На філіяле «Быхаўскі» ААТ «Бабуліна крынка» змяніўся дырэктар

Валерыя Хурсана ціха адправілі на пенсію з філіяла «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». Без лішніх пытанняў, без падвядзення вынікаў, без спробы ўспомніць, чым менавіта запомніліся яго месяцы на чале прадпрыемства.

А між тым гісторыя Валерыя Хурсана (на загалоўным фота) – гэта не пра кіраванне заводамі. Гэта пра тое, як адно прозвішча паслядоўна аказваецца побач з рознымі патокамі прадукцыі – спачатку віннай і кансервавай, потым – з малочнай.

Хурсан кіраваў філіялам нядоўга, каля 15 месяцаў: з снежня 2024 года да сакавіка 2026-га.

Нагадваем, што да прыходу на «Бабушкина крынка» Хурсан працаваў у сістэме ААТ «Магілёўаблхарчапрам» і быў першым намеснікам дырэктара ААТ «Кампанія “МогНат”» – структуры, якая займалася пладова-ягаднымі вінамі. А паралельна ў Быхаве разгортвалася іншая, ужо сямейная гісторыя.

Яго сын, Ігар Хурсан, працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях на ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод». І менавіта там, у фірменнай краме раптам з’яўлялася магілёўскае «вінішка» – без накладных. Супадзенне, канешне. Проста бацька – у віннай тэме, а сын – у месцы, дзе гэта віно як бы вельмі зручна рэалізуецца.

Але гэтым гісторыя не абмежавалася.

Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод у выніку скончыўся класічна: банкруцтва, ліквідацыя і крымінальная справа. Антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Марозаў атрымаў 7,5 года пазбаўлення волі.

Ігар Хурсан у гэтай жа сістэме працаваў намеснікам дырэктара па камерцыі – то бок знаходзіўся ўнутры ўсёй гэтай «эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці», якая прывяла да прысуду і закрыцця прадпрыемства. Але ў фінале сеў Марозаў. А Хурсан-малодшы – не.

Пасля гэтага яго бацька Валерый Хурсан атрымлівае ўжо малочнае прадпрыемства – філіял «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». А яго сын, да таго часу ўжо гандлюе малочнай прадукцыяй у Расіі. Сямейная спецыялізацыя проста мяняе асартымент: было віно і кансервы – стала малако.

Ніякіх высноў з гэтай гісторыі публічна зроблена не было. Ні наконт дзіўных перасячэнняў бізнесу і пасад, ні наконт таго, як адно і тое ж прозвішча стабільна аказваецца побач з патокамі прадукцыі – спачатку віннай, потым малочнай.

І вось Хурсан сыходзіць на пенсію. З падзякамі.

Хоць уся гэта гісторыя больш падобная не на кар’еру «моцнага гаспадарніка», а на акуратна выбудаваную сямейную схему, дзе дзяржаўныя прадпрыемствы аказваюцца зручнай інфраструктурай для мутных спраў.

Прыкметна, што лепш за ўсё яны рэалізуюцца ў Быхаўскім раёне – самым карумпаваным рэгіёне вобласці, з якім не можа справіцца нават грозны Лукашэнка, які не даруе сямейных бізнесаў нікому, акрамя самога сябе. 

Што да пераемніка Хурсана, Мікалая Шапялевіча, якога ў артыкуле раённай газеты прадстаўлялі як дырэктара ААТ «Могилевская фабрика мороженого», то ён у свой час з’яўляўся намеснікам старшыні Магілёўскага райвыканкама.

Шапялевіч

Здаецца, кар’ера гэтага чыноўніка пакацілася пад гару.

Фота раённай газеты.

Дзень у гісторыі. 22 сакавіка. Пакараны К. Каліноўскі. Хатынская трагедыя. M.@rt.кантакт

Сусветны дзень вады (World Water Day, з 1993 года).

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН.

У рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі прапанавана дзяржавам праводзіць у гэты дзень мерапрыемствы, прысвечаныя захаванню і засваенню водных рэсурсаў.

