Польскія дальнабойшчыкі на месяц заблакуюць адзіны пункт пропуска на мяжы з Беларуссю, што працуе

Днём 9 траўня пункт пропуску паміж польскім Карошчынам і беларускімі Казловічамі будзе заблакаваны польскімі актывістамі ў знак пратэста супраць засілля беларускіх і расійскіх грузаперавозчыкаў, замаскіраваных пад польскія.

Як паведамляе Logistyka, апоўдні 9 траўня будзе перакрыты тэрмінал у Карошчыне. Такім чынам перавозчыкі спыняць перавозкі ў Беларусь.

Польскія перавозчыкі з Лукава пры падтрымцы мясцовых прадпрыемстваў пратэстуюць супраць захопу беларускімі і расейскімі кампаніямі транспартнага рынку на ўсходнім кірунку. Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпаў з беларускай і расейскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасць беларускіх і расійскіх кампаній пад польскім прыкрыццём, а таксама аднавіць дазволы для ўкраінскіх транспартных кампаній.

Блакаванне пачнецца апоўдні 9 мая, і губернатар даў дазвол на акцыю пратэсту да 9 чэрвеня. 

– Чакаем удзел каля ста грузавікоў. – кажа адзін з арганізатараў Каміль Амброзяк.

Пункт пропуску «Карошчын-Казловічы» – адзіны пункт пропуску для грузавога транспарту на беларуска-польскай мяжы, што працуе. Пасля таго, як Польшча прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі-Бераставіца», беларускія ўлады ўвялі патрабаванне, каб польскія фуры маглі перасякаць мяжу толькі на беларуска-польскім участку. Раней яны маглі ўязджаць і выязджаць у Беларусь таксама з боку Літвы і Латвіі.

Фота: Logistyka

Расія абстраляла Кіеў раніцай 9 мая, усе ракеты збітыя

У 04:00 раніцы 9 мая па сталіцы Украіны Кіеву была здзейснена масавая атака крылатымі ракетамі, але ўсе 15 з 15-ці былі збітыя сістэмай супрацпаветранай абароны.

Усяго ноччу з 8-га на 9-е мая расійскія войскі здзейснілі два масавых абстрэлы тэрыторыі Украіны. Як паведамляе агенцтва Unian каля 22:00 8 мая з марскіх носьбітаў ракет у Чорным моры па ўсходняй тэрыторыі Украіны былі выпушчаныя 8 ракет “Калібр”. 

Бліжэй да чатырох гадзін раніцы 9 траўня расійскія акупанты выпусцілі 17 крылатых ракет паветранага базіравання тыпу Х-101/Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі – чатырох Ту-95МС з раёна Каспійскага мора.

Усе 15 ракет, якія былі накіраваныя на Кіеў у межах другой хвалі атакі, былі збітыя, падзення абломкаў на жылыя дамы выяўлена не было. Папярэдне – атака на сталіцу Украіны абыйшлася без ахвяр і пацярпелых.

Паведамляецца, што сумарна за дзве атакі украінская супрацьпаветраная абарона паспяхова паразіла 23 крылатыя ракеты з 25-ці.

Фота: Unian

У двух раёнах Магілёўшчыны згарэла амаль дзве тысячы кубоў лесу за два дні

У двух суседніх раёнах згарэла 1,8 тысяч кубаметраў лесу, амаль 3,8 тысяч кубаметраў ўратавалі.   

У полі побач з вёскай Анюціна ў Чэрыкаўскім раёне агонь паспеў знішчыць 1600 кубаметраў круглага лесу. Яшчэ 3,4 тысячы кубаметраў ратавальнікі і супрацоўнікі лясгаса здолелі выратаваць паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Значна меншыя масштабы пажару былі ў Крычаўскім раёне, дзе агонь знішчыў 200 кубаметраў круглага лесу каля вёскі Бель-1. Інцыдэнт з узгараннем штабеля лесу адбыўся на адкрытай пляцоўцы аэрадрома сельскагаспадарчага прадпрыемства «Бель», які на сённяшні дзень не эксплуатуецца. На шчасце, ратавальнікі і леснікі змаглі ўратаваць яшчэ 380 кубаметраў лесу – пішуць пра здарэнне “Магілеўскія ведамасці”. 

