«Патрэбнае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў», прэм’ер-міністр Галоўчанка пра сітуацыю ў будаўнічай галіне

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка не выключае “узмацнення дзяржаўнага ўздзеяння ў рэгуляванні цэнаў” на сыравіну і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве па-за бюджэтных аб’ектаў. Ён лічыць, што «у перыяд складаных працэсаў, якія адбываюцца, умяшанне дзяржавы ў пытаннях рэгуляторыкі неабходнае», перадае словы Галоўчанкі праўладнае агенцтва «Белта».

Падчас наведвання Магілёва, дзе абмяркоўваліся праблемы будаўнічай галіны, старшыня ўраду адзначыў, што сталі прыкметнымі тэндэнцыі ў скарачэнні аб’ёмаў будаўніча-мантажных і падрадных прац. Паводле яго «спадарожным фактарам з’яўляецца рост цэнаў на сыравіну і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве». Таму, на ягоную думку, і патрэбнае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў.

«Гэта дапаможа скараціць недзе кан’юктурныя, а недзе спекулятыўныя фактары», лічыць ён.

Чым выкліканы рост цэнаў у публікацыі Белта не згадваецца.

Тым часам, кіраўніцтва Магілёўскага домабудаўнічага камбінату прызнае, што сутыкнулася з «некаторымі цяжкасцямі», выкліканымі «санкцыйным ціскам». Паводле дырэктара Лявона Аракеляна тычыліся яны закупу сыравіны на таварна-сыравіннай біржы.

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску мы пайшлі на рынкі сыравіны дружалюбных краінаў», – цытуе яго Белта. Сярод іх называюцца Расея, Кітай.

«Шэраг пазіцыяў быў украінскі, – дадае намеснік дырэктара Мікалай Янкоў, – але на сённяшні дзень мы пераарыентаваліся на Расею».