізавана. Уся ўласнасць і юрыдычных, і фізічных асоб недружалюбных дзяржаў Рэспубліцы Беларусь вядома, яна падлічана”, – кажа Галоўчанка.

“Як мінімум гэта будуць люстэркавыя рашэнні”

Чыноўнік запэўнівае, што ніякіх агрэсіўных дзеянняў з беларускага боку не будзе.

«Але калі ў адносінах да нас ужываюць агрэсіўныя дзеянні эканамічнага кшталту, вядома ж, мы маўчаць не будзем. Як мінімум гэта будуць люстэркавыя рашэнні. Але да апошняга будзем заклікаць да голасу розуму», – выказваецца Галоўчанка.

Пра “беларускія” 30 працэнтаў 

30 працэнтаў акцыяў клайпедскага Тэрміналу насыпных грузаў беларускі вытворцаў угнаенняў “Беларуськалій” купіў у галоўнага акцыянера прадпрыемства Ігара Удавіцкага ў 2013 годзе.

Праблема з транзітам беларускага калію праз Літву з’явілася з-за прынятых у жніўні 2021 году амерыканскіх санкцый супраць “Беларуськалія”, якія ў адрозненні ад еўрапейскіх, датычацца ўсёй прадукцыі кампаніі. Баючыся механізму “другасных санкцый” ЗША літоўскія ўлады спынілі транзіт беларускага калію.

belmarket.by

У адным з інтэрвʼю эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак адзначыла, што сітуацыя адчувальная для абедзвюх краін, паколькі лагістычны ланцужок праз Літву быў самым зручным і бакі будавалі доўгатэрміновыя планы.

«Нагадаю, што “Беларуськалій” зʼяўляецца ўладальнікам 30% тэрміналу ў Клайпедскім порце – не зразумела, як будзе вырашана гэтая праблема. Ды і мы разумеем, што калі беларускія ўгнаенні сыдуць з Клайпедскага порта, то сыдуць назаўжды, ва ўсякім разе пакуль такая палітычная сітуацыя ў Беларусі складваецца».

Пагрозы былі і “да вайны”

Адказаць «сіметрычна» на спыненне Літвой транзіту беларускага калію Мінск абяцаў на пачатку 2022 году, яшчэ да поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Беларускія чыноўнікі спадзяваліся на ўрэгуляванне праблемы наладжваннем  дыялогу.

Санкцыі ЗША былі ўведзеныя супраць Беларусі за дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія амерыканскі бок ахарактарызаваў, як надзвычайныя і выключныя пагрозы нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў.

“Памерці, але вытрымаць” – у дні канферэнцыі “Новай Беларусі”, у Мінску прайшло пасяджэнне Савета Міністраў

«Памерці, але вытрымаць» – у дні канферэнцыі «Новай Беларусі», у Мінску прайшло пасяджэнне Савету Міністраў

Пасяджэнне Савету Міністраў  было прымеркаванае да тэмы функцыянавання дзяржавы ва ўмовах санкцый і прысвячалася захадам па пераадоленню іх наступстваў – паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка, які старшыняваў на пасяджэнні, выказаў упэўненасць, што па выніках года эканоміка мае шанцы паказаць такі самы вынік, як і летась.

Пры гэтым асабліва адзначалася, што вялікая ўвага надаецца магчымасці працягваць гандаль з Еўразвязам.

«Нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюзу. Гэта наш бліжэйшы сусед. Мы палавіну там, на маю думку, працавалі па экспарту, – сказаў Лукашэнка.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка так ахарактарызаваў актуальную сітуацыю ў эканоміцы: знешнія ўмовы для работы эканомікі істотна пагоршыліся, таму што ўведзеныя санкцыі адносна Беларусі з боку шэрагу краін датычацца ўсіх этапаў экспарту ад дастаўкі тавару да атрымання выручкі. Каб замясціць прыбыткі, якія выпалі з-за санкцый, быў прыняты комплекс мер для нарошчвання вытворчасці і экспарту ў іншых галінах.

«Штомесяц расце экспарт тавараў, і ў чэрвені ён практычна дасягнуў узроўню мінулага года, а ў Расію – дасягнуў гістарычнага максімуму $2 млрд за месяц» – паведаміў Галоўчанка.

«Цукру трэба есці менш, будзеце здаравейшымі», прэм’ер-міністр пра цукровыя перспектывы

Старшыня ўраду Раман Галоўчанка запэўнівае, што цукру ў краіне дастаткова. Паводле яго «20-25 тысяч тон цукру ляжыць у недатыкальным запасе звыш пралічаных патрэбаў на выпадак, калі хтосьці захоча зрабіць сваё жыццё яшчэ саладзейшым».