Па велічыні водных рэсурсаў рэк Беларусь займае чацвёртае месца ў Еўропе пасля Нарвегіі. 

Патэнцыял водных рэсурсаў Беларусі: 20 000 рэк і ручаёў, 11 000 азёр, 85 вадасховішчаў, 1 500 сажалак.

Разведаныя запасы прэсных падземных вод – 6,35 млн куб.м/суткі (609 радовішчаў).

World Water Day

Міжнародны дзень Балтыйскага мора (Baltic Sea Day, з 1986 года).

Абвешчаны ў 1986 годзе на 17-м пасяджэнні Хельсінкскай Канвенцыі ў гонар падпісання самой канвенцыі па Балтыйскаму мору ў 1974 годзе.

49% тэрыторыі Беларусі адносіцца да басейна Балтыйскага мора, рачных басейнаў Нёмана, Заходняй Дзвіны, Заходняга Буга.

Baltic Sea Day
Рака Заходняя Дзвіна

Сорак сарокаў (народны каляндар). 

Прыход вясны пасля раўнадзенства і сустрэча птушак з цёплых месцаў. “Жаўрукі прыляцелі, на галоўку дзецям селі”.

У хрысціянстве шануюць памяць сарака пакутнікаў Севастыйскіх – воінаў-хрысціян, якія прынялі пакутніцкую смерць. Усе яны былі родам з Кападокіі і служылі ў рымскім войску. Ваеначальнік запатрабаваў, каб хрысціяне разам з астатнімі салдатамі прынеслі ахвяру паганскім багам. Пасля адмовы іх падвергнулі катаванням, а потым распранулі і прымусілі стаяць у пакрытым лёдам возеры на працягу ночы. Да раніцы адзін з воінаў не вытрымаў – і пабег да цёплай лазні. Аднак яго месца сярод пакутнікаў заняў рымлянін Аглай, якога ўразіла стойкасць духу хрысціян.

У народзе гэты дзень лічыўся днём другой сустрэчы вясны (першая была на Грамніцы, трэцюю чакаюць на Дабравешчанне), адным з самых вялікіх свят у годзе. Сяляне казалі, што “на Сарокі дзень з ноччу мераецца, зіма канчаецца, вясна пачынаецца”. А прадвеснікамі вясны былі жаўрукі (хоць на Сарокі, па павер’і, з-за мора прыляталі 40 розных птушак).

Гаспадыні загадзя выпякалі з цеста печыва ў выглядзе птушак, як правіла, 40 штук – па колькасці загінулых пакутнікаў.

У гэты дзень вернікі прыходзяць у храм і ставяць 40 свечак у памяць аб загінуўшых.

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

Сорак сарокаў

1609 год. Нарадзіўся Ян Казімір Ваза (1609–1672).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Ваза.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

Ян Казімір Ваза

1619 год. Кароль Жыгімонт III Ваза перадаў усе магілёўскія праваслаўныя цэрквы уніятам.

Гэта адбылося па скарзе уніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча на бясчынствы часткі гараджан супраць уніатаў. 

Указам караля прадпісвалася ўдзельнікаў узброенага выступу ў Магілёве ў 1618 годзе супраць уніятаў пакараць смерцю, на жыхароў накласці штраф, усе праваслаўныя цэрквы перадаць уніятам.

Жыгімонт III Ваза

1659 год. Пастанова Сойма Рэчы Паспалітай аб біцці меднага шэлега (барацінкі) і заснаванні Брэсцкага манетнага двара.

Падчас правядзення грашовай рэформы 1659–1666 гадоў для выпуску меднага соліда (барацінкі) пачалося будаўніцтва манетнага двара ў Брэсце. Ён працаваў з 4 снежня 1665 да 16 снежня 1666 года і выбіў каля 241 мільёна медных солідаў на суму 2 674 268 злотых 10 грошаў.

На аверсе размяшчаўся бюст Яна II Казіміра Вазы, пад якім ініцыялы TLB (арандатара меднага двара). На рэверсе быў герб ВКЛ “Пагоня”, пад ім манаграма І. Кіршэнштэйна. Соліды брэсцкага двара падобныя на медныя соліды Віленскага меднага двара. 

