У Клайпедзе атрымае дыпломы новае пакаленне ўкраінскіх маракоў

Другі год запар дыпломы па марскіх спецыяльнасцях уручаюцца ўкраінцам у Літоўскай вышэйшай мараходнай школе.

Сёлета дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымаюць 68 украінскіх выпускнікоў сярод іншых 295 выхаванцаў школы – паведамляе Atvira Klaipėda.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Пасля нападу Расіі на Украіну будучыя маракі, студэнты  Херсонскай дзяржаўнай марской акадэміі знайшлі тут не толькі прытулак, але і магчымасць завяршыць вучобу.

У мінулым годзе дыпломы Літоўскай вышэйшай мараходнай школы атрымалі 117 студэнтаў з Украіны.

«Навучальныя праграмы ва Украіне, Літве і іншых краінах падобныя, таму мы можам прымаць студэнтаў з розных краін свету і гарантаваць ім марскую адукацыю найвышэйшай якасці… Дыплом такога марскога ўзроўню адкрывае магчымасці ва ўсім свеце» – сцвярджае намеснік дырэктара школы па акадэмічнай дзейнасці Р. Міцкіене.

Паводле яе слоў, пасля паспяховага завяршэння вучобы студэнты з Украіны могуць пачаць працаваць на флоце Літвы, сваёй краіны ці іншых краін.

Літоўская вышэйшая мараходная школа з украінскімі ВНУ, якія рыхтуюць маракоў і іншых спецыялістаў для воднага транспарту, супрацоўнічае з 2018 года. Па праграме акадэмічнага абмену Erasmus+ у літоўскую школу прыехалі 24 студэнты з Адэскай марской акадэміі і Дунайскага інстытута гэтай акадэміі.

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго, ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў.media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Фота Матаса Мачульскіса

Кожную шостую дысертацыю ў Беларусі абараніў кітаец

Цікавую статыстыку па абароне навуковых дысертацый у Беларусі прыводзіць тэлеграм-канал De facto.

За 2022 год у Беларусі абаронена 190 дысертацый па сацыяльных і гуманітарных навуках. Гэта больш чым у 2020-2021 гадах, калі  абаранялася прыкладна па 150 на год.

Але рост амаль на чвэрць абарон у значнай ступені забяспечваюць кітайскія аспіранты – 34 дысертацыі (18%, кожная шостая).

У некаторых дысцыплінах дамінаванне кітайцаў проста крытычнае: з 18 дысертацый па мастацтвазнаўству 12 абаронены кітайцамі (67%), з 4 дысертацый па культуралогіі – 3 кітайскія (75%).

Пры гэтым шэраг дысцыплін знаходзяцца ў складаным стане, ужо колькі год няма ніводнай абароны па палітычных навуках, па псіхалогіі за 2022 год абароненая толькі 1 дысертацыя.

Назіраецца глыбокі крызіс у гістарычнай навуцы. Рэзка ўпала (на 60%) колькасць абарон да – 12, раней такіх было штогод больш за 30.

Але вымалёўваюцца і пэўныя астраўкі стабільнасці: фізрукі канвеерам становяцца кандыдатамі педагагічных навук, а эканамічны ўніверсітэт упэўнена павялічвае колькасць дактароў і кандыдатаў эканамічных навук.

Пры гэтым са 190 дысертацый толькі 20 было абаронена на беларускай мове (10,5%). 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.