Экс-палітвязень: у магілёўскай калоніі бачыў, як бензапіла рэзала твар людзям

Відэааператар і журналіст Вячаслаў Лазараў, які быў рэпрэсаваны ў 2023 годзе, распавёў пра здзекі ў магілёўскай калоніі №15 і жудасныя ўмовы працы зняволеных.

Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым 2023 года. Праз восем месяцаў яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі, а яго жонку Таццяну Пыцько – да трох гадоў калоніі (пасля апеляцыі жанчыну адпусцілі на волю). Падставай для пераследу стала іх супрацоўніцтва з “Белсатам”. Увесь гэты час іх дачка, якой на той момант быў адзін год, знаходзілася спачатку ў органах апекі, а затым – у бабулі.

Холад, знявагі і здзек

Напрыканцы лістапада 2023 года Вячаслаў Лазараў трапіў у магілёўскую папраўчую калонію №15. Ён прызнаецца, што чакаў хоць нейкай палёгкі пасля СІЗА – магчымасці ўбачыць неба, крыху адчуць паветра. Але рэальнасць аказалася куды страшнейшай.

“Калі мяне прывялі да начальніка калоніі, я пачаў размаўляць на беларускай мове, але мяне выгналі. Так адбывалася пяць разоў запар. Потым начальнік калоніі сказаў: “Ты супрацоўнічаеш з “Белсатам”? – Яны пра мяне кепскія рэчы пісалі. Ты ведаеш, што калі табе на вочы патрапіць вадкасць для апрацоўкі дрэваў – ты застанешся сляпым? Ага, у цябе задраны каўнерык – значыць, 15 сутак”. Так я ўпершыню трапіў у ШІЗА, з якога не вылазіў: за першыя паўгода я правёў там 80 дзён” – распавёў Вячаслаў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Ён апісвае ШІЗА як месца, дзе чалавека ламалі маральна і фізічна. Там – лёд на сценах, ложак на ланцугу без матраца, адзін халодны камплект адзення з надпісам «ШІЗА». Спаць можна толькі па паўгадзіны, бо прачынаешся ад холаду.

“Міску з ежай спецыяльна акунулі ў кашу, каб яна з яе сцякала, працягнулі яе ў акенца і смяяліся. І яшчэ казалі, што нешта дадалі туды. Я адразу зразумеў, што гэта здзек і не дакрануўся да ежы. Калі аддаваў назад, яшчэ засунуў туды кубак з гарбатай – каб так паказаць свой пратэст. На здзіўленне, кантралёр паглядзеў і нічога не сказаў” – кажа былы палітвязень.

Паводле Вячаслава, хоць фізічнага гвалту да палітвязняў ён не назіраў, маральны ціск быў паўсюль. Іх спрабавалі прымусіць да прыніжальнай працы, напрыклад, падбіраць недакуркі.

“Калі б я пагадзіўся праз няведанне, мяне б таксама перавялі ў нізкі статус. Але калі я паспрабаваў адмовіцца, мяне тут жа паспрабавалі выкрыць у тым, што я прытрымліваюся зладзейскіх паняццяў, а гэта фармальна забаронена. Тады я тлумачыў, што я не палю, таму для мяне гэта зневажальна, але я не адмаўляюся ад іншай працы. Але акрамя таго, яны могуць даць табе заданне перанесці ў адзіночку цяжкія рэчы – а гэта немагчыма. І калі ты просіш дапамогі, то гэта расцэньваюць як адмову ад працы. Вядома, у абодвух выпадках табе даюць парушэнні і закідваюць у ШІЗА. Я ўжо прыняў, што хутка ў мяне будзе 411-ы артыкул і змірыўся, але потым ціск прайшоў і пра мяне неяк забыліся” – распавёў Вячаслаў.

Умовы працы пагражаюць жыццю

Праца ў калоніі – цяжкая і небяспечная. Хоць афіцыйна працоўны дзень доўжыцца з 8 да 16, зняволеныя часта застаюцца да позняга вечара. Найбольшая частка працуе на дрэваапрацоўцы.

“На прамзоне я бачыў больш здарэнняў, чым за ўсё жыццё. Праз умовы працы выляталі бярвёны, ударалі па руках і нагах. Я бачыў, як адлятала бензапіла і рэзала твар людзям. Станкі настолькі старажытныя, што адна з дэталяў стрэліла ў столь і адрыкашэціла зусім побач з адным палітвязнем – а важыла яна кілаграм 20. Проста цуд, што яна не забіла яго” – адзначае былы палітвязень.

За сваю працу вязні атрымліваюць толькі сімвалічны заробак – каля сямі рублёў. Пры гэтым частку могуць вылічваць у якасці “кампенсацыі шкоды”. Асабліва цынічным, паводле Вячаслава, было тое, што частка вытворчасці працуе на вайсковыя патрэбы.