Пацярпелых у выніку здарэнняў няма. Прычыны абодвух пажараў высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае 

Дзень у гісторыі. 9 мая. Свята Перамогі. Нарадзіўся графік Л. Асецкі. Наступ на беларушчыну. Часопіс «Маладосць». Мсціслаўскі музей. Буйніцкі заасад.

Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

Вялікая Айчынная вайна – частка Другой сусветнай вайны 1939–1945 гадоў, пачалася досвіткам 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія напала на СССР. На баку Нямеччыны выступілі Румынія, Італія, 23 чэрвеня да іх далучылася Славакія, 25 чэрвеня – Фінляндыя, 27 чэрвеня – Венгрыя, 16 жніўня – Нарвегія.

Вайна доўжылася амаль чатыры гады і стала самым буйным узброеным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. На фронце, які распасціраўся ад Баранцава да Чорнага мораў, абапал у розныя перыяды вайны адначасова ваявалі ад 8 мільёнаў да 13 мільёнаў чалавек, ужывалася ад 6 тысяч да 20 тысяч танкаў, ад 85 да 165 тысяч гармат і мінамётаў, ад 7 тысяч да 19 тысяч самалётаў.

Падчас вайны ў Беларусі загінула больш за 2,3 мільёны жыхароў, былі разбураны і разрабаваны 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.

Улада і апазіцыя адзіны ў тым, што свята – усенароднае. Іх пазіцыі, аднак, адрозніваюцца ў падыходах да “напаўнення” свята, да таго, хто павінен быць у калонах на парадах. Так, 9 мая 1994 года АМАП не прапусціў на мінскую плошчу Перамогі народнага пісьменніка, франтавіка, пісьменніка Васіля Быкава.

У Дзень Перамогі выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб заснаванні медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” на георгіеўскай стужцы. Ён стаў самым масавым медалём: 14,9 млн. узнагароджаных. Асобы, якія атрымалі медаль, мелі права на ўзнагароды юбілейнымі медалямі да 20, 30, 40, 50, 60, 65, 70, 75 год Перамогі.

1878 год. У сям’і беларуса – выхадца з Чавускага павета нарадзіўся сын, географ Міхаіл Самбікін (1878–1968).

Вядомы савецкі  фізіка-географ, метэаролаг, прафесар, член-карэспандэнт Галоўнай геафізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук.

У 1934–1941 гадах працаваў прафесар і загадчыкам кафедры метэаралогіі  Беларускай сельгасакадэміі, прафесарам кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

1913 год. Нарадзіўся Васіль Івашын (1913–2009).

Беларускі літаратуразнаўца, акадэмік НАНБ, АПН СССР, Расійкай акадэміі адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык літаратурнай спадчыны Янкі Купалы.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў у Віцебскім педвучылішчы, у Інстытуце літаратуры АН БССР, дырэктарам НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі БССР (зараз – Нацыянальны інстытут адукацыі).

Аўтар навуковых прац па пытаннях тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, літаратурных сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання літаратуры ў школе. Аўтар падручніка па беларускай літаратуры для 8-9 класаў.

1929 год. У в. Продзвіна Бабруйскага раёна нарадзіўся Людвіг Асецкі (1929–2005).

Беларускі графік, заслужаны дзеяч мастацтваў. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у ім, быў старшынём Мастацкага фонду БССР.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, манументальнага жывапісу, графіцы.

Стварыў ілюстрацыі да кніг «Мы раскажам пра Мінск», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І. Мележа і іншыя.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча падрыхтаваў серыю «Ад родных ніў».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Літаратурным музеі імя Я. Купалы, Беларускім музеі Вялікай Айчыннай вайны, музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

1929 год. Пачала працу камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР.

Камісія 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа так званага “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія з іх былі асуджаны. 

З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

1953 год. У Мінску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосць».

Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс Саюза пісьменнікаў Беларусі на беларускай мове.

Публікуе прозу, паэзію, публіцыстыку, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады. Тыраж на канец 2022 года склаў 460 экзэмпляраў.

Выйшла больш за 830 нумароў.

У 2002-2012 гадах уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, затым у складзе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. З 2021 года ўваходзіць у склад выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

У часопісе друкаваліся В. Быкаў – “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост”, У. Караткевіч – “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, І. Шамякін – “Ах, Міхаліна, Міхаліна”, І. Чыгрынаў – «Плач перапёлкі» і іншыя.

1986 год. У Мсціславе адкрыты мемарыяльны комплекс Курган Славы.

Прысвечаны землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

1995 год. Адчынены Мціслаўскі гістарычна-археалагічны музей – адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны.

Створаны ў чэрвені 1988 года. Значная частка экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. Аляксеева, М. Ткачова, А. Трусава.

Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: “Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай”, “З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”, “Павятовы горад Мсціслаў”. Колькасць экспанатаў музея перавышае 20 000, з іх болей за 12 000 уваходзіць у асноўны фонд.

Найбольш цікавай калекцыяй з’яўляецца “Археалогія”.

З 2007 года музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”.

2002 год. Апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па змене клімату.

Сярэднія тэмпературы на Беларусі павялічаліся амаль на 1С, клімат памякчэў, стаў менш кантынентальным, зіма ў сярэднім стала цяплей на 5-6С у параўнанні з 1960-мі  гадамі.

2005 год. У Магілёве на плошчы Славы адкрыта першая чарга Алеі Славы “Гонар і слава Магілёўшчыны”.

На ёй 137 дошак з імёнамі Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Магілёўскай вобласці.

Першым Героем Савецкага Саюза стаў акадэмік О. Шміт ў 1937 годзе, апошнім – воін-“афганец” А. Мельнікаў у 1988 годзе пасмяротна.

2005 год. У Буйнічах Магілёўскага раёна адчыніўся заасад.

Заснаваны ў 2004 годзе пры Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя К. Арлоўскага яго дырэктарам Г. Маліноўскім.

Размяшчаецца на правым беразе Дняпра на плошчы ў 124 га. Асноўную частку заасада займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў і экзатычныя для Беларусі звяры.

Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Тут можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.

2009 год. Свой першы рэйс здзейсніў цягнік на чыгуначнай міні-дарозе ў заасадзе ў Буйнічах.

Першымі пасажырамі сталі ветэраны вайны і школьнікі Буйніцкай школы.

Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/г. Працягласць дарогі складае 2 км і дазваляе пазнаёміцца бліжэй з насельнікамі заасада: зубрамі, еўрапейскай ланню і плямістым аленем, казулямі.

Падарожнічаючы па чыгунцы, можна назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі заасаду ў ледніковы перыяд. У зоне інтэнсіўнага наведвання заасада частка каньёна ператворана ў штучны вадаём, на якім жывуць прадстаўнікі вадаплаўнай фаўны краіны – качкі і лебедзі.

Фота з адкрытых крыніц

Каб каланізаваць Еўропу, сучасным людзям спатрэбіліся 12 000 гадоў і тры спробы – новыя даследаванні

Дзве першыя хвалі краманьёнцаў растварыліся ў “моры” неандэртальцаў, і толькі трэцяя хваля аказалася дастаткова магутнай, каб людзі сучаснага тыпу пачалі цалкам дамінаваць на Еўрапейскім кантыненце – выйшла новае і крыху спрэчнае даследаванне, пра якое піша The Guardian.

Даследаванне групы навукоўцаў, апублікаванае ў часопісе Plos One, выклікае спрэчкі, таму што мяркуе, што рассяленне нашага віду ў Еўропе заняло каля 12 000 гадоў. Заяўляецца, што прыход сучасных людзей на кантынент быў далёка не хуткім захопам, а працяглым падарожжам па Міжземным моры, перш чым нашы продкі накіраваліся на поўнач у даліну ракі Роны ў Францыі.

Галоўная выснова навукоўцаў, якія вывучалі пячоры ў даліне Роны – сучасным людзям спатрэбіліся тры асобныя хвалі, каб каланізаваць Еўропу паміж перыядам у 54 000 і 42 000 гадоў таму. «Першыя дзве з гэтых хваль пацярпелі няўдачу, але трэцяя атрымалася, прыкладна 42 000 гадоў таму. – кажа Людовік Слімак з Універсітэта Тулузы, які кіруе раскопкамі ў Францыі – Пасля гэтага сучасныя людзі захапілі Еўропу. Неандэртальцы, якія эвалюцыянавалі на кантыненце, вымерлі».

Даследаванне, апублікаванае ў Plos One выклікае спрэчкі, таму што яно ставіць пад сумнеў паходжанне адной з ключавых дагістарычных галін вытворчасці каменных інструментаў, якія былі выяўлены ў цэнтральнай Францыі. Яны вядомыя як шатэльперонскія інструменты – гэта каменная індустрыя, якая была названа ў гонар вёскі, дзе прылады былі ўпершыню знойдзены ў 19 стагоддзі.

Шатэльперонскія інструменты

Важна адзначыць, што гэтыя інструменты адрозніваюцца сваімі элегантнымі, тонкімі лёзамі і складанай канструкцыяй. З часоў знаходкі іх многія навукоўцы, але не ўсе, прыпісвалі неандэртальцам. Такія даследчыкі сцвярджаюць, што інструменты паказваюць, што неандэртальцы былі здольныя да перадавых вырабаў інструментаў і складаных паводзін.

Але Слімак адмаўляецца ад гэтага меркавання. «Інструменты Шатэльперона з’яўляюцца справай рук сучасных людзей, і, улічваючы іх падабенства з каменнымі прыладамі, якія вырабляліся на Блізкім Усходзе, мы прыходзім да высновы, што яны былі прывезены Homo sapiens, калі яны рухаліся ў Еўропу».

Прафесар Крыс Стрынгер з Лонданскага музея натуральнай гісторыі заявіў, што гэтае сцвярджэнне не можа не выклікаць спрэчак. «Гэта правакацыйная і амбіцыйная заява. – сказаў ён у інтэрв’ю «Observer» – У прыватнасці, тут сцвярджаецца, што шатэльперонская каменная прамысловасць, якую звычайна лічаць прадуктам неандэртальцаў, насамрэч была справай чалавека разумнага. Таму мяркуемая сувязь выкапняў неандэртальцаў з прыладамі Шатэльперрона павінна аказацца несапраўднай, кажа ён.

У папярэдніх артыкулах Слімак таксама сцвярджаў, што сучасныя людзі, якія ўпершыню выйшлі з Афрыкі каля 60 000 гадоў таму, маглі быць узброеныя лукамі і стрэламі, мяркуючы па малюсенькім 54 000-гадовым завостраным каменным прыладам, якія вельмі нагадваюць наканечнікі стрэл. Яны былі знойдзены ў пячоры Grotte Mandrin у даліне Роны. Гэтая тэхналогія, якая дазваляе паляўнічым забіваць на адлегласці, не падвяргаючы сябе небяспецы, дала б жыхарам істотную перавагу перад мясцовымі неандэртальцамі.

Аднак прыкладна праз 40 гадоў гэтая першая група сучасных прыбылых людзей знікла з летапісу выкапняў, і пасля гэта месца зноў занялі неандэртальцы. Узнікаюць пытанні – калі нашы продкі былі лепш абсталяваныя, чаму гэта першае ўварванне ў Еўропу скончылася такім чынам? Падобным чынам, чаму другая хваля – якая, верагодна, адбылася каля 44-46 000 гадоў таму – таксама скончылася правалам?

Адказ просты, кажа Слімак. У тых ранніх хвалях людзей проста не хапала колькасці. Ён мяркуе, што ў паселішчы Гротэ-Мандрын было да 100 мужчын, жанчын і дзяцей. \

«Магчыма, гэтага было недастаткова для падтрымання іх біялагічнай сілы, і, магчыма, яны не маглі абменьвацца генамі з мясцовымі неандэртальцамі, таму што пладавітасць паміж імі была нізкай» – дадаў ён.

Аднак ён адхіліў ідэю, што адносіны паміж неандэртальцамі і сучаснымі людзьмі былі дрэннымі. Фактычна ўсе прыкметы сведчаць аб тым, што дзве групы былі ў добрых адносінах.

Потым прыйшла трэцяя хваля, і на гэты раз, здаецца, нашых продкаў была істотная колькасць, дадаў Слімак. «Трэці раз, калі яны з’явіліся, сучасныя людзі зрабілі гэта з сапраўды велізарнай хваляй людзей і пачалі будаваць сацыяльныя сеткі не з неандэртальцамі, а з асобнымі невялікімі групамі Homo sapiens, каб пабудаваць велізарную сетку па ўсёй Еўропе. І ў рэшце рэшт гэта паклала пачатак заняпаду неандэртальцаў у Еўропе».

На загалоўнай выяве: Рэканструкцыя аблічча самага старажытнага неандэртальца, знойдзенага ў Нідэрландах, па мянушцы Крыйн, выстаўленае ў Нацыянальным музеі старажытнасцей у Лейдэне. Фота: Bart Maat/ANP/AFP

У Слаўгарадзе патанула пенсіянерка

Днём 7 мая ў Слаўгарадзе на вуліцы Чырвонафлотскай, у рацэ Сож было выяўлена цела жанчыны. Як высветлілася, патанулая была 1952 года нараджэння, пенсіянеркай – паведамляе прэс-служба МНС. Абставіны гібелі жанчыны высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

У Крычаве пачалося будаўніцтва новай паліклінікі

Паблізу крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы пачалі рыхтаваць пляцоўку для будаўніцтва новай гарадской паліклінікі. 

Побач з раённай бальніцай Крычава з’явілася будаўнічая тэхніка і пачаўся падрыхтоўчы этап шэрагу прац па будаўніцтву паліклінікі. Згодна праекту новая паліклініка будзе чатырохпавярховай, з цокальным паверхам, які злучыцца з ужо дзеючым лячэбна-дыягнастычным корпусам. 

Плануецца, што паліклініка будзе інтэграваная – гэта значыць, у ёй размесцяцца стаматалогія, дзіцячыя і дарослая паліклінікі, на першым паверсе – аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі і рэгістратуры – паведамляе пра новы медыцынскі аб’ект раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Новы будынак будзе абсталяваны двума ліфтамі. Паліклініка мусіць адпавядаць усім санітарна-гігіенічным патрабаванням, пагэтаму інфекцыйны і туберкулёзны кабінеты будуць з асобнымі ўваходамі. Будучы медыцынскі цэнтр будзе абсталяваны сучасным абсталяваннем, што падаможа палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання.

Завяршыць будаўніцтва крычаўскай паліклінікі плануюць у 2024 годзе.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Расія можа 9 мая арганізаваць правакацыю, каб уцягнуць Беларусь у вайну – украінская выведка

На 9 мая Расія можа падрыхтаваць і здзейсніць правакацыі, у тым ліку супраць Беларусі – паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны. 

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі  Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў выказаў меркаванне,  што расіяне могуць накіраваць правакацыі супраць Беларусі: такая расійская “аперацыя пад фальшывым сцягам” можа мець на мэце ўцягнуць беларускае войска ў вайну супраць Украіны.

 А.  Юсаў заяўляе: 

– Пачынаючы з 2014 года, акупанты выкарыстоўваюць такога кшталту правакацыі, не выключана, што і зараз мы з гэтым сутыкнемся. У гэтай сітуацыі правакацыі могуць быць накіраваны расійскімі спецслужбамі супраць расійскага грамадзянскага насельніцтва і прымеркаваны да пэўных дат, напрыклад, 9 мая. Ніхто ні ва Ўкраіне, ні ў астатнім свеце ў падобныя казкі ўжо не паверыць. Хаця гэта не азначае, што правакацый не будзе,

Фота news.pn

Дзень у гісторыі. 8 мая. Дні памяці і прымірэння. Магілёў – сталіца БССР. Расправа партызан у Налібаках. Капітуляцыя Германіі. Брэсцкая крэпасць – герой. Буйніцкі мемарыял.

Сусветны Дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (з 1953 года).

Святкуецца ў дзень нараджэння заснавальніка міжнароднага таварыства “Чырвонага Крыжа”, швейцарскага гуманіста, грамадскага дзеяча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Анры Дзюнана.

