Трэцяе “экстрэмісцкае фармаванне” інкрымінуюць 19-гадоваму магілёўцу

Ужо да трэцяга па ліку “экстрэмісцкага фармавання” абвешчаны датычным 19-гадовы Уладзіслаў Бутвянкоў з Магілёва.

 

24 лютага 2026 года МУС прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем” праект “Размова Фарватэра”. Датычным да яго пазначаны 19-гадовыя Уладзіслаў Бутвянкоў і Дзмітрый Зуеў, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

 

Такім чынам вакол Бутвянкова ўтварылі ўжо трэцяе «экстрэмісцкае фармаванне». Раней ён узгадваўся як датычны да праекта Sandӓr, дзе публікаваліся мемы сумнеўнага характара, а таксама да магілёўскага рыцарскага клуба «Барысфен».

 

Хутчэй за ўсё, Бутвянкоў быў арыштаваны ў лістападзе 2025 года, мяркуе “Наша Ніва”.

 

Фотаздымак: “Наша Ніва”

У Магілёўскай вобласці сілавікі пужаюць студэнтаў рэпрэсіямі

ВНУ Магілёўшчыны ператвараюцца ў пляцоўкі для ідэалагічнай апрацоўкі, пагроз за “экстрэмісцкія” падпіскі і ўдзел у пратэстах.

 

У Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі 19 лютага прафесарска-выкладчыцкі склад сабралі ў актавай зале на сустрэчу з пракурорам раёна Аляксандрам Тарасюком. Тэма яго выступу гучала як «правапарушэнні экстрэмісцкай накіраванасці і адказнасць за іх здзяйсненне», аднак фактычна гаворка ішла пра папярэджанні і запалохванне.

 

Мерапрыемства прайшло ў фармаце так званага тлумачальна-інфармацыйнага сходу. Выкладчыкам фактычна даручылі праводзіць «прафілактычную працу» са студэнтамі, каб не дапусціць «радыкалізацыі і прапаганды экстрэмісцкіх ідэй». У беларускіх рэаліях пад «радыкалізацыяй» улады разумеюць любую праяву палітычнай нелаяльнасці. Пракурор прыводзіў прыклады канкрэтных прысудаў па палітычна матываваных справах як папярэджанне пра наступствы для тых, хто не падзяляе афіцыйную пазіцыю.

 

Ужо на наступны дзень падобная сустрэча адбылася ў Магілёве, у Беларуска-расійскім універсітэце (БРУ), дзе стартавала штогадовая прававая дэкада «Мы і закон». Перад студэнтамі выступіў старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Волкаў.

 

Ён папярэджваў пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за «экстрэмісцкую дзейнасць», удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і нават за распаўсюджванне матэрыялаў, уключаных у спіс «экстрэмісцкіх». На практыцы ў Беларусі да такіх матэрыялаў адносяць незалежныя медыя і тэлеграм-каналы, а падставай для пераследу становяцца нават падпіскі ў сацыяльных сетках.

 

Аляксандр Волкаў раней неаднаразова фігураваў у кантэксце палітычна матываваных рэпрэсіўных дзеянняў супраць жыхароў Магілёва. Яго выступ у ВНУ выглядаў як працяг агульнанацыянальнай кампаніі запалохвання, калі замест прававой асветы студэнтам дэманструюць прыклады пакарання за іншадумства.

 

Такім чынам, замест дыскусіі пра закон і правы чалавека студэнтам прапануюць урокі лаяльнасці. Універсітэты, якія павінны быць прасторай свабоднай думкі, усё больш становяцца часткай сістэмы кантролю і прафілактыкі «няправільных» поглядаў.

 

Фотаздымак: Mayday

Украінскі палітвязень сядзіць у магілёўскай турме без перадач і спатканняў

Украінец Павел Кабарчук, які асуджаны на 20 гадоў зняволення, утрымліваецца ў турме №4 у Магілёве без перадач, пасылак, грашовых пераводаў і спатканняў.

