Дзень у гісторыі. 24 студзеня. Дзень эскімо. Землятрус у Чылі. Першы міжгародны аўтобус МАЗ. Нарадзіўся Юрый Тарыч. Памёрлі Уінстан Чэрчыль, Міхал Анемпадыстаў.

Міжнародны дзень эскімо (International Eskimo Pie Day). 

“Салодкае” свята ўстаноўлена таму, што ў гэты дзень у 1922 годзе амерыканец Хрысціян Нэльсан атрымаў патэнт на эскімо.

Нешта падобнае на марожанае вядома з часоў Старажытнай Грэцыі: астуджаная садавіна з дробна наструганым салодкім лёдам, замарожаныя сіропы, адвары і сокі, шчарбеты і фруктовы лёд. Гіпакрат для ўмацавання здароўя рэкамендаваў яго пацыентам.

Рэцэпт блізкага да сучаснага марожанага ў Еўропу ў 1295 годзе прывёз Марка Пола.

Сапраўднае марожанае сталі гатаваць пры двары Кацярыны Медычы.

У 1649 годзе з’явілася ванільнае марожанае французскага кулінара Жэрара Тырсена. 

Вафельны ражок запатэнтаваны ў 1903, брыкетыкі эскімо – у 1920 годзе.

Па адной з версій, слова “эскімо” прыйшло ад французаў, якія так звалі дзіцячы камбінезон, падобны на эскімоскі гарнітур: марожанае, што “апранутае” у шакаладны “камбінезон”. У 1919 годзе Х. Нэльсан пакрыў шакаладнай глазурай брыкет марожанага і назваў яго Eskimo Pie (піражок эскімоса). 

Сучасны выгляд эскімо на палачцы набыло толькі ў 1935 годзе.

У БССР эскімо сталі выпускаць у прамысловых маштабах ў 1936 годзе на Мінскім малочным камбінаце. Да гэтага працавалі невялікія вытворчыя арцелі, у тым ліку ў Магілёве, Чавусах. Напрыклад, у Чавускім парку (у той час – “Бульвар”), яшчэ на пачатку 1930-х можна было набыць эскімо ў “саматужнікаў” па 5 капеек (заробак настаўніка пачатковай школы тады складаў 35 рублёў). Наркам харчавання СССР А. Мікаян лічыў, што савецкі грамадзянін павінен з’ядаць за год не менш як 5 кг марозіва.

Зараз у краіне 39 вытворцаў марожанага. Беларусы у год спажываюць каля 6 кг марозіва (у свеце – 21).

Міжнародны дзень адукацыі (International Day of Education, з 2019 года). 

Прызначаны Генеральнай Асамблеяй ААН. У гэтым годзе праходзіць пад дэвізам “Інвеставаць у людзей, надаваць прыярытэтную ўвагу адукацыі”. Адукацыя – права кожнага чалавека. ААН прызнае вартасць адукацыі для дасягнення ўстойлівага развіцця і падкрэслівае, што адукацыя можа павысіць індывідуальную прадукцыйнасць і павялічыць патэнцыял эканамічнага росту, садзейнічаць выкараненню галечы і голаду, садзейнічаць здароўю і гендэрнай роўнасці.

Аднак, паводле звестак ААН, цяпер 244 мільёны дзяцей і падлеткаў не наведваюць школу, 617 мільёнаў не валодаюць элементарнымі навыкамі чытання і матэматыкі. Міграцыя і вымушанае перамяшчэнне таксама аказваюць негатыўнае ўздзеянне на атрыманне адукацыі.

Аксіння і Фядос (народны каляндар).

Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце.

Калі на Фядоса цёпла, то вясна будзе ранняй, але дажджлівай.

Адліга абяцае зацяжную вясну.

Сцюжа – да позняга і цяжкага пасева ярыны хлябоў.

Фядосава цяпло – на раннюю вясну пайшло.

Бойся студзеньскай вясны. Хілая зіма – жывучая. Цёплыя дні студзеня нядобрым адгукаюцца.

Надвор’е дня ўказвае на надвор’е лістапада.

1582 год. Вольны горад-дзяржава Рыга далучаны да Рэчы Паспалітай. 

Гэта адбылося паводле Ям-Запольскага перамір’я, якое замацавала перамогу Рэчы Паспалітай і Швецыі ў Лівонскай вайне з Масковіяй. 

У Рэчы Паспалітай Рыга захавала асаблівыя прывілеі – Рыжская ландфагтыя. Горад кантраляваў Рыжскую патрыманіяльную акругу ў 750 км², працягваў чаканіць уласную манету, тут канчаткова зацвердзілася лютэранства. 

Далучэнне да каталіцкай дзяржавы выклікала доўгія Каляндарныя беспарадкі 1583-1589 гадоў, калі Рыжскі рат па ўказе польскага караля паспрабаваў увесці новы грыгарыянскі каляндар.

1885 год. У Полацку нарадзіўся Юрый Тарыч (Аляксееў). 

Беларускі і расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст, заснавальнік беларускага кіно. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР.

У 1905 годзе як член Варшаўскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі быў высланы ў в. Тара Табольскай губерні. Адсюль і псеўданім – Тарыч.

