Ёсць складанасці з-за санкцый – міністр сельскай гаспадаркі і харчавання пра сітуацыю з малаком.

Паводле Вадзіма Шагойкі «звужэнне асартыменту малочнай прадукцыі звязанае з упакоўкай».

«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – адзначае ўрадовец.

Па яго словах, вытворцы малака занятыя пошукам іншых пастаўшчыкоў такой упакоўкі, каб вярнуць звыклы людзям асартымент, які быў да санкцый. Прапрацоўваецца супрацоўніцтва з вытворцамі Кітаю, іншых дружалюбных краінаў і ўжо завезены партыі для выпрабаванняў.

«Пакуль, каб не было змяншэння аб’ёмаў, беларускія вытворцы актыўна перабудаваліся на вытворчасць малака ў ПЭТ-бутэльцы, у плёнцы» – кажа ён.

Вадзім Шагойка настойвае: унутраны рынак забяспечаны малаком.

«У краіне вельмі высокі ўзровень развіцця малочнай жывёлагадоўлі. Пры вытворчасці ў мінулым годзе 7,8 мільёнаў тон малака мы спажываем каля 3 мільёнаў, а астатняе экспартуецца» – падкрэслівае ўрадовец, словы якога падае  «БелТА»

_____________________________________

Беларускія прадпрыемствы закупляюць упакоўку Tetra Pak, вырабленую на заводзе ў Маскоўскай вобласці. Праблемы на расійскіх заводах шведска-швейцарскай кампаніі ўзніклі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ў Беларусі. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ўпакоўцы Tetra Pak, пісаў Магілёў.media

На мінулым тыдні стала вядома, што Tetra Pak наагул сыходзіць з Расіі і перадае сваё расійскае падраздзяленне мясцоваму кіраўніцтву.

У кампаніі тлумачаць, што ў выніку сукупнага ўплыву экспартных абмежаванняў у дачыненні да Расіі, якія прывялі да парушэнняў у ланцужках паставак, кампанія Tetra Pak больш не можа працягваць падтрымку сваёй аперацыйнай дзейнасці ў гэтай краіне.

 

Фота ілюстрацыйнае з адкрытай у інтэрнэце крыніцы

Каровы дохнуць і не хочуць цяліцца. У Клімавіцкім раёне зменшыўся каровін статак амаль на 2 тысячы галоў

Кіраўніцтва раёну патрабуе карміць і даглядаць жывёлаў згодна з існуючымі нормамі і правіламі. Чыноўнікі ўпікаюць аграрыям, што тыя не выконваюць працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Па стану на 1 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёну буйной рагатай скаціны было 22870 галоў. Гэта на 1862 жывёлы менш, чым летась.

Асноўнымі прычынамі зніжэння пагалоўя ската называецца «недаатрыманне прыплоду і павелічэнне выбыцця жывёлаў», піша газета Клімавіцкага райвыканкаму «Родная ніва».

За першыя сёлетнія паўгода ў сельгаспрадпрыемствах надаілі 7964,7 тоны малака (гэта 64,5% да ўзроўню мінулага года).

Малако гатунку «Экстра» прадаюць толькі з трох ферм сельгасарганізацыяў.

Старшыня райвыканкаму Дзмітрый Хайноўскі патрабуе ад кіраўнікоў «калгасаў» выправіць сітуацыю і арганізаваць кармленне і догляд жывёлы згодна з існуючымі нормамі і правіламі.

Паводле яго, некаторыя спецыялісты “па-ранейшаму не выконваюць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну, што наўпрост адбіваецца на выніках працы”.

“Гаспадаркі недаатрымліваюць фінансавыя сродкі”, – наракае ён.

Фотафакт. Магілёўскае малако Кітаю не давезлі, збываюць мясцовым спажыўцам

Фотаздымак з кітайскамоўнай этыкеткай на ўпакоўцы малака даслаў у Магілёў.media чытач. У іранічным каментары да фота ён адзначыў:

«Не дайшло малако да кітайцаў, сталі прадаваць у нас».

Пра тое, што прадукт збіраліся экспартаваць у Кітай сведчыць, як раз, налепка з іерогліфамі. Вытворца такой прадукцыі акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка».

Нараканні пакупнікоў, што гэтае прадпрыемства аддае ў продаж беларускім крамам тавар з пазначэннем інфармацыі на кітайскай мове былі і раней.

«Падыходжу да паліцы з вяршкамі, ручанькі цягнуцца па звычцы да «Бабушкінай крынкі», а бабулька раптам загаварыла на кітайскай», – з гумарам камэнтавала сытуацыю ў краме пісала пакупніца з Віцебску.

Яна выказала думку, што такая прадукцыя «хутчэй за ўсё, нерэалізаваны экспарт для КНР».

З тым жа сутыкнуліся бабруйскія пакупнікі. Ім праз газету «Вечерний Бобруйск» сітуацыю тлумачыў дырэктар мясцовага філіялу «Бабушкінай крынкі» Сяргей Казлоў.

«Для беларускага спажыўца на ўпакоўцы ўся інфармацыя на рускай мове, але паводле стандартаў, мы можам дубляваць тэкст і на замежнай», – даводзіў ён.

Па яго словах у беларускія крамы прадукцыя з кітайскімі іерогліфамі трапіла, бо цяпер прадпрыемства супрацоўнічае з Кітаем і плануе з лютага пастаўляць туды свае вырабы.

На сайце «Бабушкінай крынкі» тавараў з этыкеткай на кітайскай мове няма. У раздзеле «геаграфія паставак» адсутнічае згадка пра супрацоўніцтва прадпрыемства з Кітаем. Але, ёсць кітайскамоўная версія сайту.

 

Малако і малочныя прадукты летась склалі амаль палову экспартнага аб’ёму сельгаспрадукцыі Беларусі

Драйверам росту беларускага біржавога экспарту стане сельскагаспадарчая прадукцыя, лічыць намеснік старшыні праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Эдуард Бельскі.

Ва ўмовах павышанага попыту на прадукты харчавання і ўмацаванне гандлёва-эканамічных адносінаў у межах Эўраазійнага эканамічнага саюзу біржавы механізм здольны максімальна эфектыўна рэалізоўваць патэнцыял беларускага аграпрамысловага комплексу, падае меркаванне прадстаўніка біржы інфармагенцтва Белта.

Паводле Бельскага за мінулы год экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі склаў 6,7 мільярдаў долараў ЗША. З іх амаль палова (2,7 мільярдаў) прыпадала на малако і малочныя прадукты, якія прадавалі ў 58 краінаў.

«Мы гатовыя нарошчваць экспартныя пастаўкі, пагатоў, што рэсурс для гэтага ёсць – на біржавай пляцоўцы акрэдытаваныя ўсе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі», – цытуе словы Бельскага Белта.

Прадстаўнік біржы выступаў на малочнай алімпіядзе ў казахскай Алматы.