Трагедыя адбылася вечарам 31 мая ў шматпавярховым доме па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар, падчас якога загінула пенсіянерка 1956 года нараджэння. Яе цела было знойдзена на балконе. Дачка ахвяры і яе сын, што таксама пражывалі ў кватэры, на момант пажару адсутнічалі дома. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.
На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць ноччу ад +3°С да +10°С, днём – ад +12°С да +18°С.
Будзе пераважаць пераменна воблачнае, месцамі з ападкамі надвор’е. З пятніцы 2 чэрвеня на суботу 3 чэрвеня месцамі падзенне тэмператур да +1 +3°С. Працягласць дня вырасце да 16 гадзін 54 хвілін 4 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:31, зойдзе ў 21:25.
Сінаптычны прагноз надвор’я на першыя чэрвенскія выходныя наступны.
2 чэрвеня, пятніца
Надвор’е абяцае быць воблачным. Ноччу і раніцай і днём пройдуць дажджы. Уноч да +10°С, днём тэмпература падрасце нязначна – да +12°С, месцамі да +14°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, захаду, хуткасць вятроў 3-6 м/с. Поўня. Магнітнае поле неўстойлівае.
Субота, 3 мая
Пераважна воблачна. Уноч пры ясным надвор’і да +1 +3°С, уранні да +9°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да адзанкі +15°С, месцамі да +16°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, захаду, хуткасць вятроў 4-6 м/с. Поўня. Магнітнае поле няўстойлівае.
У нядзелю, 4 чэрвеня – праваслаўная Троіца
Ноччу будзе ясна, да +4°С, месцамі магчыма паніжэнне да +2 +3°С, раніцай да +4 +5°С, удзень паветра прагрэецца да +18°С, воблачна, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўднёва заходнія і заходнія вятры хуткасцю 2-3 м/с. Поўня.
Ранак панядзелка 5 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з паўднёва-заходнімі і паўднёвымі вятрамі хуткасцю да 3 м/с, якія прынясуць дзённыя дажджы і падвышэнне тэмпературы да +21°С.
44-гадовы мужчына вырашыў у нецвярозым стане пакатацца на чужым аўтамабіле BMW, які яму пакінулі для афарбоўкі. Пры затрыманні аказалася, што ён садзіцца ўжо ў пяты раз кіраваць аўтамабілем у нецвярозым стане.
Магілёўца затрымалі супрацоўнікі дзяраўтаіснпекцыі і даставілі на агляд, які паказаў наяўнасць у яго 2,3 праміле алкаголю. Аказалася, што на рахунку мужчыны гэта ўжо пятая такая паездка, раней былі адміністрацыйныя пратаколы, а папярэдняя скончылася крымінальнай справай за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення – паведамляе ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.
На гэты раз за адну паездку ў дачыненні да мужчыны распачаты адразу дзве крымінальныя справы. Яму давядзецца адказаць за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане і выкраданне чужога аўтамабіля.
Расказваем пра шосты месяц года – максімальна інфарматыўна і паэтычна.
Чэрвень – разгар лета. 22 чэрвеня – дзень летняга сонцастаяння, у Магілёве ён доўжыцца больш за 17 гадзін. Але толькі ў 15% выпадках чэрвень самы цёплы месяц лета. Чэрвеньскія тэмпературы вышэйшыя за майскія на 3,5-4°С. Яго сярэдняя тэмпература складае 16,5°С у Бабруйску, 15,9°С у Горках, 16,3°С у Магілёве.
Змарыўся несці ношку лета Чырвоны Чэрвень-чараўнік, Прысеў пад ліпай і да флейты Губамі млявымі прынік.
Дрыжыць пялёстачак рамонка На вейках змружаных вачэй, Струменьчыкам мядовым тонкім Павольна музыка цячэ.
Цячэ — і сонным ліпам сніцца Руплівых пчол гудлівы хор, I сонца спелаю суніцай У стоме хіліцца за бор.
Алег Мінкін
Ва ўмовах бесхмарных начэй пад раніцу на зямлю кладзецца шчодрая раса, асабліва паблізу вадаёмаў і на нізкіх месцах.