У кінематографе з 1914 года, калі напісаў сцэнарый фільма «Трагедыя сям’і Набатавых».

У 1926 годзе сумесна з Я. Івановым-Барковым зняў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» па аповесці М. Чарота «Свінапас».

Працаваў на студыі «Савецкая Беларусь», дырэктарам і мастацкім кіраўніком «Манголкіно» (1943-1945), супрацоўнічаў з “Беларусьфільм”.

Сцэнарыст і рэжысёр 20 кінафільмаў.

Памёр 21 лютага 1967 года ў Маскве.

1901 год. Нарадзіўся Янка Шутовіч

Беларускі літаратуразнавец, выдавец.

Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, рэдактарам часопісаў «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі», працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны і ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, настаўнікам, загадчыкам Беларускага музея ў Вільні (1941-1944).

За актыўную дзейнасьць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння быў зняволены ў лагеры Бяроза-Картуская (1939). У 1944 годзе арыштаваны НКДБ. Вязень ГУЛАГу, ссыльны.

Пасля ссылкі, з 1957 года працаваў у Віленскім дзяржаўным мастацкім музэі, у часопісе «Полымя».

Аўтар перакладаў твораў літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі М. Гарэцкага «Віленскія камунары», знайшоў дзённік А. Станкевіча.

Памёр 9 снежня 1973 года ў Вільні.

Фота: Магіла Яна Шутовіча ў Павільнісе (Павіленскія могілкі), Вільня, 2021

1905 год. Нарадзіўся Фёдар Дамінікоўскі. 

Беларускі географ, геолаг, кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Скончыў Варонежскі ўніверсітэт, быў сакратаром беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варонежы. 

Працаваў у Беларускім доследым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі, ва Усесаюзным інстытуце сельскай гаспадаркі ў Саратаве, маскоўскім Інстытуце паўночнай зерневай гаспадаркі, загадчыкам кафедры геалогіі і глебазнаўства БДУ (з 1943), вучоным сакратаром Савета ўніверсітэта. 

Даследчык гісторыі навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945-1947), вялікай колькасці артыкулаў для часопіса “Беларусь”.

Памёр 8 красавіка 1949 года ў Мінску.

1911 год. Памёр Аляксандр Аскерка. 

Удзельнік паўстання К. Каліноўскага. публіцыст, выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў».

Скончыў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Служыў у грэнадзёрскім палку імя караля Фрыдрыха-Вільгельма, паручнік.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісій па рэформе у Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Пад час паўстання 1863-1864 гадоў быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Арыштаваны 12 чэрвеня 1863 года, прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Па вяртанні з катаргі, з 1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е» (Podgórze), частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у малодшай дачкі – Марыі ў маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. Там жа і пахаваны недалёка ад магілы генерала Томаша Ваўжэцкага – другога пасля Т. Касцюшкі галоўнакамандуючага войск ВКЛ (1794).

1931 год. У в. Мокрае Быхаўскага раёна нарадзіўся Міхась Мушынскі. 

Гісторык беларускай літаратуры беларускі крытык, літаратуразнавец, тэкстолаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Выдаў звыш 340 навуковых прац, у тым ліку 12 індывідуальных і 31 калектыўных манаграфій. Сярод іх – “Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы”, “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры”.

Памёр 8 чэрвеня 2018 года.

1939 год. Пры землятрусе ў Чылі загінула болей за 50 000 чалавек. 

Рэкордны па колькасці ахвяр землятрус на тэрыторыі Чылі. 

Больш за ўсё пацярпелі гарады Чыльян і Кансепсьён, аднак разбурэнні і ахвяры былі практычна ва ўсіх правінцыях Паўднёвага Чылі. Магнітуда па розных ацэнках складала ад 7,8 да 8,8. 

Чыльян адчуваў наступствы моцных землятрусаў у 1751, 1835, 1939, 1953, 1960 і 2010 гадах, але менавіта землятрус 1939 года стаў найбольш трагічным.

1965 год. Памёр Сэр Уінстан Леанард Спэнсэр-Чэрчыль. 

Брытанскі дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр (1940-1945, 1951-1955), гісторык, пісьменнік, мастак. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Найвялікшы лідар ваеннага часу ў ХХ стагоддзі, адзін з самых уплывовых людзей у гісторыі Вялікабрытаніі. Першы ў свеце ганаровы грамадзянін ЗША.

Афіцэр, ваенны карэспандэнт, сведка ваенных дзеянняў у Брытанскай Індыі, Судане, Другой англа-бурскай вайне.

Да Першай сусветнай вайны займаў пасады міністраў гандлю, унутраных спраў, першага лорда адміралцейства, камандзіра 6-га батальёну Каралеўскіх шатландскіх стралкоў на Заходнім фронце. 

У міжваенны перыяд – міністр па ўзбраенні, міністр авіяцыі, канцлер казначэйства.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны – першы лорд адміралцейства, прэм’ер-міністр. Яго катэгарычная адмова разгляду варыянтаў паражэння, капітуляцыі або кампраміснага міру натхнілі брытанскі супраціў.