 

Пра цяжкую долю ўкраінскага палітзняволенага Праваабарончаму цэнтру “Вясна” распавёў праваабаронца Уладзь Лабковіч, які таксама знаходзіўся ў магілёўскай турме разам з Кабарчуком, і быў прымусова вывезены ва Украіну ў снежні 2025 года.

 

Паводле Лабковіча, з-за тое, што ўкраінец увесь час без перадач і спатканняў, гэта значна ўскладняе ўмовы ўтрымання для палітвязня. “У мяне была адна базавая і былі пераводы ад родных, таму я стараўся набываць яму самае неабходнае. Важна, каб ён таксама меў нейкую падтрымку, бо ён знаходзіцца ў цяжкіх умовах. Апроч таго, што яму будуць дапамагаць іншыя зняволеныя, іншай магчымасці трымацца ў яго няма. Павел пісаў заявы на тое, каб яму выдалі гаспадарчае мыла. Бо яму трэба і самому мыцца, і рэчы праць. Можа з пятай ці шостай спробы адміністрацыя турмы злітавалася над ім і ў верасні (заявы пісаў з траўня) выдала яму кавалачак гаспадарчага і лазневага мыла. Іх, канешне, хапае толькі на тыдзень. Калі мяне пераводзілі з турмы ў СІЗА КДБ, то я пакінуў частку сваіх рэчаў Паўлу, хоць і сам не ведаў, куды мяне забіраюць і вязуць”, – распавёў Лабковіч.

 

Як ўзгадвае Лабковіч, Павел знаходзіцца ў магілёўскай турме ад траўня 2025 года. Да гэтага ён быў у калоніі №1 Наваполацка. “Павел кепска гаворыць па-расейску – ён цалкам украінскамоўны. Калі яшчэ неяк размаўляе па-расейску на простыя словы, то пісаць яму цяжка. Расейскую мову ён пачаў вучыць толькі ў Беларусі пасля затрымання. Але ніякіх перакладчыкаў ніколі ў яго не было”, – кажа праваабаронца. 

 

Ён характарызуе ўкраінца як вельмі адукаванага хлопца, які любіць літаратуру. “Ён шмат чытае ў зняволенні. Я яму дапамагаў з рэчамі, якія яму незразумелы. Яму дазволілі консула. Ён прывёз Паўлу некалькі лістоў ад жонкі і маці, але яму іх так і не аддалі. Лісты ад родных ён не атрымлівае да гэтага часу, дазвалюяць толькі званок раз на месяц да жонкі”, – сцвярджае Лабковіч.

 

Да затрымання Павел працаваў кіроўцам — вазіў людзей на працу з Украіны ў Польшчу. Уладзь апісвае ўкраінскага палітвязня як вельмі моцнага, цікавага і шчырага чалавека. 

 

“Ён вельмі гаспадарлівы, кампанейскі і пазітыўны хлопец. Павел увесь час казаў мне, што нельга маркоціцца і хутка ўсё скончыцца. Маральны стан у яго быў у норме, ён трымаецца. Вельмі спадзяецца, што яго хутка абмяняюць ці проста аддадуць Украіне. Калі Павел быў ужо за кратамі, у яго нарадзіўся сын Ян. Ён вельмі сумуе па жонцы, якую вельмі кахае, і сыну, якога яшчэ не бачыў і нават не ўяўляе, як ён выглядае. Але падчас званка з жонкай Павел чуў голас свайго сына, якому амаль два гады. Павел хвалюецца за бацьку, за яго стан здароўя”, – ўзгадвае Уладзь Лабковіч. Бацька Паўла Сяргей Кабарчук, таксама палітзняволены, знаходзіцца ў аршанскай калоніі №8.

 

Лабковіч распавёў, што аднойчы ў Паўла здарыўся прыступ, і ён ледзь не згубіў прытомнасць. “Па нашым патрабаванні яму аказалі медыцынскую дапамогу. Бо так яго ігнаравалі і казалі: “Зрабіце яму гарбаты”, – кажа палітвязень.