Як брыльянты, рассявае Ночка летняя расіцу, Туманамі спавівае Луг зялёны над крыніцай. А як раніца настане, Бліскі сонца загуляюць, – Рос прыходзіць адцвітаньне, Туманы у рэчцы таюць. Як брыльянты, гінуць росы На зялёнай сенажаці; Сонца косы, нашы косы Не даюць паўдня ім знаці!
Янка Купала
Але і ў чэрвені бываюць халады. Абсалютны мінімум тэмператур склаўся ў 1930 годзе ў Горках, калі тэмпература склала -2,1°С. У 1949 годзе у Крычаве фіксаваліся замаразкі у ноч з 14 на 15 чэрвеня. А ў Магілёве апошні замаразак рэгістраваўся 11 чэрвеня 1982 года, у Клічаве – 12 чэрвеня таго ж года.
Сапраўды “Да Духа не скідай кажуха” (Духаў Дзень – на 51 дзень пасля Вялікадня, у гэтым годзе – 5 чэрвеня).
У лесе яшчэ цвітуць чарніцы, брусніцы. З’яўляюцца кветкі на леташніх парастках маліны. Чэрвень – разліўное мора кветак на лугах.
А тая ранiчка на полi У часе летняга расквету! Эх, выйдзi ў поле, брат, дасвету: Не будзеш каяцца нiколi. Зiрнi, прыслухайся наўкола: Як цiхамiрна, як вясёла. I ў кожным дрэве, i былiнцы, I ў малюпасенькай раслiнцы, Ну, ва ўсiм чысценька дазвання Блукае радасць спадзявання. Куды нi глянь – усё ў настроi I ў добрай згодзе мiж сабою; Само паветра жыва, дыша, Бы ў iм хтось хвалы жыццю пiша…
Якуб Колас.
Бліжэй да сярэдзіны месяца з’яўляюцца спелыя плады суніц лясных, потым – садовых. У лясах вырастаюць грыбы – “каласавікі”, сярод якіх падбярозавікі, падасінавікі, сыраежкі, баравікі.
Шмат працы ў агароднікаў: праполка, прарэжванне, паліванне культур, маладыя ўсходы бульбы патрабуюць акучвання – двойчы на месяц.
“На ўвесь голас” яшчэ спяваюць птушкі. Ліецца звонкая песня жаўрука. Усяго на некалькі гадзін на суткі змаўкаюць салавей, перапёлка, драч. Але ў канцы чэрвеня з ляснога “хору” выпадаюць многія галасы: трэба выкормліваць патомства, некаторыя віды птушак селі на гнёзды ў другі раз – не да песень.
Выбуховым чынам размнажаюцца насякомыя, у тым ліку шкоднікі садоў, агародаў, на барацьбу з якімі ідзе шмат сіл і сродкаў.
Цікавыя факты.
Лета – перыяд года з устойлівай сярэднесутачнай тэмпературай вышэй за +15°С. Яно на тэрыторыі Магілёўскай вобласці цёплае, у сярэднім дастаткова вільготнае. У вобласці феналагічнае лета пачынаецца ў 2-3 дэкадзе мая. Працягваецца ў сярэднім да 21-27 верасня: 149 дзён у Бабруйску, 139 – у Горках.
Падчас вяртання чэрвеньскіх халадоў магчыма выпадзенне снегу, як гэта было 6 чэрвеня 1962 года. Але звычайна чэрвень умерана цёплы і вільготны месяц.
У чэрвені ў сярэднім 11 дзён з максімальнай тэмпературай +20 +25°С, 8 – з тэмпературай +15 +20°С, адзін з тэмпературай больш за +30°С.
За месяц выпадае каля 80 мм ападкаў. У сярэднім здараецца 8 дзён з навальніцай. У чэрвені 1989 года у Горках і Слаўгардзе іх было па 18.
Навальніцы часцей за ўсё здараюцца паміж 15:00 і 18:00. На 20 навальніц прыпадае адзін выпадак з градам.