“Гэта тычылася і дэталяў, і адзення на швейнай вытворчасц. Адмовіцца было немагчыма, галоўная задача там – захаваць здароўе. Бальнічны там, дарэчы, давалі толькі з тэмпературай за 38. Я двойчы ляжаў у лякарні з пнеўманіяй пасля ШІЗА. Часцей людзі ідуць па дапамогу не да медыкаў, а адзін да аднаго: там жа сядзяць розныя людзі – ад дактароў да псіхолагаў. Таму ўсе імкнуліся дапамагаць адзін аднаму і абменьвацца інфармацыяй пра тыя ж памілаванні”.

У верасні 2025 года, праз два з паловай гады зняволення Вячаслаў стаў адным з тых, каго прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Вязень магілёўскай калоніі: перад смерцю маці дасылала тэлеграму, а яе не перадалі

Былы палітвязень і экс-міліцыянт Мікалай Казлоў, які адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15, распавёў пра катаванні, карцары і расчараванне сярод беларускіх сілавікоў.

З карантыну ў ШЫЗА

У 2021 годзе старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова ў чарговы затрымалі і асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у “групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Палову з гэтага тэрміну ён правёў у штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу, нярэдка трымаў галадоўкі і сядзеў у адзіночцы.

Гэта адбывалася ў калоніі №15 пад Магілёвам, піша Радыё Свабода. Паводле Казлова, яго мінулае ў міліцыі стала прычынай асабліва жорсткага стаўлення з боку адміністрацыі. Адразу пасля карантыну яго кінулі ў ШІЗА. Потым заўсёды сачылі, ціснулі, амаль год не дапускалі адваката, кажа былы палітвязень.

Нягледзячы на гэта, звычайныя вязні, паводле яго, ставіліся без варожасці. “Некаторыя “стукалі”, бывала, але гэта звычайная рэч” – кажа ён.

Пра цяжкія ўмовы ізалятара Казлоў неаднаразова гаварыў з кіраўніцтвам калоніі. Ён успамінае, як першы раз трапіў у ШІЗА адразу пасля карантыну:

“Дванаццаць афіцэраў сабраліся ў начальніка калоніі і пачалі мяне выхоўваць. Казалі пра здрадніка і сцяг, згадвалі паліцаяў і фашыстаў – уся гэтая агітацыя. Тады я іх пытаюся: а як быць з расійскім сцягам ды прапаную ім разабрацца, колькі расійскіх войскаў змагаліся пад трыкалорам за фашыстаў. І дыскусія спынілася. Таму потым мяне перасталі паказальна выхоўваць. Збяруцца ўтрох начальнік Лазарэнка з намеснікамі Федарэнкам ды Ігнаценкам і хуценька даюць ШЫЗА» – ўспамінае Казлоў.

Паводле яго, умовы ў ШІЗА і ПКТ былі надзвычай цяжкія. Скаргі на холад не дапамагалі, а ізаляцыя магла доўжыцца месяцамі.

«Ніхто ад добрага жыцця ня робіць суіцыд. У калоніі, калі захочуць, могуць зрабіць умовы невыноснымі. Удавіцца ў ШІЗА цяжка, бо там назіранне праз камеры, але, відаць, магчыма» – кажа ён.

Казлоў прыгадвае выпадак, калі да яго ў адзіночку падсадзілі чалавека з псіхічным захворваннем. “Ён спрабаваў ўдавіцца на цэпах, якімі нары прычапляюцца да сцяны. Ледзь паспеў яго выратаваць. Калі ж камусці ўсё ж удалося, то віна на кантралёрах», – падкрыслівае Мікалай Казлоў.

Мінус 30 кілаграмаў

За час у зняволенні Мікалай Казлоў страціў каля 30 кілаграмаў. “Падсілкавацца немагчыма. Да крамы не даходзіў – як чарга [ісці], дык кідаюць у ШІЗА. У іх ёсць шмат “падлянак”, каб зрабіць умовы нечалавечымі” – расказвае ён.

Першыя паўгода ў ПК-15 былы палітвязень працаваў на ачыстцы дратоў, але атрымліваў капейкі. Ён прыйшоў да высновы, што турэмная сістэма Беларусі абсалютна карумпаваная.

“Гэта абсалютна карумпаваная структура, у якой вязні як нявольнікі. Там, здаецца, раскрадаецца ўсё. Пакуты палітычных – гэта адна справа, а другая – нічым не прыкрытыя рабаванні. Прыкладам, вязні распісваюцца ў атрыманні новай вопраткі, а потым нічога не атрымліваюць. Дык гэта што?” – кажа Казлоў.

Маўчалі аб смерці маці

Мікалай Казлоў перакананы, што супрацоўнікі сілавых структур, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, павінны панесці адказнасць.