 

Праваабаронца распавядае, што 16 чэрвеня 2025 года сукамернікі адзначылі Дзень народзінаў Паўла — ён акурат выйшаў з ШІЗА.

 

“Ён зрабіў цудоўны стол. Дзесьці дастаў апошнюю згушчонку. У нас не было магчымасці паесці чагосьці салодкага. Павел зрабіў смачную аўсяную кашу са згушчонкай. Для нас гэта была адна з самых смачных страваў, якія я пакаштаваў за ўвесь гэты перыяд. Каштоўнасць гэтага была найвялікшая. Павел вельмі шчыры чалавек — ён кожнаму ішоў на дапамогу”, – узгадвае Уладзь Лабковіч. 

 

Сына і бацьку з Украіны Паўла і Сяргея Кабарчукоў затрымалі ў лютым 2024 года. Тады ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым “контртэрарыстычнай аперацыі”. Пазней КДБ адсправаздачыўся пра затрыманне “тэрарыстаў”. На апублікаваных прапагандыстамі здымках Павел выглядаў збітым. Вядома, што ў СІЗА КДБ затрыманых даставіў верталёт.

 

Кабарчукі паходзяць з маленькай вёскі ў Валынскай вобласці, дзе іх чакае сям’я. Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса іх асудзілі як “дыверсантаў СБУ” да 20 гадоў няволі. Іх тэрміны мусяць скончыцца толькі ў 2043 годзе. Як нядаўна стала вядома праваабаронцам, яшчэ ў СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалогію. Які стан яго здароўя цяпер ці атрымлівае ён неабходную медыцынскую дапамогу – невядома.

 

Беларускія праваабаронцы ў кастрычніку 2024 года прызналі абодвух Кабарчукоў палітзняволенымі.

 

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Магілёўскі ГУБАЗіК затрымаў двух грамадзян, абвінаваціўшы іх у прапагандзе нацызму

19-гадовы жыхар Магілёўшчыны і 56-гадовы мінчук затрыманы магілёўскімі сілавікамі з палітычных прычын.

Паводле распаўсюджанай МУС інфармацыі, раней судзімы за здзек над дзяржаўнымі сімваламі і хуліганства 19-гадовы жыхар Магілёўшчыны нібыта сістэматычна размяшчаў у экстрэмісцкіх тэлеграм-чатах каментары, выявы і відэазапісы, якія змяшчалі ўсхваленне нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых.

У сваю чаргу 56-гадовы мінчук, як сцвярджаюць сілавікі, “у адной з сацыяльных сетак публічна распаўсюджваў загадзя ілжывыя гістарычныя звесткі, якія адмаўляюць факты генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама накіраваныя на ачарненне дзейнасці партызан”.

З прадстаўленых на відэа ў тэлеграм-канале МУС каментароў мінчука, цяжка прачытаць нейкае ачарненне партызан. Разам з тым ёсць правамерна пастаўленыя маральныя пытанні, напрыклад, ці варта было партызанам забіваць немцаў, ведаючы, што тыя адпомсцяць у 10 разоў большым па колькасці забойствам мірных жыхароў.

Што ж тычыцца т.зв. генацыду беларускага народа, то, паводле Канвенцыі ААН 1948 года і Міжнароднага крымінальнага суда, генацыд – гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае або частковае знішчэнне пэўнай нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы як такой. Галоўнае тут – наяўнасць наўмыснага намеру знішчыць групу менавіта як этнас або нацыю.

Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь была арэнай масавых забойстваў, спаленых вёсак і карных аперацый. Але галоўная мэта нацыстаў была – каланізацыя і эксплуатацыя тэрыторый, а не поўнае знішчэнне беларусаў. План «Ост» прадугледжваў рэзкае скарачэнне мясцовага насельніцтва праз гвалт, галодную смерць і высяленне, але юрыдычна гэта часцей трактуецца як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, а не як генацыд у чыстым выглядзе.