Ёсць меркаванне, што большая частка тыражу мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

Брэсцкі манетны двор

1864 год. Публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні Кастусь Каліноўскі (1838–1864).

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі З. Серакоўскі і Я. Дамброўскі. 

На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе ва Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі

1865 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, Стары Улас.

Беларускі паэт.

Дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ў «Нашай ніве». Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969).

У 1990 годзе выйшла яго кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

Памёр 30 верасня 1939 года.

Стары Улас

1882 год. Нарадзіўся Эдуард Будзька.

Беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.

Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Член  прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта,  член Вялікай беларускай рады, сакратар Камісіі па стварэнні БДУ.

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.

У час Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі Беларусі, працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Цяжка хворы выехаў у Канаду, потым у ЗША. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў ЗША. Апублікаваў свае ўспаміны ў месячніку «Бацькаўшчына».

Памёр 14 жніўня 1959 года ў Чыкага.

Эдуард Будзька

1920 год. У в. Высокі Барок (цяпер Краснапольскі раён) нарадзіўся Аляксей Пысін.

Беларускі паэт. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у газэце ў Бельску на Беласточчыне. Удезльнік Другой сусветнай вайны.

Працаваў у краснапольскай газеце «Чырвоны сцяг», у чэрыкаўскай раённай газеце, магілёўскіх абласных «За Радзіму», «Магілёўская праўда». З 1974 года да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза Пісьменнікаў.

Аўтар 12 кніг паэзіі, 4 зборнікаў вершаў для дзяцей, кніг вершаў і паэм, кнігі пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот». Двойчы выходзілі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля, зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам».

Памёр 27 жніўня 1981 года ў Магілёве. Пахаваны на каталіцкіх могілках.

У яго гонар названа школа (у ёй мемарыяльны музей паэта) у Палужы Краснапольскага раёна, вуліца ў Магілёве. На доме, у якім ён жыў па праспекце Міра, 35А ўсталявана мемарыяльная дошка. Магілёўская абласная бібліятэка арганізуе Пысінскія чытанні.

Аляксей Пысін

1943 год. Разам з жыхарамі спалена Хатынь.

У гэты дзень 149 жыхароў вёскі былі спалены жыўцом або расстраляны нямецкімі салдатамі і дапаможным паліцэйскім батальёнам за аказанне жыхарамі вёскі дапамогі партызанам. 

У карнай аперацыі ўдзельнічалі 118-ы батальён шуцманшафта і асобны карны батальён СС «Дырлевангер».

Апошні сведка трагедыі, Віктар Жалабковіч, памёр у 2020 годзе.

У 1969 годзе створаны мемарыял у памяць аб 9200 беларускіх вёсках, знішчаных нацыстамі.

Хатынь

1998 год. Памёр Пятро Шасцерыкаў (1919–1998).

Беларускі пісьменнік. Выхаванец магілёўскага педінстытута (1941), сакратар Магілёўскага аддзялення  Саюза пісьменнікаў, аўтар твораў на мясцовую тэматыку.

Яго пяру належаць шматлікія кнігі, аповесці, апавяданні. Ён з’яўляецца аўтарам літаратурнай апрацоўкі кніг успамінаў “Салдатамі былі ўсе”, “Арлы”, тэкстаў да фотаальбомаў “Магілёў”, “Магілёўская вобласць”.

Яго імем названа вуліца ў Магілёве.

Пятро Шасцерыкаў

2006 год. У Магілёве стартаваў Першы Міжнародны маладзёжны тэатральны форум M.@rt.кантакт.

У першы год у ім прынялі ўдзел 10 тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.

M.@rt.кантакт

На Магілёўшчыне выбуховы рост махлярства

Пра значнае павелічэнне колькасці махлярстваў у рэгіёне піша газета Магілёўскага гарвыканкама “Веснік Магілёва”.

