У Магілёве прадпрымальнік трапіў пад суд за падман 24 кампаній амаль на 100 тыс. рублёў.
Да суда дайшла крымінальная справа супраць бізнесоўца, якога падазраюць у сістэматычным падмане партнёраў і кліентаў. Паводле матэрыялаў следства, яго дзеянні закранулі дзясяткі арганізацый і некалькіх прыватных асоб.
Гаворка ідзе пра 50-гадовага мужчыну, які кіраваў уласнай кампаніяй. У мінулым ён ужо меў праблемы з законам, у тым ліку па падобных артыкулах.
Пракуратура сцвярджае, што на працягу трох гадоў мужчына выкарыстоўваў адну і тую ж мадэль паводзінаў: дамаўляўся з пастаўшчыкамі пра пастаўкі з адтэрміноўкай аплаты, аднак не меў намеру разлічвацца. Каб выклікаць давер, ён абяцаў доўгатэрміновае супрацоўніцтва і замоўчваў сапраўднае фінансавае становішча сваёй фірмы.
Пастаўшчыкі, сярод якіх былі як прыватныя, так і дзяржаўныя прадпрыемствы, адгружалі яму разнастайную прадукцыю – ад харчавання і касметыкі да будаўнічых матэрыялаў. Далей гэтыя тавары прадаваліся праз гандлёвыя аб’екты ў Магілёве, а атрыманыя грошы не вярталіся крэдыторам.
Агульная сума шкоды, паводле ацэнкі абвінавачання, перавысіла 97 тыс. рублёў і закранула 24 кампаніі.
Асобна ў справе фігуруюць і эпізоды, звязаныя з падманам грамадзян. Мужчына прапаноўваў паслугі па арганізацыі памінальных абедаў і ўрачыстасцяў у арандаванай установе, атрымліваў перадаплату, але мерапрыемствы не праводзіў. У выніку чатыры чалавекі страцілі больш за 4 тыс. рублёў.
Цяпер прадпрымальніку інкрымінуюць махлярства. Падчас следства мужчына заставаўся на волі пад абавязацельствам не пакідаць месца жыхарства, але перад пачаткам судовага разгляду яго ўзялі пад варту. Кампенсацыі пацярпелым ён пакуль не выплаціў.
ТіkТоk-акаўнт zatestilmogilev выклаў відэа з актуальнымі коштамі на гародніну на Мінскім базары ў Магілёве. Так, за невялікі латок клубніц (прыкладна 0,5 кг) просяць 20 рублёў. 120 рублёў каштуе кілаграм дурніц. Кілаграм памідораў абыйдзецца, калі не старгавацца за меншы кошт, у 9,5 рублёў.
Доўгія цяплічныя агуркі – 5,9 рублёў за кілаграм, а “грунтовыя” – 9,9 рублёў. За кілаграм салодкага перцу просяць 15,9 рублёў. За 100 грамаў зялёнай цыбулі трэба заплаціць 1,5 рублі. За такую ж вагу пятрушкі і кропа трэба аддаць 2,5 рублі. Кілаграм капусты каштуе 6,9 рублёў, а радыскі – 18 рублёў.
Прафсаюзы выявілі сістэмную недаплату маладым спецыялістам у Магілёўскай вобласці.
У арганізацыях Магілёўскай вобласці выяўлена сістэмная памылка ў разліку заробкаў маладым спецыялістам – з-за яе работнікі недаатрымлівалі сотні рублёў.
Праблему выявіла прававая інспекцыя працы Беларускага прафсаюза лесу і прыродакарыстання падчас маніторынгу выканання працоўнага заканадаўства. Гаворка ідзе пра няправільнае прымяненне стандартнага падатковага выліку, які належыць маладым спецыялістам не толькі на перыяд абавязковай адпрацоўкі, але і можа захоўвацца да сямі гадоў з моманту працаўладкавання.
Высветлілася, што некаторыя наймальнікі спынялі прадастаўленне льготы адразу пасля заканчэння размеркавання, парушаючы нормы Падатковага кодэкса.
Пасля ўмяшання прафсаюза ў шэрагу арганізацый правялі пераразлік. Работнікам вярнулі ад 360 да 800 рублёў.