Падчас вайны на тэрыторыі Беларусі адбылося масавае вынішчэнне яўрэяў – гэта прызнана сусветнай супольнасцю як Халакост, то бок генацыд яўрэйскага народа. Таксама быў генацыд цыганскага народу – Параймос, і гэта таксама задакументавана і прызнана міжнароднымі структурамі. Для беларусаў не было дакументаванага асобнага плана, які б дакладна апісваў іх знішчэнне менавіта як этнічнай групы.

Для юрыдычнага прызнання патрэбен судовы працэс: ці Міжнародны крымінальны суд, ці спецыяльны трыбунал. У выпадку Беларусі ніколі не праводзіўся міжнародны суд, які б прызнаў факт генацыду беларускага народа на аснове расследавання з дакументамі, сведчаннямі і вывадамі.

Але для ўлад і сілавікоў сучаснай Беларусі прыведзеныя вышэй аргументы не маюць значэння. Таму следчымі распачатыя крымінальныя справы за “рэабілітацыю нацызму” і адмаўленне “генацыду беларускага народа”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Кактус пад азадак і пагрозы сям’і: сведчанні пра гвалт у калоніі №15 Магілёва

Пагрозы звалтаваннем гантэляй, прымушэнне доўгага стаяння ў нязручнай позе, пакаранні за справакаваныя парушэнні. Гэта толькі кропля садысцкіх праёмаў супрацоўнікаў магілёўскай калоніі №15.

Сістэмнага адміністратара з Мінска Міхаіла (імя зменена ў мэтах бяспекі) зімой 2022 года затрымалі на працоўным месцы. У КДБ яму пагражалі згвалтаваннем, а ў ізалятары на Акрэсціна катавалі холадам. Летам 2024 года палітвязня асудзілі на тры гады калоніі за рэпост анонса Марша пратэсту з тэлеграм-канала Nexta, і накіравалі для адбыцця пакарання ў Папраўчую калонію №15 у Магілёў. Пра катаванні там ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

“Гэта была адмысловая ўлоўка”

У першыя дні пасля прыбыцця ў калонію Міхаіла выклікалі на праверку вопісу асабістых рэчаў – як ён мяркуе, каб знайсці несупадзенні і аформіць парушэнне. Аднак усе рэчы адпавядалі спісу. Тады, паводле яго, супрацоўнікі абвінавацілі яго ў тым, што ён не павітаўся належным чынам.

“Мяне папрасілі выйсці ўзяць бірку для торбы. Я вярнуўся праз некалькі хвілін, і аказалася, што па вяртанні трэба зноў вітацца паводле ўстаноўленага парадку. За гэта далі парушэнне”, – распавядае ён.

Для змяшчэння ў ШІЗА патрабавалася яшчэ адно парушэнне. Паводле Міхаіла, супрацоўнік проста “прыдумаў” яго – нібыта ён размаўляў у страі.

“Яны могуць дакапацца да чаго заўгодна”, – кажа былы зняволены. – “Садзілі ў ШІЗА нават за тое, што вязні кармілі птушак”.

“Калі палітычны супраціўляецца, яго пачынаюць ламаць”

Яшчэ ў СІЗА іншыя зняволеныя папярэдзілі Міхаіла пра адмысловы ціск на палітычных. У калоніі, паводле яго, гэта праяўлялася не толькі ў сістэмных пакараннях, але і ў фізічным гвалце.

Ён называе імя аднаго з супрацоўнікаў – начальніка сектара Аляксея Кудзелкі – і сцвярджае, што падчас этапавання ў ШІЗА той ужываў сілу.

“Нас ставілі на расцяжку, рукі тыльным бокам далоняў да сцяны, і білі па нагах. Гэта была праверка: зламаешся ці не”, – сцвярджае Міхаіл.

