Warning: "continue" targeting switch is equivalent to "break". Did you mean to use "continue 2"? in /var/www/mogilev_medi_usr/data/www/mogilev.media/wp-content/plugins/telegram-for-wp/inc/Notifcaster.class.php on line 318
Новости Навіны - Page 425 of 717 - Магілёў.media - Новостной Портал mogilev.media

Жыхар Чэрыкава фатаграфаваў непаўналетнюю пляменніцу аголенай і забыў тэлефон у сяброў

На 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны жыхар Чэрыкава за сэксуальныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетняй пляменніцы. Дачакаўшыся, калі дзяўчынка застанецца адна дома, ён фатаграфаваў яе аголеную і здзяйсняў іншыя дзеянні супраць полавай недатыкальнасці – паведаміў пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Маісееў на старонках выдання “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Мужчына мэтанакіравана застаўся сам насам са сваёй пляменніцай, калі дома не было яе бацькоў і зрабіў серыю парнаграфічных фотаздымкаў дзеля свайго самазадавальнення. Дзяўчынка пры гэтым, з-за асаблівасцяў развіцця, не магла ўсвядоміць таго, што адбываецца – адзначаецца ў публікацыі. Злачынства было раскрыта выпадкова. Пасля п’янкі ў кампаніі сяброў, мужчына забыў свой тэлефон дома ў знаёмай жанчыны. Каб даведацца, каму належыць тэлефон, жанчына разблакіравала яго і паглядзела галерэю фотаздымкаў. Пабачыўшы фота непаўналетняй дзяўчынкі, якую яна і сама ведала, адразу звярнулася ў міліцыю.

Фота ілюстрацыйнае

У магілёўскага прадпрымальніка канфіскавалі абутак на паўмільёна рублёў

Супрацоўнікамі мытні падчас правядзення маніторынгу гандлёвых аб’ектаў Магілёва выяўлена рэалізацыя жаночага абутку без суправаджальных дакументаў. 

Падчас правядзення праверкі было ўстаноўлена, што каля 3 тысяч пар жаночага абутку коштам каля 500 тысяч беларускіх рублёў індывідуальны прадпрымальнік набыў у Расіі для рэалізацыі у ў гандлёвых аб’ектах Магілёва. 

Па дадзеным факце супрацоўнікі магілёўскай мытні распачалі адміністрацыйны працэс, які прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры паловы сумы ад кошту ўсяго тавара. Гэта значыць што штрафныя санкцыі могуць дасягнуць 250 тысяч рублёў. — паведамляюць “Магілеўскія ведамасці”. 

Фота ілюстрацыйнае

Дзень у гісторыі. 31 мая. Геаграфічныя цэнтры Беларусі і Еўропы. Пустынскі манастыр. Нарадзіліся мастак М. Кікоін, пісьменніца С. Алексіевіч.

Сусветны дзень барацьбы з няроўнасцю (World Inequality Day).

Паводле дадзеных Сусветнага банка, прадстаўленых у дакладзе «Беднасць і ўсеагульны росквіт» у свеце на суму менш за 1,90 даляраў ЗША ў дзень існуюць амаль 800 мільёнаў чалавек.

Палова ад агульнасусветнай колькасці самыхі бедных у наш час прыпадае на краіны Афрыкі, якія размешчаны на поўдзень ад Сахары. Яшчэ траціна – на краіны Паўднёвай Азіі.

Перад Сусветным банкам стаіць мэта – выкараніць крайнюю беднасць да 2030 года.

Няроўнасць у свеце з 1990 года значна знізілася, але застаецца занадта высокай. Захоўваецца сур’ёзная занепакоенасць канцэнтрацыяй багацця ў руках тых, хто адносіцца да верхніх катэгорый размеркавання даходу.

У Беларусі мінчане жывуць на ўзроўні Прагі і Варшавы, а дэпрэсіўныя сельскія раёны – на ўзроўні афрыканскіх краін.

