Слаўгарад на другім месцы па радыяцыі ў Беларусі

У Брагіне Гомельскай вобласці і ў Слаўгарадзе Магілёўскай зараз больш за ўсё гама-выпраменьвання сярод іншых гарадоў.

Паводле Белгідрамета, на 12 сакавіка 2026 года найбольш высокія ўзроўні магутнасці дозы гама-выпраменьвання захоўваюцца ў пунктах пастаяннага кантролю, размешчаных у зонах павышанага радыеактыўнага забруджвання: Брагін – 0,38 мкЗв/гадзіну, Слаўгарад – 0,18 мкЗв/гадзіну.

Пры гэтым у Магілёве і Гомелі гэты паказчык на ўзроўні 0,11 мкЗв/гадзіну, што, паводле назіральнікаў, адпавядае ўсталяваным шматгадовым значэнням. У астатніх абласных гарадах і Мінску – 0,10 мкЗв/гадзіну.

Фотаздымак: ТГ Белгідрамета

У Слаўгарадзе візуалізавалі калектыўны Захад. Атрымалася цікава

Слаўгарадская актывістка працягвае асвойваць GPT і перайшла ад тэкстаў да генерацыі выяў.

Чым больш унутраных праблем у Беларусі, тым часцей тыя, хто называе сябе патрыётамі, шукае карані бед на Захадзе замест таго, каб заняцца чысткай сваіх хлявоў ад гною.

Слаўгарадская актывістка Вікторыя Гарадзецкая, пераведзеная ў рэдактары раённай газеты з БРСМ па ўзросце, асвоіла новыя тэхналогіі і стала ўслаўляць працу вяскоўцаў з дапамогай чата GPT.

Цяпер яна пачала генераваць выявы, у якіх выразна прасочваюцца матывы апакаліпсіса, дзе ў ролі ворага роду чалавечага выступае калектыўны Захад.

Псіхадэлічныя відзежы Гарадцкай цалкам зразумелыя: змена ўлады ў Беларусі пагражае ёй тым, што прафесія “актыўны актывіст” перастане існаваць.

Звычайна ў такіх запушчаных выпадках на наступным этапе захворвання пацыент пачынае асацыяваць сябе з архангелам Міхаілам.

Фота раённай газеты.

У Слаўгарадзе за год створана шаснаццаць працоўных месцаў

Кадры Слаўгарада схільныя да цякучасці, але курс на “ўстойлівае развіццё” нарэшце ўзяты.

Новаму старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Максіму Патапенку далажылі пра дасягненні раёна за 2025 год.

Асабліва хваліцца няма чым: пяць паказчыкаў з чатырнаццаці, даведзеных аблвыканкамам, не выкананыя. Гаварыць пра сельскую гаспадарку Слаўгарадчыны бессэнсоўна – вытворчасць прадукцыі там традыцыйна кульгае на ўсе чатыры капыты.

Няпростая сітуацыя ў раёне і з кадрамі: суадносіны прынятых і звольненых у арганізацыях раёна склалі 87,6 працэнта. Радуе толькі тое, што ў 2025 годзе ў раёне створана 16 новых працоўных месцаў.

Максім Патапенка апісаў сітуацыю ў рэгіёне фразай «тут не дайшлі, там не недарабілі», а мясцовыя журналісты, з уласцівым ім аптымізмам, вырашылі, што менавіта так выглядае «курс на ўстойлівае развіццё».

Фота раённай газеты.

У разгар халадоў ратавальнікі Слаўгарада заклапаціліся таўшчынёй лёду

Супрацоўнікі Слаўгарадскага раённага аддзела МНС правялі рэйд па зімовых вадаёмах. 

Займальную навіну паведаміла сваім чытачам славгарадская раённая газета.

Работнікі мясцовага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйдавае мерапрыемства па зімовых вадаёмах і параілі аматарам зімовай рыбалкі выконваць меры засцярогі.

У прыватнасці, нагадалі рыбакам, што таўшчыня лёду павінна быць не менш за сем сантыметраў.

Чаму ратавальнікі выбралі для рэйду час анамальных маразоў, застаецца загадкай.

Тут адно з двух: альбо на вадаёмах Слаўгарада забілі гарачыя крыніцы, альбо планы рэйдаў складаліся з разлікам на тое, што цяперашняя зіма будзе цёплай.

Фота раённай газеты.

Галоўная «дэпутатша» Слаўгарада прапіянерствавала ўсё жыццё

Карламарксаўская «дэпутатка» Святлана Язерская прапіянерствавала ўсё жыццё і праводзіла «Дажынкі».