Побыт у ШІЗА: без душа і падушкі

У штрафным ізалятары, паводле ягоных словаў, не было магчымасці памыцца. За спробы падмыцца ў ракавіне зняволеных маглі дадаткова пакараць. Час Міхаіл вызначаў па сонцы, замест падушкі выкарыстоўваў рулон туалетнай паперы. Пры гэтым, прызнаецца ён, часам ізаляцыя ўспрымалася як псіхалагічная перадышка.

“Калі ты 24 гадзіны сярод людзей – наркаманаў, забойцаў, гвалтаўнікоў – і пры гэтым адчуваеш варожасць з боку супрацоўнікаў, псіхіка не вытрымлівае. Часам хацелася, каб цябе закрылі ў бетонную скрыню два на два метры з гуканепранікальнымі сценамі – проста пабыць у цішыні”, – кажа ён. Пазней, паводле яго, справіцца з напружаннем дапамагла медытацыя.

“Не паводзіцца як пабіты сабака”

Пасля карантыну і ШІЗА Міхаіла размеркавалі ў атрад. Нягледзячы на пагрозы кіраўніцтва, атрад аказаўся згуртаваным: вязні падтрымлівалі адзін аднаго, дзяліліся рэчамі, разам адзначалі святы. Міхаіл сцвярджае, што абраў для сябе стратэгію “роўнай камунікацыі” з супрацоўнікамі.

“Калі сам сябе не прыніжаеш, трымаешся годна, яны больш паважаюць. Часам замест ШІЗА маглі загадаць, напрыклад, адціснуцца 50 або 100 разоў”, – распавядае ён.

Аднойчы, калі падчас вобшуку ў яго знайшлі кнігі на ангельскай мове, яму прапанавалі выбар: ШІЗА або 100 адцісканняў. Ён выбраў апошняе.

Пагрозы сям’і і здзекі

Міхаіл таксама распавядае пра іншага супрацоўніка – рэжымніка Скобелева. Той змяшчаў яго ў ШІЗА за “няправільны” абутак, дасланы сваякамі, і прымушаў выконваць фізічныя практыкаванні.

“Ён загадаў стаць у стойку ‘вугалок’, а пад азадак паставіў кактус. Ногі трэсліся і нямелі. Іншыя ахоўнікі прапаноўвалі збіваць мяне, як баксёрскую грушу, і пагражалі электрашокерам”, – сцвярджае былы палітвязень.

У іншым выпадку, калі Міхаіл абедаў разам з непалітычным зняволеным, яго выклікалі і, паводле яго, пагражалі расправай над сям’ёй. “Мне сказалі: ‘Хочаш, каб мы пасадзілі яшчэ і тваю жонку, а дзіця здалі ў дзіцячы дом?” – распавядае ён.

13 снежня 2025 года Міхаіла памілавалі і прымусова дэпартавалі з Беларусі ў апошнію хвалю вызвалення палітвязняў. Цяпер ён знаходзіцца ў адной з краін Еўрасаюза, дзе праходзіць адаптацыю.

Фотаздымак: vk.com

На волю выйшла давераная асоба Ціханоўскай, палітзняволеная магілёўскай турмы

Асуджаная па палітычных актыкулах Таццяна Канеўская, якую для ўзмацнення пакарання змяшчалі ў магілёўскую турмы №4, выйшла на волю.

Таццяна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай падчас электаральнай кампаніі 2020 года. У жніўні таго ж года пасля ператрусаў у яе доме Таццяну затрымалі. Яе абвінавацілі паводле арт. 293 КК («масавыя беспарадкі») і арт. 292 КК («захоп будынкаў»). 4 траўня 2021 года суд прызначыў ёй 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Падчас адбывання пакарання Канеўскую неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, у 2022 годзе перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Паводле праваабаронцаў, яна была абмежаваная ў спатканнях і перадачах, мела праблемы са здароўем. У магілёўскай турме Таццяну мусілі ўтрымліваць да сакавіка 2024 года, а пасля перавесці ў гомельскую калонію. Але ёй працягнулі турэмны рэжым да канца 2024 ці пачатку 2025 года. У рэшце рэшт жанчыну вярнулі ў гомельскую жаночую калонію №4.

