Зараз у Літве больш за 50 000 беларусаў. Літва ўваходзіць у ТОП-3 самых папулярных лакацый для беларускіх айцішнікаў.
За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваны ў Літве, вырас больш як у 3 разы, паведамляе devby.io .
Сёння ў суседняй краіне зарэгістравана 30 кампаній з беларускімі каранямі. У іх занята больш за 4 700 супрацоўнікаў, а яшчэ год назад іх было менш за 1 500.
Самы вялікі штат у EPAM. За год адбыўся рост супрацоўнікаў у 450%. Асабліва інтэнсіўна каманда расла ў чэрвені-ліпені 2022 года – на 750 чалавек за два месяцы.
EPAM працуе ў Вільні і Каўнасе. Зараз адкрыта яшчэ больш за 100 вакансій на працу.
За 1-3 кварталы 2022 года EPAM увайшоў у ТОП-3 ІТ-бізнэсаў у Літве па суме выплачаных падаткаў – больш за 6 000 000 еўра.
Каманда літоўскага офіса Wargaming за мінулы вырасла на 250% да 988 спецыялістаў. Асабліва інтэнсіўны рост адбыўся пасля нападу Расіі на Ўкраіну – у красавіку-жніўні, з 450 да 900 спецыялістаў, за кошт супрацоўнікаў мінскага офіса, пасля таго як кампанія закрыла бізнес у Беларусі.
У офіс патрабуецца яшчэ 50 спецыялістаў. Wargaming таксама у тройцы лідараў па суме выплачаных падаткаў: за 3 кварталы 5 200 000 еўра.
Штат распрацоўшчыка гульняў Melsoft з красавіка 2022 года вырас у 4,3 раза да 320 супрацоўнікаў.
Вытворца лічбавай оптыкі Yukon Advanced Optics Worldwide павялічыў свой штат у Літве да 275 чалавек і увайшоў у ТОП-5 па колькасці супрацоўнікаў сярод кампаній з беларускімі каранямі.
Распрацоўшчык дадатку для жаночага здароўя Flo (Flo Health) павялічыў за год свой штат у Вільні і Каўнасе з 70 чалавек да 245 супрацоўнікаў (400%).
Значны рост штатаў паказалі і такія кампаніі з беларускімі каранямі, як ITAG LT, Softeq Development (у 5 разоў), Coherent Solutions (у 3 разы), Gurtam (у 2,5 разы), EIS Group Lietuva (130%) і іншыя.
Усе тыя сумы, якія ў выглядзе падаткаў кампаніі з беларускімі каранямі пералічваюць у літоўскі бюджэт, адпаведна не атрымлівае беларускі бюджэт, а значную частку ганарараў і заробкаў супрацоўнікі пакідаюць у літоўскіх гандлёвых сетках.
Tag: Каунас
Клайпеда – найлепшая ў Літве калядная прыгажуня і цэлы каскад выставаў
Пакуль Вільня з Каўнасам спрачаліся, чыя калядная ёлка лепшая, Клайпеда займела сапраўдную прыгажуню. Яна будзе мігацець рознакаляровымі агнямі да самых Трох Каралёў – дня Богаяўлення ў каталікоў 6 студзеня.
Зялёная прыгажуня вышынёй больш за 15 метраў упрыгожана 3-кіламетровымі гірляндамі, пахне сапраўдным лесам. Жыхары і госці горада сцвярджаюць, што іх ёлка – самая прыгожая з усіх, што яны бачылі да гэтага часу.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
У Клайпедзе ўстанавілася традыцыя (з 2016 года), што галоўны навагодні сімвал выбіраюць самі жыхары: кожны год яны прапануюць сваю версію ёлкі і галасуюць за найбольш сімпатычную. Дрэва сякуць напярэдадні свят і ўсталёўваюць на Тэатральнай плошчы.
Кожны год за некалькі месяцаў да ўстаноўкі на Тэатральнай плошчы ў горадзе ладзяць «конкурсы прыгажосці» елак. Каб прайсці этап адбору, дрэва павінна адпавядаць адразу некалькім крытэрам: галіны асаблівай шчыльнасці і сіметрычнасці, вышыня не менш за 10 м, добрая транспартная даступнасць.
У гэтым годзе навагодняя ёлка з’явілася дзякуючы універсітэцкаму Батанічнаму саду.
Амаль 30-гадовае дрэва цудоўна перажыло дастаўку, магутныя снегапады апошніх дзён і некалькі сур’ёзных парываў ветру. Гараджане адзначылі незвычайную прыгажосць ёлкі і дзіўную гармонію ўпрыгожванняў з шышкамі пад снегам. Мэр Клайпеды Вітаўтас Грубляўскас своеасаблівым спосабам кампенсаваў Батанічнаму саду страту елкі: падарыў маленькую елачку «навыраст».