У ноч на 1 чэрвеня Кіеў падвергся чарговай атацы расійскімі ракетамі. Тры чалавекі загінулі, дзесяць былі параненыя. Сярод ахвяр і параненых – дзеці.
– Сёння ноччу праціўнік зноў ужыў ракеты аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр” па аб’ектах грамадзянскай і крытычнай інфраструктуры Кіеўскай вобласці. Папярэдне, сіламі і сродкамі Паветраных Сіл Узброеных Сіл Украіны 10 з 10 ракет былі знішчаны. – гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба Украіны.
Па стане на 07:15 раніцы вядома аб 3 загінуўшых (з іх адно дзіця 10-11 гадоў), 10 траўміраваных (сярод іх адно дзіця) – перадае Unian.
Міжнародны дзень дзяцей (International Children’s Day, з 1949 года). Дзень абароны дзяцей.
Прыпадае на першы дзень лета. Адно з самых старых міжнародных святаў.
1 чэрвеня 1925 года ў Жэневе праходзіла І Міжнародная канферэнцыя, падчас якой абмяркоўваліся праблемы дзяцей. Так выйшла, што Генеральны консул Кітая ў Сан-Францыска сабраў групу кітайскіх дзяцей-сірот, якія прыехалі ў ЗША з Паднябеснай, і арганізаваў для іх урачыстасці з нагоды нацыянальнага кітайскага свята, якое сімвалізуе сабой пачатак лета – Дуань-у цзе (Фестываль лодак-драконаў).
Задума дыпламата з Кітая вельмі спадабалася сусветнай супольнасці. Лічыцца, што гэтая падзея і спрыяла зараджэнню ідэі заснаваць спецыяльнае свята для дзяцей, дата якога якраз прыпала на 1 чэрвеня. Па шчаслівай выпадковасці, дзень супаў і з часам правядзення “дзіцячай” канферэнцыі ў Жэневе.
У лістападзе 1949 года ў Парыжы адбылася спецыяльная сесія Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын, на якой і было прынятае рашэнне заснаваць Дзень абароны дзяцей.
У Міжнароднага дня дзяцей ёсць сцяг. На зялёным фоне, які сімвалізуе рост, гармонію, урадлівасць, вакол знака Зямлі размешчаны стылізаваныя фігуркі – чырвоная, жоўтая, сіняя, белая і чорная, якія сімвалізуюць разнастайнасць. Знак Зямлі – сімвал нашага агульнага дома.
У Беларусі каля 1,9 мільёна дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Больш за палову нараджэнняў звязаны з нараджэннем жанчынай другога, трэцяга і наступных дзяцей. Штогод нараджаецца больш хлопчыкаў.
Топ-10 самых папулярных дзіцячых імёнаў у Беларусі: Максім, Міхаіл, Мацвей, Аляксандр, Арцём, Сафія, Марыя, Ганна, Ксенія, Дар’я.
Сусветны дзень малака (World Milk Day, з 2001 года).
Адзначаецца па ініцыятыве Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН.
Мэта свята – папулярызацыя малака і малочных прадуктаў сярод людзей, а таксама інфармаванне насельніцтва аб дзейнасці, звязанай з малаком і малочнай вытворчасцю.
Цікавыя факты.
Малако – самадастатковы прадукт: не напой, а ежа, у народзе так і кажуць – “паесці малака”.
Вымя каровы здольна змясціць да 23 л малака.
На год чалавеку патрэбна да 300 кг малочных прадуктаў.
У 50% дарослых на планеце малако не засвойваецца з прычыны зніжэння актыўнасці лактозы пры пераходзе на дарослы тып харчавання.
Кабылінае малако ўтрымлівае шмат лактозы і мала бялкоў і тлушчаў, за кошт гэтага яно лягчэй засвойваецца арганізмам. У ім больш вітамінаў А і С, чым у каровіным. Такое малако трэба ўжываць пры гастрытах, язвах, дысбактэрыёзе, розных жаночых захворваннях.