“Усе мусяць прайсці праз тое, праз што мы прайшлі: арышт, следства, суд, вязніца. Вось супраць мяне дакладна рабілі злачынствы, стваралі катавальныя ўмовы. Дык чаму гэта трэба дараваць? Не. Хай адкажуць паводле закону” – гаворыць былы палітвязень.

Ён адзначае, што міліцыянты ў 2020 годзе былі не аднароднымі. Была падтрымка пратэстоўцаў прыкладна ў 30% міліцыянтаў. Цяпер усё інакш. “У мяне склалася ўражанне нейкага змроку. Здаецца, міліцыянты вельмі расчараваныя. ГУБАЗіК і КДБ, верагодна, інакш сябе адчуваюць, але шараговыя міліцыянты ў роспачы” – мяркуе Мікалай Казлоў.

Асабістае гора стала для яго найцяжэйшым ударам. Пакуль Казлоў быў у калоніі, памерла яго маці, і ён нават не ведаў пра гэта, пакуль яе ўжо не пахавалі.

«Маці дасылала мне тэлеграму, а яе нават не перадалі. Потым сказалі, што маглі б адпусціць, калі б я ведаў раней. Але я даведаўся, калі было позна. Не магу гэтага дараваць» – кажа былы палітвязень, які цяпер знаходзіцца ў Бельгіі.

Фотаздымак: Радыё Свабода

“Нізкі статус” для палітвязняў – здзекі ў горацкай калоніі

Былому лідару партыі «Зялёныя» і палітвязню Дзмітрыю Кучуку ў Горацкай калоніі №9 прысвоілі «нізкі статус» – маргінальны турэмны маркер, што ператварае чалавека ў ізгоя.

Дзмітрый Кучук быў затрыманы ў лютым 2024 года і асуджаны на шэсць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах і “заклікі да санкцый”. У няволі яму прысвоілі “нізкі статус”, а сем месяцаў ён правёў у адзіночнай камеры. У размове з “Вясной” ён распавёў, як адміністрацыя і крымінальныя «аўтарытэты» супрацоўнічаюць, каб прынізіць палітвязняў.

“Нізкі статус” па замове адміністрацыі

Паводле Кучука, “нізкі статус” яму прысвоілі па загадзе адміністрацыі, насуперак турэмным традыцыям. У атрадзе было каля 70 чалавек, з іх 20 з “нізкім статусам”, у тым ліку некалькі палітычных. Аператыўнікі загадалі аўтарытэтам прызначыць яму гэты статус, сцвярджаючы, што ён ўзначальваў ЛГБТ-супольнасць. “Яны сказалі, нібы я ўзначальваў у Беларусі ЛГБТ-супольнасць. Пазней я ўжо не змог ад яго пазбавіцца. Хаця паводле ўсіх вараўскіх традыцый гэта было бяспраўе (беспредел). Бо ў мяне не было ніякіх “касякоў” (парушэнняў турэмных правілаў, за якія могуць прызначыць “нізкі статус”). Пазней за гэты статус я апынаўся ў ШІЗА і ПКТ” – кажа ён.

Падчас каранціну начальнік прапанаваў яму памыць умывальнік, а гэта дзеянне, якое ў турэмных нормах лічыцца прыніжальным. За адмову палітвязня адправілі ў ШІЗА на 17 сутак. Так адміністрацыя свядома правакавала парушэнні, каб пакараць.

Жыццё ізгоя

Асуджаных з «нізкім статусам» аддзяляюць ад іншых: асобныя ўмывальнікі, туалет, посуд і сталы. Ім забаронена сядаць разам і дзяліцца ежай або цыгарэтамі. “Бо сесці за стол – гэта канчатковае прызнанне “нізкага статуса”. Калі ты харчуешся асобна, ты паказваеш, што не згодны з гэтым” – тлумачыць Кучук. Такіх вязняў лічаць ізгоямі, прымушаюць мыць прыбіральні і выконваць брудную працу. Асуджаныя пазбягаюць кантактаў з імі, бо могуць самі атрымаць “статус”.

“Нізкі статус” маральна знішчае, кажа Дзмітрый: “Вязняў з “нізкім статусам” там называюць “петух”, “підарас”. Цябе пастаянна будуць маральна забіваць, здзеквацца”. Адмяніць статус амаль немагчыма. Гэта могуць зрабіць толькі крымінальныя аўтарытэты, але ў дачыненні да палітычных яны падпарадкоўваюцца адміністрацыі.

Сем месяцаў у адзіночцы

З усяго тэрміну ў калоніі Кучук толькі два тыдні правёў у жылой зоне, астатні час прабыў у ШІЗА і ПКТ у адзіночнай камеры. Там не дазвалялі чытаць, атрымліваць перадачы, не выдавалі матраса. “Адзінае, можна перакінуцца парай словаў з раздатчыкам ежы ды паслухаць галасы вязняў з суседніх камер” – узгадвае ён.