Ляснічы ў Магілёўскай вобласці прадаваў дзелавую драўніну як дровы і браў хабар.
У Магілёўскай вобласці выкрыта схема незаконнай нарыхтоўкі і продажу драўніны: ляснічы адпускаў каштоўную дзелавую драўніну пад выглядам дроў і атрымліваў за гэта хабар. Парушэнні выявілі спецыялісты Камітэта дзяржкантролю і фінансавых расследаванняў.
Па дадзеных праверкі, ляснічы дзейнічаў у інтарэсах камерцыйных структур: даваў падначаленым указанні на незаконныя рубкі і афармляў фіктыўныя дакументы, каб схаваць махінацыі. Акрамя таго, ён спісваў гаруча-змазачныя матэрыялы, частку якіх затым прадаваў, а таксама рэалізаваў драўніну прыватнай асобе без афармлення дакументаў, прысвоіўшы грошы.
У дачыненні да ляснічага ўзбуджаны крымінальныя справы па некалькіх артыкулах, уключаючы атрыманне хабару, перавышэнне паўнамоцтваў, крадзеж і прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю.
Сусед жанчыны, загінулай пры пажары ў магілёўскім інтэрнаце, сказаў, што прычынай узгарання магло стаць курэнне.
У Магілёве адбыўся пажар у інтэрнаце на вуліцы Куцепава. Ратавальнікі эвакуіравалі 18 чалавек, аднак трагедыі пазбегнуць не ўдалося – загінула жанчына.
Узгаранне адбылося ўчора ўвечары на чацвёртым паверсе пяціпавярховага будынка. Сігнал аб пажары паступіў праз сістэму «Молния» пасля спрацоўвання аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.
Прыбылыя на месца супрацоўнікі МНС аператыўна арганізавалі выратаванне людзей. З будынка вывелі 18 чалавек, сярод іх адно дзіця.
Міжнародны дзень шчасця (International Day of Happiness, з 2012 года).
Заснаваны Генеральнай Асамблей ААН па ініцыятыве Каралеўства Бутан пры падтрымцы прадстаўнікамі ўсіх 193 дзяржаў-членаў ААН. Мэта святкавання – звярнуць увагу людзей на задаволенасць жыццём і падтрымаць іх імкненне быць шчаслівымі.
Дата прымеркавана да вясновага раўнадзенства (у гэтым годзе выпадае на 21 сакавіка), калі дзень становіцца роўны ночы па працягласці. Такім чынам, заснавальнікі свята хацелі падкрэсліць, што ўсе людзі планеты маюць роўныя правы на шчасце.
Навукоўцы Універсітэта Мінесоты высветлілі, што шчасце залежыць на 50% ад генаў, на 10% – ад умоў жыцця (праца, сям’я) і на 40% – ад думак.
Навукоўцы лічаць, што лепшы колер для шчасця – жоўты.
Згодна з Сусветным дакладам шчасця, самыя шчаслівыя Фінляндыя (6-ы год запар, раней – Данія), Данія, Ісландыя, Швейцарыя, Нідэрланды. Люксембург, Ізраіль і Новая Зеландыя. Расія ў 2022 годзе перамясцілася з 60 га на 80-е месца (у 2017 годзе – 47 месца). Беларусь займае 65 месца паміж Кыргызстанам і Калумбіяй.
Сусветны дзень вераб’я.
Да 2022 года святочныя мерапрыемствы ў Беларусі арганізоўвала “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Але 19 сакавіка 2022 года Вярхоўны суд прызнаў яе экстрэмісцкай і ліквідаваў за тое, што “пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак… ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі”. АПБ абвінавачвалі за выказванне “Птушкі з народам”.
1440 год. Змоўшчыкамі забіты Жыгімонт Кейстутавіч (1365-1440)
Вялікі князь літоўскі (1432–1440), брат Вітаўта.
Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім. Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410).
У выніку змовы каталікоў, князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша забіты ў Троцкім замку.
1664 год. Кароль Ян II Казімір Ваза (1609–1672) падчас вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў прыбыў у Магілёў.