Як адзначае гарвыканкамаўскае выданне, зламыснікі ўсё часцей выкарыстоўваюць інтэрнэт і лічбавыя сервісы для падману грамадзян. Гэта значыць, што павелічэнне махлярстваў звязанае з выкарстаннем махлярамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Сярод асноўных фактараў, якія спрыяюць распаўсюджанню такіх злачынстваў, называюцца празмерная даверлівасць людзей, актыўнае развіццё онлайн-гандлю, а таксама шырокае выкарыстанне безнаяўных разлікаў. Дадатковай праблемай застаецца недастатковы ўзровень лічбавай граматнасці насельніцтва.

Найчасцей жыхары рэгіёна становяцца ахвярамі махляроў падчас спроб куплі або продажу тавараў праз інтэрнэт. Распаўсюджанай схемай таксама застаюцца званкі нібыта ад супрацоўнікаў банкаў, якія пад рознымі падставамі выманьваюць канфідэнцыйныя даныя. Акрамя таго, зламыснікі часта маскіруюцца пад пастаўшчыкоў паслуг, прапаноўваючы неіснуючыя або фіктыўныя сэрвісы.

Фотаздымак: infograd.by

У Магілёве касір банка сем гадоў крала грошы

Чатыры гады калоніі прысудзілі ў Магілёве нячыстай на руку касіру банка, якая за сем гадоў працы прысабечала больш за 81 тысячу рублёў.

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 49-гадовай жыхаркі Быхава, якую абвінавацілі ў прысваенні грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры.

Паводле матэрыялаў справы, жанчына працавала спецыялістам па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг у адным з банкаў абласнога цэнтра і была матэрыяльна адказнай асобай. З верасня 2018 года па чэрвень 2025 года яна сістэматычна прысвойвала грошы, якія былі дадзены ёй для разлікаў з кліентамі.

На працягу сямі гадоў абвінавачаная брала наяўныя з замацаванай за ёй касы і выкарыстоўвала іх на асабістыя патрэбы. Гэта магло быць набыццё прадуктаў, аплата камунальных паслуг, паездкі на таксі, а таксама дапамога дзецям. У выніку агульная сума прысабечаных сродкаў перавысіла 81 тысячу рублёў.

Свае дзеянні жанчына тлумачыла складаным матэрыяльным становішчам. Спачатку яна спрабавала кампенсаваць недахоп, аднак калі сума стала перавышаць яе заробак, вярнуць грошы ўжо не магла.

Доўгі час ёй удавалася ўкрываць свае дзеянні, у тым ліку дзякуючы ўдзелу ў рэвізійнай камісіі банка. Акрамя таго, для маскіроўкі недахопу яна праводзіла фіктыўныя аперацыі па набыцці замежнай валюты праз банкаўскую сістэму.

У судзе жанчына цалкам прызнала сваю віну. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура РБ

На Магілёўшчыне ваенным рамёствам вучаць школьнікаў і дзетсадаўцаў

У Магілёўскай вобласці да ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў актыўна прыцягваюць як падлеткаў, так і дзяцей малодшага ўзросту.

У Асіповіцкім раёне школьнікаў з усёй краіны сабралі на артылерыйскім палігоне 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 500 чалавек – вучні школ, кадэты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў і профільных класаў, у асноўным старшакласнікі.

Для іх арганізавалі дэманстрацыю ўзбраення і ваеннай тэхнікі, расказалі пра службу ў арміі.

Цэнтральнай часткай праграмы сталі баявыя стральбы: перад гэтым удзельнікам правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі, пасля чаго паказалі работу самаходных установак, гаўбіц і рэактыўных сістэм залпавага агню.

Паводле слоў намесніка камандзіра брыгады Віталія Пракапчыка, такія мерапрыемствы праходзяць рэгулярна і ў тым ліку накіраваны на прыцягненне моладзі да ваеннай службы. Завяршыўся дзень пачастункам на палявой кухні.

У той жа час у рэгіёне падобная практыка ўкараняецца і на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

У дзіцячым садку №3 у Круглым адкрылі ваенна-патрыятычную групу для пяцігадовых дзяцей. У праграме тэматычныя заняткі, знаёмства з ваеннымі прафесіямі, удзел у профільных мерапрыемствах і гульнях.

