Бальнічныя будуць аплочвацца па-новаму – міністэрства працы

Галоўнае новаўвядзенне – у залежнасці ад стажу работы супрацоўніка будзе вызначацца, ці атрымае ён 100% ад сваёй зарплаты за першыя дванаццаць дзён хваробы. Змены ўступяць у сілу з 1 студзеня 2024 года.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касценіч распавяла пра асноўныя змены ў схеме аплаты бальнічнага:

– Дзейнічае норма, па якой з першага дня на працягу 12 дзён бальнічны складае 80% ад заробку, а ў наступныя дні – 100%. Зараз мы прывязаліся да стажу: калі ў цябе 10 гадоў і больш, з першага дня ты атрымаеш 100% ад сваёй зарплаты, калі менш за 10 гадоў, то 80%, – патлумачыла Ірына Касцевіч.

Гаворачы аб беларусах, якія маюць дадатковую работу, міністр адзначыла:

– Прапануем выплачваць бальнічны па асноўнай працы, але база, з якой будзе выплачвацца бальнічны, будзе сумавацца па ўсіх месцах працы. Разлік ад агульнай сумы, з якой выплачвалі ўзносы, будзе ажыццяўляць фонд.

Ірына Касцевіч выказала меркаванне, што такія меры дапамогуць пазбегнуць памылак з боку бухгалтарскіх службаў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Атака на касцёл, вундэркінды ў БРУ, палітзняволены выйшаў на волю. Навіны мінулага тыдня – дайджэст

На касцёл св. Станіслава ў Магілёве быў здзейснены акт нападу на мінулым тыдні – былі пабітыя вокны па ўсім будынку. А вось касцёл у Бабруйску, як аказалася, верагодна будуць перадаваць ва ўласнасць каталіцкай абшчыне.

Праваслаўныя вернікі на мінулым тыдні адзначалі Вадохрышча.

На волю выйшаў магілёўскі палітзняволены Валадар Цурпанаў. А арыштаваны прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў зняволенні. 

На тыдні стала вядома, што расійскія вундэркінды, дзесяцігадовая Аліса і дзевяцігадовы Хеймдаль Цепляковы сапраўды вучацца ў магілёўскім БРУ – высветлілі mogilev.media.

Да міжнародных навінаў – пад Кіевам разбіўся верталёт разам з кіраўніцтвам МУС.

Стала вядома, што насельніцтва Кітая пачало інтэнсіўна скарачацца з-за ранейшай палітыкі “аднаго дзіцяці” ў сям’і.

Не прайшло і поўзімы, а ў Мсціславе залілі каток.

На мінулым тыдні стала вядома пра ліквідацыю яшчэ адной грамадскай арганізацыі ў Беларусі – Асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.

У Касцюковічах п’яны мужчына спрабаваў выкінуць падлетка з вакна інтэрната.

На Тэатральнай плошчы ў Магілёве запрацаваў новы гадзіннік. Стары механічны быў заменены на новы, электронны, але на працягу першага ж тыдня працы ён неаднаразова даваў збоі ў працы. 

Пад Магілёвам мінскі майстар ледзяных скульптур узвёў дзевяцімятровы маяк.

У Мінску адкрылася выстава магілёўскага мастака, авангардыста Ігара Бяспалава.

У Магілёве памёр вядомы бабруйскі актор Леанід Кучко.

Стала вядома пра смерць дальнабойшчыка з Магілёва, экс-байца ў паядынках без правілаў Яўгена Дваракова.

Дзень у гісторыі. 23 студзеня. Самы разбуральны землятрус. Памерлі герой Чылі Ігнат Дамейка і «імператар рэпартажу» Рышард Капусцінскі. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі

Дзень почырку, Дзень ручнога ліста (Handwriting Day)

Заснаваны па ініцыятыве Асацыяцыі вытворцаў пішучых прылад з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога ліста, аб непаўторнасці почырку кожнага чалавека і зірнуць на стварэнне рукапіснага тэксту, як на спосаб самавыяўлення. 

Дата гэтага свята абрана не выпадкова – у гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў, Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774 год). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.

Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу многіх тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваліся і Арыстоцель, і вялікія італьянцы эпохі Адраджэння. А ў 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Графалогія лічыцца адной з найважнейшых навук, здольнай толькі па ручным пісьме вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека.