Ян II Казімір – апошні, трэці кароль польскі і вялікі князь літоўскі з дынастыі Ваза, брат Уладзіслава IV, знаходзіўся ў горадзе да 8 красавіка і з’ехаў у сувязі з вялікім пажарам у горадзе.
У горадзе вырашаў пытанні ваенна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага характару, інспектаваў тэрыторыі.
1690 год.Людвіка Караліна Радзівіл, уладальніца абшырных зямель, у тым ліку Копысі, выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным.
Яна гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена. Яе спадкаемцы прытрымліваліся гэтага акта.
1876 год. Памёр Януар Сухадольскі (1797–1876).
Беларускі жывапісец-баталіст.
Удзельнічаў у руска-іранскай вайне (1826–1828), знаходзіўся пры штабе фельдмаршала І. Паскевіча, на заказ якога стварыў цыкл карцін прысвечаны кампаніі.
Удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў.
Па запрашэнні імператара Мікалая I, у Пецярбурзе напісаў цыкл карцін па сцэнах руска-французскай вайны 1812 года.
Частка карцін захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску, у Гомельскім краязнаўчым музеі.
Я. Сухадольскі. Бітва пад Самасьерай. 1860.
1896 год. Нарадзіўся Майсей (Мойшэ) Кульбак.
Яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык.
Працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўны, настаўнікам у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні, Берліне, лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах, старшынёй віленскага «яўрэйскага ПЭН-клуба», у мінскіх рэдакцыях перыядычных выданняў, у яўрэйскім сектары АН БССР.
Арыштаваны НКУС БССР у 1937 годзе. Расстраляны ноччу з 29 на 30 кастрычніка.
Аўтар вершаў на іўрыце, ідыш, зборнікаў вершаў, паэм, раманаў, казкі «Вецер, які гняваўся», драм, п’ес «Разбойнік Бойтра» (пастаўлена Маскоўскім, Беларускім яўрэйскімі, тэль-авіўскім камерным тэатрам, драматычным калектывам у Вільнюсе).
Яго верш «Зорачка» («Штэрндл») стаў народнай песняй.
Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923),
Пераклаў на мову ідыш паасобныя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Гогаля, рамана М. Астроўскага “Як гартавалася сталь”.
Творы Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся ў СССР, Аргенціне, ЗША, Ізраілі, Францыі і іншых краінах.
Яго творы на беларускую мову перакладалі В. Вольскі, Ф. Баторын, Э. Агняцвет, А.Хадановіч і іншыя.
1922 год. Памёр Алесь Бурбіс (1885–1922).
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.
Аўтар манаграфіі «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі»
Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У студзені 1906 года ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў Беларускую Рэспубліку («Мейшагольская рэспубліка»).
Удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (1917). Консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. Намеснік народнага камісара замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Сябра ЦВК БССР у 1921–1922 гадах.
Памёр ад сухотаў. Пахаваны на мінскіх Старажоўскіх могілках, якія ў 1950-х гадах былі зруйнаваныя бульдозерам.
1952 год. У в. Забалацце Чавускага раёна нарадзіўся Алесь Емяльянаў.
Беларускі паэт, перакладчык, адзін з заснавальнікаў БНФ «Адраджэнне».
Скончыў Чавускую СШ № 1, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, БДУ.
Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Піянер Белаpyci», на Беларускім тэлебачанні, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, У 1990-1991 гадах з’яўляўся старшынёй Каарданацыйнай рады Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.
Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі.
Сусастваральнік тэлечасопіса «Літаратурная Беларусь». Курыраваў выхад у эфір літаратурна-мастацкага часопіса «Буг» Брэсцкай студыі тэлебачання. Пад яго рэдакцыяй выходзілі штомесячныя перадачы «Сугучча» аб перакладзе на беларускую мову твораў замежных пісьменнікаў.
Пісаў пра жыццё сучасніка, яго любоў да Радзімы, роднай мовы, прыроды.
Памёр 6 кастрычніка 2005 года.
1953 год. У в. Расна Дрыбінскага раёна нарадзіўся Уладзімір Бутрамееў.
