Да двух гадоў “хатняй хіміі” асудзілі 20-гадовую маці, з-за неаднаразовых дзеянняў якой яе гадавалы сын стаў калекай.
Суд Ленінскага раёна Магілёва высветліў, што магіляўчанка сістэматычна парушала элементарныя правілы бяспекі пры доглядзе за немаўляцем. Былі выяўлены некалькі эпізодаў, калі дзіця атрымлівала траўмы праз яе дзеянні або недагляд.
Адзін з найбольш цяжкіх выпадкаў адбыўся 15 студзеня 2025 года. Жанчына трымала на руках двухмесячнага сына, але не падтрымлівала яму галаву і шыю. У нейкі момант дзіця ўдарылася галавой аб сцяну. Медыкі дыягнаставалі ў яго закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пералом цемянной косткі і ўнутрачарапныя кровазліцці. Гэтыя пашкоджанні былі прызнаныя цяжкімі і небяспечнымі для жыцця.
Пасля перанесеных траўмаў хлопчыку прысвоілі статус “дзіця-інвалід”. У яго вызначылі другую ступень страты здароўя.
Падчас разгляду справы высветлілася, што гэта быў не адзінкавы выпадак. Паводле матэрыялаў суда, жанчына неаднаразова пакідала малечу аднаго на ложку без ахоўных борцікаў і сыходзіла з дому на некалькі гадзін, у прыватнасці, у забаўляльныя ўстановы. За час яе адсутнасці дзіцёнак некалькі разоў падаў на падлогу.
Суд таксама ўстанавіў іншыя эпізоды траўмавання. Падчас купання маці паставіла дзіцячую ванначку ўпоперак вялікай ванны і не замацавала яе належным чынам. У выніку ванначка перакулілася, а немаўля выпала і ўдарылася аб паверхню ванны.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся на лесвіцы ў пад’ездзе. Жанчына спускала дзіцячы вазок, але не ўтрымала яго і вазок перакуліўся, а маленькі хлопчык выпаў на прыступкі.
У выніку шматлікіх падзенняў у дзіцёнка выявілі шматлікія пераломы рэбраў, костак рукі і іншыя цялесныя пашкоджанні.
Пра тое, што дзіця рэгулярна атрымлівае траўмы, праваахоўнікам паведамілі медыцынскія ўстановы. Пасля гэтага распачалі крымінальную справу.
На судзе абвінавачаная цалкам прызнала віну ў неналежным выкананні абавязкаў па доглядзе за малалетнім сынам. Яна заявіла, што разумела правілы догляду за немаўляцем і ведала пра неабходнасць забяспечваць яго бяспеку, але фактычна не выконвала сваіх абавязкаў.
Цяпер дзіцёнак знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні ў доме дзіцяці. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а таксама абавязалі кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне сына.
Акрамя асноўнага пакарання, якое склала ўсяго толькі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, суд пастанавіў спагнаць з жанчыны 50 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды на карысць пацярпелага хлопчыка. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.
Што ж тычыцца дзіцёнка, то паводле выхавальнікаў дзетдома, апетыт у яго добры, як у здаровага і моцнага малога. Такім ён і нарадзіўся – без паталагічных дыягназаў. Аднак траўмы, у тым ліку чэрапна-мазгавая, моцна паўплывалі на яго развіццё, піша “Наша ніва”.
Зараз хлопчыку год і чатыры месяцы. Ён умее толькі сядзець і поўзаць. У нагах адчуваецца слабасць: ён не можа ўставаць і хадзіць. Нават у хадунках амаль не перасоўваецца.
Інфармацыя пра хлопчыка ўжо размешчана ў Рэспубліканскім банку даных для ўсынавіцеляў.
У Магілёве сілавыя структуры праводзяць рэйды супраць людзей, якіх не могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за пратэсты 2020 года.
Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, на якія спасылаецца “Наша ніва”, супрацоўнікі ГУБАЗіКу прыходзілі да людзей рана раніцай, праводзілі жорсткія затрыманні і ператрусы, пасля чаго дастаўлялі затрыманых у аддзяленні міліцыі для так званых «прафілактычных размоў».
Па словах відавочцаў, сілавікі з’яўляліся каля сямі гадзін раніцы. Пасля моцнага грукату ў дзверы людзей прымушалі адкрываць, а затым клалі тварам у падлогу і заламвалі рукі. У кватэрах праводзілі ператрусы. Рэчы раскідвалі і аглядалі, хоць, як адзначаюць самі пацярпелыя, пошук выглядаў хутчэй дэманстратыўным, чым накіраваным на выяўленне канкрэтных доказаў.
Пасля ператрусаў людзей увозілі ў міліцыю. Там супрацоўнікі сілавых структур нагадвалі пра адказнасць за ўдзел у пратэстнай дзейнасці, расказвалі пра кантроль над «экстрэмісцкай актыўнасцю» і прымушалі падпісваць дакументы аб тым, што затрыманыя нібыта «папярэджаныя» пра магчымыя наступствы ў выпадку новых пратэстаў.
Паводле інфармацыі крыніц, гаворка ішла выключна пра ўдзел у маршах 2020 года, па якіх раней людзей маглі прыцягваць да адказнасці паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Аднак цяпер у многіх выпадках ужо мінуў пяцігадовы тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.
Самі сілавікі, як сцвярджаецца, не хавалі, што галоўнай мэтай рэйдаў з’ўляецца псіхалагічны ціск. Некаторым затрыманым проста казалі, што гэта робіцца «каб не расслабляліся». На суткі людзей не пакідалі і пасля размоў адпускалі дадому.
У апошнія гады па «маршавым» артыкуле 342 КК суды найчасцей прызначалі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (“хатнюю хімію”). Пасля таго як у жніўні 2025 года пачаў заканчвацца тэрмін даўнасці па справах, звязаных з пратэстамі 2020-га, частка крымінальных пераследаў фактычна страціла перспектыву. Людзей, якіх затрымлівалі ўжо пасля заканчэння гэтага тэрміну, у некаторых выпадках або вызвалялі яшчэ да суда, або перакваліфікоўвалі справы ў адміністрацыйныя.
Пракуратура выявіла парушэнні пры эксплуатацыі кар’ераў у Магілёўскім раёне.
Пракуратура Магілёўскага раёна праверыла, як прадпрыемствы выконваюць заканадаўства аб ахове зямель пры распрацоўцы кар’ераў.
Правяраючыя ацэньвалі захаванасць знятага ўрадлівага слоя глебы, шукалі факты незаконнай здабычы карысных выкапняў, а таксама глядзелі, ці не ператвораны кар’еры ў стыхійныя звалкі.
Выяўленыя парушэнні:
на пад’язных шляхах да шэрагу кар’ераў не было шлагбаумаў – любы ахвотны мог прыехаць і бескантрольна вывезці пясок або жвір;
на тэрыторыі ўжо адпрацаваных і рэкультываваных кар’ераў выяўлена несанкцыянаванае захоўванне адходаў.
Тром прадпрыемствам вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў – і тыя іх выканалі.
Найбольш жа сур’ёзны эпізод звязаны з прамысловым кар’ерам, дзе здабыча вялася за межамі адведзенага па дакументах участка.
Аб’ём незаконна здабытых карысных выкапняў склаў амаль 997 кубічных метраў, шкода навакольнаму асяроддзю перавысіла 130 тысяч рублёў.
Па гэтым факце пракуратура ініцыявала асобную праверку.
У Асіповічах зладзейку выкрылі дзякуючы адбіткам пальцаў і біялагічным слядам на кашальку.
Вярнуўшыся дадому з працы 60-гадовы жыхар Асіповіч убачыў, што яго абакралі. Са схаванага пад падушкай кашалька зніклі 500 рублёў, а ў двары пацярпелы знайшоў 10-рублёвую купюру.