Па почырку можна пазнаць характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, у якім настроі чалавек пісаў, яго стаўленне да навакольных і нават аптыміст ці песіміст аўтар.

1556 год. У кітайскай правінцыі Шаньсі адбыўся самы разбуральны землятрус з усіх сусветных сейсмічных катастроф

Яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Сіань, які размешчаны на берагах вялікай ракі Хуанхэ. 

Па сведчанні відавочцаў, цэлыя гарады апускаліся ў грунт за лічаныя секунды, колькасць ахвяр гэтай трагедыі налічвала больш за 830 000 чалавек. Па колькасці загінулых – гэта трэцяя катастрофа за ўсю пісьмовую гісторыю чалавецтва, а з землятрусаў – наймацнейшы ў гісторыі па колькасці ахвяр і адзін з наймацнейшых па магнітудзе (8,4)

На карце чырвоным колерам адзначана правінцыя Шэньсі, охравым –  закранутыя землятрусам раёны.

1793 год. У Санкт-Пецярбургу падпісана пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай. 

Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводства. Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск (сёння Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія вобласці Падолле і Валынь.

У гэтым падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1783 год. Нарадзіўся Стэндаль (Анры-Мары Бейль). 

Французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, аўтар знакамітага рамана «Чырвонае і чорнае». Аўтар слова «турыст». 

Удзельнік пахода Напалеона на Расію ў 1812 годзе. Праз Оршу, Смаленск дайшоў да Маквы. 

Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, служыў ваенным інтэндантам у Оршы.

1849 год. У ЗША упершыню ўручаны дыплом урача жанчыне Элізабет Блэквел. 

А вось першай жанчынай на Беларусі і ў Расіі з дыпломам доктара медыцыны ў 1867 годзе стала ураджэнка Чавус Варвара Руднева-Кашаварава (па нараджэнню – Нафанова).

1889 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка. 

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.

У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам. 

Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка. 

Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі. Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прародазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.

Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.

У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.

Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.

Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку. Таксама – горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі. Ёсць музей і стаіць абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.

1901 год. Нарадзіўся Станіслаў Калеснік. 

Беларускі, савецкі географ, доктар геаграфічных навук, акадэмік АН СССР, прафесар, палярнік, заснавальнік савецкай гляцыялогіі, Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР (1964-1977).

У аўтабіяграфіі месца нараджэння – г. Віцебск.

Скончыў геаграфічны факультэт ЛДУ.

Удзельнік і кіраўнік шматлікіх геамарфалагічных даследаванняў горных раёнаў, ледавікоў, арктычных экспедыцый.

У Ленінградскім універсітэце прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры, дэкана геаграфічнага факультэта, прарэктара.

Працаваў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага геаграфічнага саюза, з’яўляўся Ганаровым членам Польскага, Сербскага, Харвацкага, Амерыканскага геаграфічных таварыстваў; Ганаровым доктарам Кракаўскага і Фінскага (Турку) універсітэтаў.

Рэдактар Энцыклапедычнага слоўніка геаграфічных назваў.

Памёр 13 верасня 1977 года.

Яго імем названы: пік у Забайкальскім Алатау, два пікі на Паміры, ледавікі – на Каўказе, Палярным Урале.

1916 год. Самае рэзкае у свеце  пахаладанне на працягу сутак: падзенне на 56 градусаў

Адбылося ў амерыканскім штаце Мантана: тэмпература знізілася з  з +6,7 да -48,8°С.

1938 год. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі. 

Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік.

Рэдактар, выдавец  беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.

Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.  

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.

Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»). Таксама – апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.

21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў гэты ж дзень расстраляны. 

1960 год. У склад Магілёўскай вобласці ўключаны Глускі раён. 

Гэта адзіны палескі раён у складзе вобласці і адзіны са здабычай нафты, у басейне р. Прыпяць. Самы цёплы, з самым працяглым вегетатыўным перыядам, адзіны раён, дзе пануе ветравая эрозія глебаў.  

У 1938-1944 гадах уваходзіў у склад  Палескай, у 1944-1954 – Бабруйскай, у 1954-1960 – Мінскай вобласці. Зараз у раёне каля 12 000 жыхароў.