Такім чынам, на Магілёўшчыне ваенная тэматыка ўключаецца ў работу з дзецьмі розных узростаў – ад дашкольнікаў да старшакласнікаў.

Фота БелТА.

Два пажары за поўгадзіны адбыліся ў Быхаве

У Быхаве 19 сакавіка адбыліся два пажары з розніцай менш чым у паўгадзіны. У адным выпадку гарэла кватэра ў шматпавярховіку на вуліцы Грышына, у другім – сена на тэрыторыі прыватнага домаўладання на вуліцы Мартынава.

Аб пажары ў шматкватэрным жылым доме на вуліцы Грышына ратавальнікам у 17:24 паведамілі суседзі. Калі падраздзяленні МНС прыехалі на месца, першы паверх быў запоўнены дымам. Да прыбыцця ратавальнікаў жыхары дома паспелі вывесці з гаручай кватэры 78-гадовага гаспадара. Ён не пацярпеў.

У выніку пажару ў пакоі пашкоджана маёмасць, сцены і столь закураны. Супрацоўнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне. З кватэр другога паверха эвакуіравалі чатырох чалавек, у тым ліку двух дзяцей. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

Быхаў

Яшчэ адзін пажар у Быхаве адбыўся ў 17:51 на вуліцы Мартынава. На тэрыторыі прыватнага домаўладання загарэлася складзіраванае сена. Гаспадар у момант прыбыцця ратавальнікаў знаходзіўся на вуліцы, пацярпелых няма, але агонь знішчыў 27 тон сена.

Пажар пачаўся пасля таго, як на суседнім участку пенсіянерка спальвала смецце. Агонь выйшаў з-пад кантролю і хутка перакінуўся на суседнюю тэрыторыю.

Фота ведамаснага сайта МНС.

У Магілёве дзяўчына ўпала з моста, яе выратаваў мінак

У Магілёве відавочца выратаваў дзяўчыну, якая ўпала з моста ў раку Дняпро. Пра гэта паведамілі ў АСВОДзе.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 19 сакавіка. У службу выратавання паступіла паведамленне аб падзенні дзяўчыны ў ваду з моста. 

У гэты час яна знаходзілася прыкладна ў пяці метрах ад берага. Дзяўчыну з вады выцягнуў відавочца падзення – 22-гадовы хлопец.

На беразе дзяўчыне аказалі медыцынскую дапамогу, удакладнілі ў магілёўскім АСВОДзе. Пасля гэтага пацярпелую перадалі медыкам.

Фота БелТА.

Дзень у гісторыі. 21 сакавіка. Вывяржэнне Эяф’ятлаёкудля. Нарадзіліся Ф. Багушэвіч, мітрапаліт Філарэт

Сусветны дзень паэзіі (World Poetry Day, з 1999 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

Паэзія аб’ядноўвае краіны, народы, культуры і дапамагае людзям зразумець адзін аднаго. На працягу стагоддзяў думкі і пачуцці, надзеленыя ў паэтычную форму, пранікаюць у сэрцы людзей, нагадваючы, што мы ўсе адна вялікая сям’я і што мы, такія розныя, насамрэч вельмі падобныя.

Асноўная мэта Дня паэзіі заключаецца ў падтрымцы моўнай разнастайнасці сродкамі паэтычнага самавыяўлення. Гэты дзень закліканы садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, выкладанню паэзіі, аднаўленню дыялогу паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва, даць магчымасць маладым талентам заявіць аб сабе.

У гэты дзень таленавітым аўтарам прысуджаюць узнагароды, уручаюць прэміі. Праводзяцца літаратурныя чытанні. Праводзяцца прэзентацыі кніг, паэтычныя вечары.

У навучальных установах ладзяцца тэматычныя вечары. Навучэнцы выступаюць з дакладамі аб жыцці літаратурных дзеячаў, чытаюць на памяць рыфмаваныя радкі.

Дзень паэзіі

Міжнародны дзень лялечніка (International Puppetry Day, з 2003 года).