Сілавікі праз радыёхвалю гучна транслявалі абразы і правакацыі, распускалі чуткі пра яго сям’ю, каб маральна зламаць. Праз гэта вязні жылі ў пастаяннай напрузе, чакаючы памілавання, пра якое часта падманам абвяшчалі.

Салідарнасць і чалавечнасць

Нягледзячы на статус, Дзмітрый сустракаў праявы падтрымкі. Загадчык гаспадаркі ставіўся да яго без абразаў, даваў газеты і матрас. Іншыя вязні перадавалі хлеб, кавалак сала ці дробязі як знакі салідарнасці. “Пры ўсім тым, што крымінальныя аўтарытэты прысвоілі мне гэты статус, яны ж у прыватных размовах стасаваліся са мною даволі на роўных. Яны ўсведамлялі, што “статус” мне далі за палітыку. Калі на прамзоне іншыя мяне правакавалі, аўтарытэты гэтыя пытанні вырашалі” – кажа ён.

Пасля  дэпартацыі ў Літву Кучук аднаўляе здароўе і збіраецца працягваць палітычную дзейнасць. Былы палітзняволены кажа, што нягледзячы на працяглы тэрмін у адзіночнай камеры, ён усё ж такі не здзічэў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

У шклоўскую калонію этапавалі жорсткага гарадзенскага палітвязня

Гарадзенскі палітвязень Мікіта Самарын, які зламаў руку міліцыянту, пераведзены для адбыцця пакарання ў шклоўскую калонію №17.

4 верасня прайшоў разгляд апеляцыйнай скаргі ў Гарадзенскім абласным судзе па крымінальнай справе палітзняволенага Мікіты Самарына. Прадказальна ранейшы вырак быў пакінуты ў сіле – шэсць гадоў узмоцненага рэжыму ў калоніі, піша “Гарадзенская праваабарона”.

У снежні 2020 года Самарын быў засуджаны да чатырох гадоў хіміі за тое, што распыліў газ падчас пікета каля Кастрычніцкага РАУСа Гародні. Аднак, пасля прысуд яму замянілі на два з паловай года зняволення ў калоніі. Самарын не пайшоў на апеляцыю і застаўся на свабодзе. Увесь час пасля суда Мікіта хаваўся ад сілавікоў. Знаходзіўся эміграцыі, паведамляе “Вясна”. Напрыканцы сакавіка 2025 года стала вядома, што затрымалі Мікіту ў Гародні, і на той момант ён ужо чатыры гады хаваўся ад прысуду.

Як ваказалася, ён быў выпадкова затрыманы 23 сакавіка. Пры сабе ў яго не было пасведчання асобы, а дадзеных, якія ён назваў, не было ў базе МУС. Па інфармацыі міліцыі, калі Мікіту сказалі ехаць у РАУС, ён зламаў аднаму з міліцыянтаў руку і паспрабаваў уцячы праз рэчку. Але яго дагналі і затрымалі.

У Самарына зараз значныя праблемы са здароўем – у яго цэлы час апухлая нага, якая моцна баліць. Мяркуючы па ўсім, гэта следства таго, што пры затрыманні яго моцна збівалі.

Суд над Самарыным пачаўся яшчэ 2 ліпеня 2025 году. Вядома, што яго судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Акрамя артыкулу 364 (“гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”), фігураваў артыкул 411 (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”). Імаверна, што 411-ы артыкул з’явіўся ў выніку нежадання Самарына супрацаваць з так званым “следствам”.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Гісторыя з шклоўскай калоніі: збіццё за кубак кавы

Былы палітзняволены шклоўскай калоніі №17 паведаміў аб збіцці супрацоўнікамі адміністрацыі новапрыбылых вязняў за тое, што яны хацелі разам папіць кавы.

Інцыдэнт адбыўся 17 верасня ў так званы “Дзень народнага адзінства”. Як распавёў былы палітвязень Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пры заездзе ў калонію зняволеным выдаваліся неабходныя рэчы, але кубкаў выдалі толькі некалькі, таму хапіла не ўсім. Каву прыйшлося рабіць у адным вялікім аднаразовым кубку. 

Ён успамінае, што за тым, як зняволеныя дзялілі каву, праз камеры ўважліва сачылі супрацоўнікі рэжымнага аддзела. Пры гэтым не толькі назіралі, але і падслухоўвалі размовы. Ідэя падзяліць напой з аднаго вялікага кубка ім здалася «занадта зручнай», бо хоць крыху палягчала жыццё ў цяжкіх умовах.

Нечакана з задняга ўваходу ў памяшканне ўварвалася каля дзесяці ахоўнікаў з дубінкамі. Яны пачалі крычаць, прымушалі вязняў станавіцца да сцяны на расцяжку і адначасова наносілі ўдары – білі дубінкамі і нават нагамі. Тыя, хто падаў ад болю, мусілі зноў падымацца.