Выпускнік магілёўскага геафака, вядомы расійскі і беларускі пісьменнік, празаік і драматург, перакладчык, літаратуразнаўца.
Працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў, Слоніма, у Слонімскім тэатры.
Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў на рускай і беларускай мовах, зборнікаў прозы.
Вядомасць як драматургу прынёс спектакль на сцэне тэатра імя Янкі Купалы «Страсці па Аўдзею» («Крык на хутары», 1989). П’еса «Ізноў Несцерка» створана паводле фальклорных крыніц.
Аўтар кінасцэнараў, многіх гісторыка-публіцыстычных твораў, у тым ліку, «Мифы и легенды древних славян», «Древо бытия Омара Хайяма», літаратуразнаўчых прац, літаратурных апрацовак, перакладаў, твораў для дзяцей, у тым ліку 10-цітомнага «Детский Плутарх. Всемирная история в лицах». Удзельнік больш 50 выдавецкіх праектаў у розных выдавецтвах.
Многія з яго кніг удастоены прэміі «Кніга года» Рускага біяграфічнага інстытута, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і іншых. Кніга «Амар Хайям і персідскія паэты X-XVI стагоддзяў» удастоена дыплома ЮНЕСКА «Лепшае выданне, якое ўносіць значны ўклад у дыялог культур».
1963 год. Нарадзілася Кацярына Анціпава (Перапяліца).
Беларускі эканоміка-географ і дэмограф, доктар геаграфічных навук, прафесар БДУ, эксперт Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусь па пытаннях геаграфіі насельніцтва, дэмаграфіі і ўстойлівага развіцця.
Усё жыццё прысвяціла працы ў альма-матэр – БДУ: прайшла шлях ад лабаранта да загадчыка кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін.
Займаецца пытаннямі дэмаграфіі, рассялення Беларусі.
З’яўлялася распрацоўшчыкам дзяржаўных мэтавых праграм, у тым ліку Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030».
1976 год. Памёр Уладзімір Дубоўка (1900–1976).
Паэт, класік беларускай паэзіі, празаік, перакладчык, крытык. Старэйшы брат Язэпа Дубоўкі.
Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».
Творы Уладзіміра Дубоўкі вабяць хараством і дасканаласцю мастацкай формы, нечаканасцю вобразных асацыяцый, глыбіннай сувяззю з традыцыяй і здольнасцю да смелых авангардных эксперыментаў. Яны маюць свой эстэтычны код і выяўляюць няпросты – палемічны і сімвалічны – дыялог паэта са сваёй эпохай.
У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».
Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.
1986 год. У Магілёве адчыніў дзверы для гасцей горада гатэль «Турыст».
Зараз гатэльны комплекс катэгорыі “тры зоркі”. Размешчаны на левым беразе Дняпра, у старажытным прадмесці – Лупалава.
Гатэль мае 7-павярховы корпус са 135 нумарамі катэгорый “Стандарт”, “Камфорт”, “Люкс” і “Студыя” на 237 месцаў.
1992 года. Заснаванне Узброенных сіл Беларусі.
Сфарміраваны на базе Беларускай ваеннай акругі Узброенных Сіл СССР пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці.
У 1992-1996 гадах былі скарочаныя або перафарміраваны 250 воінскіх часцей, якія засталіся з эпохі СССР, завершана ракетна-ядзерная дэмілітарызацыя.
У кастрычніку 2022 года Узброеныя сілы Беларусі разам з расійскімі фармаваннямі, якія знаходзяцца ў краіне, у поўным складзе былі ўключаны ў Рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расіі.
Ва Узброеныя Сілы ўваходзяць Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, Сілы спецыяльных аперацый, спецыяльныя войскі (службы), органы тылу.
Колькасць Узброеных Сіл каля 50 000, у запасе – 290 000. Бюджэт каля 640 мільёнаў долараў (2021 год).