1981 год. Памерла Вера Маслоўская. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.

Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).

У 1920-1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.

Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе ў Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951-1958 гадах працавала ў Супраслі загадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.

Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.

2007 год. Памёр ураджэнец Пінска  Рышард Капусцінскі. 

Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».

Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў Залаты Крыж Заслугі за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

Удзельнік руху «Салідарнасць».

Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у  1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.

Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага, Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і узнагарод.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Памёр 23 студзеня 2007  года.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.

Дзень у гісторыі. 22 студзеня. Пачатак Лівонскай вайны і паўстання 1863-1864 гадоў. Знойдзены Ангкор Ват. Нарадзіўся 300-тысячны магілёвец

Сусветны дзень снега (World Snow Day, з 2012 года) – міжнароднае свята, дзень зімовых відаў спорту. Адзначаецца штогод у перадапошнюю нядзелю студзеня.

Ініцыятарам і заснавальнікам правядзення свята з’яўляецца Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту (FIS). Па задуме арганізатараў, Сусветны дзень снега павінен служыць папулярызацыі зімовых відаў спорту і актыўнага, здаровага ладу жыцця. Праходзіць пад дэвізам – «Нацешыцца, азнаёміцца і выпрабаваць!»

Першымі Дзень святкавалі ЗША, Канада, Аўстралія, Швейцарыя, Фінляндыя, Германія, Вялікабрытанія, Нарвегія, Польшча, Турцыя, Казахстан, Украіна і іншыя. Зараз Сусветны дзень снега адзначаюць у 50 краінах.

1558 год. Маскоўскае княства распачала Лівонскую, Інфлянцкую вайну (1558—1583). 

Вайна вялася Маскоўскай дзяржавай супраць Лівонскага ордэна і падтрымаўшых яго Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Швецыі за кантроль над Лівоніяй.

На сярэдзіну XVI стагоддзя Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Масковія, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць большы выхад да Балтыйскага мора, чым у яе быў (існаваў горад і порт Івангарад). У 1557 годзе быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы. У студзені 1558 года маскоўскія войскі пачалі вайну з мэтай авалодання лівонскіх гарадоў і замкаў Нарвы, Дэрпта, Нейгаўза, Рэвеля, Рыгі.

Асада маскоўскімі войскамі Нарвы, 1558

1624 год. Віцебск пазбаўлены Магдэбургскага права, якое было нададзена ў 1597 годзе. 

Гэта стала рэакцыяй караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III на заклікі Рымскага папы Урбан VIII разабрацца з зачыншчыкамі Віцебскага паўстання 12 лістапада 1623 года, падчас якога быў забіты ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч, збіты іншыя святары, разрабавана маёмасць, знішчаны архіў епархіі. 

Магдебургскае права было адноўлена  ў 1644 годзе.

Старажытны герб Віцебска, 1597

1796 год. Беларускія гарады Бабруйск, Давыд-Гарадок, Докшыцы і Паставы атрымалі гербы ад расійскіх уладаў.  

На фота: Імперскі герб Бабруйска. Ён адрозніваецца ад сучаснага адсутнасцю арла ў верхняй частцы.

 

1800 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Фольбарт. 

Доктар медыцыны. Спецыяліст у галіне медыцыны, прыродазнаўчых навук. 

Член Пецярбургскай акадэміі навук, мінералагічнага таварыства, Маскоўскага і Рыжскага таварыстваў даследчыкаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі, Рускага геаграфічнага таварыства. Вучыўся медыцыне ў Германіі, Францыі, Англіі. 

Працаваў урачом у Пецярбургу.

З 30-гадовага ўзросту пачаў займацца мінералогіяй, склаў багатую калекцыю мінералаў і адкрыў ванадзіевакіслую медзь, якой прысвоілі назву “фальбарыт”. Сур’ёзна займаўся і палеанталогіяй.

Памёр 5 сакавіка 1876 года.

Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі
Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі

1863 год. Распачалося паўстанне 1863-1864 гадоў супраць расійскіх уладаў. 

Паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай – сучасныя Польшча, Беларусь, Літва, Латвія і частка Ўкраіны – супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. 