Асабліва жорсткім быў начальнік рэжымнага аддзела Сяргей Карчэўскі: ён неаднаразова збіваў дубінкай вязняў, якія стаялі ў прымусовай позе, біў па нагах, прымушаючы шырэй расставіць. Часам біў нагамі, быццам па мячы ў футболе. Іншыя супрацоўнікі не заставаліся ўбаку і таксама ўдзельнічалі ў збіцці.

Паводле сведчання, пасля інцыдэнту аднаго вязня змясцілі ў ШІЗА, а другога адправілі ў шпіталь. Некаторыя з моцна пашкоджанымі нагамі некалькі дзён ледзь рухаліся, іншыя хадзілі з вялізнымі сінякамі па целе цягам тыдняў. Пры гэтым ахоўнікі не ўлічвалі ні хвароб, ні стан здароўя людзей, збіваючы ўсіх без разбору, нават там, дзе гэта магло быць асабліва небяспечна.

“Калі вы лічыце, што на гэтым усё скончылася, то не. – кажа палітвязень. – У якасці пакарання збітыя павінны былі зрабіць генеральную ўборку з вынасам амаль усёй мэблі і “пенай па калена”.

Ілюстрацыя: spring96.org

Былы палітвязень: у бабруйскай калоніі на палітычных моцна ціснуць псіхалагічна

Палітычныя зняволеныя ў бабруйскай калоніі №2 знаходзяцца пад моцным псіхалагічным ціскам і іх пастаянна саджаюць у ШІЗА, сведчыць былы палітвязень Павел Нікіценка.

Каля трох месяцаў заставалася да заканчэння тэрміна зняволення для праграміста з Віцебска Паўла Нікіценкі, калі яго разам з некалькімі дзясяткамі палітвязняў прымусова вывезлі з Літву 11 верасня 2025 года. Цяпер ён зноў разлучаны з сям’ёй і мусіць пачынаць жыццё ў чужой краіне, куды яго прывезлі літаральна з бабруйскай калоніі. Аб гэтым, а таксама аб сваіх пакутах у ёй, мужчына распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Калонія і паўсядзённыя ўціскі

У калоніі Паўлу “жоўтую бірку экстрэміста” і статус “злоснага парушальніка рэжыму” прысвоілі адразу.

“Гэты 10-ы прафілактычны ўлік стварае шмат складанасцяў. Ты не адчуваеш сябе раўнапраўным у калоніі. Нас там не лічаць за людзей. Калі мы звернемся з якой-небудзь просьбай, то ў 99% нам будзе адмоўлена. Калі на нейкія правіннасці звычайных зняволеных заплюшчваюцца вочы, то на нас яны ўжо адыгрываюцца. Вельмі шмат розных уціскаў: адсутнасць працяглых спатканняў, пазбаўленне перадач, сон толькі на другім ярусе, забарона на наведванне розных секцый, першы час была забарона выхаду на прамзону ды многае іншае. Лісты прыходзяць толькі ад блізкіх сваякоў, але трэба было яшчэ даказаць, што гэта блізкія сваякі” – распавядае былы палітвязень.

Паводле яго, звычайным зняволеным сядзець нашмат прасцей. “Мне неяк адзін з начальнікаў атрада сказаў, што заахвочванняў мы ніякіх ніколі не атрымаем, але калі нас не пасадзілі ў ШІЗА, то мы гэта можам лічыць заахвочваннем. А пазбаўленне заахвочвання – значыць ніколі «не стаць на шлях выпраўлення», а значыць не выйсці датэрмінова па амністыі, умоўна-датэрміновым вызваленні. Там ты сядзіш, як на міне, і не ведаеш, ці прыйдуць яны да цябе сёння” – успамінае Павел.

“Падчас першай сустрэчы з аператыўным супрацоўнікам ён мне сказаў, што такіх, як я, ненавідзіць, і яму нічога не каштуе мяне, асабліва з такім наборам артыкулаў, раскруціць на арт. 411 КК, “загнаць у пятушатню” [прысвоіць нізкі статус] або бясконца катаць мяне па штрафных ізалятарах” – кажа ён.

Псіхалагічны ціск

Паводле Паўла, яго, у адрозненні ад іншых хлопцаў, у ШІЗА адпраўлялі толькі два разы. “Але гэта было абсалютна па надуманых прычынах: нібыта я не павітаўся і нібыта на рэзцы гумы я сядзеў на стале. У ШІЗА холадна, мокра і бегаюць мышкі. Ізалятары знаходзяцца ў падвале і на першым паверсе. Мяне садзілі ў падвальнае памяшканне ў “адзіночку”. На падлозе там ляжыць плітка, ад якой яшчэ больш цягне холадам. У ШІЗА я размаўляў з мышкай і павучком, так і жыў там” – гаворыць пакутнік.