Побач з ёлкай запалілася інсталяцыя “Зоркі над морам”, якая сімвалізуе 100-годдзе далучэння Клайпедскага краю да Літвы.
А 17 снежня мастачка Саўле Жалніце зрабіла свой уласны падарунак Клайпедзе ў Старым крытым рынку, піша atviraklaipeda.lt
Гэта інсталяцыя «Падарунак. Падаючая вада – дождж думак/ Падарунак. Вадаспад – мазгавы штурм». Падчас адкрыцця інсталяцыі выступілі танцорка Тэатра танца «Шэйкас» Д. Бінкаўскайтэ, прагучала музыка Фаўста Поцыяуса на аснове гукавых калажаў Саўле Жаўнітэ.
Інсталяцыя прысвечана 100-годдзю далучэння Клайпедскага краю да Літвы.
У Марскім музеі Клайпеды адкрылася выстава калядных паштовак Людаса Мажыліса.
Яна працуе з 16 снежня да 8 студзеня. Выстава паштовак – настальгічнае і некалькі сентыментальнае падарожжа па міжваенным калядным свеце. Наведвальнікі могуць убачыць 64 паштоўкі з калекцыі, нават не заходзячы ў музей і не набыўшы квіток. Самыя ранейшыя паштоўкі датуюцца 1918 годам, самыя познія – ХХІ стагоддзем.
Напярэдадні калядаў і Міжнароднага дня салідарнасці людзей (20 снежня) адкрыліся чатыры выставы ўкраінскіх фатографаў і выстава ўкраінскага мастака Мікіты Кадана – як працяг VІІ Фестывалю фатаграфіі, – інфармуе atviraklaipeda.lt
У Выставачнай зале Клайпедскага цэнтра культурнай камунікацыі Клайпедскае аддзяленне Саюза фатографаў Літвы і асацыяцыі “Art Zone” з 16 снежня да 15 студзеня 2023 года прадстаўляюць выставы ўкраінскіх калег.
Прадстаўлены выставы ўкраінскай фатаграфіі: Ганны Мельнікавай «Горад без назвы», Дзмітрыя Купрана «36 відаў на Гаверлу», Паўласа Дарагоюса «Залатыя людзі» і Станіслава Астравуса “Харкаў – Фарпост”, мастака Мікіты Кадана “Яма спявае”
У выставу “Яма спявае” ўвайшлі працы, створаныя падчас расійска-ўкраінскай вайны 2014 года, з пачатку маштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Гэтыя працы звязаныя з даследаваннем палітыкі памяці, аналізам калектыўных траўмаў, новых перажыванняў масавага гвалту і разбурэнні асяроддзя пасялення чалавека.
Фотавыстава Ганны Мельнікавай “Горад без назвы”. Праект выкананы ў традыцыйнай тэхніцы аналагавага фотадруку, – гэта эксперымент і спроба паказаць новую рэальнасць і партрэт новага пейзажу. У кожным здымку спалучаюцца дэталі розных гарадоў і краін, дзе жыла фатограф, партрэты людзей, якіх яна сустракала.
Выстава Дзмітрыя Купрана “36 відаў Гаверлы” прысвечана самай высокай кропцы Украіны якая, па аналогіі са святой гарой Фудзі ў Японіі, для ўкраінцаў з’яўляецца амаль сакральным і міфічным месцам.
У сваіх працах фатограф уяўляе гару Гаверлу як святое месца для ўкраінцаў, якое стала цяпер славутасцю. На вяршыню Гаверлы вельмі лёгка дабрацца некалькімі маршрутамі, а па дарозе можна пагрузіцца ў мясцовыя традыцыі горцаў Прыкарпацця.
Працуе таксама выстава Паўласа Дарагоюса “Залатыя людзі”. У сваёй працы мастак часта абапіраецца на фотаархівы, большая частка якіх прысвечана архітэктуры. Таму выкарыстанне знойдзеных фотаздымкаў не падаецца яму новым напрамкам. Але серыя выстаў была натхнёная куды больш асабістым парывам – мастака кранула ўразлівасць партрэтаў, якія ён знайшоў на барахолках Харкава. Дарагоюсу прыйшла ў галаву бесклапотная ідэя намаляваць вакол некаторых фігур на фотаздымках арэол з ліста латуні, у чулых спробах даць ім другое жыццё ў выглядзе твора мастацтва.