Сусветны дзень без тытуню (World No Tobacco Day, з 1987 года).

Цікавыя факты. 

У свеце з 8 мільярдаў зямлян ужываюць тытунь амаль 1,5 мільярды. 

За хвіліну ў свеце прадаецца 10 мільёнаў цыгарэт. 

Штогод больш за 6 мільёнаў чалавек паміраюць ад звязанага з тытунем інфаркту міякарда, інсульту, раку, хваробы лёгкіх і іншых хвароб. 

Больш за 600 000 чалавек паміраюць ад пасіўнага курэння.

Тытунёвы дым утрымоўвае звыш 4 000 хімічных злучэнняў, большасць з якіх таксічныя, мутагенныя ці канцэрагенныя.

У Беларусі сярод насельніцтва ва ўзросце 18-69 гадоў паліць тытунь каля 26,7%. Пры гэтым колькасць асоб, якія паляць цыгарэты зніжаецца. Напрыклад, за 2001-2020 гады іх колькасць зменшылася на 12%.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што да 2025 года колькасць спажыўцоў тытуню зменшыцца на траціну з прычыны актыўнай антынікатынавай прапаганды, прапаганды здаровага ладу жыцця, павышэння коштаў на цыгарэты і інш. 

Сусветны дзень бландынак (World Day of Blondes, натуральных, а фарбаваных – 32 мая). 

Колькасць людзей з натуральным светлым колерам валасоў імкліва скарачаецца, і да 2200 года яны могуць канчаткова знікнуць, сцвярджаюць навукоўцы.

Чыннікаў у гэтай тэндэнцыі некалькі. Па-першае, расце колькасць змяшаных шлюбаў, а па-другое, светлавалосыя нацыі нараджаюць значна радзей, чым насельнікі паўднёвых краін.

Бландынаў сярод беларусаў 1/3. Але бландынак удвая больш, чым бландынаў.  

1556 год. Нарадзіўся Юры Радзівіл (1556-1600).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ, першы каталіцкі кардынал (1583) з ВКЛ.

У 1582 г. на ўласныя сродкі адкрыў Віленскую духоўную семінарыю. Дарадца караля, у 1596-1597 гадах вёў перамовы пра далучэнне Рэчы Паспалітай да антытурэцкай каталіцкай лігі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Брэсцкай уніі.

1800 год. Памёр Міхал Казімір Агінскі (1730-1800).

Вялікі гетман літоўскі, мецэнат, кампазітар, генерал-маёр, сваяк кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

Ініцыятар і фундатар будавання Агінскага канала, які злучаў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў праз палескія балоты. Адчыніў балетную школу “Дэпартамент балетных дзяцей”, уладальнік уласнага тэатра, для якога сам пісаў оперы.

Аўтар паланэзаў, опер і песень на ўласныя вершы, аўтар літаратурных твораў. Выдатна выконваў на розных інструментах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучаснікаў атрымаў мянушку “гетман-кларнэт”.

У 1791 годзе перадаў амаль усе свае маёнткі сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму.

1892 год. У Гомелі (або Рэчыцы) нарадзіўся Міхаіл Кікоін (1892-1968).

Беларускі і французскі мастак парыжскай школы.

Вучыўся ў «Малявальнай школе мастака Кругера» ў Мінску, Віленскай мастацкай школе. З’ехаў у Парыж у 1912 годзе. Удзельнічаў у выставах Парыжскага салона. Творы былі прадстаўлены на выставе сучаснага францускага мастацтва ў Маскве ў 1928 годзе. Меў студыю на Манпарнасе.

У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі знаходзіцца адзін твор мастака, яшчэ 6 – у калекцыі “Белгазпрамбанка”. Аб мастаку зняты фільм “Михаил Кикоин. Поэтический мир на холсте”.

Памёр 4 лістапада 1968 году ў сваёй парыжскай студыі.