Праваабарончы цэнтр “Вясна” апублікаваў поўны спіс беларускіх палітвязняў, якіх вызвалілі і памілавалі па выніках перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле самога спецпасланніка, вызваліць 250 чалавек удалося шляхам «дастаткова жорсткіх перамоваў» з беларускімі ўладамі. 15 чалавек з усіх вызваленых былі дэпартаваныя ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі. Mogilev.media вывучылі поўны спіс вызваленых палітвязняў і знайшлі ў ім чатырох жыхароў Магілёўскай вобласці. Гэта Аляксандра Дуброўская, Аляксей Мельнікаў, Марына Храмцова з Магілёва і Аляксандр Маркін з Бабруйска. Спіс яшчэ будзе дапаўняцца.
Аляксандра Дуброўская, настаўніца, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.
Аляксей Мельнікаў (на фота) быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня 2020 года і асуджаны да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней да гэтага тэрміну яму былі дададзеныя яшчэ паўтары гады. Сярод інкрымінаваных магілёўцу артыкулаў – удзел у беспарадках, захоўванне зброі і непадпарадкаванне адміністрацыі турмы. Мельнікаў прызнаў віну толькі па артыкуле 295 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае захоўванне зброі). Марына Храмцова, прадпрымальніца, гэтаксама як і Дуброўская, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.
Аляксандр Маркін быў затрыманы 5 траўня 2025 года па “справе Гаюна”. У студзені 2026 года ён быў асуджаны, верагодна, да хатняй хіміі. Фота: “Вясна”
Гісторыя магілёўца, які ледзь не страціў інтэграцыйную выплату з-за ўласнай няўважлівасці. Працягваем публікаваць матэрыялы пра жыццё нашых у эміграцыі.
Атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы – гэта яшчэ не фініш. Пасля станоўчага рашэння пачынаецца новы этап, пра які многія не ведаюць загадзя. Дзяржава прапануе рэальную дапамогу – але толькі тым, хто паспеў падаць заяву своечасова. Або думае, што паспеў.
Што такое інтэграцыйная праграма IPI
Пасля атрымання статусу бежанца або дадатковай абароны беларусы маюць права на індывідуальную праграму інтэграцыі – IPI (Indywidualny Program Integracji). Яна разлічана на 12 месяцаў і ўключае:
фінансавыя выплаты ад 950 да 1679 злотых у месяц на чалавека (памер залежыць ад складу сям’і і індывідуальнай сітуацыі);
дапамогу ў пошуку працы і перакваліфікацыі;
псіхалагічную падтрымку;
медыцынскую дапамогу.
Паводле стану на красавік 2024 года больш за 10 000 беларусаў атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы. Усе яны фармальна маюць права на гэтую праграму.
Галоўнае правіла: два месяцы
Заяву на ўдзел у праграме IPI трэба падаць на працягу двух месяцаў пасля атрымання рашэння аб міжнароднай абароне. Не пасля атрымання карты побыту – а менавіта пасля рашэння. Гэта розныя рэчы і розныя даты.
Куды ісці: у найбліжэйшы Centrum Pomocy Rodzinie – цэнтр дапамогі сям’і. Гэта раённая ўстанова сацыяльнай дапамогі. Там пішацца заява, пасля чаго ваявода прымае рашэнне аб уключэнні ў праграму.
Гісторыя аднаго магілёўца
Аляксандр Г. расказаў mogilev.media, як ледзь не страціў дапамогу з-за адной блытаніны.
«Я чамусьці вырашыў, што два месяцы пачынаюцца з моманту атрымання карты побыту. Чакаў карту, атрымаў – і адразу пайшоў у Centrum Pomocy Rodzinie. А мне кажуць: вы спазніліся на два дні. Адлік ішоў з даты рашэння, а не карты».
Заяву яму ўсё ж дазволілі напісаць. Ваявода разгледзеў – і дапамогу далі. Рашэння давялося чакаць каля трох месяцаў.
«Пашанцавала. Але гэта быў поўны бардак у галаве – я тады яшчэ не разабраўся ў польскіх працэдурах. Дакументаў шмат, тэрмінаў шмат, усё падобнае і ўсё рознае. Вельмі лёгка пераблытаць» – кажа ён.