Ці заўважалі вы, што ў большасці біяграфій «народных абраннікаў» у Беларусі стаіць грыф «цалкам сакрэтна»? І калі пра прыкметных дзеячаў эпохі Лукашэнкі яшчэ можна знайсці нейкія звесткі, то пра тых, хто «служыць народу» ў глыбінцы, амаль нічога не вядома. Свае біяграфіі яны, як правіла, выкладаюць асабіста і, што цалкам натуральна, прыбіраюць з іх усе спрэчныя моманты. Амаль як лонданскі «вампір» Джон Хэйг у аповесці «Мая споведзь».

Працягваем вывучаць працоўныя шляхі дэпутатаў Магілёўскай вобласці. Гэтым разам – на прыкладзе старшыні слаўгарадскага «савета дэпутатаў» Святланы Аляксандраўны Язерскай

Нарадзілася яна ў 1967 годзе, а першым працоўным месцам Святланы Язерскай стала пасада старшай піянерважатай, якую яна заняла ў 1986 годзе. Гэта значыць, школьная актывістка, атрымаўшы сярэднюю адукацыю, нікуды не паступала або, хутчэй за ўсё, не паступіла. Вышэйшую педагагічную адукацыю яна атрымала толькі ў 1994 годзе, ва ўзросце дваццаці сямі гадоў. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што Магілёўскі педінстытут Святлана Аляксандраўна заканчвала завочна.

Далей была плаўная кар’ера сярэднестатыстычнай грамадзянкі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – настаўніца, намесніца дырэктара і дырэктарка мясцовага ліцэя.

Да 2010 года Язерская цалкам саспела для таго, каб трапіць у райвыканкам – на пасаду намесніцы старшыні па сацыяльнай сферы.

У 2018 годзе, адзначыўшы паўвекавы юбілей, яна, як гэта часта бывае, была «аднагалосна» абраная старшынёй Слаўгарадскага раённага «савета дэпутатаў», а паралельна – старшынёй раённай арганізацыі «Белая Русь» і старшынёй раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру».

Само сабой зразумела, Святлана Аляксандраўна заўсёды і ва ўсім падтрымлівала Лукашэнку і без запінкі хлусіла пра тое, што «ад грамадзян гучалі прапановы, як прадугледзець, каб усе выбаршчыкі адказна падыходзілі да выбару кіраўніка дзяржавы, каб самаробныя блогеры і дыванныя палітыкі не маніпулявалі грамадскай думкай».

Пры такой пастаноўцы справы Святлана Язерская глыбока перакананая, што прынесла Слаўгарадчыне шмат карысці, «пацвярджэннем чаго з’яўляюцца прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, годнае правядзенне фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі”».

Прапіянерстваваўшы ўсё свядомае жыццё, «дэпутатка» па карламарксаўскай выбарчай акрузе паводзіць сябе ў Слаўгарадзе так, быццам помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Галубая крыніца» без яе ўжо даўно б перасох.

На жаль, Язерская – не Маісей, які здабываў ваду ўдарам посаха аб скалу.

Нягледзячы на ўсе прызавыя месцы і годнае правядзенне «Дажынак», Слаўгарадскі раён – адзін з самых адсталых у вобласці. І ў гэтым якраз-такі і ёсць немалая заслуга такіх, як Святлана Аляксандраўна.

Фота раённай газеты.

Галоўны рэдактар слаўгарадскай газеты паказала школьнікам найкарацейшы шлях да ШІ

Галоўрэд слаўгарадскай раёнкі Вікторыя Гарадзецкая, якая пастаянна пазычае ідэі ў нейрасеткі, вучыла дзяцей мысліць самастойна. 

Пра Вікторыю Гарадзецкую, што ўзначаліла газету «Прысожскі край» пасля дзясяткаў гадоў напружанай працы першым сакратаром слаўгарадскай ячэйкі БРСМ, мы распавядалі не раз. Актывістка вядомая тым, што любіць спяваць і ствараць тэксты для газеты, якія на 90 працэнтаў напісаныя чатам GPT. Пасля таго, як mogilev.media некалькі разоў злавілі Гарадэцкую за гэтым заняткам, галоўрэд зайшла з козыраў і закрыла доступ да капіравання старонак ведамаснага сайта газеты «Прысожскі край». Гэты чыста дзіцячы і зусім бескарысны з пункту гледжання карыстальнікаў учынак сведчыць не толькі пра ўзровень ведаў Вікторыі Гарадэцкай у справах камп’ютарных, але і пра тое, што праўладныя СМІ Магілёўшчыны баяцца пільнай увагі незалежнай прэсы да сваіх «цяп-ляп» артыкулаў.

А верная сяброўка штучнага інтэлекта тым часам адправілася да школьнікаў 9 «Б» класа СШ №2 на «інтэрактыўную перазагрузку». Толькі ў адным Гарадзецкая аказалася правай, калі вешала падлеткам лапшу на вушы – “цифровой след, как и печатное слово, остается навсегда”. Што, уласна кажучы, для галоўнай акулы слаўгарадскай журналістыкі, факт вельмі сумны.