У казінага малака саладзейшы смак, чым у каровінага, у ім вышэй утрыманне вітамінаў, бялкоў. Гэтае малако здольна ўсмоктвацца без удзелу жоўці – гэты працэс адбываецца праз вянозную сетку, абыходзячы лімфатычныя капіляры.
Шклянка цёплага, лепш парнога малака з мёдам, за гадзіну да сну – выдатны сродак ад бяссоння.
Малако кісне падчас навальніцы.
Бялкі каровінага малака здольныя звязваць таксіны ў арганізме: тыя, хто працуе на шкодных вытворчасцях, атрымлівае бясплатнае малако.
Для вытворчасці 1 кг натуральнага сметанковага масла патрабуецца аж 21 л малака. 1 кг сыра атрымліваецца з 10 л малака.
Самае тлустае малако ў цюленяў – больш за 50% і кітоў – каля 50%.
1434 год. Памёр Ягайла Альгердавіч (~1350-1434).
Князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377-1392), кароль польскі (1386-1434, каранаваны пад імем Уладзіслаў II Ягайла) і вярхоўны князь літоўскі (1392-1434).
У 1410 годзе разам з Вітаўтам кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы, пасля якой Тэўтонскі ордэн ужо не здолеў аднавіць сваю былую магутнасць.
Ягайла заклаў падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі, заснаваў дынастыю Ягелонаў – адну з самых уплывовых у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
1804 год. Нарадзіўся Міхаіл Глінка (1804-1857).
Рускі кампазітар, заснавальнік рускай класічнай музыкі. Па выразу У. Стасава Пушкін і Глінка “стварылі новую рускую мову – адзін у паэзіі, другі ў музыцы”.
Яго прадзед, які паходзіў са старажытнага каталіцкага шляхецкага рода гербу Тшаска, пры захопу Смаленска рускімі ў 1654 годзе вымушаны быў прыняць маскоўскае падданства.
Найбольш вядомыя творы: оперы «Жыццё за цара», «Руслан і Людміла», «Вальс-фантазія», скерца для аркестра «Камарынская».
Апошнія гады жыцця правеў у Іспаніі, Аўстрыі і Германіі.
Памёр 15 лютага 1857 года ў Берліне. Перапахаваны ў Пецярбурзе.
У 1982 годзе ў радавой сядзібе кампазітара Наваспаскае ў Смаленскай вобласці адчынены Дом-музей М. Глінкі.
У Беларусі імя Глінкі носяць Мінскі музычны каледж, вуліцы ў Віцебску, Гомелі, Гродна, Бабруйску, завулак у Магілёве.
1838 год. У Магілёве-на-Дняпры пачалі выдавацца “Магілёўскія губернскія ведамасці”.
Першая газета ў рэгіёне. Выходзіла да 1918 года.
Наклад ад некалькіх соцен да 2 000 паасобнікаў. Да сярэдзіны XIX стагоддзя – штотыднёвік, потым друкавалася двойчы, у 1904 годзе – нават тройчы на тыдзень.
Газета друкавала не толькі афіцыйную інфармацыю, навіны, але з выпуску ў выпуск змяшчаліся дадзеныя аб цэнах на асноўныя прадукты харчавання, аб базарных днях, надвор’і, рэпертуары гарадскіх тэатра і кінатэатраў, аб чыноўніках і прыватных асобах, якія прыбылі ў горад, з указаннем гасцініц, дзе яны спыніліся, аб тарыфах на білеты на экіпажы, цягнікі і параходы, якія адпраўляюцца з Магілёва, і шматлікае іншае. Сярэднестатыстычны магілёвец мог адкінуцца на канапу з суботнім нумарам газеты і даведацца не толькі пра чытанні ці вечары ў гарадскіх гімназіях, пра рэальную вучэльню, фельчарскую школу, але як, напрыклад, праходзіць англа-бурская вайна, да якога горада ўжо дамчаўся сфармаваны ў Магілёве мясцовым таварыствам Чырвонага крыжа санітарны цягнік для салдат, параненых на сопках Манчжурыі.
1943 год. Наразіўся Андрэй Майсяёнак.
Беларускі вучоны ў галіне біяхіміі, гісторык медыцыны, вітамінолаг, грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт НАНБ, доктар біялагічных навук, прафесар.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, 7 манаграфій, 20 патэнтаў і пасведчанняў на вынаходніцтвы. Мае навуковыя працы ў галіне біяхіміі чалавека і жывёл, нутрыцыялогіі, па гісторыі медыцыны на Беларусі.
Адзін з заснавальнікаў беларускага фонду А. Міцкевіча. 3 1991 года актыўна займаецца стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Я. Храптовіча.
1945 год. Нарадзіўся Аляксей Кузьміч (1945-2013).
Беларускі мастак-жывапісец.
Пісаў навакольны свет, людзей. Займалі праблемы філасофскага плана – аб сэнсе прысутнасці чалавека на Зямлі, пра маральны абавязак, аб прызначэнні жанчыны-маці (Мадонны), аб духоўнай ролі славянскіх народаў у эвалюцыі ўсяго чалавецтва.
Галоўнай гераіняй яго жывапісу заўсёды была Жанчына. Сам мастак характарызаваў сваё крэда наступным дэвізам: «Хто любіць жанчыну, хто любіць свет, хто піша жанчыну, таму дапамагае бог». У стылістыцы твораў на тэму Мадонны стала праступаць некаторая іконная вобразнасць, якая мае значнае мастацкае ўздзеянне.
Напісаў шэраг партрэтаў вядомых дзеячаў культуры, у тым ліку Стэфаніі Станюты, Галіны Макаравай, Здзіслава Стомы, Міхаіла Пташука.
Памёр 31 кастрычніка 2013 года.
А.Кузьміч. Плач Еўфрасінні Полацкай. 1992 год.
1954 год. Нарадзіўся Сяргей Журавель (1954-2015).
Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі. Лаўрэат прэміі імя І. Буйніцкага.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, Беларускім дзяржаўным моладзевым, Купалаўскім тэатрах.
Быў мастацкім кіраўніком тэатральнага праекта «Нікаля-тэатр», мастацкім кіраўніком «Альфа радыё», вядучым дакументальнага серыяла «Лёс чалавека» на тэлеканале «Лад».
Здымаўся ў фільмах і серыялах: «Батанічны сад», «Зорка Венера», «Каменская», «Гатэль „Выкананне жаданняў“», «Неба і зямля», «Вар’яцкае каханне».
Памёр 14 жніўня 2015 года.
1957 год. Нарадзіўся магілёўскі мастак Аляксандр Сувораў.
Скончыў аддзяленне графічнага дызайну Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.
Працуе ў станковым жывапісе, графіцы і графічным дызайне, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Для твораў характэрны філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, сувязь з гісторыяй і культурнай спадчынай. Сярод работ: палотны “Адвечнае”, “Метафізічны матыў”, “Зацьменне”, “Узыходжанне”, “Пастараль”, “Крыжовы шлях”, “Міндаўгава кола”, «Мадэль у ружовых танах», «Прастора сімвалаў», «Палёт» (2014), «Вяртанне», «Іра», «Горад сонца», трыпціх «Гармонія і рух» і іншыя); серыя графічных лістоў “Краявіды зямлі маёй”.
Аўтар серыі карцін, якія прысвечаны Магілёву: «Беларускае барока», «Хроніка аднаго горада», «Вячэрні шпацыр у бок Ратушы», «Гульні ў падкіднога», «Вяртанне блуднага сына». Паганскія матывы выявіліся ў творах: “Абуджэнне паганства”, “Вайдалот”, “Лірнік”, “Міфалагічны матыў”.
Выканаў роспіс капліцы мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».
А. Сувораў. Горад Сонца. 2017 год.
1962 год. Першы дзень хваляванняў працоўных у г. Новачаркаску Растоўскай вобласці.
Працоўныя пачалі пратэсты супраць павышэння коштаў. Былі выкліканы войскі, пралілася кроў: 24 чалавекі загінулі, 39 паранены. Сямёра расстраляны па пастанове Вярхоўнага суда РСФСР.