Яго сын – мастак Якоб Кікоін, пісаў пад псэўданімам Жак Янкель.

Адна з прац М. Кікоіна.

1948 год. Нарадзілася Святлана Алексіевіч.

Беларуская пісьменніца, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры (2015, за “поліфанічную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час”).

Аўтар кніг “У вайны не жаночае аблічча”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя смерцю”, “Чарнобыльская малітва”, “Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)”.

Некаторыя крытыкі лічаць, што яе перамога, як бы нам ні хацелася адваротнага, – гэта параза беларускамоўнай літаратуры. На шчасце, не ў ваенным сэнсе слова, а хутчэй, у спартовым. Проста некалькі кніг, напісаных журналісткай Алексіевіч па-расейску, аказаліся больш даходлівымі, уцямнымі і мудрымі для заходняга свету, чым уся прыгожая беларускамоўная літаратура з вагонамі яе кніг і сонмамі яе жывых і памерлых класікаў.

У 2019 годзе З. Пазняк заўважыў, што з камуністычных часоў Алексіевіч пазіцыянавала сябе як ненавісніца беларушчыны, але пазней яна змяніла рыторыку, і «аб’ектыўна гэта добра».

1955 год. Нарадзіўся Уладзімір Кузьмін.

Расійскі музыка, народный артыст Расіі. Мультыінструменталіст, адзін з заснавальнікаў і лідэраў гурта «Карнавал», лідэр гурта «Дынамік». 

Дзяцінства правёў у Беларусі. У 1962 годзе пайшоў у першы клас у гарнізоннай школе г. Быхава. У быхаўскай музычнай школе вучыўся па класе скрыпкі. У 6-м класе заснаваў юнацкі рок-гурт у стылях “Rolling Stones” і “The Beatles”. Акрамя кавераў, у рэпертуары маладой каманды былі і кампазіцыі самаго Кузьміна. Гэты гурт выступаў на ўсіх школьных мерапрыемствах і мясцовых канцэртах, нязменна выклікаючы захапленне ў гледачоў.

Яго творчасць уяўляе сабой асаблівы жанр – сумесь року, сінтпопу і блюзу. Выпусціў больш за 20 альбомаў і напісаў каля 200 песень. Больш за ўсё вядомы па кампазіцыях “Сімона”, “Казка ў маім жыцці”, “Калі мяне ты паклічаш”, “Дзве зоркі”.

1979 год. Памёр Францішак Чарняўскі (1893-1979).

Беларускі рэлігійны дзеяч. 

Душпастарскую службу пачаў у 1920 годзе. 

Чытаў казанні на беларускай мове і распаўсюджваў сярод вернікаў беларускія выданні. 

У 1924-1927 гадах вучыўся ў Рыме. З 1929 на місіі ў Францыі, з 1933 – у Бельгіі.

З 1957 года жыў і служыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».

1996 год.  Усталяваны геаграфічны знак “Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь”.

Геаграфічны “пуп” краіны знаходзіцца каля в. Антонава Пухавіцкага раёна, за 70 км на паўднёвы усход ад Мінска.

Мае каардынаты: 53°31´44,54″ паўночнай шырыні, 28°02´41,90″ усходняй даўжыні.

2008 год. У Полацку адкрыты памятны знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы».

Цэнтральная кропка Еўропы мае каардынаты: 55°30´ паўночнай шырыні, 28°48´ усходняй даўжыні.  Знаходзіцца на праспекце Ф. Скарыны, каля помніка першадрукару.

Сапраўды “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет” (Р. Барадулін).

2020 год. Архібіскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніям асвечана Пакроўская царква Пустынскага манастыра.

Царква рэкунстраявалася з 2010 года. Адноўлены будынак  царквы – частка комплекса, які заснаваны ў 1380 годзе мсціслаўскім князем Сімяонам Альгердавічам. 