“Мы, у прынцыпе, ствараем запас штогод, бо хранічна ўзнікаюць нейкія ўсплёскі цікавасці да цукру ў розныя месяцы пад уплывам розных фактараў. Хоць я працягваю ўсім гаварыць: цукру трэба есці менш, будзеце здаравейшымі”, – цытуе  Галоўчанку «БелТА».

Урадовец тлумачыць, што сёлета на ўнутраны рынак цукру будзе пастаўлена 380 тысяч тон. На наступны год з улікам росту вытворчасці запланавана паставіць да 400 тысяч тон. Калі і гэтага аб’ёму не хопіць, то ёсць магчымасць зменшыць экспартныя квоты, падае  словы Галоўчанкі тэлеграм-канал «Правительство Беларуси».

Цукровая тэма ўздымаецца на працягу некалькіх апошніх тыдняў. 17 ліпеня ў Брэсце ўзнік ажыятажны попыт на гэты прадукт. Сталі разыходзіцца чуткі, што неўзабаве ён падаражэе. Яго пачалі браць кілаграмамі і на Магілёўшчыне. У некаторых крамах цукар наагул знік з паліц.

Чыноўнікі запэўнівалі, што цукру дастаткова, але тое мала суцішала пакупнікоў.

22 ліпеня Раман Галоўчанка адзначыў, што ажыятажны попыт на цукар прывёў да таго, што яго продаж павялічыўся са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.

Паводле яго, паніку ўдалося суцішыць і продаж цукру зменшыўся да 3 тысяч тон.

Ён заявіў тады, што цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажы, паведамляў  Магілёў.media.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка: попыт на цукар вырас у 5 разоў

Паводле Галоўчанкі праз ажыятажны попыт узровень продажу прадукту вырас са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.

Цяпер, запэўнівае старшыня ўраду, продаж цукру знаходзіцца ў межах 3 тысяч тон і працягвае зніжацца.

Па словах урадоўцы, цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажаў, паведамляе выданне Myfin.

Галоўчанка адзначае, што летась было атрымана 530 тысяч тон цукру, з іх 370 тысяч тон былі выдзелены для ўнутранага рынку, а ўрад пайшоў на стварэнне дадатковага «стабілізацыйнага запасу» на выпадак падобных цяперашняй панік.

Ад мінулага тыдня ў Беларусі назіраецца актыўная скупка цукру насельніцтвам, а ў некаторых крамах ён нават на нейкі час знікаў з паліц.

«Патрэбнае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў», прэм’ер-міністр Галоўчанка пра сітуацыю ў будаўнічай галіне

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка не выключае “узмацнення дзяржаўнага ўздзеяння ў рэгуляванні цэнаў” на сыравіну і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве па-за бюджэтных аб’ектаў. Ён лічыць, што «у перыяд складаных працэсаў, якія адбываюцца, умяшанне дзяржавы ў пытаннях рэгуляторыкі неабходнае», перадае словы Галоўчанкі праўладнае агенцтва «Белта».

Падчас наведвання Магілёва, дзе абмяркоўваліся праблемы будаўнічай галіны, старшыня ўраду адзначыў, што сталі прыкметнымі тэндэнцыі ў скарачэнні аб’ёмаў будаўніча-мантажных і падрадных прац. Паводле яго «спадарожным фактарам з’яўляецца рост цэнаў на сыравіну і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве». Таму, на ягоную думку, і патрэбнае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў.

«Гэта дапаможа скараціць недзе кан’юктурныя, а недзе спекулятыўныя фактары», лічыць ён.

Чым выкліканы рост цэнаў у публікацыі Белта не згадваецца.

Тым часам, кіраўніцтва Магілёўскага домабудаўнічага камбінату прызнае, што сутыкнулася з «некаторымі цяжкасцямі», выкліканымі «санкцыйным ціскам». Паводле дырэктара Лявона Аракеляна тычыліся яны закупу сыравіны на таварна-сыравіннай біржы.

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску мы пайшлі на рынкі сыравіны дружалюбных краінаў», – цытуе яго Белта. Сярод іх называюцца Расея, Кітай.

«Шэраг пазіцыяў быў украінскі, – дадае намеснік дырэктара Мікалай Янкоў, – але на сённяшні дзень мы пераарыентаваліся на Расею».