Распачата і расследавана 57 крымінальных спраў, па якіх былі асуджаныя 114 чалавек. Герой Савецкага Саюза, франтавік, генерал-лейтэнант танкавых войск М. Шапашнікаў (1906-1994) адмовіўся выконваць злачынны загад: “Не бачу перад сабой такога суперніка, якога варта было б атакаваць нашымі танкамі”. Каб пазбегнуць выпадковых інцыдэнтаў Шапашнікаў загадаў салдатам разрадзіць аўтаматы і карабіны і здаць боепрыпасы. За гэты грамадзянскі подзвіг генерал быў выключаны з КПСС і звольнены з арміі, супраць яго КДБ распачаў крымінальную справу з абвінавачаннямі ў антысавецкай прапагандзе.
На помніку на магіле генерала надпіс: “У кожнага ёсць свая вайна і свой Новачаркаск, але не кожны выходзіць з іх як…” (і ніжэй ініцыялы супругаў Шапашнікавых)
Каб сябе паводзілі так усе вайсковыя камандзіры, як Шапашнікаў, не было б трагедый у Тбілісі, Вільнюсе, у Мінску…
2009 год. Памёр Аляксандр Патупа (1945-2009).
Савецкі, беларускі фізік, філосаф, пісьменнік, папулярызатар навукі.
Скончыў фізічны факультэт МДУ імя М. Ламаносава. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар філасофіі, прафесар.
Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, БДУ, дырэктарам Цэнтра даследаванняў будучыні.
Аўтар прац у вобласці квантавай тэорыі, фізікі высокіх энергій, касмалогіі, электрадынамікі, праблем прагназавання, сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, права, мастацкіх кніг «Фантакрим-CCI», «Ловушка в цейтноте», «Нечто невообразимое», больш за 300 артыкулаў публіцыстыкі.
Арганізатар і генеральны дырэктар выдавецка-паліграфічнай кампаніі «Эридан», найстарэйшага прыватнага выдавецтва Беларусі.
З’яўляўся старшынёй Назіральнага камітэта Беларускай Праваабарончай Канвенцыі і Назіральнага Сойма «Хельсінкі-CCI», прэзідэнтам Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, віцэ-старшынёй Беларускай Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў 3-га сектара.
У выніку археалагічных даследаванняў знойдзены майстэрні па муміфікацыі людзей і жывёл з усім наборам інструментаў, а таксама дзве грабніцы ў старажытным могільніку Сакара ўзростам амаль 3,5 і 4,5 тысяч год.
Адкрыццё было зроблена падчас раскопак каля свяцілішча багіні Бастэт, дзе знаходзяцца катакомбы муміфікаваных котак у Сакары, прыкладна за 30 км на поўдзень ад Каіра. Сёлета археалагам пашчасціла знайсці дзве буйныя “майстэрні па бальзамаванні”, што адносяцца да эпохі 30-й дынастыі (380-343 гг. да н.э.) і эпохі Пталямеяў (305-30 гг. да н.э.). Што цікава – гэта тое самае месца, дзе ў 2019 годзе знайшлі сотні муміфікаваных жывёл і статуй.
Майстэрні па бальзамаванні прызначаліся адна для людзей і адна для жывёл. Археолагі знайшлі ўсе інструменты, якія выкарыстоўвалі для муміфікацыі целаў у старажытныя часы. У абедзвюх майстэрняў былі каменныя лыжкі, гліняныя чыгуны, рытуальныя пасудзіны, соль натрона, якая з’яўляецца адным з асноўных інгрэдыентаў для муміфікацыі, і палотны.
Раскопкі ў Сакары таксама прывялі да выяўлення паблізу дзвюх невялікіх грабніц узростам 4400 і 3400 гадоў, якія належаць двум святарам з пятай дынастыі Старога царства і з 18 дынастыі Позняга царства.
Па словах афіцыйных асоб Егіпта, на сценах грабніцы былі знойдзены надпісы аб земляробстве, паляванні і іншых паўсядзённых занятках і сцэны, якія паказваюць памерлых –паведамляе інфармацыйнае агества Reuters.