У XVI стагоддзі манастыр быў адным з найбуйнейшых на беларускіх землях. У 1601-1839 гадах належыў уніатам, замест драўляных будынкаў сталі будавацца каменныя. 

Цагляная Пакроўская царква пабудавана ў 1865 годзе. Пасля таго, як у 1925 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр, у Пустынках працавалі школа-інтэрнат, школа. Манастыр стаў інтэнсіўна разбурацца з 1970-х.

Званіца манастыра мае вышыню 60 м (у першапачатковым варыянце – 74) з 6 званамі – вялікім і 5 малымі.

Дзіцячы фестываль “Залатая пчолка” пройдзе ў Клімавічах з 1 па 4 чэрвеня – вось праграма

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” збярэ больш за 900 удзельнікаў. Аднак творчыя калектывы і выканаўцы прадстаўлены толькі чатырма краінамі: Беларусь, Расія, Узбекістан і Кыргызстан.

Удзельнікі 21-га фестываля прадставяць сваю творчасць у трох жанрах – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Кожны напрамак падзелены на асобныя намінацыі. Дзеці выступяць у трох узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў), сярэдняя (13-15 гадоў) і старэйшая (16-18 гадоў). 

Узельнікаў з іншых краін катастрафічна мала, бо ў папярэднія гады ў фестывалі прымалі ўдзел выканаўцы з Польшчы і Украіны, краін Балтыі і Малдовы. А часам у Клімавічы даязджалі нават удзельнікі з Германіі, Фінляндыі, Сербіі, Славакіі, Чэхіі і Румыніі.

У першы дзень “Залатой пчолкі” будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

У другі дзень фестывалю адбудзецца конкурснае праслухоўванне ўдзельнікаў. У 20:30 удзельнікі і госці “Залатой пчолкі” збяруцца на святочнае адкрыццё фестывалю, а завершыцца дзень святочным феерверкам – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

У суботу, 3 чэрвеня, пройдуць круглыя сталы з удзелам чальцоў міжнароднага журы фэсту. Будуць працаваць розныя тэматычныя, гульнявыя пляцоўкі. Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю і гала-канцэрт удзельнікаў форуму. Будзе арганізаваны конкурс “Малюнак на асфальце”. Увечары адбудзецца канцэртная праграма творчых калектываў Клімаўшчыны.

У нядзелю, 4 чэрвеня, у гарадскім парку пачнуць працаваць творчая і выставачна-гандлёвая пляцоўкі. Свае экспазіцыі прадэманструюць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў раёна. Будзе арганізавана спартыўна-забаўляльная праграма – інфармуюць пра штогадовы фестываль “Магілёўскія ведамасці”. 

Падрабязную праграму XXI Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці

«Залатая пчолка» вы зможаце паглядзець па гэтай спасылцы.

Фота з адкрытых крыніц.

Паглядзіце, што робіцца за будынкам адміністрацыі «Дамачая» ў Клімавічах

Падчас маніторыгну грамадскіх тэрыторый на адной з уcкраінаў Клімавічаў быў выяўлены стыхійны сметнік. 

У хмызняку за адміністрацыйна-вытворчым корпусам клімавіцкага філіяла кандытарскай кампаніі «Дамачай» размешчана вялізная куча бытавога смецця. 

Што цікава – летась менавіта на гэтым месцы падчас агляду гарадскіх тэрыторый працаўнікі санітарнай службы ўжо выяўлялі несанкцыянаваны сметнік. Тады адпаведныя службы навялі там парадак – паведамляе клімавіцкая газета “Родная ніва”. 

Аднак сёлета сметнік з’явіўся зноўку і складаецца з разнастайнага поліэтылена, бутэлек, рыззя і іншага непатрэбнага хлама.

