Суседку, якая абакрала асіпаўчаніна, знайшлі па адбітках пальцаў і ДНК

У Асіповічах зладзейку выкрылі дзякуючы адбіткам пальцаў і біялагічным слядам на кашальку.

Вярнуўшыся дадому з працы 60-гадовы жыхар Асіповіч убачыў, што яго абакралі. Са схаванага пад падушкай кашалька зніклі 500 рублёў, а ў двары пацярпелы знайшоў 10-рублёвую купюру.

Мужчына западозрыў у крадзяжы суседку і яго падазрэнні пацвердзіліся. Сляды рук, пакінутыя на халадзільніку і міжпакаёвых дзвярах належалі суседцы, якая, дарэчы, мела судзімасць за крадзеж.

Яе датычнасць да крадзяжу таксама пацверджана біялагічным матэрыялам, пакінутым на кашальку.

Жанчыну затрымалі на наступны дзень, але грошай пры ёй не аказалася.

Дарэчы, у дом зламысніца пранікла, скарыстаўшыся ключом, схаваным непадалёк ад уваходных дзвярэй.

Распачата крымінальная справа.

Фота: ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці.

У Мсціславе па адбітках пальцаў устанавілі асобу падазраванага

Судовыя эксперты вызначылі асобу меркаванага злачынцы, які скраў грошы ў жыхара Мсціслава.

Да праваахоўнікаў звярнуўся жыхар Мсціслава, які паведаміў аб крадзяжы 11 000 расійскіх рублёў. Паводле яго слоў, ён пазнаёміўся з мужчынам на вуліцы і запрасіў яго дапамагчы з працай на прысядзібным участку. Пасля працы гаспадар паклікаў новага знаёмага за стол, дзе яны разам выпівалі, паведамляе газета «Святло Кастрычніка».

Раніцай наступнага дня гаспадар не знайшоў у хаце ні госця, ні грошай, што ляжалі ў кішэні курткі. Падчас агляду месца здарэння эксперты знайшлі адбіткі пальцаў на бутэльцы з-пад спіртнога, якія належылі раней судзімаму жыхару Віцебска. Там злодзея і затрымалі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.