Гэтыя пазалочаныя і лакаваныя выявы перадаюць іранічную манументальнасць, рэзка кантрастуюць з тэмамі працоўных сустрэч, адпачынку, сямейных вячорак. Глядач неахвотна залучаецца ў гульню, яму прапануецца ўважліва вывучыць кожны фотаздымак, каб знайсці адказы на шэраг пытанняў: Хто гэтыя людзі? Чаму ў некаторых з іх арэолы? Што на самой справе азначаюць гэтыя спасылкі на святасць?
Выстава фатаграфій Станіслава Астравуса “Харкаў – фарпост”
Мы з дзяцінства ведаем аб вайне ўсё. Мы гулялі ў вайну. Чыталі аб вайне. Мы глядзелі ваенныя фільмы. Мы ўяўлялі сябе героямі – разведчыкамі, лётчыкамі, танкістамі. Самыя папулярныя цацкі – поршневыя пісталеты. Быць гучным, пахнуць серай! Гэты шчаслівы, дурны далёкі час застаўся ў памяці і на некалькіх чорна-белых адбітках. Час, які невытлумачальным чынам урываецца ў нашу рэальнасць падобна іншаму, ужо з’яўляецца сапраўднай вайной. З выбухамі, ракетнымі абстрэламі, развалінамі, страшнымі навінамі аб загінуўшых і параненых. Сірэны паветранай трывогі, глухое, працяглае, знясільваючае выццё. Веснікі смерці і разбурэнні. У зацягнутай цішыні застаецца чакаць новага ўдару. Чакаюць, калі ракета, запушчаная з варожага боку, уразіць мэту і прычыніць людзям пакутлівы боль…”
Мастак у сваіх працах імкнецца адлюстраваць уражанні ад самай жудаснай і халоднай вясны ў сваім жыцці.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Фота: atviraklaipeda.lt
Дзень у гісторыі. 13 снежня. Дзень апостала Андрэя Першазванага. Раскол Рады БНР. Дагавор аб Еўрапейскай супольнасці
Дзень святога апостала Андрэя Першазванага (праваслаўны каляндар).
Святы апостал Андрэй родам з Віфсаіды Галілейскай. Стаў першым вучнем Хрыста і першым вызнаў Яго Збаўцам, прывёў да Хрыста свайго старэйшага брата Сымона, будучага апостала Пятра.
Паводле паданняў Андрэй з пропаведзямі прайшоў Малую Азію, Фракію, Македонію, Скіфію, Прычарнамор’е, прайшоў па Дняпры – да месца, дзе цяпер Кіеў і паставіў крыж на кіеўскіх гарах, потым пайшоў да будучага Ноўгарада праз сучасныя беларускія землі.
Пакутніцкую смерць прыняў у Патрасе. Тыран горада, язычнік Эгеат загадаў не прыбіваць рук і ног яго да крыжа, а прывязаць іх. Крыж меў форму літары “Х” і атрымаў назву “Андрэеўскі крыж”.
У 357 годзе мошчы святога апостала Андрэя Першазванага перанесены ў Канстанцінопаль у храм Святых Апосталаў, у 1208 годзе перавезены ў Італію і змешчаны ў кафедральным храме ў Амальфі.
У даўніну на Андрэя слухалі ваду: раніцай ішлі на раку, рабілі палонку, перш чым зачэрпнуць вады, апускаліся на калені на край палонкі, дакраналіся вухам да лёду і слухалі:
Калі шумная вада, то трэба чакаць завеі, сцюжы.
Калі ціхая вада на Андрэеў дзень, то зіма будзе ціхай, добрай.
Дзень святой Люсіі (у каталіцкай і пратэстанцкай царкве).
У гэты дзень ў 304 годзе забіта пасля асляплення за веру ў Хрыста пакутніца з Сіракузаў – Святая Люсія, (286-304).
Апрача гэтага, існуе легенда, што нейкая Люсія жыла ў Сярэднявеччы і была жонкай шведскага рыбака. Аднойчы яе муж адправіўся ў мора, але разгулялася бура. Нячыстая сіла, якая гуляла па Зямлі ў гэтую ноч, пагасіла маяк, і тады Люсія выйшла на высокую скалу з ліхтаром, каб асвятляць любімаму дарогу да прычала. Чэрці раззлаваліся, напалі на дзяўчыну і адрэзалі ёй галаву. Але нават пасля смерці яе прывід стаяў на скале з ліхтаром.
У дзень святой Люсіі ў Стакгольме і Хельсінкі праходзяць цырымоніі выбараў і каранацыі Люсіі, якую ўпрыгожваюць у белую сукенку і апранаюць вянок з запаленых свечак, пасля чаго пачынаецца ўрачыстае карнавальнае шэсце дзяцей. У кожнай школе таксама выбіраюць сваю Люсію і ладзяць святы са спевамі традыцыйных гімнаў.