У 1859 годзе ён арганізаваў аказанне дапамогі параненым у бітве пры Сальферына падчас аўстра-італа-французскай вайны, ахвярамі якой сталі 40 000 чалавек. Афіцыйна назва Міжнародны Чырвоны Крыж была зацверджана ў 1928 годзе на 13-й міжнароднай канферэнцыі ў Гаазе, дзе быў прыняты статут арганізацыі. У 1986 годзе была зацверджана новая назва арганізацыі – Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Задача арганізацыі – аказанне дапамогі параненым, хворым і ваеннапалонным падчас узброеных канфліктаў, дапамога ахвярам стыхійных бедстваў. Асноўныя прынцыпы дзейнасці руху – гуманнасць, бесстароннасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць.

У 1872 годзе было створана Мінскае мясцовае ўпраўленне Расійскага таварыства апекі аб параненых і хворых воінах, пасля чаго былі адкрыты Віцебскае, Магілёўскае, Віленскае і Полацкае ўпраўленні.

Зараз структуры Беларускага Чырвонага крыжа працуюць ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі.

Дні памяці і прымірэння (8 і 9 мая).

Прысвечаны памяці ахвяр і загінуўшых у Другой сусветнай вайне. Абвешчаны 22 лістапада 2004 года Генеральнай Асамблеей ААН.

Адзначаюцца з 2005 года.

У Другой сусветнай вайне загінула 71,2 мільёны чалавек, у тым ліку: у СССР – 26,6 (у БССР – 2, 22), Кітаі – 15,5, Германіі – 8,4, Польшчы – 6,2, Інданзэзіі – 4,0, Індыі – 3,0, Японіі – 2,5, у Філіпінах, Югаславіі, Бірме (М’янма) – больш як па мільёну жыхароў. 

1243 год. Памерла Еўфрасіння Пскоўская (Еўпраксія, 1170-я – 1243).

Князёўна полацкая, княгіня пскоўская, святая праваслаўнай царквы. Ігумення пскоўскага Спаса-Прадцечанскага манастыра.

Дачка князя Рагвалода-Васіля, унучка вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча, сястра князя Глеба Рагвалодавіча.

Выхоўвалася ў полацкім Спаскім манастыры. Выйшла замуж за пскоўскага князя Яраслава Уладзіміравіча.

Фундавала пабудову Прадцечанскай царквы ў Пскове, заснаванне  манастыра Іаана Хрысціцеля. Прыняла манаскі пострыг, стала ігуменняй.

Забіта пасынкам князя Яраслава. Пахавана ў Спаса-Прадцечанскім манастыры.

1551 год. Памерла Барбара Радзівіл (1520-1551).

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.

Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў, а таксама свякроў – каралева Бона Сфорца.

Насуперак ўсім апанентам, Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года, памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.

Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

1883 год. У фальварку Данілаўка Бабруйскага павету (зараз – Светалагорскі раён) нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч (1883-1937).

Адзін з бацькоў-заснавальнікаў, разам з Я. Карскім і І. Воўк-Левановічам, сучаснай беларускай дзяржаўнасці, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры, акадэмік, дырэктар Інстытуту мовазнаўства. 

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, працаваў у наркамасветы БССР, старшынёй Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Удзельнік арганізацыі Інбелкульта, акадэміі навук, яе віцэ-прэзідэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, правапісу спрэчных дзеяслоўных форм.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, у 1931 годзе прыгавораны да высылкі ў Удмурцію. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу, расстраляны на наступны дзень.

1939 год. Пачала працаваць урадавая камісія па пераводзе сталіцы БССР у Магілёў.

Камісію ачоліў намеснік старшыні СНК БССР І. Захараў. 

У першы дзень працы былі разгледжаны каляндарны план работ па будаўніцтве Дома ўрада і праект размяшчэння наркаматаў і цэнтральных устаноў, якія пераводзяцца з Мінска, заслухана інфармацыя аб забеспячэнні Магілёўскага будтрэста рабочай сілай.

Праект рэканструкцыі пл. Славы (тады – Савецкай).

1943 год. Савецкія партызаны ўчынілі расправу над жыхарамі в. Налібакі.

У вёсцы, якая находзіцца ў Налібоцкай пушчы былі забіты 128 чалавек, у тым ліку 3 жанчыны, некалькі падлеткаў і 10-гадовы хлопчык. Прычына нападу –  супрацоўніцтва вяскоўцаў з польскай Арміяй Краёвай (АК).