“У бабруйскай калоніі няма фізічнага гвалту (я не чуў), але псіхалагічна там ціснуць дастаткова моцна. Цябе максімальна імкнуцца зняважыць. Усім непалітычным забаронена з намі мець зносіны пад пагрозай ШІЗА. Мне неяк адзін асуджаны за карупцыю сказаў: “Прывітанне, але калі што, я з табой не вітаўся”. Паміж сабой нам таксама нельга было мець зносіны” – сцвярджае Павел Нікіценка.

Ён распавёў, што калі палітвязень вяртае ў бібліятэку кнігу, то яе на праверку забірае цэнзар ці нейкі іншы супрацоўнік, і нельга, каб наступным чалавекам, які будзе браць гэтую кнігу, быў таксама палітвязень. На іх думку, мы можам праз надпісы ў кнігах перадаваць нейкія рэчы.

“Бабруйская калонія славіцца частымі праверкамі. Нам так кажуць: “Праверка, усё, як звычайна, БЧБ-шнікі прыбірайце ўсё з тумбаў, каб нічога лішняга не было”. І нам даводзілася ўсё з гэтых тумбаў кудысьці хаваць. Падаецца, Салжаніцын казаў, што самая вялікая праблема зэка – гэта іншы зэк. І, на жаль, у калоніі “стукацтва” вельмі распаўсюджанае, нават сярод палітвязняў. Ты не ведаеш, каму давяраць, а каму не” – кажа былі палітзняволены.

Ён распавёў, што ў калоніі зрабілі нядрэнны рамонт, але там засталася праблема з птушкамі. У сталовай яны могуць усё загадзіць памётам, то-бок хлеб, ежу. І з імі ніяк не змагаюцца. “Для мяне, як “тэрарыста”, які не можа ў атаварцы купляць сабе ежу і рэчы, гэта было крытычна” – адзначыў былы палітычны сідзелец.

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Былы палітвязень: горацкая калонія – самая мярзотная зона ў Беларусі

Дэпартаваны ў Літву палітвязень Мікалай Дзядок распавёў пра катаванні, якія спазнаў падчас зняволення, у прыватнасці, ў калоніі №9 у Горках.

Анархіст і блогер Мікалай Дзядок за амаль пяць гадоў за кратамі па палітычных прычынах спазнаў беспрэцэдэнтны ціск, катаванні, бясконцыя штрафныя ізалятары і турэмныя рэжымы ў розных пенітэнцыярных установах Беларусі. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, у горацкай калоніі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) яго ўтрымлівалі каля паўтара месяца. Агулам, паводле падлікаў палітвязня, адзін год з пяці гадоў няволі яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.

“Калі быць дакладным, то за кратамі я правёў роўна чатыры гады і 10 месяцаў. З іх роўна год мяне трымалі ў ШІЗА. Што тычыцца ўмоваў, то, напэўна, ужо ўсе ў Беларусі ведаюць, што такое ШІЗА. Там нічога няма, апроч нейкіх асабістых рэчаў, і таксама ўвесь час холадна. ШІЗА – гэта сапраўдная катавальня холадам. Па законе там не можа быць менш за 18 градусаў. Аднак ніколі не даб’ешся, каб у ШІЗА табе замералі тэмпературу” – распавёў Дзядок.

Нягледзячы на ўсё катаванні, ён адзначае, што зараз няма такога, як у сталінскія часы, калі ў лагер закідвалі палітычнага і ўвесь лагер яго гнабіць. “Агульнага хейта да палітвязняў няма. Я гэтага не пабачыў нават на строгім рэжыме ў горацкай калоніі, дзе я прабыў каля двух тыдняў, а гэта самая мярзотная зона, якая ёсць у Беларусі” – кажа Мікалай Дзядок.

Цяперашні былы палітзняволены быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку МУС.

У Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года Мікалаю Дзядку вынеслі палітычна матываваны прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мікалай не прызнаў віну ні па адным артыкуле.

У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня 2022 года разглядзелі справу “аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму”. Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў. На пачатку ліпеня Міколу перавялі з горацкай калоніі №9 у гарадзенскую турму №1.

11 верасня 2025 года стала вядома, што Міколу Дзядка і яшчэ паўсотні вязняў прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Палітвязень: калонія ў Шклове – гэта фабрыка катаванняў

Фабрыкай катаванняў назваў калонію №17 у Шклове дэпартаваны ў Літву палітвязень Аляксандр Ярашук.

“Шклоўская калонія – гэта фабрыка катаванняў, якую ўзначальвае спадар Карніенка, які, напэўна, вельмі імкнецца быць генералам. Пакуль ён палкоўнік, і хутчэй за ўсё, яго ацэняць па заслугах” – сказаў на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільні былы старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БДКП) Аляксандр Ярашук.