Як гэта працуе на практыцы
Пасля падачы заявы супрацоўнікі цэнтра прыходзяць дадому. Гэта не праверка – гэта частка праграмы. Яны глядзяць на ўмовы пражывання, размаўляюць, даюць практычныя парады: куды звярнуцца па медыцынскую дапамогу, як запісаць дзіця ў школу, дзе шукаць працу, якія дакументы патрэбны ў першую чаргу.
Для чалавека, які толькі прыехаў і яшчэ не разумее, як уладкавана польская сістэма, такі візіт – сапраўдная дапамога. Не брашура, не сайт, а жывая размова з чалавекам, які ведае адказы на ўсе гэтыя пытанні.
Колькі грошай і на што хапае
Памер выплат залежыць ад сітуацыі. Адзінокі чалавек можа разлічваць прыкладна на 1500 злотых у месяц. Гучыць нядрэнна – пакуль не падлічыш. З’ём пакоя ў Беластоку – каля 800 злотых. Застаецца 700 на ежу, транспарт, тэлефон і ўсё астатняе.
Праграма IPI – гэта падушка бяспекі, а не паўнавартасны даход. Яна дае час стаць на ногі, але не больш. Працаваць трэба – і пажадана як мага хутчэй. Тыя, хто гэта разумее з першага дня, уладкоўваюцца хутчэй.
Пратэрмінаваў – усё роўна падавай
Прабачэнне ваяводы ў такіх выпадках – гэта не выключэнне з правілаў. Гэта хутчэй правіла. Польская сістэма сацыяльнай дапамогі ўладкаваная так, што чыноўнікі разумеюць: чалавек толькі што атрымаў абарону, ён разгублены, ён разбіраецца ў незнаёмай краіне, ён блытае даты і тэрміны. Гэта нармальна.
Палякі добра разумеюць, наколькі важная такая дапамога менавіта на першым этапе. Першы год у эміграцыі – самы цяжкі. Няма стабільнай працы, няма мовы, няма сувязяў, няма разумення, як уладкавана сістэма. Менавіта для гэтага перыяду праграма IPI і існуе. Менавіта таму ваяводы, як правіла, ідуць насустрач тым, хто спазніўся праз няведанне, а не праз нядбайнасць.
Гэта не значыць, што можна спазняцца на паўгода. Але калі прапусцілі тэрмін на некалькі дзён або нават тыдняў – не апускайце рукі. Ідзіце, тлумачце, пішыце заяву.
Шанцы атрымаць дапамогу ёсць.
Запомніце тры рэчы
Першае. Адлік двух месяцаў ідзе з даты рашэння аб абароне – не з даты атрымання карты побыту.
Другое. Ісці трэба ў Centrum Pomocy Rodzinie па месцы пражывання.
Трэцяе. Калі тэрмін выйшаў – усё роўна падавайце заяву. Ваявода ў большасці выпадкаў ідзе насустрач.
Калі вы магілёвец у эміграцыі і гатовыя падзяліцца сваім досведам ці эмоцыямі – пішыце на [email protected]. Імя не публікуем.
Беларускія праваабаронцы паведамляюць, што як мінімум з двух калоній вывезлі частку палітвязняў. Гэта магілёўская ПК-15 і наваполацкая ПК-1. За апошні год масавыя “вызваленні” палітвязняў адбываюцца на фоне сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскім спецпасланнікам Джонам Коўлам. Такая сустрэча якраз праходзіць сёння ў Мінску. “Вясна” паведамляе, што ў мінулыя разы перад масавым вызваленнем палітвязняў іх перавозілі з калоній у мінскі СІЗА КДБ, а адтуль пазней выдваралі з краіны, нярэдка без дакументаў.
На Віцебскім праспекце ў Магілёве адбыўся пажар у будаўнічым магазіне «Топор».
Сігнал аб задымленні паступіў ратавальнікам ад відавочцаў раніцай 18 сакавіка. Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, з памяшкання ўжо ішоў густы дым. На шчасце, унутры нікога не было – магазін аказаўся зачынены, таму абышлося без пацярпелых.
Па папярэдняй інфармацыі, узгаранне адбылося ўнутры гандлёвай залы. Прычыны здарэння ўстанаўліваюцца.