Антыкамуніст, адзін з галоўных ініцыятараў інтэрвенцыі Антанты ў Расію, але ўжо 22 чэрвеня 1941 года заявіў аб падтрымцы СССР.

5 сакавіка 1946 года Чэрчыль вымавіў вядомую Фултанскую прамову, ад якой часам пачынаюць адлічваць час халоднай вайны.

1971 год. Памёр Уладзімір Уладамірскі. 

Беларускі акцёр, другі ў гісторыі Народны артыст БССР пасля У. Галубка. Народны артыст СССР.

Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Бабруйску.

Працаваў у Другім паказальным тэатры Заходняга фронту ў Бабруйску, Смольным тэатры Петраграда, у мінскім Купалаўскім тэатры.

Стварыў высокамастацкія вобразы ў беларускім рэпертуары.

Зняўся ў фільмах “Кастусь Каліноўскі”, “Хто смяецца апошнім”, “Палеская легенда”, “Наперадзе – круты паварот”.

Быў жанаты на артыстке Кацярыне Азбукінай, сястры адраджэнца Мікалая Азбукіна.

Памёр 24 студзеня 1971 года.

На фота – В.Волкаў. Групавы партрэт дзеячаў беларускага тэатру Г. Глебава, А. Марыкса, У.Уладамірскага (справа). 1959 год

1997 год. Заснаваны філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне Маладзечанскага раёна. 

Утвораны па ініцыятыве дырэктара музэя Жанны Дапкюнас і пры спрыянні старшыні калгаса «Яхімоўшчына» Г. Божкі. 

Пасля рэстаўрацыі хаты, ў якой жыў Янка Купала, і падрыхтоўкі экспазыцыі філіял ўпершыню адкрыўся для наведвальнікаў 30 мая 2001 года.

Плошча экспазіцыі больш за 100 м². У двух пакоях размяшчаюцца экспазыцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Купала – мемарыяльны.

Традыцыйна штогод у Яхімоўшчыне ў дзень нараджэння паэта 7 ліпеня праводзіцца Купальскае свята.

1999 год. На МАЗе выпушчаны першы аўтобус для міжгародных перавозак. 

МАЗ-152 серыйна выпускаўся ў 2000-2014 гадах. Мадыфікацыя МАЗ-152А была больш камфартабельнай, з дадатковымі опцыямі: кандыцыянер, прыбіральня, лядоўня, міні-кухня. Усяго сабрана каля 820 аўтобусаў.

2018 год. Памёр Міхал Анемпадыстаў. 

Беларускі мастак, паэт, дызайнер,  культуролаг, мастацтвазнавец.

Працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі. Быў дызайнерам вядомых лагатыпаў, у тым ліку, кампаніі «Будзьма беларусамі!», рок-фестывалю «Басовішча». Стварыў серыю анімаваных паштовак «Будзьма з беларускімі святамі».

Ілюстратар кніг, альбомных вокладак для CD-дыскаў гуртоў «N.R.M.», «Партызанская школа».

У сваіх фотапрацах засяродзіўся на беларускай гародніне, каб адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры. Меркаваў, што беларусы, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі – нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя, пад запэцканай (ад глебы) кажурой бульбы схавана «залатое сонца».

Удзельнік шматлікіх групавых, персанальных выстаў у еўрапейскіх гарадах.

Актыўны стваральнік беларускай рок-паэзіі, у тым ліку, для рок-мюзікла «Народны альбом». Песні на яго вершы выконваюцца гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», спявачкай Касяй Камоцкай.

Удзельнік грамадскай адукацыйнай праграмы «Лятучы ўніверсітэт», чытаў шматлікія лекцыі, у тым ліку, у Магілёве – «Колер Беларусі», «Беларускі стыль», «Межы памежжа».

У 2006 годзе быў абраны «Чалавекам году» па версіі музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў».

Расійскі алей і карэйскае марозіва прызнаныя небяспечнай прадукцыяй

Рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарт папоўніў двума відамі марозіва і алеем.

Эскімо з міндалем «Перара Айс», а таксама арахісавае эскімо«НУК БАР» гандлёвай маркі «LOTTE» не адпавядаюць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу, гаворыцца ў тэлеграм-канале «Безопасность и Качество».

У паведамленні не пазначаная краіна паходжання прадукцыі.

У інтэрнэце пашукавік вывеў на сайт паўднёвакарэйскай кампаніі LOTTE Group. Яна вырабляе больш за 200 прадуктаў і прадае яе ў больш чым 70 краінах свету.

Марозіва ж на беларускі рынак паставіла акцыянернае таварыства «Віталюр» з Мінскага раёну.

Тэлеграм-канал «Безопасность и Качество таксама інфармуе, што не адпаведным тэхнічным патрабаванням прызнаны сланечнікавы алей «Владовское». Як выявілі спецыялісты Дзяржстандарту гэтая прадукцыя не з’яўляецца алеем вышэйшага гатунку, як заяўляе вытворца.

Алей вырабілі ў Стаўрапольскім краі. На расійскім сайце «декларации-соответствия» сцвярджаецца, што алей адпавядае патрабаванням Еўразійскага эканамічнага саюзу.