“Я яшчэ не адбыў каранціна, а ўжо трапіў у ШЫЗА (штрафны ізалятар). А самае жудаснае ШЫЗА ў Беларусі – гэта ў Шклове. І калі першую ноч я думаў, што яе і не перажыву, але я перажыў у свае 72 гады. Зараз мне 74 гады. Калі я перажыў, то я ўжо ведаў, што больш ніхто, ніяк і ніколі не зможа нада мной ўзяць верх. І ў той жа дзень, калі ўжо развіднела, калі я не мог спаць насамрэч, бо праз кожныя 15 хвілін ты вымушаны падымацца, каб прысядаць і адціскацца ад падлогі, таму што інакш ад холаду замерзнеш, я выйшаў і сам сабе сказаў: “Пайшлі вы далёка-далёка” і пачаў спяваць”.

Ён распавёў, што назіраў, якая будзе рэакцыя, але ніякай рэакцыі не было, поўная цішыня. “І я зразумеў, што яны насамрэч баяцца” – сказаў Ярашук.

Паводле дэпартаванага, падчас зняволення і падчас дэпартацыі ён бачыў у асноўным людзей у масках: “Дык хто гаспадары ў краіне? Калі яны, то чаго так баяцца? Яны ведаюць, што раней ці пазней за ўсё давядзецца адказваць. У тым ліку і за тыя пашпарты, якія ў нас скралі”. Як стала вядома, частку дэпартаваных выдварылі ў Літву без пашпартоў. 

У разуменні Ярашука гэта фактычна пазбаўленне грамадзянства.

Пры гэтым ён паабяцаў абавязкова вярнуцца ў Беларусь: “Мы справядлівыя гаспадары нашай краіны, нашай любай Беларусі”.

Сілу вытрымаць у “тых нечалавечых умовах” палітвязням “даў беларускі народ”, заявіў экс-кіраўнік БКДП.

Ярашук таксама падзякаваў за падтрымку сваёй сям’і, прэзідэнту ЗША, Еўразвязу, Літве, Польшчы.

11 верасня 2025 года з Беларусі ў Літву былі прымусова вывезены 52 палітычныя вязні. Сярод іх было 14 замежных грамадзян і 38 грамадзян Беларусі. 

Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай

Палітзняволены гісторык Ігар Мельнікаў, родам з Бабруйска, выйшаў на волю

Асуджаны на чатыры гады гісторык Ігар Мельнікаў, выйшаў на волю раней тэрміна, магчыма, па памілаванні.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Мельнікаў выйшаў з калоніі 2 ліпеня. Асуджаны ён быў у верасні 2024 года.

Ігара Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года ў той жа час, калі адбылася аблава на салідарных з палітвязнямі.

Суд над ім пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Як паведамляла пракуратура, Ігар Мельнікаў 26 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв’ю “Еўрарадыё”, якое раней было прызнанае “экстрэмісцкім фармаваннем”. 

Такім чынам яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складала шэсць гадоў калоніі, мінімальнае – “хімія”. Пэўны час палітвязень утрымліваўся ў магілёўскай турме №4. 22 лістапада 2024 года быў унесены МУС у “спіс экстрэмістаў”.

Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.

Як раней пісала «Наша ніва», Мельнікаў спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме.

У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.

Фотаздымак: інстаграм І.Мельнікава

Холад, катаванні і праца: сведчанні вязня шклоўскай калоніі

Былы палітзняволены Мікіта Літвіненка распавёў пра стаўленне адміністрацыі шклоўскай калоніі №17 да палітвязняў, смерць зняволеных праз неаказанне ім медыцынскай дапамогі, а таксама пра працу там.

У верасні 2020 года ў Мінску затрымалі Мікіту Літвіненку, якому тады было 21 год, і яго траіх сяброў, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У аснову іх абвінавачвання ляглі прызнанні, напісаныя супрацоўнікамі нібыта ад імя мужчын, аб удзеле ў пратэстах 2020 года. Усяго абвінавачванняў было на шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Каб іх падпісалі, затрыманым ламалі пальцы на руках. Потым Мікіту і яго сяброў асудзілі да пазбаўлення волі. 

Смерці вязняў і жорсткасць супрацоўнікаў

Адбываць пакаранне, якое яму прызначылі ў выглядзе чатырох гадоў зняволення, мужчына паехаў у шклоўскую калонію №17, дзе ўжо загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Гэта ўстанова вядомая асаблівай жорсткасцю, а палітвязняў там часта выкарыстоўваюць як прыклад «пакарання».

Літвіненка ўзгадвае, што нават за кароткі час стаў сведкам некалькіх смерцяў: «З майго атрада памерла тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу. Зразумела, што людзі былі не здаровага ладу жыцця, але пры жаданні ім можна было дапамагчы. Гэта значыць, памералі ціск, далі пігулак, адпусцілі. І так адбывалася некалькі разоў. Потым чалавек схадзіў у лазню, памыўся, мабыць, ціск падняўся. Прыйшоў у медчастку, сказаў, што яму дрэнна, яго адправілі ў атрад, дзе ён памёр».