Лялечны тэатр любяць гледачы ўсіх узростаў. Мова лялек універсальная, яе разумеюць без слоў жыхары ўсіх кантынентаў і краін. Лялькі выступаюць сёння не толькі на сцэне, але і на экранах. Мастацтва артыстаў лялечнікаў, нажаль, амаль заўсёды ананімна.

Ініцыятарам прафесійнага свята выступіў вядомы іранскі тэатральны дзеяч Джывад Золфагарыха. У 2000 годзе на XVIII Кангрэсе Міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек у Магдэбургу ён вынес дадзеную прапанову на абмеркаванне. Дзень зацверджаны ў 2003 годзе.

Дзень лялечніка – выдатная нагода для правядзення лялечных фестываляў, на якія з’язджаюцца лепшыя артысты жанру з усёй планеты, каб паказаць калегам і гледачам новыя творчыя знаходкі. І натуральна, прыхільнікі лялечнага тэатра заўсёды 21 сакавіка прыходзяць павіншаваць акцёраў.

У Беларусі працуюць лялечныя тэатры ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве, Докшыцкая батлейка Патупчыка, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка».

Puppetry Day

Дзень Зямлі (Earth Day)

Назва, якая выкарыстоўваецца ў дачыненні да розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўвесну і закліканы заахвоціць людзей быць больш уважлівымі да далікатнага навакольнага асяроддзя на планеце Зямля. Сімвалам дня з’яўляецца зялёная грэчаская літара Θ на белым фоне.

Дні Зямлі праводзяцца ў сакавіку, на дзень вясновага раўнадзенства і 22 красавіка.

Дзень Сусветнага раўнадзенства ў 2023 годзе прыпаў на 21 сакавіка. Раўнадзенства па Мінску фіксуецца а 05:24:21. Натуральны год для планеты доўжыцца не 365 сутак, а 365,24, таму дата заўсёды крыху зрушваецца і надыходзіць крыху раней ці пазней.

Earth Day

1562 год. Гомель атрымаў Магдэбургскае права і  герб “у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж”.

Горад бярэ пачатак ад 1142 года як цэнтр радзімічаў. Уваходзіў у ВКЛ (1335–1772), меў замак, быў цэнтрам староства. Пад час знаходжання ў Расійскай імперыі – павятовы цэнтр Магілёўскай губерні. 

У 1919–1926 гадах быў у складзе РСФСР. Цэнтр вобласці ад 1938 года. 

Моцна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

Зараз – другі ў краіне па насельніцтву (504 тысячы чалавек), адзін з самых зяленых, буйны культурны, прамысловы цэнтр. Працуюць знакамітыя сваёй прадукцыяй заводы і фабрыкі “Гомсельмаш”, ліцейны,  хімічны, шпалерны, «Камінтэрн», кандытарская «Спартак». Дзейнічаюць цырк, 3 тэатры, 7 вну, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў.

кавалерскі крыж
1840 год. Нарадзіўся Францішак Багушэвіч.

Беларускі грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Яго літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.

Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Скончыў Віленскай гімназію. Выключаны з Пецярбургскага ўніверсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах.

Служыў Чарнігаве, на  Сумшчыне, у Валагодскай губерні, Вільні ў судовых палатах.

Пасля звальнення са службы ў 1898 годзе жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр.

Аўтар вершаў, апавяданняў, баек  на польскай, беларускай мове, публіцыстычных артыкулаў, зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі», «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка».

У яго творчасці таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, моцныя матывы нацыянальнага адраджэння.

Творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Пры жыцці яго творы ў Расійская імперыі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У БССР былі ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе («Дудка беларуская»). Аднак у 1930-я гады ў БССР творчасць Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 года яго кнігі не друкаваліся. 

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім усе выданні твораў Францішка Багушэвіча павінны былі спальвацца.

Памёр 15 красавіка 1900 года.

Францішак Багушэвіч

1935 год. Нарадзіўся Філарэт (Кірыл Вахрамееў).

Праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі, іерарх Рускай праваслаўнай царквы, прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі (1989–2013). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета Беларусі (1990–1995). Герой Беларусі, кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Прыняў манаства ў 1959 годзе. З 1978 года служыў на Беларусі. Падчас дэпутатства апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

З 1989 года займаўся стварэннем і разбудовай Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ім былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы, Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў, адноўлены  Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

Па яго ініцыятыве ў царкоўны каляндар унесена новае свята «Сабор Беларускіх святых» і ўстаноўлены агульнацаркоўныя святы ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірылы Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. 

Арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.

Памёр 12 студзеня 2021 года. Пахаваны ў Жыровіцкім манастыры.

Кірыл Вахрамееў

1945 год. Нарадзіўся Аляксандр Патупа.

Савецкі, беларускі фізік, філосаф, пісьменнік, папулярызатар навукі.

Скончыў фізічны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар філасофіі, прафесар.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, БДУ, дырэктарам Цэнтра даследаванняў будучыні.

Аўтар прац у вобласці квантавай тэорыі, фізікі высокіх энергій, касмалогіі, электрадынамікі, праблем прагназавання, сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, права, мастацкіх кнігі «Фантакрим-CCI», «Ловушка в цейтноте», «Нечто невообразимое», больш за 300 артыкулаў публіцыстыкі.

Арганізатар і генеральны дырэктар выдавецка-паліграфічнай кампаніі «Эридан», найстарэйшага прыватнага выдавецтва Беларусі.

З’яўляўся старшынёй Назіральнага камітэта Беларускай Праваабарончай Канвенцыі і Назіральнага Сойма «Хельсінкі-CCI», прэзідэнтам Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, віцэ-старшынёй Беларускай Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў 3-га сектара.

Памёр 1 чэрвеня 2009 года.

Аляксандр Патупа

1959 год. Памёр Павел Растаргуеў (1881–1959).

Беларускі мовазнаўца. Правадзейны член Інбелкульта, доктар філалагічных навук, прафесар.

У 1918 г. чытаў курс лекцый беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, праблемы беларускай літаратурнай мовы.

У 1934 годзе арыштаваны ДПУ, асуджаны, высланы ў Караганду.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1947-1948 гадах па запрашэнні Якуба Коласа працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР.

Павел Растаргуеў

1987 год. Памёр Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю.

Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар вершаў,  вершаў для дзяцей, больш за 10 зборнікаў паэзіі. 

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

Адам Русак

2010 год. Пачалося буйное вывяржэнне вулкана Эяф’ятлаёкудль на Ісландыі.

Вывяржэнне прывяло да закрыцця паветранай прасторы часткі Еўропы і адмены авіярэйсаў у сакавіку – красавіку 2010 года. Вулкан лічыўся нядзейсным, бо папярэдняе вывяржэнне было зарэгістравана ў 1821 годзе.

Вышыня вулкана 1666 м, дыяметр кратара – каля 4 км. Знаходзіцца за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка.

Эяф’ятлаёкудль

“У Марціна дужы піс” – як магілёвец польскую мову вучыў

Польская мова – складаная. Гэта не абмяркоўваецца. Сем склонаў, мяккія зычныя, націск, які заўсёды падае на перадпошні склад – і ты ўсё роўна ўвесь час ставіш яго не там. Курсаў у Беластоку шмат. Муніцыпальных, прыватных, пры касцёле, анлайн. Выбар ёсць.

Але вось што я заўважыў. Усе гэтыя курсы нібыта прыдуманыя для людзей з Заходняй Беларусі. З Гродна. З Ліды. З Ваўкавыска. У тых людзей тут жылі бабулі. Унукі прыязджалі да іх на лета. Чулі польскую мову з дзяцінства. Амаль у кожнага – польскія карані, польскае прозвішча ў родзе, касцёл у суседняй вёсцы. Калі такі чалавек прыходзіць на курсы, ён не вучыць мову з нуля. Ён успамінае.

Магілёўская вобласць – іншая. Усходняя Беларусь. Пра Польшчу мы ведалі толькі па падручніках гісторыі і туманных легендах пра нейкіх паноў. Ні бабуль у Кракаве, ні дзядзькоў у Гданьску. Ніякіх базавых ведаў – ні слова, ні інтанацыі, ні адчування мовы.