Пачалося абвяшчэннем Маніфесту Часовага нацыянальнага ўрада. Гістарыяграфічная навука дае розныя ацэнкі паўстанню ў цэлым, асабліва ў плане нацыянальнай матывацыі кіраўнікоў і сацыяльнай базы ўдзельнікаў: ад «польскай шляхецка-клерыкальнай смуты» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага» або «сялянска-рэвалюцыйнага руху».

1869 год. Нечаканае адкрыццё ў камбаджыйскіх джунглях комплекса Ангкор Ват. 

Заблукаўшы ў камбаджыйскіх джунглях каля возера Тонлесап, французскі падарожнік Анры Муо раптам убачыў перад сабой гіганцкі храмавы комплекс з галерэямі, вежамі, павільёнамі і варотамі, багата ўпрыгожанымі разьбой па камені.

Так быў “выняты з небыцця” Ангкор Ват (“Пагада сталіцы”), жамчужына майстэрства старажытных кхмераў, найбуйнейшае ў свеце культавае збудаванне. Узведзены ў сярэдзіне XII стагоддзя і прысвечаны богу Вішну. 

Займае плошчу ў 200 квадратных кіламетраў, насельніцтва дасягала паўмільёна жыхароў. 

У 1992 годзе разам з іншымі збудаваннямі горада Ангкор узяты пад эгіду ЮНЕСКА. 

Сёння з’яўляецца адной з галоўных турыстычных славутасцяў Камбоджы. 

1906 год. Нарадзіўся Андрэй Александровіч

Беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.

У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».

Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.

Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.

Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Памёр 6 студзеня 1963 года.

1935 год. У в. Целяшы Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Ракаў. 

Беларускі паэт. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, працаваў на Магілёўскім радыё, у шклоўскай раённай газеце «Ударны фронт», рэдакцыях «Звязды», «Полымя».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

1980 год. У Магілёве нарадзіўся 300-тысячны гараджанін. Яму сёння 43 гады. Горад “падрос” у параўнанні з перапісам насельніцтва 1979 года адразу амаль на 10 тысяч чалавек. Хацелася б ведаць як жа склаўся лёс 43-гадовага “300-тысячнага магілёўца”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

2012 год. Памёр Яўген Шатохін. 

Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».

Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах,

Аўтра шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».

Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медаль Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,

Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска, Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

Кампаніі беларусаў у Літве выраслі за год у тры разы

Зараз у Літве больш за 50 000 беларусаў. Літва ўваходзіць у ТОП-3 самых папулярных лакацый для беларускіх айцішнікаў.
За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваны ў Літве, вырас больш як у 3 разы, паведамляе devby.io .

Сёння ў суседняй краіне зарэгістравана 30 кампаній з беларускімі каранямі. У іх занята больш за 4 700 супрацоўнікаў, а яшчэ год назад іх было менш за 1 500.

Самы вялікі штат у EPAM. За год адбыўся рост супрацоўнікаў у 450%. Асабліва інтэнсіўна каманда расла ў чэрвені-ліпені 2022 года – на 750 чалавек за два месяцы.
EPAM працуе ў Вільні і Каўнасе. Зараз адкрыта яшчэ больш за 100 вакансій на працу.

За 1-3 кварталы 2022 года EPAM увайшоў у ТОП-3 ІТ-бізнэсаў у Літве па суме выплачаных падаткаў – больш за 6 000 000 еўра.

Каманда літоўскага офіса Wargaming за мінулы вырасла на 250% да 988 спецыялістаў. Асабліва інтэнсіўны рост адбыўся пасля нападу Расіі на Ўкраіну – у красавіку-жніўні, з 450 да 900 спецыялістаў, за кошт супрацоўнікаў мінскага офіса, пасля таго як кампанія закрыла бізнес у Беларусі.

У офіс патрабуецца яшчэ 50 спецыялістаў. Wargaming таксама у тройцы лідараў па суме выплачаных падаткаў: за 3 кварталы 5 200 000 еўра.

Штат распрацоўшчыка гульняў Melsoft з красавіка 2022 года вырас у 4,3 раза да 320 супрацоўнікаў.

Вытворца лічбавай оптыкі Yukon Advanced Optics Worldwide павялічыў свой штат у Літве да 275 чалавек і увайшоў у ТОП-5 па колькасці супрацоўнікаў сярод кампаній з беларускімі каранямі.