Ён сцвярджае, што збіцці адбываліся ў «сляпых зонах» калоніі: у калідорах без камер і ў карцары. «Стаўленне адміністрацыі бязлітаснае, ніякага жалю няма. Ёсць толькі пагарда, злосць, пыхлівасць і разуменне таго, што яны могуць рабіць з намі, што захочуць. Збіццё часцей адбываецца ў карцары, асабліва калі там яшчэ не было відэакамер, яшчэ ў пакоях для ператрусу, там, дзе камер няма, ну і ў калідорах, у “сляпых зонах”, дзе яны могуць дубінкамі біць» – кажа былы палітвязень

Зняволеныя, асабліва палітычныя, сутыкаюцца з пастаяннымі пагрозамі і маральным ціскам. Па словах Мікіты, яго рэгулярна прымушалі стаяць у нязручных позах па некалькі гадзін. Ён прызнаецца, што ўдары ад супрацоўнікаў былі звычайнай справай.

Адміністрацыя калоніі выкарыстоўвала любыя дробязі як нагоду для пакарання. Пастаянныя ператрусы, рапарты і пазбаўленне спатканняў сталі часткай штодзённасці палітвязняў.

Жыццё ў ізалятары: холад і знясіленне

Літвіненка правёў восем месяцаў у ізалятары і ПКТ. Ён узгадвае холад і антысанітарыю: «І ў ШІЗА, і ў ПКТ круглы год адчыненае акно, гэта значыць, там пастаянна халодныя скразнякі. Ацяпленне не працуе, а калі працуе, то рэгулюецца супрацоўнікамі і ледзь-ледзь цёплае. У ШІЗА пастаянныя “расцяжкі”. За ўвесь час знаходжання ў Шклове я не памятаю дня, калі ў ШІЗА не знаходзіўся б палітвязень. Я нават не ведаю, як апісаць, як там холадна ў міжсезонне. Гэты холад перарастае ў фізічны боль. У гэты час вельмі вільготна, па сценах цячэ. Немагчыма нават заснуць, бо калоцішся».

Акно ў камерах было заўсёды адчынена, ацяпленне не працавала. Сцены пакрывала вільгаць, таму вязні часта не маглі спаць. Як распавядае Літвіненка, начальнік забараніў нават споднюю бялізну, хоць закон дазваляе яе ў зімовы перыяд.

Штрафны ізалятар меў мінімальныя ўмовы: кавалак мыла, шчотку і тэпцікі. У ПКТ дазвалялі кнігі і пісьмовыя прылады, але гэта не палягчала цяжкасці. Пастаянныя «расцяжкі» і абмежаванні выкарыстоўваліся як сродак псіхалагічнага ціску.

Паводле Літвіненкі, адміністрацыя свядома пазбаўляла палітвязняў медыцынскай дапамогі. Са словаў мужчыны, на працу зняволеным даводзіцца хадзіць нават падчас хваробы. Звычайна могуць проста даць таблеткі, “калі пашанцуе – на дзень бальнічны”. 

“Стаматолаг у калоніі ёсць, і нават стаматалагічнае абсталяванне, гэта значыць могуць паставіць часовую пломбу, напрыклад. Але да яго проста не патрапіць, бо вельмі вялікія чэргі. Каб да яго запісацца, трэба прабіваць дарогу, а гэта значыць – прыцягваць да сябе ўвагу. А калі гэта палітвязень, то гэта не вельмі добра. Таму што прыцягненне ўвагі да сябе – прамая дарога ў карцар” – кажа ён.

Цяжкая праца і новы прысуд

Палітвязняў прымушалі працаваць: разбіраць метал, паліць тэлефонныя кабелі, калоць дровы. Пры гэтым аховы працы не існавала. “На працы там я спачатку збіваў паддоны, а потым чысціў алюмініевыя кольцы. Зразумела, што ад такой працы была вельмі моцная стомленасць. Пастаянны бруд, смаркаешся чорным, бо там проста няма чым дыхаць, няма працоўнага адзення, няма дзе памыцца, няма дзе праць рэчы” – узгадвае Літвіненка.

У лістападзе 2023 года Мікіту асудзілі яшчэ на год па арт. 411 за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Падчас этапавання ў ПК-9 у Горках ён адчуў розніцу: рэжым быў мякчэйшы, але праца заставалася цяжкай і знясільваючай.

10 сакавіка 2025 года мужчына выйшаў пад прэвентыўны нагляд. Ён абавязаны быў адзначацца ў міліцыі і працаваць. «А 22:01 мне ўжо званіла ў дзверы міліцыя і правярала, ці дома я» – кажа ён.

Адразу пасля вызвалення Мікіта Літвіненка пакінуў Беларусь. Сёння ён у бяспецы і працягвае распавядаць пра катаванні і жорсткасць беларускіх турмаў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”