Фота: “Родная ніва”

Маленькім недзяржаўным аптэкам пакінуць права прадаваць лекі па рэцэпце

Пачынаючы з 1 чэрвеня паводле пастановы Міністэрства аховы здароўя для аптэк пятай катэгорыі, за выключэннем сеткі “Белфармацыя”, забаранялася прадаваць лекі па рэцэпце – пісалі mogilev.media. Да аптэк пятай катэгорыі адносяцца аптэкі плошчай ад 25 да 60 квадратных метраў. Звычайна гэта невялікія аптэкі, якія сустракаюцца ў жылых дамах, гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і іншых ажыўленых месцах.

У дадзеную пастанову былі ўнесены змены, апублікаваныя сёння на Нацыянальным прававым партале, якія выдалілі пункт аб забароне продажу лекаў па рэцэпце ў аптэках пятай катэгорыі. 

Фота з адкрытых крыніц

У Бабруйску гарэў інтэрнат

Сістэма апавяшчэння “Маланка” спрацавала раніцай 30 мая ў інтэрнаце па Маладзёжным бульвары ў Бабруйску – паведаляе прэс-служба МНС. Гарэў пакой у блоку на восьмым паверсе, у якім пражывае 35-гадовая жанчына. На момант узнікнення пажару яна разам з сябрам знаходзілася ў пакоі. Пара эвакуіравалася самастойна, ніхто не пацярпеў. Прычына пажару высвятляецца, асноўная версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота: МНС

Літва папрасіла спыніць БелАЭС – фіксіруюцца забруджванне, выкід радыёнуклідаў

Літоўская дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі (ДІБАЭ) паведаіла, што ў мінулы чацвер накіравала ліст у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі з заклікам спыніць эксплуатацыю і пуск 1 і 2 энергаблокаў Беларускай АЭС у Астраўцы – піша Delfi.

Электрастанцыю просяць не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні ядзернай бяспекі. “Большасць пытанняў забеспячэння ядзернай бяспекі да гэтага часу не вырашана. ДІБАЭ нагадала, што ўсё яшчэ чакаюць адказаў на пастаўленыя пытанні бяспекі, звязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі, устойлівасцю пэўнага крытычнага для бяспекі абсталявання Беларускай АЭС да сейсмічных з’яў і наступстваў авіякатастрофы буйнога камерцыйнага самалёта, выкананнем рэкамендацый па стрэс-тэстах, імавернаснай ацэнкай бяспекі, ацэнкай пажарнай рызыкі і іншыя пытанні бяспекі” – гаворыцца ў паведамленні ДІБАЭ.

Сцвярджаецца, што ДІБАЭ просіць беларускія органы патлумачыць апублікаваную інфармацыю аб тым, што контур ахаладжэння рэактара 2-га энергаблока станцыі быў забруджаны арганічнымі рэчывамі, а другаснага цыркуляцыйнага контуру 1-га энергаблока – радыёнуклідамі. Інспекцыя таксама запытала растлумачэнні па недахопах мацавання корпуса рэактара, а таксама па выяўленых дэфектах і незавершаных работах.

Копіі ліста былі накіраваныя ў Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую групу па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі і Асацыяцыю заходнееўрапейскіх органаў рэгулявання ядзернай бяспекі. 

Згодна з праграмай паэтапнага энергапуску, 13 мая да сеткі ўпершыню быў падключаны другі энергаблок Беларускай АЭС у Астраўцы – ён паставіў у аб’яднаную энергасістэму краіны першыя кілават-гадзіны электраэнергіі.

Фота: Delfi

Атака беспілотнікамі Масквы і Падмаскоўя – цэліліся ў асабнякі набліжаных да Пуціна на Рублёўцы?

Сёння ноччу адбылася ўзаемная атака украінскім і расійскім бакамі. Unian паведамляе, што сталіца Украіны была атакаваная 31 дронам-камікадзэ “Shahed”, у выніку чаго адна жанчына загінула. 29 з іх былі збітыя. 