Таццяна прыйшла ў грамадзянскі актывізм праз барацьбу за свайго сына, асуджанага паводле «наркатычнага» артыкула. Яна была адной з прадстаўніц ініцыятывы «Матчын рух 328», выступала за змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства і ініцыявала галадоўку маці асуджаных. У 2019 годзе балатавалася ў дэпутаты.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

У магілёўскай калоніі №15 змяніўся намеснік начальніка

У Папраўчай калоніі №15 у Магілёве начальнік рэжымнага аддзела Арцём Весялоў павышаны да пасады намесніка начальніка гэтай пенітэнцыярнай установы.

Павышэнню Весялова спрыяў цяперашні начальнік калоніі Іван Ігнаценка, які сам раней быў намеснікам начальніка калоніі па рэжыме і выпраўленчай працы. Пасля таго, як адыёзны Аляксей Лазарэнка пакінуў свой пост, Ігнаценка заняў яго крэсла.

Весялоў, як піша Mayday, адзначаецца ў некаторых базах даных сілавікоў як датычны да палітычных рэпрэсій. А ў разгар палітычнага крызісу 13 жніўня 2020 года ён быў уганараваны медалём ІІІ ступені “За бездакорную службу”. 

Паводле дадзеных dissidentby.com, Весялоў вінаваты ва ўжыванні гвалту і стварэнні неналежных умоў утрымання ў дачыненні да палітвязняў на тэрыторыі ПК №15 горада Магілёва.

Нагадаем, што ў верасні 2025 года стала вядома аб смерці ў гэтай калоні палітвязня Андрэя Паднябеннага. Афіцыйная прычына яго смерці – удушша, што звычайна пішуць, калі хочуць паведаміць, што чалавек павесіўся. Паводле былых вязняў, Андрэй распавядаў, што былы начальнік калоніі ПК №15 Аляксей Лазарэнка ўласнаруч збіваў яго.

Яшчэ адным трагічным эпізодам з жыцця вязняў калоніі стала смерць 22-гадовага палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра ў кастрычніку 2024 года. Малады чалавек, які толькі прыбыў у ПК №15, амаль адразу апынуўся ў ШІЗА, дзе, паводле папярэдняй версіі, пакончыў з сабой. Гэты выпадак выклікаў хвалю абурэння ў праваабаронцаў і зноў звярнуў увагу на жорсткія ўмовы ўтрымання ў магілёўскай калоніі.

Фотаздымак: dissidentby.com

У Магілёве “за палітыку” асудзілі мінскага ІТ-шніка

Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да зняволення па чатырох палітычных артыкулах ІТ-шніка з Мінска Міхаіла Горбача.

43-гадовы Міхаіл Горбач усё жыццё займаўся рамонтам камп’ютараў і наладкай тэхнікі. 

У 2003 годзе скончыў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, піша “Наша ніва”.

З 2014 года Міхаіл працаваў як індывідуальны прадпрымальнік: займаўся тэхнічным абслугоўваннем офіснай тэхнікі. Таксама ён быў сістэмным адміністратарам у некалькіх кампаніях у Мінску.

У верасні 2024 года мінчук адпачываў у Егіпце. Неўзабаве пасля гэтага ён знік з сацсетак.

Мужчыне інкрымінавалі адразу чатыры крымінальныя артыкулы: распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130), абраза беларускага дыктатара (ч. 1 арт. 368), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і ўваходжанне ў склад «экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1). Дакладны прысуд пакуль невядомы, але ў любым выпадку звязаны з пазбаўленнем волі.

Фотаздымак: са старонкі Міхаіла Горбача Укантакце

Былы вязень горацкай калоніі, палітычны блогер Спірын з’ехаў з Беларусі

Палітычны блогер Павел Спірын, былі палітзняволены бабруйскай і горацкай калоній, з’ехаў у Літву.