Распрацоўшчык дадатку для жаночага здароўя Flo (Flo Health) павялічыў за год свой штат у Вільні і Каўнасе з 70 чалавек да 245 супрацоўнікаў (400%).

Значны рост штатаў паказалі і такія кампаніі з беларускімі каранямі, як ITAG LT, Softeq Development (у 5 разоў), Coherent Solutions (у 3 разы), Gurtam (у 2,5 разы), EIS Group Lietuva (130%) і іншыя.

Усе тыя сумы, якія ў выглядзе падаткаў кампаніі з беларускімі каранямі пералічваюць у літоўскі бюджэт, адпаведна не атрымлівае беларускі бюджэт, а значную частку ганарараў і заробкаў супрацоўнікі пакідаюць у літоўскіх гандлёвых сетках.

Свіны грып не пускае кракен на Магілёўшчыну

Па дадзеных беларускага Міністэрства аховы здароўя кракен пакуль не выяўлены ў Магілёўскай вобласці. Яго распаўсюджванню замінае эпідэмія свінога грыпу. 

Калісьці словам “Кракен” назвалі легендарную марскую пачвару, вядомую па апісаннях ісландскіх маракоў. А цяпер так называецца самы заразны штам кавіду. Кракен выдатна абыходзіць імунную абарону, якая магла з’явіцца ў чалавека праз вакцынацыю ад кавіду ці перанесеную хваробу. Ён суперзаразны, але не такі небяспечны, як першыя штамы.

Мутацыя штама амікрон, вядомая таксама пад назвай ХВВ.1.5 ці “Кракен” шырока распаўсюджана ў ЗША і Кітаі. Хутка ён таксама можа стаць дамінуючым штамам кавіду ў Еўропе. 

Сёння кракен лічаць самым заразным, але не такім небяспечным як папярэднія штамы кавіду. Людзі з добрым імунітэтам у некаторых выпадках могуць хварэць бессімптомна, але найчасцей заражэнне кракенам суправаджаецца наступнымі сімптомамі: кашаль, гарачка, парушэнне нюху ці смаку, ахрыпласць, галаўны боль, боль у горле і мускулах, задышка, закладзенасць носа, стомленасць, страта апетыту, дыярэя.

Пакуль невядома, наколькі вакцына абараняе ад заражэння кракенам. Тым не менш, наяўнасць прышчэпкі зніжае імавернасць цяжкага працякання кавіду, калі чалавек захварэе.

Распаўсюджванню кракена пакуль замінае эпідэмія грыпу. Як ужо пісалі mogilev.media, “канкурэнцыя” інфекцый зменшыла для чалавецтва небяспеку кавіднага захворвання, але павялічыла магчымасць захварэць на грып. 

Пакуль што ў нашай краіне не было зафіксавана выпадкаў кракену. Што не азначае, што яго ў нас няма.

Выява з адкрытых крыніц. 

Дзень у гісторыі. 21 студзеня. Дзень абдымкаў і Швейцарскай гвардыі. Нарадзіўся гісторык Адам Кіркор. Пакараны Емяльян Пугачоў, памёрлі археолаг Ісак Сербаў і Уладзімір Ленін

Міжнародны дзень абдымкаў (International Hug Day, з 1986 года). 

З абдымкаў пачынаецца жыццё чалавека – бо першае, што робіць маці пасля з’яўлення свайго дзіцяці на свет – абдымае яго і прыкладвае да грудзей. Абдымкі суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыццёвага шляху – абдымаюцца закаханыя, муж і жонка, сябры, сваякі. Абдымаюцца, вітаючы адно аднаго, выказваючы свае пачуцці. Абдымкі – сімвал блізкасці і кахання.

Ёсць версія, што ў 1970-я гады нейкі юнак Хуан прыляцеў у Сіднэй. Маладога чалавека ніхто не сустрэў, і гэты факт засмуціў яго. Яму было самотна і сумна. Страціўшы надзею, ён зрабіў плакат “Абдымкі бясплатна” і стаў каля аэрапорта. Аўстралійцы са здзіўленнем спачатку глядзелі на юнака. Але жанчына, якая падышла да яго, сказала, што яна засталася зусім адна і мае патрэбу ў абдымках… 

Пра гэтую падзею даведаліся і студэнты, якія выступілі заснавальнікамі новага свята. Так у Аўстраліі зарадзіўся рух абдымкаў. А з 1986 года свята стала адзначацца і ў Амерыцы, потым традыцыя абдымкаў разышлася па свеце.

Увогуле, Дзень абдымкаў адзначаецца 4 разы на год: 21 студзеня, 15 і 22 ліпеня, 4 снежня, але ж дата 21 студзеня – найболей папулярная.

На думку навукоўцаў, штодзённыя абдымкі ад 3 да 7 разоў умацоўваюць імунную сістэму і псіхіку, а больш за 8 разоў – дазваляюць чалавеку здабыць поўнае шчасце.

Дзень інжынерных войск Беларусі. 

Чамусьці свята звязваецца з ўтварэннем рускай «Школы пушкарскага прыказа», якую 21 студзеня 1701 года заснаваў Пётр І. 

Армія Вялікага Княства Літоўскага і да гэтай даты мела свае інжынерныя войскі і аддзелы. Менавіта пабудова пантоннага маста з вінных бочак дапамагла Канстанціну Астрожскаму пераправіцца цераз Днепр і разграміць маскоўцаў у славутай бітве пад Воршай.

Сёння дыплом беларускага воіна-інжынера можна атрымаць у Ваеннай акадэміі і на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ. Інжынерных частак ва Ўзброеных Сілах краіны досыць багата: 7-ы Торуньскі інжынерны полк у Барысаве, 557-ы полк Заходняга камандавання, 2-я інжынерная брыгада ў Мінску, 189 інжынерны полк у Гродна, 188 інжынерна-сапёрны батальён у Магілёве.

1506 год. Утворана войска Ватыкана – Швейцарская гвардыя. Найстарэйшае войска на планеце. 

Утворана па распараджэнні рымскага папы Юлія II. Папа запрасіў на службу палкоўніка П’ера дэ Эрнштайна, які прывёў з сабой полк у паўтары сотні вялізных, светлавалосых, барадатых салдат. 

Служба ў гвардыі працягваецца ад двух гадоў. Акрамя прыгожай знешнасці і фізічных даных, суіскальнік павінен мець вышэйшую адукацыю, рост не меней за 174 см, узрост не старэйшы за 25 гадоў, быць чыстакроўным швейцарцам і быць каталіком. 

Гвардыя складаецца з 117 гвардзейцаў: 97 алебардыстаў і 7 сяржантаў. Камандуе войскам капітан папскіх гвардзейцаў са сваімі 4 афіцэрамі – дзейнымі афіцэрамі швейцарскай арміі.

Форма швейцарскіх гвардзейцаў вельмі каларытная – шлемы ўпрыгожаны ружовымі плюмажамі, а на камзолах чаргуюцца жоўтыя і сінія палосы. Распрацоўка дызайну формы належыць Мікеланджэла і Рафаэлю.

1775 год. У Маскве пакараны смерцю праз чвартаванне Емяльян Пугачоў. 

Данскі казак, кіраўнік сялянскага паўстання 1773-1775 гадоў. 

Удзельнік Сямігадовай 1756-1763 і руска-турэцкай 1768-1774 гадоў войнаў. На пачатку 1772 года быў ва ўцёках у старавераў у Ветцы на Гомельшчыне, ёсць непацверджаныя даныя аб знаходжанні і на тэрыторыі Хоцімшчыны.

У верасні 1773 года абвясціў сябе імператарам Пятром III. Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сялянскага царства. Паказаў вялікія арганізатарскія і ваенныя здольнасці. Пасля паражэння ад урадавых войск схоплены 19 верасня 1774 года.

1818 год. У Мсціслаўскім павеце нарадзіўся Адам Кіркор. 

Беларускі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец.

Вучыўся у Магілёўскай, Віленскай гімназіях.

Выдаваў альманахі «Radegast», «Pamiętnik umysłowy», «Teka Wileńska», «Na dziś» i «Teka Krakowska», газеты «Kurier Wileński», пецярбургскую «Новое время» (1868-1871), рэдагаваў “Памятные книжки Виленской губернии”, навуковыя і мастацкія кнігі ва ўласнай віленскай друкарні. 

Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Беларусі і Літве, даследаваў каля 1 000 курганоў. Аўтар 3 тома «Маляўнічая Расія» («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882).