Таксама ноччу 30 мая адбылася атака на Маскву. Тэлеграм-канал Shot са спасылкай на сваю крыніцу пісаў, што Маскву атакавалі 32 беспілотнікі: 19 былі збітыя ў Падмаскоўі, каля дзесяці ўпалі ў межах горада, зачапіўшыся за дрэвы, яшчэ тры – патрапілі ў жылыя дамы на Ленінскім праспекце, Прафсаюзнай вуліцы і вуліцы Атласава у Новай Маскве.

Паведамляецца, што эпіцэнтр удару беспілотнікаў прыйшоўся на раён Барвіхі, Рублеўскай шашы, Адзінцова і Краснагорска. Дэпутат Хінштэйн таксама паведаміў, што адзін з дронаў упаў у элітным пасёлку “Грынфілд” пад Масквой. Па дадзеных СМІ, асабліва актыўна СПА працавала якраз на захадзе і паўднёвым захадзе ад Масквы, дзе шмат загарадных дамоў расійскіх топ-мэнэджараў і чыноўнікаў.

Тэлеграм-канал “Можем объяснить” растлумачыў выбар цэлі ў Падмаскоўі элітным жытлом чыноўнікаў, набліжаных да Пуціна. Недалёка ад месца падзення дронаў праходзіць Рублёўская шаша і яе ваколіцы, дзе жывуць набліжаныя да Пуціна алігархі і чыноўнікі. Адзін з дронаў упаў у пасёлку Ільінскае, а гэта ўсяго за 3 кіламетры ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна ў Нова-Агарова. У пасёлку Знаменскае месціцца маёнтак у пуцінскага сябра Генадзя Цімчанкі.

Побач з аднаго боку — рэзідэнцыя прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусціна «Горкі-9» і былы зяць прэзідэнта Расіі Кірыл Шамалаў, з другога – бацька губернатара Маскоўскай вобласці, сенатар Юрый Варабʼёў і міністр абароны Сяргей Шайгу.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пракаментаваў атаку беспілотнікаў на Маскву. Ён адпрэчыў прамое дачыненне Кіева да ўдараў БПЛА і назваў гэта “малацікавай падзеяй”. Але зазначыў, што, “магчыма, не ўсе дроны гатовы атакаваць Украіну і хочуць вярнуцца да сваіх стваральнікаў”.

Фота з адкрытых крыніц

Белстат падлічыў даходы беларусаў, Магілёўшчына зноў у антылідарах

Беларускі Статыстычны камітэт прадставіў вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак. З яго вынікае, што сярэдняя беларуская хатняя гаспадарка ў першым квартале 2023 года мела рэсурсы ў 1900 рублёў у месяц.

Калі параўноўваць з дадзенымі па чацвёртым квартале мінулага года, прырост склаў 51 рубель (у чацвёртым квартале 2022 хатняя гаспадарка распараджалася рэсурсамі ў памеры 1849 руб.).

Паводле звестак Белстата, гарадскія і сельскія сем’і мелі розныя рэсурсы. Тыя, хто жыве ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, маглі выдаткаваць 2001,4 руб. у месяц, а тыя, хто жыве ў сельскіх населеных пунктах – 1568,6 руб. у месяц.

Доля насельніцтва краіны з узроўнем рэсурсаў ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму склала 3,9% у першым квартале.

У лідэрах па колькасці тых, хто штомесяц мае даход ніжэйшы за палову БПМ, у першым квартале апынулася Магілёўская вобласць – 5,9 працэнта ад усяго насельніцтва вобласці. У Мінску гэты паказчык меншы, чым ва ўсіх астатніх рэгіёнах – 1,2 працэнта.

Асноўную частка даходу беларусы трацяць на спажывецкія патрэбы – 73% (1321,4 руб.). Больш за ўсё выдаткаў беларускіх сем’яў прыйшлося на харчаванне – 40,4%. На куплю нехарчовых тавараў пайшло 31,9 працэнта, на аплату паслуг – 25,1 працэнта (у тым ліку аплата камуналкі – 7,1 працэнта).

Фота ілюстрацыйнае