Мясцовай ячэйцы АК ва ўльтыматыўнай форме была прапанавана падпарадкавацца партызанскаму цэнтру ў Маскве, але яна адмовіліся. Адказам стаў карны рэйд. Пасля масавага забойства партызаны выкралі з вёскі 100 кароў і 70 коней.

У справаздачы савецкіх партызан было ўказана, што ў баі ў Налібаках разбіты нямецкі гарнізон.

Трагічныя падзеі ў Налібаках прыцягнулі ўвагу грамадскай думкі ў пачатку XXI стагоддзя ў сувязі са стварэннем галівудскага фільма “Выклік” (2008) пра яўрэйскіх партызанаў Бельскіх, якіх падазравалі ў расправе над мірнымі жыхарамі.

Помнік ахварям ад эмігрантаў.

1945 год. У прадмесці Берліна Карлсхорсце падпісаны канчатковы Акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі і яе ўзброеных сіл. 

Гэта адбылося 8 мая а 22:43 па цэнтральна-еўрапейскаму, а 23:43 па мінскаму часу, 9 мая а 0:43 па маскоўскаму. У Берліне не знайшлося ніводнага ацалелалага будынка, дзе б можна было годна правесці падпісанне капітуляцыі.

Дзень афіцыйнай аб’явы капітуляцыі – 8 траўня ў Еўропе і Амерыцы, 9 траўня ў СССР – стаў святкавацца як Дзень Перамогі.

Акт аб капітуляцыі ад імя германскага вермахта падпісалі генерал- фельдмаршал У. Кейтель, галоўнакамандуючы ВМС адмірал Фон Фрыдэбург, генерал-палкоўнік авіяцыі Г. Штумпф. СССР прадстаўляў намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага маршал Савецкага Саюза Г. Жукаў, саюзнікаў – галоўны маршал авіяцыі Вялікабрытаніі А. Тэдэр. У якасці сведкаў прысутнічалі генерал арміі ЗША Спаатс і галоўнакамандуючы французскай арміяй генерал Тасіньі.

1949 год. На тэрыторыі Трэптаў-парка ў Берліне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка “Воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях з фашызмам”. 

Там пахавана каля 5 000 тысяч савецкіх воінаў, у тым ліку некалькі сотняў ураджэнцаў Беларусі.

У сутарэннях помніка размешчаны маўзалей. Агульная вышыня манумента складае каля 30 м. Перад помнікам – мемарыяльнае поле з брацкімі магіламі, сімвалічнымі саркафагамі, чарамі для вечнага агню, двума чырвонымі сцягамі з граніту, скульптурамі укленчаных салдат.

Для будаўніцтва выкарыстоўвалі граніт з рэйхсканцылярыі Гітлера. Фігуру Воіна-вызваліцеля вырабілі ў Ленінградзе – 13-метровы помнік адлілі з бронзы вагой 72 тоны. У Берлін яго перапраўлялі часткамі водным шляхам.

1965 год. Магілёўскаму падпольшчыку, партызану атрада №600 Леаніду Лорчанка пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон. 18 ліпеня 1943 года каля в. Антонава Буда пры выхадзе з акружэння застаўся ў групе прыкрыцця, якая раніцай ўступіла ў бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка каля р. Рудня. Застаўшыся ў жывых адзін, калі скончыліся боепрыпасы, падарваў сябе і ворагаў гранатай. Пахаваны каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна.

У гонар героя ўстаноўлены бюст у г. Бялынічы, названы вуліцы ў Бялынічах і Магілёве.

1965 год. Прысвоена званне крэпасць-герой Брэсцкай крэпасці.

Да 22 чэрвеня 1941 года ў крэпасці дыслакавалася 8 стралковых батальёнаў,  разведвальны, артылерыйскі палкі і 2 артылерыйскіх дывізіёна, некаторыя спецпадраздзяленні – усяго каля 9 000 чалавек, не лічачы членаў сем’яў.

Штурмавала крэпасць з 4:45, пасля артпадрыхтоўкі, 22 чэрвеня 45-я пяхотная дывізія (да 16 тысяч чалавек), якой было даведзена авалодаць аб’ектам да 12:00 у першы дзень вайны.