Акцыя «Дзень посткросера» пройдзе ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі рэспублікі. Пры адпраўцы дзесяці і больш міжнародных простых паштовых картак у гэты дзень можна атрымаць зніжку 10%. Менавіта такой акцыяй прадпрыемства “Белпошта” падтрымлівае посткросераў, дадаткова выпускаючы ўласную паштовую прадукцыю – паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал “Белпошты”.
Посткросінг – міжнародны праект, мэтай якога з’яўляецца абмен паштовымі карткамі і маркамі паміж людзьмі з розных куткоў планеты. Так, калі вы адправілі картку, то неўзабаве абавязкова атрымаеце ўзамен як мінімум адну ад посткросера з любой кропкі Зямлі.
Для гэтага неабходна зарэгістравацца на сайце www.postcrossing.com, пакінуць там сваё імя і поўны паштовы адрас лацінкай і даслаць паштоўкі пяці незнаёмым людзям, адрасы якіх прапануе сістэма сайта. На паштоўцы неабходна ўказаць спецыяльны ідэнтыфікацыйны код, які выдаецца разам з адрасам.
Мужчына забіў свайго сабутэльніка, меўшы пры гэтым наркотыкі ў доме і незнятую судзімасць за папярэдняе забойства.
У Чавускім раёне 55-гадовы мясцовы жыхар у канцы 2022 года распіваў у сябе дома спіртное з прыяцелем. У нейкі момант гаспадар ударыў госця ў грудзі нажом. Мужчына памёр на месцы. Прычынай агрэсіі стала асабістая непрыязнасць, якая раптоўна ўспыхнула да пацярпелага. Варта адзначыць, што зламыснік ужо меў незнятую і непагашаную судзімасць за раней учыненае забойства.
Праваахоўнікі абшукалі дом злачынцы і знайшлі марыхуану. На судзе жыхар Чавускага раёна сваю віну так і не прызнаў, адмаўляў сваю датычнасць і да забойства і да незаконнага абарота наркотыкаў – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.
Суд вынес абвінаваўчы прысуд, на падставе якога мужчын асуджаны ў сукупнасці на 22 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.
“Вандруй. Адчуй. Натхняйся” – пяць кавярняў на Магілёўшчыне зробяць скідкі для турыстаў на час рэспубліканскай акцыі. І, бадай што, усё.
У Беларусі з 6 па 12 чэрвеня для стымуляцыі ўнутранага турызма будзе праходзіць акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”. У ёй заявілі свой удзел каля 900 аб’ектаў турыстычнай галіны па ўсёй краіне.
На Магілёўшчыне акцыю падтрымалі 35 аб’ектаў – арганізацыі грамадскага харчавання, аграсядзібы, музеі, прадпрыемствы, што ладзяць экскурсіі па сваёй вытворчасці. Трэба адзначыць, што ў маштабе вобласці ўдзельнікаў акцыі – кропля ў моры. Поўны спіс можна пабачыць тут.
Як вынікае са спісу ўдзельнікаў і са звестак пра асаблівыя прапановы ад аб’ектаў турыстычнай галіны, акцыя праводзіцца “для галачкі”. Так, большасць заяўленых аб’ектаў будуць рабіць усё тое самае, што робяць і без акцыі – музеі будуць праводзіць экскурсіі, ладзіць выставы, а гасцініцы будуць прымаць падарожнікаў на начлег.
Толькі некаторыя аб’екты гандлю абвясцілі пра скідкі на час акцыі. Так, кіраўская “Смажанка” дае зніжку ў 70% на смажанку з грыбамі, буфет у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Жамчужына” ў Асіповічах зробіць скідку ў 50% на марожанае і бульбу-фры і да 80% – на халаднік.
Кавярня “Пікнік” у вёсцы Ермалавічы Магілёўскага раёна пры заказе фірменнага абеда з кавай падорыць наведвальніку шакаладны батончык. А ў чэрыкаўскай кавярні “МІХ” пры заказе двух піц – кава ў падарунак.