Магілёўскі вагонабудаўнічы завод просіць адміністрацыю калоніі №2 у Бабруйску нарасціць тэмпы вытворчасці.
Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BELPOL атрымала інфармацыю пра тое, што Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, які уваходзіць ў «БелАЗ-Холдынг», просіць ад калоніі №2 у Бабруйску тэрмінова нарасціць вытворчасць і закрыць адставанне па пастаўках дэталяў. Гаворка ідзе пра дзясяткі адзінак прадукцыі – з канкрэтнымі тэрмінамі і прамым указаннем «павялічыць тэмпы». Пісьмо з такой просьбай датавана 1 красавіка 2026 года.
Паводе BELPOL, гэта насамрэч не просьба, а патрабаванне, а людзей у калоніях, уключаючы палітвязняў, выкарыстоўваюць як танную і бяспраўную працоўную сілу для выканання планаў прадпрыемства.
Расследвальнікі нагадваюць, што БелАЗ з’яўляецца адным з асноўных «кашалькоў» рэжыму Лукашэнкі, а таксама БелАЗ убудаваны сістэму выканання дзяржаўнага абароннага заказу, займаючыся гальванаапрацоўкай кольцаў для 122 мм рэактыўных снарадаў для РСЗА «Град».
За першы квартал 2026 года ў 27 магазінах было выяўлена 491,086 кілаграмаў пратэрмінаванай харчовай прадукцыі.
Як адзначае Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, правяраючыя прыходзілі ў магазіны і аб’екты грамадскага ў Магілёве і Магілёўскім раёне. У выніку выяўленых парушэнняў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу шэсць юрыдычных асоб у памеры 168 базавых велічынь (7 560 рублёў) і тры службовыя асобы ў памеры 20 базавых велічынь (900 рублёў).
Санстанцыя апублікавала спіс некаторых суб’ектаў гаспадарання, дзе, у прыватнасці, была выяўлена пратэрмінаваная прадукцыя:
ТАА “Авацыя” сталовая, г. Магілёў, вул. Ленінская, 33 – 16,8 кг;
ЗУВКП “БелВілесдэн” крамы “Гіпа”, г. Магілёў, вул. Каштанавая, 2 вул. Маўчанскага, 6-10,49 кг;
крама «Капеечка», па адрасе: г. Магілёў, пр. Шміта,40, філіяла «Крычаў» ЗАТ “Дабраном” – 9,797 кг;
ТАА «Лёва 14» сталовая №113, г. Магілёў, вул. Ленінская, 81а і аб’ект грамадскага харчавання, г. Магілёў, вул. Ленінская, 68а-8,706 кг;
ААТ «Агракамбінат «Усход» кафэ «Вільчанка», Магілёўскі раён, аг.Узыход-8,1 кг;
крамы ТАА “Трывэ” па адрасе: г. Магілёў, вул. будаўнікоў, 2 вул. Першамайская, 84А-7,62 кг;
Магілёўскае райпо крамы па адрасе: Магілёўскі раён, аг. Махава, в. Навасёлкі (Дашкаўскія), в. Солтанаўка – 7,37 кг;
піцэрыя “Веранда” індывідуальнага прадпрымальніка Задарожнага Я.Б. па адрасе: г. Магілёў, пр. Пушкінскі, 37б – 4,5 л;
ЗТАА “Март Ін Фуд” крама “Марцін”, г. Магілёў, пр. Дзімітрава, 32 – 3,6 кг;
крама “Суседзі” па адрасе: г. Магілёў, пр. Пушкінскі, 36а, ТАА “Лібрэтык” – 3,538 кг;
ААТ «Александрыйскае-Бел» магазін, г. Магілёў, вул. Лепешынскага, 12а – 3,33 кг;
крама “Санта” па адрасе: г. Магілёў, Мінская шаша, 40, ТАА «Санта Рытэйл» -1,92 кг;
міні-кафэ “Фіеста” ТАА “Трыял плюс” па адрасе: г. Магілёў, вул. Першамайская, 61 – 1,636 кг;
ТАА “Джон Доры” гандлёвы аб’ект, г. Магілёў, вул. Астроўскага, 5 – 1,538 кг;
ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» крама №2, г. Магілёў, вул. Каштанава,23а і павільён па адрасе: г. Магілёў, вул. Габраўская, 30-1,428 кг;
крама “Мегаопт” ТУП “Магілёўскі аблкаапкнігаторг”, размешчаны па адрасе: г. Магілёў, пр. Дзімітрава, 31а/11 – 0,6 кг;
Філіял ТАА “Еўраторг” у горадзе Магілёве магазін “Еўраопт”, г. Магілёў, вул. Лазарэнка, 73б – 0,54 кг;
ТАА “Фэмілі Фуд” рэстаран “Мамадома”, г. Магілёў, вул. Мінская шаша, 31 – 0,5 кг;
ТАА “РольфТрэйд” крама “Перекресток”, г. Магілёў, вул. Камсамольская, 10 – 0,415 л;
крама “Вожык” па адрасе: г. Магілёў, вул. Ціміразеўская, 44, ТАА “Юністар груп” – 0,22 кг;
ПГУП “Відзінол” магазін, Магілёўскі раён, аг. Мяжысеткі – 0,18 кг.
Дзмітрый Шлетгаўэр, памерлы ў магілёўскай калоніі №15, быў малады і нават не думаў аб смерці, паведаміў яго знаёмы па брэсцкім СІЗА. Ён лічыць, што хлопца забілі па загадзе КДБ, з якім той супрацоўнічаў.
Паводле мужчыны, ён пазнаёміўся са Шлетгаўэрам у СІЗА №7 Брэста. На той момант хлопцу быў 21 год, але ён выглядаў старэй. “Гэта быў высокі рослы хлопец. Але што мне не падабалася – ён вельмі шмат курыў. Але ён вельмі быў цягавітым, заўсёды неяк на пазітыве. Ён не даваў сабе слабіны. Наадварот, ён у камеры ствараў пазітыў і падтрымліваў іншых” – распавёў Беларускаму Радыё Рацыя былы сідзелец.
Ён адзначае, што ў Шлетгаўэра было складанае і супярэчлівае жыццё. Паводле яго, хлопец захапляўся зброяй, у тым ліку халоднай, сам выкоўваў нажы і меў уласную калекцыю. Ён таксама распавядаў пра свой досвед, звязаны з удзелам у ваенных кантрактах за мяжой, у тым ліку ў Афрыцы, дзе праходзіў падрыхтоўку і разглядаў магчымасць удзелу ў баявых аперацыях.
Паводле былога сукамерніка, Шлетгаўэр меў пэўныя ідэалагічныя погляды, і яны, паводле яго, былі неафашысцкімі, што, зразуімела, магло выклікаць цікавасць сілавых структур. Ён таксама сцвярджае, што хлопец добра разбіраўся ў тэме зброі і выбуховых рэчываў і мог з падручных матэрыялаў вырабляць небяспечныя сумесі.
Сям’я Шлетгаўэра жыла ў Камянцы. Сам ён меў расійскае грамадзянства і, паводле суразмоўцы, спрабаваў наладзіць кантакт з расійскім консульствам у Брэсце. Пасля сустрэчы з консулам яму не рэкамендавалі дамагацца дэпартацыі ў Расію з-за магчымых праблем.
Мужчына таксама сцвярджае, што Шлетгаўэр знаходзіўся ў полі ўвагі КДБ. Паводле яго версіі, пасля прыезду ў Беларусь той нібыта ўступіў у кантакт са спецслужбамі і мог выконваць пэўныя заданні. Аднак, нібыта, адно з такіх заданняў, звязанае з ліквідацыяй чалавека, ён не выканаў.
Падчас знаходжання ў СІЗА Шлетгаўэр, як распавядае сведка, нават сустрэўся з чалавекам, якога, паводле яго слоў, мусіў ліквідаваць. “Калі ён пра гэта расказваў, у мяне, дарослага чалавека, валасы дыбам станавіліся” – адзначае мужчына.
Паводле яго, у зняволенні да Шлетгаўэра з боку супрацоўнікаў нібыта не ўжывалася фізічнага гвалту, і нават, як ён кажа, да яго ставіліся “з пэўнай павагай”.
Шлетгаўэр быў жанаты на грамадзянцы Беларусі, і ўжо пасля яго затрымання ў іх нарадзілася дзіця. Аднак падчас суда шлюб быў скасаваны ў сувязі з пазбаўленнем яго віду на жыхарства. Родныя пасля прысуду прадалі дом у Камянцы і выехалі ў Расію.
Былы знаёмы хлопца падкрэслівае, што Шлетгаўэр пісаў шмат пісьмаў. Яго лісты маглі займаць дзясяткі старонак, што, на яго думку, сведчыць пра моцныя пачуцці да сям’і.
Разам з тым, мужчына катэгарычна адмаўляе версію самагубства. “Ён нават не думаў пра смерць. У 21 год – якая смерць? Ён быў поўны энергіі і быў упэўнены, што хутка выйдзе” – кажа ён. “І тое, што з ім адбылося, наколькі я даведаўся, ён не пакончыў з сабой. Яго забілі і забілі па замове КДБ” – падкрэслівае былы сядзелец.
Ён мяркуе, што хлопец мог валодаць інфармацыяй, якая ўяўляла небяспеку, і таму мог быць ліквідаваны.
Паводле інфармацыі, распаўсюджанай раней рэсурсам dissidentby, у калоніі на Дзмітрыя Шлетгаўэра аказваўся сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА, нягледзячы на наяўнасць хранічнага захворвання. Займаліся гэтым аператыўныя работнікі выпраўленчай калоніі Юрый Арлоў і Ілля Кіслякоў пад кіраўніцтвам начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі.
Прычынай жорсткага абыходжання, па звестках крыніц рэсурса dissidentby, было тое, што Дзмітрый Шлетграўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі, “не здаваў” іншых і адкрыта выказваў нязгоду з дзеяннямі адміністрацыі. “Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць” – паведамлялі сведкі.
1 лістапада 2024 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі “механічная асфіксія”. Раней Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, прыгаварыўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая да гэтага часу – працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
У тройку папулярных мадэляў увайшлі таксама слінгбэкі – туфлі з адкрытай пяткай. Магілёўкі ўсё часцей робяць стаўку на гібрыдны гардэроб: калі адна пара закрывае і офіс, і прагулку.
Такі выбар упісваецца ў агульнабеларускі трэнд. Паводле «Мегатопа», попыт на «басаногі» абутак з шырокім наском і мяккай падэшвай вырас па ўсёй краіне на 65 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам.
Беларуски выбіраюць камфорт – і Магілёў тут не выключэнне, а хутчэй першапраходца.
На гэтым фоне іншыя гарады выглядаюць крыху ярчэй або капрызней:
Брэст прымярае на сябе ролю галоўнага трэндсэтэра сезона – там у хаду анімалістычныя прынты і акцэнтныя пантолеты на платформе;
Гомель трымаецца за «ціхую раскошу»: лоферы, слінгбэкі і замша – кожная трэцяя купленая пара;
Мінск і Гродна салідарныя ў любові да басаножак;
Віцебск – верны ўтылітарным красоўкам і паўкедам.
Магілёў у гэтай кампаніі – горад людзей, якія ведаюць чаго хочуць. Ніякага леапарда. Проста добрыя красоўкі.
Раённая газета Магілёўскага раёна задала чытачам пытанне: як вы праводзіце вольны час? Жыхары вёсак адказалі. Мяркуючы па адказах – ад весялосці пыл слупам. Магілёўская “раёнка” апытала жыхарак рэгіёна наконт весялосці ў сельскай мясцовасці. Аказалася, што яе хоць адбаўляй.
Начальніца паштовага аддзялення з Вендрыжа заявіла, што жывуць весела. Адзінае яе пажаданне – адрадзіць свята Мядовага Спаса. Бо край мядовы.
Жыхарка вёскі Амхавая-1 растлумачыла: калі ёсць агонь у душы, ехаць за ўражаннямі не абавязкова. У іх праходзяць Дні вёскі, там песні, танцы, конкурсы. Была на «Купаллі» ў Дубінцы. Уражанняў хопіць на ўсё астатняе жыццё.
Старшыня сельвыканкама з аграгарадка Рэчкі паведаміла, што культура ў іх б’е ключом. Прычым «з такім размахам, што часам і горад пазайздросціць».
А што на самой справе, без прапагандысцкіх штучак? Прыводзім рэальны “калейдаскоп весялосці”:
у вёсцы Новая Слабада Слаўгарадскага раёна жыхары сабраліся на сельскі сход. Абмяркоўвалі дарогі, пустазелле і старыя дрэвы – тыя ж самыя праблемы што трыццаць гадоў таму. Асобна паскардзіліся: у горадзе няма майстра по рамонце абутку;
у вёсцы Круча Круглянскага раёна закрылі школу і краму. ФАП перанеслі ў пустуючы будынак былой крамы;
у вёсцы Пуцькі Чавускага раёна жыхары паскардзіліся старшыні райвыканкама на адсутнасць участковага, прадаўца і фельчара. Адрадзіць ФАП, сказалі чыноўнікі, “ужо не атрымаецца” – фельчар будзе прыязджаць з суседняй вёскі. Затое з’явіцца новае месца для збору малака.
1917 год. У Мінску завяршыў працу З’езд Беларускіх нацыянальных арганізацыяў.
Працаваў 7-9 красавіка. На ім былі створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК) і прынята яго праграма, якая падтрымала Часовы ўрад Расіі і агучвала патрабаванне ўвядзення аўтаноміі Беларусі ў складзе фэдэрацыйнай Расіі, палітычнае і культурнае адраджэнне беларускага народу.
З’езд быў скліканы з ініцыятывы менскага беларускага Нацыянальнага камітэта на чале з Р. Скірмунтам, і прадстаўнікоў менскага аддзелу Беларускай сацыялістычнай грамады на чале з А. Смолічам.
Асновай тэрыторыі аўтаномнай Беларусі вызначаліся пяць губерняў: Віленская, Гарадзенская, Менская, Віцебская і Магілёўская.
У БНК былі выбраны 18 членаў, у тым ліку з Магілёўшчыны А. Смоліч, М. Кахановіч, Л. Дубейкаўскі.
Быў абраны і прэзідыум БНК: Р. Скірмунт (старшыня), П. Аляксюк (намеснік), У. Фальскі (намеснік), Л. Заяц (скарбнік), Б. Тарашкевіч (пісар-сакратар).
Фота. Раман Скірмунт.
1921 год. Нарадзіўся Валянцін Фацін.
Камбат 139 стралковай дывізіі. За гераізм пры вызваленні Лупалава, Магілёва капітан Фацін атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Загінуў пад Гродна 17 ліпеня 1944 года. Пахаваны ў горадзе Скідзель Гродзенскай вобласці. У Магілёве ўсталавяна мемарыяльная шыльда, вуліца ў Задняпроўі носіць яго імя.
У ноч на 28 чэрвеня 1944 года з батальёнам ён на падручных сродках пераправіўся на правы бераг ракі каля Буйніч, хуткімі тэмпамі ўвайшоў у Магілёў. Убачыўшы савецкіх салдат, гітлераўцы вырашылі, што яны акружаны і пачалі здавацца ў палон групамі. Капітан Фацін, усталяваўшы месца размяшчэння штаба нямецкай дывізіі, якая трымала абарону на гэтым участку фронту, з двума байцамі адправіўся туды і пераканаў камандаванне ворага здацца ў палон. У выніку батальён захапіў 18 гармат, 200 аўтамашын, 500 гітлераўцаў і штаб 12-й пяхотнай дывізіі разам з камдзівам генерал-лейтэнантам Бамлерам, начальнікам магілёўскага гарнізона генерал-маёрам Эмерсдорфам і 35 афіцэраў.
1931 год. Нарадзіўся Вадзім Свірыдаў.
Беларускі хімік, акадэмік АН БССР. Доктар хімічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.
Скончыў БДУ. Працаваў загадчыкам кафедры і дырэктарам Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем.
Асноўныя працы – па фотахіміі неарганічных сістэм, хіміі фатаграфічных працэсаў, хіміі цвёрдага цела.
Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых соляў металаў, фотахімічных ператварэнняў на паверхні цвёрдых цел у водным асяроддзі, фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна абложаных гідраксідаў металаў.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій і 4 навучальных дапаможнікаў, больш за 120 вынаходніцтваў.
Памёр 12 красавіка 2002 года.
1932 год. Памёр Стэфан Макрэцкі (1862–1932).
Ураджэнец Лідчыны, рускі і польскі вайсковец, генерал, палітычны дзеяч Сярэдняй Літвы.
Служыў у расійскім войску. Палкоўнікам удзельнічаў у І Сусветнай вайне. У чыне генерала, стаў адным з арганізатараў Саюзу вайсковых палякаў (1917).
У 1919–1920 на камандных пасадах у польскім войску, камандаваў корпусам войск Сярэдняй Літвы, паплечнік генерала Л. Жалігоўскага. Быў выканаўцам абавязкаў старшыні Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы.
У 1922-1925 гадах на службе ў Войску Польскім.
1934 год. Нарадзіўся Леанід Асядоўскі.
Беларускі жывапісец.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа. У творчасці пераважалі гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка і тэмы сучаснасці. Сярод твораў: «Хай заўжды будзе сонца», «Нафта беларуская ёсць!», «Дажынкі», «Балада пра маці», партрэты «Партрэт маладога вучонага», «Пачынальнікі беларускай музыкі», пейзажы і іншыя.
Аўтар дыярам «Мінскі „кацёл“» для музея Вялікай Айчыннай вайны, «Бой пад Міласлававічамі» для Клімавіцкага краязнаўчага музея.
Памёр 12 лютага 1990 года.
Л. Асядоўскі. Бой пад Міласлававічамі.
1946 год. У нямецкім Рэгенсбургу адноўлена Беларускае літаратурнае згуртаванне «Шыпшына».
Арганізацыя была створана 9 студзеня 1945 года. На сходзе былі Н. Арсеннева, Ю. Віцьбіч, У. Сядура, У. Клішэвіч, Т. Лебяда, А. Салавей, М. Цэлеш, А. Чэмер, В. Таполя, Л. Случчанін, Я. Золак. Разгарнуць дзейнасць не давялося з-за ваенных падзей.
Аднаўляльнікамі “Шыпшыны” сталі Ю. Віцьбіч, Н.Арсеннева, Я. Золак і М. Сяднёў. Хутка яно аб’яднала амаль усіх паэтаў і пісьменнікаў на эміграцыі. Галінка шыпшыны з кветкамі і калючкамі стала сімвалам-эмблемай арганізацыі, а верш У. Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына» — паэтычным маніфестам.
Таварыства выдавала аднайменны часопіс. Выйшла 9 нумароў, у якіх друкаваліся 30 сябраў таварыства і 34 пісьменнікі, якія жылі ў Беларусі. Рэдактарам быў Ю.Віцьбіч.
Таварыства спыніла дзейнасць у 1950 годзе з выхадам апошняга нумара часопіса.
1959 год. У Ленінградзе памёр Мікола Аляхновіч (1903–1959).
Беларускі літаратурны крытык.
Скончыў Барысаўскую мужчынскую гімназію, БДУ. Настаўнічаў, кіраваў Барысаўскай філіяй «Маладняка», працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, выкладаў у Мінскім педінстытуце.
У 1936 годзе быў рэпрэсаваны, адбываў ссылку на Калыме.
Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А. Александровіча, М. Багдановіча, М. Зарэцкага, Якуба Коласа, Р. Мурашкі, П. Труса, Я. Скрыгана, А. Пушкіна, М. Горкага і іншых.
1970 год. Стыхійны моладзевы мітынг у Мінску разагнаны міліцыяй і ўнутранымі войскамі.
Несанкцыянаваны мітынг з элементамі непадпарадкавання ўладам быў справакаваны забойствам 7 красавіка хіпі, 18-гадовага Вячаслава Максакова.
Пасля пахавання Максакава, моладзь стала стыхійна збірацца вакол месца забойства. Па розных ацэнках, іх колькасць дасягала 100-500 чалавек, сярод іх былі прадстаўнікі мінскага музычнага андэрграўнду.
Калі байцы ўнутраных войскаў пажадалі разарваць жывы ланцуг моладзі, паміж імі і хіпі ўспыхнула бойка. Супрацьстаянне доўжылася каля гадзіны. Шэраг хіпі быў затрыманы і потым выключаны з навучальных устаноў.
Хіпі ў Мінску. Фота ілюстрацыйнае.
1972 год. У Магілёве на Машэкаўскіх могілках пахавалі Мікалая Каралёва (Караля, 1906–1972).
Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр, Ганаровы грамадзянін Магілёва. Ураджэнец в. Амінавічы Асіповіцкага раёна. Адзін з кіраўнікоў савецкага партызанскага руху ў Магілёўскай вобласці, камандзір 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады, Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы.
Працаваў старшынёй Магілёўскага гарвыканкама (1944–1953), першым сакратаром Хоцімскага райкама КПБ (1953–1957).
У Магілёве яго імем названы мост праз Дняпро. На доме па магілёўскай вуліцы Першамайская, 67, дзе ён жыў, устаноўлены дзве мемарыяльныя шыльды, у в. Амінавічы – бюст. Вуліцы ў яго гонар носяць у Магілёве, Асіповічах, Хоцімску, у вёсках Масток Магілёўскага і Вярхі Асіповіцкага раёнаў. У СШ № 33 Магілёва ладзіцца турнір па вольнай барацьбе яго памяці.
2016 год. Памёр Зміцер Саўка (1965–2016).
Беларускі мовазнавец.
Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Браў удзел у моладзевым грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984).
Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце замежных моў, працаваў на “Белсат”.
Па запрашэнні Вітаўта Кіпеля вучыўся ў ЗША, занатоўваў успаміны амерыканскіх беларусаў. Аўтар і суаўтар прац «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія», «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы», «Беларускі клясычны правапіс».
Адзін з яго дзядоў паходзіў са Свіслачы Асіповіцкага раёна.
Дзевяць службовых асоб, сярод якіх былы гендырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў, асуджаны за шэраг карупцыйных злачынстваў у шыннай галіне.
Як высветлілася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, з 2017 года па ліпень 2024 года ўдзельнікі карупцыйнай схемы сістэматычна атрымлівалі хабар за бесперабойную адгрузку шыннай прадукцыі прадпрыемства ў адрас партнёра ў Маскве для наступнага продажу канчатковым спажыўцам у Расіі. Агульная сума хабару, атрыманая ўсімі ўдзельнікамі арганізаванай групы, склала больш за 17 млн рублёў.
Акрамя таго, былому гендырэктару інкрымінавана перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды прадпрыемству.
Так, з 2020 года па 2023 год ён заключыў з расійскай кампаніяй дыстрыбутарскае пагадненне на пастаўку звышбуйнагабарытных шын, якія прадаваліся ніжэй за сабекошт. У сваю чаргу контрагент як пасярэднік рэалізоўваў шыны беларускай вытворчасці канчатковым спажыўцам з высокай гандлёвай надбаўкай. Сваімі дзеяннямі Бунакоў прычыніў шкоду прадпрыемству на суму больш за 9 млн рублёў.
Былы гендырэктар “Белшыны”, а таксама гендырэктар тавараправоднай сеткі, які прызнаны кіраўніком гэтай арганізаванай злачыннай групы, атрымалі па 14 гадоў зняволення са штрафам у памеры 5 000 базавых велічынь (225 тыс.рублёў) з пазбаўленнем права займаць кіраўнічыя пасады на тэрмін пяць гадоў кожнаму.
Іншыя службовыя асобы – удзельнікі злачыннай групы – атрымалі ад трох да васьмі гадоў зняволення са штрафам у памеры ад 1000 да 5000 базавых велічынь (ад 45 тыс. да 225 тыс. рублёў) і забаронай на заняццё кіраўнічых пасад на пяць гадоў.
Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў дзяржаўнага абвінаваўцы – з былога генеральнага дырэктара шыннай фабрыкі на карысць прадпрыемства спагнана кампенсацыя школы на суму больш за 11 млн рублёў.
Прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны.
Андрэй Бунакоў стаў гендырэктарам “Белшыны” ў 2020 годзе. Ён быў затрыманы напачатку 2023 года. Але ўжо ў красавіку 2024 года Андрэя Бунакова заўважылі ў Расіі. Экс-гендырэктар “Белшыны” на пасадзе гендырэктара кампаніі «Марскі тэрмінал „Вароты Арктыкі“» падпісаў з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам пагадненне аб пачатку будаўніцтва вялікага тэрмінала для перавалкі грузаў.
Такім чынам, магчыма, што суд над Бунаковым быў завочным. Ускосна аб гэтым сведчыць тое, што ў паведамленні пракуратуры не ўказаны рэжым калоніі.
Дрыбінскаму раёну перададуць частку тэрыторыі Магілёўскага, Шклоўскага і Горацкага раёнаў.
Пра змену адміністрацыйных межаў унутры вобласці журналістам распавёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Паводле яго, разам з тэрыторыямі Дрыбіну будуць перадавацца і прадпрыемствы, што на іх знаходзяцца.
У выніку ўзбуйнення Дрыбінскі раён атрымае да існуючых трох яшчэ тры сельгасгаспадаркі, і, паводле Ісачанкі, стане сярэднім па памерах і вытворчым патэнцыяле раёнам Магілёўшчыны.
Зараз плошча Дрыбінскага раёна 76,6 тыс.га. Ён з’яўляецца самым малым па тэрыторыі раёнам Беларусі. На 1 студзеня 2025 года ў ім пражывала 9 190 чалавек.
Гісторыя Дрыбінскага раёна – гэта гісторыя ўзнікненняў і скасаванняў. Першапачаткова Дрыбінскі раён быў утвораны як адміністрацыйная адзінка 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі Беларускай ССР. 8 ліпеня 1931 года яго скасавалі. 12 лютага 1935 года раён утвораны зноў. 20 лютага 1938 года ўключаны у склад Магілёўскай вобласці. А 16 верасня 1959 года яго зноў скасаваны.
29 снежня 1989 года Дрыбінскі раён зноў узнік на карце Магілёўскай вобласці ў сувязі з масавым перасяленнем жыхароў Краснапольскага раёна, тэрыторыя якога была забруджана радыёнуклідамі пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Звыш 70 кілаграмаў пратэрміноўкі знайшлі кантралёры ў магазіне “Белмаркет” па вуліцы Першамайскай 160 у Магілёве.
У цяперашні час па ўсёй краіне праходзіць праверка данай сеткі рознічнага гандля прадуктамі харчавання, пра гэта паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Днямі такая праверка выявіла 70 кілаграмаў пратэрмноўкі і тавараў сумніўнай якасці ў чарговым магілёўскім магазіне “Белмаркет”, які прыйшлося часова зачыніць з-за шматлікіх парушэнняў.
Кантралёры знялі з паліц гэтага магазіна мясныя паўфабрыкаты, фарш, безалкагольныя напоі, каўбасныя і хлебабулачныя вырабы з прайшоўшымі тэрмінамі прыдатнасці. Таксама забароненая рэалізацыя больш за 20 кг курэй-грыль, час вырабу якіх вызначыць не ўдалося. Нягледзячы на тое, што ў гандлёвай зале крамы ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, якое прадугледжвае аператыўную рэалізацыю курэй-грыль, такая прадукцыя была выраблена загадзя, і чакала яна свайго пакупніка зусім не ў халадзільніку.
У ліку парушэнняў заканадаўства – невыкананне абавязковага пераліку тавараў, неналежнае афармленне цэннікаў, адсутнасць інфармацыі аб таварах, парушэнне санітарных нормаў, неналежная выкладка тавараў, якія змяшчаюць выяву дзяржаўных сімвалаў і іншае.
Адчынецца магазін пасля таго, як усе парушэнні будуць ліквідаваны.
Нагадаем, напрыканцы сакавіка магазін “Белмаркет”, што па Першамайскай 91а ў Магілёве прыпыніў сваю дзейнасць з-за вялікай колькасці выяўленых пратэрмінаваных тавараў.
Дрыбінскі раён губляе статак: мінус 2 034 галоў буйной рагатай жывёлы і ў тым ліку мінус 645 кароў за паўтары гады, а чыноўнікі сцвярджаюць: усё ідзе па плане.
Пакуль Лукашэнка абяцае «адрадзіць Дрыбіншчыну» з дапамогай кароў, афіцыйныя лічбы малююць іншую карціну: за паўтары гады раён страціў амаль дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Супаставіць дадзеныя ўдалося выпадкова – дзякуючы таму, што старонка райвыканкама па сельскай гаспадарцы не абнаўлялася з 2024 года. Гэтае разгільдзяйства чыноўнікаў абярнулася рэдкай магчымасцю для параўнання.
Дзве крыніцы – адна карціна
Параўнанне стала магчымым дзякуючы двум афіцыйна апублікаваным наборам даных. На старонцы Дрыбінскага райвыканкама ў раздзеле «Сельская гаспадарка» ёсць паказчыкі за студзень – снежань 2024 года і пагалоўе на 1 студзеня 2025-га. Даныя не абнаўляліся – у гэтым увесь Дрыбін.
Ну, а раённая газета «Савецкая вёска» ў асобе галоўнага спецыяліста вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ганны Гуськовай (на фота) апублікавала свежыя даныя на 1 красавіка 2026 года.
Менавіта таму, што чыноўнікі забыліся абнавіць сайт, гэтыя крыніцы можна параўноўваць напрамую. Параўнанне забойнае.
Што было ў 2024 годзе
Паводле даных райвыканкама:
на 1 кастрычніка 2024 года – 12 300 галоў БРЖ у сельгасарганізацыях раёна;
з іх 5 000 кароў;
на 1 студзеня 2025 года – 11 172 галавы БРЖ;
за 2024 год выраблена 13 967,3 тоны малака;
рэалізавана 12 203 тоны;
таварнасць малака – 87,6%.
Што засталося да красавіка 2026-га
Паводле даных раённай газеты на 1 красавіка 2026 года:
10 266 галоў буйной рагатай жывёлы – увесь статак;
4 355 галоў дойнага статка.
За першы квартал 2026 года:
выраблена 4 132,6 тоны малака – на 274,3 тоны больш, чым годам раней;
рэалізавана 3 716,5 тоны;
таварнасць – 89,9 працэнта;
ААТ «Трылесіна-агра» нарошчыла вытворчасць на 232 тоны, агульны аб’ём – 2 670,5 тоны;
ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхзабеспячэнне» – 117,5% да мінулага года;
толькі «Трылесіна-агра» рэалізуе малако на 100% гатункам «Экстра».
Катастрофа ў лічбах
Калі параўноўваць напрамую, то атрымліваецца што:
кароў было 5 000 (кастрычнік 2024) – стала 4 355 (красавік 2026): мінус 645 галоў;
усяго БРЖ было 12 300 – стала 10 266: мінус амаль 2 034 галавы;
нават ад студзеньскай кропкі 2025 года (11 172) да красавіка 2026-га: мінус 906 галоў.
Гэта не проста «скарачэнне». Гэта планамернае знішчэнне жывёлагадоўчай базы дэпрэсіўнага раёна, у якога няма іншай эканомікі.
Адкуль бярэцца малако?
Звярніце ўвагу на дзіўныя лічбы – пагалоўя дойнага статка стала менш, а вытворчасць малака толькі вырасла. Што гэта, як не прыпіскі? Улічваючы хранічныя праблемы з забеспячэннем кароў самым неабходным па ўсёй Магілёўшчыне, наўрадці дрыбінская скаціна атрымала нейкія спецыфічныя, элітарныя ўмовы пражывання з палепшаным харчаваннем.
Рост таварнасці з 87,6 да 89,9 працэнта – таксама не дасягненне, а знак бяды: гаспадаркі вымушаны прадаваць усё да апошняй тоны, не пакідаючы рэзерваў.
Гаварыць пра «развіццё» жывёлагадоўлі ў раёне, дзе статак скараціўся амаль на 2 000 галоў – значыць хлусіць.
Лукашэнка абяцаў падвоіць і атрымаў у падарунак карову
13 сакавіка 2026 года Лукашэнка асабіста прыехаў у Дрыбінскі раён. Ён пабываў на племзаводзе па развядзенні БРЖ герэфордскай пароды і абвясціў пра планы: павялічыць пагалоўе племянной жывёлы з цяперашніх каля 5 тысяч галоў да 10 тысяч да 2030 года, гэта значыць падвоіць за пяцігодку.
Супаставім з рэальнасцю:
у раёне 9 190 жыхароў – і іх становіцца менш. Атрымліваецца, што ў перспектыве на Дрыбіншчыне кароў будзе больш за людзей;
раённы цэнтр – гарадскі пасёлак на тры тысячы чалавек, самы маленькі райцэнтр у краіне;
На развітанне Лукашэнку падарылі жывую карову, але нават з улікам такога кранальнага падарунка называць дрыбінскія справы «развіццём» нельга. Гэта катастрофа.