Калі я прыйшоў на курсы, мне здавалася, што палова групы проста паўтарае тое, што ўжо дзесьці чула. А я вучыў кожнае слова так, нібыта з Марса прыляцеў.

Цяпер пра выёнткі. Гэта польскае слова азначае «выключэнні» – і іх у польскай больш, чым правілаў. Вывучыў правіла – задаволены. Потым даведваешся, што ў яго восем выключэнняў. Вывучыў выключэнні – аказваецца, у некаторых з іх таксама ёсць выключэнні. І так па крузе.

Асобная гісторыя – калі выкладчык тлумачыць правіла па-польску. Для пачаткоўцаў гэта сапраўдны шок. Сядзіш і спачатку спрабуеш зразумець, пра што наогул гаворка – што гэта за словы, дзе дзеяслоў, дзе дзейнік. І толькі калі больш-менш разабраўся з тэмай тлумачэння – пачынаеш спрабаваць зразумець само правіла. Два ўзроўні непаразумення адначасова. Галава ідзе кругам.

Дзеці вучацца лёгка. Мой сусед прывёз сям’ю. Дачка праз паўгода балбатала з мясцовымі як свая. Дарослым – цяжэй. Галава ўжо не тая. Або проста занадта шмат усяго іншага ў галаве – праца, дакументы, трывога.

Быў у нас на курсе адзін момант, які я запомніў надоўга. Выкладчыца напісала на дошцы фразу: «У Марціна дужы піс (U Marcina duży pies)». Я прачытаў і засмяяўся. Пакуль нехта не растлумачыў, што «pies» па-польску – гэта проста «пёс». Сабака. І фраза азначае ўсяго толькі «у Марціна вялікі сабака». Вось так працуе польская мова для тых, хто прыйшоў з рускай. Беларускамоўным крыху прасцей – у польскай поўна знаёмых слоў.

Кажуць, мова вывучваецца за два месяцы, калі знайсці польскую дзяўчыну. Жарт. Але ў кожным жарце ёсць праўда – мова жыве ў жывых зносінах, а не ў падручніку.

Добра тым, хто працуе з палякамі. Восем гадзін у польскамоўным асяроддзі – і прагрэс ідзе сам сабой. А калі працуеш у беларускім калектыве, жывеш у кватэры з беларусамі, размаўляеш у беларускім чаце – можна пражыць у Беластоку год і так і не пачаць размаўляць.

Я не ведаю, што з гэтым рабіць. Курсы – гэта добра, але гэтага мала. Патрэбна польскае кола зносін. А яго трэба шукаць спецыяльна і мэтанакіравана. Само не з’явіцца.

Гэта маё асабістае назіранне. Магілёўца ў Беластоку.

Ёсць што сказаць пра жыццё ў эміграцыі? Пішыце на [email protected]. Імя не публікуем.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На Кругляншчыне памерла вёска Саладоўня

Вёска Саладоўня ў Круглянскім раёне афіцыйна спыніла сваё існаванне.

Пра тое, што населенага пункту больш няма, паведамляе Дзяржаўны камітэт па маёмасці. 

“Такое рашэнне прымаецца не спантанна: звычайна статус населенага пункта здымаюць, калі ў ім не застаецца пастаянных жыхароў. Моладзь і працаздольнае насельніцтва паступова пераязджае ў гарады – туды, дзе больш магчымасцяў для працаўладкавання, развітая інфраструктура і звыклы ўзровень камфорту. У выніку маленькія паселішчы губляюць не толькі насельніцтва, але і гаспадарчую, сацыяльную значнасць” – гаворыцца ў паведамленні.

Афіцыйна вёска скасавана рашэннем Круглянскага райсавета 26 лютага 2026 года.

Паводле перапісаў насельніцтва, у 1999 годзе ў вёсцы пражывалі шасцёра чалавек, праз дзесяць гадоў – двое. А ў 2019-ым ужо нікога не было.

Фотаздымак: МогилевOnline