Фота: Святочная працэсія ў гонар Св. Люсіі, Швецыя, 2007
1581 год. У вёсцы Ківерава Гара каля Яма Запольнага, у 80 км ад Пскова, пачаліся руска-польскія перамовы.
У студзені 1582 года было заключана 10-гадовае Ям-Запольскае перамір’е з Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава адмаўлялася ад Лівоніі і беларускіх земляў.
1826 год. Пайшоў з жыцця Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.
Беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец. Дзядзька В. Дуніна-Марцінкевіча.
У 1773 годзе стаў біскупам Беларускай дыяцэзіі, у 1780 – Магілёўскай архідыяцэзіі, з 1782 – архібіскупам Магілёўскім. З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.
У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах. Пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў в. Маляцічы (зараз – Крычаўскі раён).
Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Апекаваў навуцы. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт (1813) Імператарскай Акадэміі навук.
Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму. Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская)
Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Аўтар «Гісторыі Таўрыды», «Гісторыі сарматаў і славян».
У Магілёве захаваўся будынак былога палаца Сестранцэвіча (вул. Ленінская, 25). У Пецярбургу ўстаноўлены мармуровы бюст.
Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава.
https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG/280px-Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG
https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG/280px-Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG
1887 год. Нарадзілася Луцыя Балзукевіч.
Вядомая польская мастачка. Працавала на Гродзеншчыне. Дачка скульптара Вінцэнта Балзукевіча, сястра мастакоў Баляслава і Юзафа Балзукевічаў.
Працавала ў жанрах партрэта і пейзажа, кветкавым нацюрморце, пісала інтэр’еры архітэктурных помнікаў, займалася рэлігійным жывапісам, роспісам касцёлаў (“Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне”, «Сакрыстыя ў касцёле бэрнардынаў у Вільні”).
Творы захоўваюцца ў музейных зборах Вільні, Варшавы, Коўна, у касцёлах Гродна.
Яе творы належаць розным напрамкам жывапісу: з мадэрністычнай дэкаратыўнасцю, сімвалічныя сваім містычным настроем, вытанчаныя па малюнку і каларыце сецэсійны абраз «Святы Губерт» і рэалістычныя партрэты Антонія Вівульскага і Вінцэнта Сляндзінскага.
Памерла 11 мая 1976 года ў польскім Любліне.
1901 год. Нарадзілася Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка).
Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).
Скончыла Беларускую кансерваторыю.
У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.
Пад час акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.
3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады). З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.
У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.
Памерла 8 студзеня 1967 года ў Мюнхене.
1907 год. Нарадзіўся Мікалай Лапіцкі.
Дзеяч беларускай эміграцыі, праваслаўны святар, публіцыст, педагог.
Актыўна ўдзельнічаў у Мінскім царкоўным саборы (1942), які абвясціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы.
У нямецкім Рэгенсбургу арганізаваў беларускі праваслаўны прыход, пабудаваў царкву Ефрасінні Полацкай, быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.
Настаяцель беларускай парафіі ў Саўт-Рыверы.
Памёр 8 жніўня 1976 года ў Беларускім адпачынкавым цэнтры «Бэлэр-Менск» каля Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.
1919 год. Адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду і Народную Раду БНР.
Прадстаўнікі партый сацыялістаў-рэвалюцыянераў і сацыялістаў-федэралістаў абвінавацілі сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку бальшыня Рады (50 чалавек) засталася дзейнічаць пад неафіцыйнай назвай Народная рада БНР на чале з абраным старшынёй П. Крэчэўскім, а меншыня (37 чалавек) выйшла з яе складу і на наступны дзень, 14 снежня, сфарміравала Найвышэйшую раду БНР на чале з Язэпам Лёсікам. Польскія ўлады прызналі апошнюю, аднак мала лічыліся з ёй. У чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР.
Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе, на якой Найвышэйшая Рада спыніла сваю дзейнасць.
1942 год. У Магаданскім канцлагеры загінуў Яфім Бялевіч.
Дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны (штабс-капітан).
Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.
У 1920-1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.
Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення.
2007 год. Падпісаны Лісабонскі дагавор аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўрапейскім саюзе і Дагавор аб заснаванні Еўрапейскай супольнасці.
Міжнародны дагавор, падпісаны на саміце ЕС у манастыры іеранімітаў ў Лісабоне.
Закліканы замяніць сабой Канстытуцыю ЕС, якая не ўступіла ў сілу, і ўнесці змены ў дзеючыя пагадненні аб Еўрапейскім саюзе ў мэтах рэфармавання сістэмы кіравання ЕС.
Набыў моц 1 снежня 2009 года.