Член Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўнік Віленскага музея старажытнасцяў, член-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства, член Рускага геаграфічнага таварыства.

У 1863 годзе прыцягваўся да следства ў сувязі з удзелам у паўстанні яго жонкі А. Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўрада Р. Траўгут.

Памёр 23 лістапада 1886 года.

1886 год. Нарадзіўся Аляксей Туранкоў

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Вязень ГУЛАГу. 

У 1941-1944 гадах супрацоўнік Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Мінску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе. 

Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. Аўтар некалькіх опер, у тым ліку  «Кветка шчасця» (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі і П. Глебкі), музыкі да многіх драматычных спектакляў («Пінская шляхта» і іншых) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень.

Памёр 27 верасня 1958 года.

1923 год. Нарадзіўся Аркадзь Астрамецкі. 

Беларускі цымбаліст, народны артыст. 

Кіраваў групай цымбалістаў Беларускага дзяржаўнага народнага аркестра (Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча), быў яго канцэртмайстрам, салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выкладчыкам музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Яго рэпертуар складалі творы беларускіх аўтараў, пералажэнні інструментальных п’ес кампазітараў-класікаў. 

Манера выканання А. Астрамецкага вылучалася артыстызмам, яркай выразнасцю, вобразнасцю, рамантычнай узнёсласцю, шырокай палітрай фарбаў. У 1979 годзе ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся першы ў гісторыі цымбалаў сольны канцэрт у двух аддзяленнях у выкананні А. Астрамецкага. 

Творчасць артыста была шырока вядома па-за межамі СССР: ён гастраляваў у больш чым 20 краінах свету.

1924 год. Памёр Уладзімір Ульянаў (Ленін)

Расійскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы. 

Нягледзячы на тое, што Ленін ніяк не звязаны з Беларуссю, што беларускія дзеці амаль нічога не ведаюць пра яго, і па сёння назвы Ленінская, Леніна, Уллянаўская, Ільіч, Ільічоўка пануюць у тапаніміцы гарадоў і вёсак краіны, яго імя прысутнічае ў назвах буйных прадпрыемстваў і навучальных устаноў, у назвах гарадскіх раёнаў Мінска, Бабруйска, Брэста, Гродна, Магілёва, практычна ва ўсіх больш ці менш буйных пасяленнях стаяць помнікі ў яго гонар – іх 240 на Беларусі. 

Цікава, што самы першы помнік Леніну, драўляны, яшчэ пры жыцці “правадыра”, у 1922 годзе быў устаноўлены ў сённяшнім райцэнтры – у Краснополлі. 

А пад Іванава Брэсцкай вобласці захавалася лесанасаджэнне ў выглядзе слова ЛЕНІН – са 150 000 дрэў.

1928 год. У в. Антонаўка Чавускага раёна нарадзіўся Іван Аношкін

Беларускі пісьменнік

Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педінстытута. Працаваў ў газетах Бранскай, Брэсцкай абласцей, у чэрыкаўскай раёнцы «Сацыялістычная перамога», у абласной «Магілёўская праўда».

Аўтар 3 зборнікаў апавяданняў і гумарэсак, 5 аповесцей і апавяданняў, кніг для дзяцей «Навічок», «Алёнчын сакрэт», «Антонаў ясень». 

Памёр 3 лютага 2013 года ў Магілёве.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу Янка Туміловіч. 

Беларускі паэт.

Скончыў БДУ. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Член літаб’яднання «Маладняк», адзін з заснавальнікаў «Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі» («Пробліск»).

Аўтар вершаў – узораў пралеткультаўскага рамантызму. 

Аўтар паэмы «Ульянаў–Ленін». З 1930 года яго публікацыі зніклі са старонак перыядычнага друку.

Арыштаваны ў 1936 годзе, прыгавораны да 7 гадоў лагераў. Памёр у лагеры пад Уладзівастокам.

1943 год. Памёр ураджэнец в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) Ісак Сербаў. 

Беларускі этнограф, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай археалогіі, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры.

У Кульшыцах існавала традыцыя даваць беларускім немаўлятам біблейскія імёны. 

Настаўнічаў у шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск.

У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў. Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ. 

Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951).

Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.

1978 год. Памёр Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, Альберт Кадняк). 

Беларускі паэт.

У Дзяржынскай школе вучыўся разам з вядомым у будучым гісторыкам М. Ермаловічам.

Працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына», падчас вайны – у рэдакцыі мінскай «Беларускай газеты», рыжскай «Новы шлях».

У 1944 годзе выехаў на Захад. У Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне.

У 1949 годзе пераехаў у Аўстралію. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Мае песні», вершаў-мініяцюр, паэм, зборнікаў паэзіі.

Кожную шостую дысертацыю ў Беларусі абараніў кітаец

Цікавую статыстыку па абароне навуковых дысертацый у Беларусі прыводзіць тэлеграм-канал De facto.

За 2022 год у Беларусі абаронена 190 дысертацый па сацыяльных і гуманітарных навуках. Гэта больш чым у 2020-2021 гадах, калі  абаранялася прыкладна па 150 на год.

Але рост амаль на чвэрць абарон у значнай ступені забяспечваюць кітайскія аспіранты – 34 дысертацыі (18%, кожная шостая).

У некаторых дысцыплінах дамінаванне кітайцаў проста крытычнае: з 18 дысертацый па мастацтвазнаўству 12 абаронены кітайцамі (67%), з 4 дысертацый па культуралогіі – 3 кітайскія (75%).

Пры гэтым шэраг дысцыплін знаходзяцца ў складаным стане, ужо колькі год няма ніводнай абароны па палітычных навуках, па псіхалогіі за 2022 год абароненая толькі 1 дысертацыя.

Назіраецца глыбокі крызіс у гістарычнай навуцы. Рэзка ўпала (на 60%) колькасць абарон да – 12, раней такіх было штогод больш за 30.

Але вымалёўваюцца і пэўныя астраўкі стабільнасці: фізрукі канвеерам становяцца кандыдатамі педагагічных навук, а эканамічны ўніверсітэт упэўнена павялічвае колькасць дактароў і кандыдатаў эканамічных навук.

Пры гэтым са 190 дысертацый толькі 20 было абаронена на беларускай мове (10,5%). 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Бабруйскія міліцыянеры закрылі порнастудыю на Віцебшчыне

Хатнюю порнастудыю арганізавала 18-гадовая жыхарка горада Ушачы.

У якасці акцёраў яна запрашала знаёмых, і сама таксама ўдзельнічала ў здымках. Ролікі прадавала праз спецыяльна створаны для гэтага тэлеграм-канал, за кожны атрымлівала да 80 рублёў. Устаноўлена больш за 40 пакупнікоў порнакантэнта. Узбуджана крымінальная справа, дзяўчыне пагражае да 4 гадоў няволі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Выстава магілёўскага авангардыста Ігара Бяспалава адкрылася ў Мінску

У Мінску ў галерэі Саюза мастакоў адкрылася выстава вядомага магілёўскага мастака-авангардыста Ігара Бяспалава. 

Для любога беларускага мастака падобная персанальная выстава з’яўляецца этапнай і сімвалізуе прызнанне калег па цэху. 

Творы Ігара ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі ў ЗША, Аўстраліі, Германіі, Галандыі, Аўстрыі, Расіі і Беларусі. Асабістыя выставы мастака раней праходзілі ў Магілёве, Бабруйску, Горках і Віцебску і вось прыехалі ў адну з самых прэстыжных галерэй Мінску. 

Ігар Бяспалаў мастак неверагодна сучасны, авангардны і адначасова глыбока традыцыяналісцкі для авангарду. У Магілёве мастацтвазнаўцы адносяць яго да Віцебскай школы жывапісу. Яе асновы былі закладзены ў другім дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя Маркам Шагалам і Казімірам Малевічам. Менавіта яны ў сваёй працы ярка адказалі на рэвалюцыйныя змены ў грамадстве і мастацтве ў свой час. 

Як і яго папярэднікі магілёўскі мастак працуе з сакавітымі і кантраснымі колерамі, якія былі так характэрны для майстроў расійскага авангарду пачатку 20 стагоддзя.

Адкрыццё выставы прайшло з добразычлівым поспехам. 

Галерэя «Мастацтва» Беларускага саюза мастакоў у Мінску размешчана на праспекце Незалежнасці, 12. 

Фота выставы ўзяты з сацыяльных сетак.