Мужчына западозрыў у крадзяжы суседку і яго падазрэнні пацвердзіліся. Сляды рук, пакінутыя на халадзільніку і міжпакаёвых дзвярах належалі суседцы, якая, дарэчы, мела судзімасць за крадзеж.
Яе датычнасць да крадзяжу таксама пацверджана біялагічным матэрыялам, пакінутым на кашальку.
Жанчыну затрымалі на наступны дзень, але грошай пры ёй не аказалася.
Дарэчы, у дом зламысніца пранікла, скарыстаўшыся ключом, схаваным непадалёк ад уваходных дзвярэй.
Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)
Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.
Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.
Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.
Цікавыя факты.
Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.
Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.
Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.
Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.
Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.
1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).
Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.
Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.
1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).
Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.
Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.
1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).
Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.
У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад Магілёвам.
Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў.
З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).
1802 год. Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.
Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».
Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.
1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).
Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.
Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.
Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.
Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.
У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.
1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.
Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.
Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.
Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.
З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.
1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).
Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.
Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.
У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.
Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.
Г. Пех (у цэнтры) з юнымі краязнаўцамі.
1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).
Пераможцай стала Ю. Суханава.
На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.
На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).
Марыя Кежа.
2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.
Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.
У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.
У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.
30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.
Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.
2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.
У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.
На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).
У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.
Каля двух тыдняў асуджаныя калоніі №2 у Бабруйску не атрымліваюць медыцынскія бандэролі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасылкі з медыцынскімі прэпаратамі для асуджаных нават не забіраюць з пошты. Такім чынам вязні з хранічнымі захворваннямі застаюцца без неабходных лекаў.
Адной з версій прычын такой сітуацыі з’яўляецца адпачынак начальніка медыцынскай часткі калоніі.
Варта адзначыць, што атрымаць дазвол на медыцынскую бандэроль даволі складана. Яе змесціва трэба загадзя ўзгадніць і падпісаць у начмеда, прадаставіўшы копіі дыягназаў або выпіскі з бальнічных карт. На такі працэс могуць пайсці месяцы, але толькі пасля таго можна пасылаць лекі, якія ў цяперашняй сітуцый невядома калі трапяць да зняволенага пацыента.
За тры дзясяткі гадоў Магілёў стаў адзіным з абласных цэнтраў, які страціў насельніцтва, а таксама стаў малапрывабным па заробках.
Калі глядзець на дынаміку апошніх 30 гадоў, то колькасць жыхароў павялічылася ва ўсіх абласных цэнтрах, апроч Магілёва. У 1996 годзе ў горадзе жылі 356 тысяч чалавек супраць амаль 353 тысяч цяпер, піша “Наша ніва”, грунтуючыся на сваім аналізе статыстычных даных.
За студзень-люты 2026 года Магілёў быў на чацвёртым месцы па сярэдніх заробках (2487 рублёў) сярод абласных цэнтраў, абганяючы толькі Віцебск. На першым месцы Брэст – 2726 рублёў. Аднак яшчэ ў 1996 годзе розніца ў заробках сярод абласных гарадоў амаль адсутнічала. У 2006‑м у топ-10 гарадаў і раёнаў Беларусі, апроч Гродна і Брэста, усё яшчэ можна было ўбачыць Магілёў.
За апошні час на ААТ “Бабруйскаграмаш” пашырыўся пералік спецыяльнасцяў, на якіх адчуваецца востры недахоп працоўных рук.
Адзін з найбуйнейшых машынабудаўнічых заводаў Магілёўскай вобласці працягвае сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі ўкамплектавання штату. Паводле новых звестак, якія з’явіліся ў распараджэнні маніторынгавай супольнасці BELPOL, за апошнія месяцы сітуацыя з кадрамі на “Бабруйскаграмашы” не толькі не стабілізавалася, але і прыкметна пагоршылася.