Вынік сустрэчы яшчэ раз паказаў, што суровую школу БРСМ Гарадзецкая прайшла не дарма: “ученики 9 «Б» на общем собрании постановили: их класс должен быть обязательно подписан на «РАЙОНКУ»”.

Вынікі свайго дыялогу з навучэнцамі Вікторыя Гарадэцкая неадкладна адлюстравала ў чарговым артыкуле, выдаўшы новы перл, відавочна, абышоўшыся без GPT – “перо журналиста дополняется искренним интересом нового поколения”. Вось такое друкаванае слова, пра якое так і падмывае сказаць некалькімі непрыдатнымі да друку словамі.

Фота раённай газеты «Прысожскі край».

Эра беспакаранасці ў Слаўгарадзе прайшла – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі фотапасткі

Жыхарам Слаўгарада больш не дазволяць смеціць у зоне адпачынку, а звярам і птушкам – расцягваць смецце.

За людзей і звяроў вырашыў узяцца старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін на чарговым пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванню.

Ён быў да глыбіні душы абураны тым, што банер «Захаваем родны лес», усталяваны ў месцы адпачынку з паэтычнай назвай Мар’ін Уцёс, ігнаруецца і двухногімі адпачывальнікамі, і ляснымі братамі меншымі.

Райвыканкам зайшоў з козыраў – на кантэйнеры ўсталявалі накрыўкі, каб птушкі і звяры не маглі расцягваць смецце па лесе.

Адпачывальнікам таксама цяпер не атрымаецца схавацца ад усевідушчага вока штаба па добраўпарадкаванню – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі відэаназіранне і фотапасткі.

Раённая газета дакладна абазначыла сітуацыю ўсяго трыма словамі – эпоха беспакаранасці прайшла. Якая там ужо эпоха… Калі гаворка пра Слаўгарад, дык гэта была цэлая эра. Цяпер – усё з чыстага аркуша.

Як кажуць, любіце прыроду, маць вашу!

Фота газеты “Прысожскі край”.

У Слаўгарадзе правялі сустрэчу з пажылымі камсамолкамі

Слаўгарадскія камсамолкі часоў СССР спрабавалі распаліць агеньчык у сэрцах моладзі. Падаецца, не атрымалася.

У Слаўгарадскім цэнтры дзіцячай творчасці правялі сустрэчу, прысвечаную 107-й гадавіне камсамола. Дата не круглая, таму і сустрэча прайшла вяла і без агеньчыка.

Школьнікам паказвалі чорна-белыя савецкія фатаграфіі, спрабуючы зацікавіць іх адчайным выглядам камсамольцаў-добраахвотнікаў, дзеля большага пераканання дэманстравалі старую байцоўку студатрада і нават спявалі камсамольскія песні.

Аднак, наладзіць масты паміж мінулым і будучыняй, мяркуючы па тварах падлеткаў на фота з месца падзей, не ўдалося.

Удзелам у капанні мёрзлай зямлі для вузкакалейкі і датычнасцю да пераносу цэглы на будоўлях, хай сабе і тры разы вялікіх, моладзь ужо не зацікавіш.

Ды і пераконваць юных беларусаў у тым, што БРСМ дасць ім пуцёўку ў жыццё, бессэнсоўна.

Школьнікі занадта прасунутыя і цудоўна разумеюць, што пуцёўку ў жыццё можа даць толькі прэстыжная адукацыя, веданне замежных моў і, па магчымасці, пераезд у краіну, дзе ўсё гэта сапраўды мае вагу.

Фота газеты “Прысожскі край”.

У Слаўгарадскім раёне з’явіліся два новыя помнікі прыроды

Дзве крыніцы ў Магілёўскай вобласці атрымалі статус гідралагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння. 

Рашэннем Слаўгарадскага райвыканкама ўведзены меры аховы, забаронены дзеянні, якія пагражаюць унікальным прыродным тэрыторыіям.

Гаворка ідзе пра два гідралагічныя аб’екты — «Крыніца Шведава крыніца» і «Крыніца Дальнія Сажэлкі» — яны абвешчаны помнікамі прыроды мясцовага значэння, паведамляе БелТА. Абедзьве яны зняходзяцца каля вёскі Любаны.

  • плошча «Крыніцы “Шведава крыніца» — 0,7536 гектара;
  • плошча «Крыніцы “Дальнія Сажэлкі» — 1,5072 гектара;

Ёсць у Слаўгарадскім раёне яшчэ і «Блакітная крыніца», якая лічыцца найбуйнейшай крыніцай ва Усходняй Еўропе і таксама з’яўляецца гідралагічным помнікам прыроды, але рэспубліканскага значэння. Усяго ў Слаўгарадскім раёне налічваецца 24 крыніцы.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.