Моцнае супраціўленне немцы сустрэлі на Валынскім і Кобрынскім умацаваннях.

Да 7:00 22 чэрвеня некаторыя падраздзяленні 42 і 6-й савецкіх стралковай дывізіі змаглі з баямі пакінуць крэпасць і горад Брэст і з вялікімі стратамі перадыслакавацца.

Да вечара 24 чэрвеня немцы авалодалі Валынскім і Цярэспальскім умацаваннем, а рэшткі гарнізона пераправіліся ў Цытадэль. Штодня абаронцам крэпасці прыходзілася адбіваць 7-8 атак. 29 чэрвеня арганізаваная абарона крэпасці скончылася – заставаліся толькі ізаляваныя групы і адзіночныя байцы.  Да 7 000 абаронцаў трапіла ў нямецкі палон.

Адзін з надпісаў у крэпасці абвяшчае: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20/VII-41».

23 ліпеня 1941 года, на 32-гі дзень вайны, у палон быў узяты камандуючы абаронай Усходняга форта маёр П. Гаўрылаў, паводле афіцыйных звестак, апошні абаронца Брэсцкай крэпасці.

1995 год. На Буйніцкім полі адкрыта першая чарга мемарыяльнага комплекса.

Адкрыты капліца (27 м вышынёй), мемарыяальная алея і Возера Слез.

Комплекс прысвечаны геараічнай абароне Магілёва. Баі тут адбываліся з 10 да 22 ліпеня 1941 года.

13-14 ліпеня на Буйніцкім полі знаходзіліся карэспандэнт газеты «Известия» К. Сіманаў і фотакарэспандэнт П. Трошкін, які сфатаграфаваў падбітыя на Буйніцкім полі нямецкія танкі

Падзеі на полі знайшлі адлюстраванне ў рамане Сіманава «Жывыя і мёртвыя» і дзённіку «Розныя дні вайны».

«Буйніцкае поле» – гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі (з 2002 г.). Аўтар праекта архітэктар У. Чаленка.

Над Буйніцкім полем, паводле завяшчання пісьменніка, у верасні 1979 года развеяны прах К. Сіманава.

2005 год. Памёр Пятро Драчоў (1937-2005).

Беларуск і графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. 

Працаваў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка», у «Беларускім гістарычным часопісе». Працаваў у кніжнай станковай графіцы. Сярод яго шматлікіх твораў: «Францыск Скарына трымае экзамэн перад прафэсарамі ў Падуанскі ўнівэрсытэце», «Да 500-годдзя Міколы Гусоўскага», панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700-1721 гг.», серыі акварэляў «Помнікі архітэктуры Беларусі», «Бярэзінскі запаведнік», «Асветнікі», ілюстрацыі да кніг У. Дубоўкі, П. Броўкі, У. Караткевіча і іншыя.

Фота з адкрытых крыніц

Ізраіль прадаставіў Украіне радары для папярэджання аб ракетных атаках

Ізраільская кампанія RADA Electronic Industries, якая вырабляе радары, пачала прадастаўляць Украіне прыборы для новай сістэмы абвесткі аб ракетнай пагрозе – інфармуе news.pn,  спасылаючыся на Israel Defense.

Украіна павінна атрымаць партыю з 16 радараў RADA. Іх будуць выкарыстоўваць для выяўлення і папярэджання аб ракетных атаках. Зазначаецца, што перадача такіх радараў патрабуе адабрэння Міністэрства абароны Ізраіля.

Радары RADA выкарыстоўваюць у Ізраілі для выяўлення пагрозы з неба. Яны падключаны да сістэмы абвесткі. У выпадку пагрозы жыхары атрымліваюць апавяшчэнне аб тым, што неабходна схавацца.

Раней Ізраіль заявіў, што дапаможа Украіне ў стварэнні сістэмы ранняга папярэджання аб паветранай пагрозе. Гаворка ідзе аб абвестцы адносна варожых ракет і дронаў.

Амбасадар Украіны ў Ізраілі заявіў, што ў пачатку траўня ізраільская сістэма абвесткі ўжо запрацавала ў Кіеве.

Фота: news.pn