Калі раней дэфіцыт супрацоўнікаў закранаў пераважна асобныя вытворчыя ўчасткі, то цяпер недахоп людзей становіцца сістэмнай праблемай для прадпрыемства. Найбольш востра завод па-ранейшаму мае патрэбу ў рабочых спецыяльнасцях, звязаных з асноўнай вытворчасцю.
На сённяшні дзень прадпрыемства шукае адразу некалькі дзясяткаў работнікаў. Асабліва не стае маляроў і слесараў механазборачных работ – па 15 чалавек на кожную пазіцыю. Пры гэтым патрэба ў слесарах за два месяцы вырасла напалову. Таксама ад сакавіка не закрыты восем вакансій машыністаў кранаў.
Адначасова завод пачаў шукаць і новых спецыялістаў, якіх раней у спісах дэфіцытных прафесій не было. Гаворка ідзе пра станочнікаў шырокага профілю і зваршчыкаў, якія працуюць на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях. Па кожным з гэтых кірункаў прадпрыемству патрабуецца па шэсць чалавек.
Адначасова прадпрыемства пачало адчуваць недахоп спецыялістаў, наўпрост задзейнічаных у металаапрацоўцы і зварачнай вытворчасці, што можа сведчыць аб нарастальных цяжкасцях ў забеспячэнні вытворчага цыклу. Умовы, калі вакансіі застаюцца незакрытымі месяцамі, усё мацней уплываюць на працу прадпрыемства.
Сітуацыя паказвае, што кадравы голад на “Бабруйскаграмашы” ўжо даўно перастаў быць часовай праблемай. Недахоп кваліфікаваных рабочых набывае ўстойлівы характар.
Базу адпачынку “Чыгірынка” ў Кіраўскім раёне выставілі на аўкцыён па цане 306 тыс. рублёў.
На беразе Чыгірынскага вадасховішча, сярод хвойнага лесу, на продаж выставілі сучасную базу адпачынку, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і амаль цалкам падрыхтавана да запуску. Аб’ект ужо некалькі месяцаў шукае новага ўладальніка: кошт нават давялося знізіць, але жадаючых пакуль не знайшлося. Чарговыя таргі прызначаныя на 5 чэрвеня 2026 года.
Чыгірынскае вадасховішча лічыцца адным з самых папулярных месцаў летняга адпачынку ў Магілёўскай вобласці. Адсюль прыкладна аднолькавая адлегласць да Магілёва і Бабруйска – каля 60 кіламетраў. У разгар сезона свабодныя нумары ў мясцовых аграсядзібах і турбазах звычайна разбіраюць загадзя.
На аўкцыён выстаўлены комплекс з некалькіх драўляных будынкаў. Два гасцявыя домікі плошчай каля 50 м2 кожны, разлічаныя на размяшчэнне да шасці чалавек і абсталяваныя ўсімі неабходнымі выгодамі. Яшчэ адзін будынак, меншы па плошчы, можа выкарыстоўвацца пад адміністрацыйны офіс, лазню або невялікае кафэ для адпачывальнікаў.
База ўжо забяспечана асноўнымі інжынернымі сеткамі. На тэрыторыі ёсць уласная кацельня, пракладзеная цеплатраса, артэзіянская свідравіна, ачышчальныя збудаванні, электразабеспячэнне і стаянка для аўтамабіляў. Участак агароджаны, а да вады і пляжу літаральна некалькі хвілін пешшу.
Першапачаткова ўладальнік ацэньваў аб’ект у 340 тысяч рублёў, аднак пасля кошт знізілі прыкладна на дзесятую частку. Цяпер за турыстычны комплекс просяць 306 тысяч рублёў, што супастаўна з цаной двухпакаёвай кватэры ў Мінску.
Паводле прадаўца, у дамах засталося завяршыць толькі фінальнае ўнутранае аздабленне. З улікам росту цікавасці да адпачынку ўнутры краіны і прагнозаў на спякотнае лета, аб’ект можа стаць прывабным варыянтам для інвестараў у турыстычны бізнес.