Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка: попыт на цукар вырас у 5 разоў

Паводле Галоўчанкі праз ажыятажны попыт узровень продажу прадукту вырас са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.

Цяпер, запэўнівае старшыня ўраду, продаж цукру знаходзіцца ў межах 3 тысяч тон і працягвае зніжацца.

Па словах урадоўцы, цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажаў, паведамляе выданне Myfin.

Галоўчанка адзначае, што летась было атрымана 530 тысяч тон цукру, з іх 370 тысяч тон былі выдзелены для ўнутранага рынку, а ўрад пайшоў на стварэнне дадатковага «стабілізацыйнага запасу» на выпадак падобных цяперашняй панік.

Ад мінулага тыдня ў Беларусі назіраецца актыўная скупка цукру насельніцтвам, а ў некаторых крамах ён нават на нейкі час знікаў з паліц.