“Усім прывітанне, вось нарэшце я выехаў з Беларусі, цяпер знаходжуся ў Літве. Усім прывітанне, вялікі дзякуй усім за падтрымку, за тое, што ўсе гэтыя гады былі са мной і іншымі людзьмі, якія не паспелі дарабіць тое, што мы павінны былі дарабіць у 2020 годзе, але ўсё наперадзе», – гаворыць Спірын у відэа, размешчаным у тэлеграм-канале грамадскага дзеяча Андрэя Стрыжака.

Экс-палітвязень выйшаў на волю ў канцы снежня 2025 года пасля больш за пяць гадоў пазбаўлення волі. Апошнім месцам яго зняволення была калонія №9 у Горках. Да гэтага большую частку тэрміну Павел Спірын правёў у калоніі №2 у Бабруйску.

Спірын – палітычны блогер, якога ў лютым 2021 года асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго  затрымалі 9 верасня 2020 года пасля выпуску чарговага відэа. Падчас электаральнай кампаніі 2020-га Спірын заяўляў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, але ЦВК не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу. Пасяджэнне камісіі транслявалася ў прамым эфіры. Выступаючы на ім, Спірын рэзка выказваўся пра беларускага дыктатара.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтру “Вясна”, вязням бабруйскай калоніі было забаронена размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязнем каралі адпраўкай у штрафны ізалятар. Спірын у калоніі працаваў мыйшчыкам посуду.

Скрыншот: ТГ Андрэя Стрыжака

Магілёўская пракуратура абмежавала доступ да двух грамадска-палітычных сайтаў

Сайт “Хартыі 97” і Школы грамадзянскай асветы Sapere Aude цяпер немагчыма адкрыць у Беларусі без VPN.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, пракурор Магілёўскай вобласці вынес пастановы аб абмежаванні доступу да сайтаў sapere.online і c97.org.

Пракуратура сцвярджае, што падставай для абмежавання сталі нібыта парушэнні патрабаванняў законаў “Аб сродках масавай інфармацыі” і  “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Менавіта такія фармулёўкі звычайна выкарыстоўваюцца для апраўдання ціску на свабоду слова і вольнага доступу грамадзян да інфармацыі.

“На рэсурсе c97.org размяшчаліся загадзя ілжывыя дадзеныя аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь і прававым статусе беларусаў. Акрамя таго, на рэсурсе ўтрымліваліся матэрыялы і гіперспасылкі на кантэнт, прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні судоў”, – гаворыцца ў паведамленні. Прычым ніякіх доказаў таго, што звесткі былі ілжывыя, не прыводзіцца.

Працягвае змагацца пракуратура ў Беларусі і з грамадскімі навукамі. Рэсурсу sapere.online выстаўлена прэтэнзія, што “акрамя экстрэмісцкіх матэрыялаў размяшчаліся вынікі апытанняў грамадскай думкі грамадзян аб стаўленні да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Вялікую праблему у такіх апытаннях магілёўскія пракуроры ўбачылі ў тым, што праводзіліся яны без атрымання акрэдытацыі, “што супярэчыць патрабаванням п. 1 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Тут варта нагадаць, што атрымаць акрэдытацыю сапраўды незалежным сацыёлагам ў Беларусі проста не магчыма.

У адрозненні ад “Хартыі 97”, якая добра вядома беларусам, аб Школе грамадзянскай асветы Sapere Aude многія могуць чуць упершыню. А між тым, гэта даволі цікавы рускамоўны рэсурс, “прысвечаны падзеям, тэндэнцыям і з’явам глабальнага свету”. “Кожны дзень мы сочым за тым, што кажуць і пішуць лепшыя навукоўцы, аналітыкі, філосафы, публіцысты і грамадскія дзеячы з усяго свету і дзелімся іх самымі цікавымі думкамі – заўсёды на рускай мове”, – адзначаецца ў рубрыцы sapere.online “Пра нас”.

У выніку па патрабаванні магілёўскай пракуратуры Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі абмежавала доступ да гэтых рэсурсаў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура