У выстаўленым наборы сувеніраў жыхар Магілёва ўгледзеў «кавалак беларускага свету» і сфатаграфаваў яго.
У кіёску побач з вакзалам – звярнуў увагу чытач Магілёў.media – сярод выстаўленых налепках і магніцікаў адсутнічаюць беларускамоўныя.
«Мне кінулася ў вочы агрэсіўнасць іх карцінак, што, на маю думку, супярэчыць беларускаму менталітэту. – тлумачыць магілёвец – Але, як мне падаецца, такі набор сувеніраў сведчыць пра раздарожжа, на якім апынулася ўся Беларусь. У ёй баяцца беларускага і без боязі дэманструюць безгустоўнасць і дурноту».
Акрамя мяса ў суседнюю краіну незаконна вязуць металалом і іншую прадукцыю, якая там без цяжкасцяў збываецца.
За апошнія некалькі дзён у Расію кантрабандай спрабавалі вывезці пяць з паловай тон мяса. Як высветлілася, тавар не меў неабходных суправаджальных дакументаў. Машыны з кантрабандным грузам спынілі непадалёк ад расійскай мяжы.
У Клімавіцкім і Мсціслаўскім раёнах міліцыя затрымала чацвярых жыхароў Чавускага раёну, якія перавозілі разабраныя тушы буйной рагатай жывёлы. У трох машынах яны везлі без суправаджальных дакументаў больш за чатыры тоны мяса.
«Пры гэтым груз перавозіўся з відавочнымі парушэннямі ветэрынарнага заканадаўства. Фігуранты патлумачылі, што мелі намер прадаць тавар у Расіі», – піша тэлеграм-канал «УВД Беларуси».
Прадукцыю і транспартныя сродкі ў “кантрабандыстаў” канфіскавалі. Аператыўнікі праводзяць праверку.
Паводле гэтага ж інфармацыйнага рэсурсу, раней жыхар Бабруйску спрабаваў вывезці ў Расію больш за 1,5 тоны мяса. Яго спынілі ў Крычаўскім раёне.
У Расію, на мяжы з якою адсутнічае беларускі пагранічны і мытны кантроль, акрамя мяса кантрабандай вязуць металалом і іншыя грузы. Тыдзень таму двое грамадзян суседняй краіны спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спыніліў Мсціслаўскім раёне.
І такіх дамоў па горадзе не адна сотня, але ў камунальных арганізацыяў бракуе спецыялістаў, здольных рамантаваць дахі.
Сёлета ва Ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў Магілёва паступіла 330 зваротаў з пытаннямі рамонту дахаў у жылых шматкватэрных дамах. У гарвыканкаме абяцаюць улучыць праблемныя шматпавярхоўкі ў графік рамонту і перагледзець фінансаванне.
«Ёсць рэзерв сродкаў, якія могуць быць накіраваны на рамонт дахавых пакрыццяў», – заяўляе намеснік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кіблоў.
Тым часам, у камунальных прадпрыемствах наракаюць, што ў іх праблемы са спецыялістамі, здольнымі выконваць дахавыя працы. Паводле камунальнікаў гэта «дастаткова працаёмкі працэс, які патрабуе пэўных кампетэнцыяў», пішаБелта.
Пра тое, што гараджане абураныя дзіравымі дахамі і адсутнасцю іх рамонту паведаміў старшыня гарадской адміністрацыі Ўладзімір Цумараў. Па яго словах, падобныя скаргі ён чуў ад людзей і падчас «прамой тэлефоннай лініі».
«Большая частка такіх зваротаў паступіла падчас ліўневых дажджоў, якія прыпалі на чэрвень», – даводзіў падначаленым чыноўнік.
Каб пазбегнуць масавай незадаволенасці праблемай у будучыні, ён патрабуе, пакуль пагода, «нарасціць працу па рамонце дахаў» .
«Нельга расцягваць тэрміны, потым пойдуць дажджы – і зноў будзе шквал зваротаў”, – засцерагае Цумараў падначаленых і патрабуе звароты па дахах «закрыць».
79-метровы абеліск «будзе павалены цалкам» і адразу. Выбуховыя рэчывы для дэмантажу выкарыстоўвацца не будуць.
З дэмантажу савецкага помніка ў Рызе фактычна пачынаецца працэс ліквідавання мемарыялаў па ўсёй краіне, якія, згодна з мясцовым заканадаўствам, услаўляюць акупацыйную ўладу СССР ці нацысцкую Нямеччыну, а таксама таталітарызм, гвалт, ваенную агрэсію ды ідэалогію, або ўтрымоўваюць знакі савецкай улады ці нацызму. Пад дэмантаж трапілі 69 такіх помнікаў.
Як паведамляеінфармацыйнае агенцтва Delfi, знос манументу ў Рызе прыходзіць з узмоцненымі мерамі бяспекі. Дзяжураць супрацоўнікі Дзяржпаліцыі і Рыжскай муніцыпальнай паліцыі. Па перыметры тэрыторыі можна ўбачыць не менш за дзесяць мікрааўтобусаў праваахоўнікаў, піша выданне.
Напярэдадні Расійскаму саюзу Латвіі было адмоўлена ў правядзенні акцыі пратэсту супраць зносу помніка. Паводле рэсурсу Press адмова аргументавана «з улікам заключэнняў праваахоўных органаў».
22 жніўня, калі пачаліся падрыхтоўчыя працы, ля манументу сабраліся каля 50 пратэстоўцаў, якіх удалося «разагнаць прыкладна на працягу гадзіны». Паліцыя затрымала сем чалавек.
Тэрмінаў завяршэння дэмантажу помніка не называюць. У сувязі з працамі да 12 верасня перакрыты рух для пешаходаў і транспарту ў ваколіцах. Тэрыторыя і тэрмін дзеяння абмежаванняў могуць быць зменены ў залежнасці ад ходу працы і аператыўнай абстаноўкі, аб чым паведамяць асобна.
У Магілёве 23 жніўня сіноптыкі прагназуюць да 32 °C.
У 2015-ым тэмпература паветра сягнула 32,9 °C і быў пабіты рэкорд 1992 году – +31,7 °C
Цягам сённяшняга дня сіноптыкі з Белгідрамету абяцаюць пераменную воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +30…+32°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с.
Па большай частцы краіны Белгідрамет прагназуемаксімальную тэмпературу паветра ў межах +30…+33°С.
У сталіцы чакаецца да 31 °С, у суседніх Віцебску – да 30, у Гомелі, як і ў Магілёве – 32.
Мясцовыя абаронцы жывёлаў ствараюць прытулак для бяздомных сабак і катоў, але на задуманае бракуе сродкаў. Рупліўцы спадзяюцца на дапамогу грамады.
У 30-тысячным райцэнтры афіцыйнага прытулку для жывёлаў няма. Зоаабаронцы ўзяліся яго ўладкоўваць у прыгараднай вёсцы Мезавічы.
Удзельнікі праекту «Берагі надзеі» – праціўнікі эўтаназіі котак і сабак. На іхную думку, абараніць бяздомных жывёлаў і зменшыць іх колькасць можна пашыраючы ідэі стэрылізацыі. Такі метад рэгуляцыі гуманны і эфектыўны, лічаць яны.
Зоаабаронцы спадзяюцца, што ў іх з’явіцца магчымасць размясціць жывёлаў ва ўласным прытулку, які ўзводзіцца ў вёсцы за 15 кіламетраў ад Асіповічаў. У ім каты і сабакі будуць чакаць сабе гаспадароў. На ажыццяўленне задуманага патрэбная дапамога: людскімі рэсурсамі і будаўнічымі матэрыяламі.
«Патрэбна дапамога ў будаўніцтве вальера: у ім будзе дзве будкі з паддонаў. Таксама ёсць хлеў з печкай, яго можна абсталяваць на зімоўку, але там трэба пакласці падлогу ці тыя ж паддоны і стары лінолеум. Там шмат месца, але патрэбна дапамога рукамі, – кажуць удзельнікі праекту рэсурсу «Осиповичи инфо».
Паведамленнямі пра вострую неабходнасць мець у Асіповічаў адмысловы прытулак для бадзяжных жывёлаў стракацяць сацыяльныя сеткі. Адна з груп публікуе драматычныя гісторыі пакут жывёлаў і іх шчаслівага ратавання.
Удзельнікі паблікаў апавядаюць пра прыгожых кацянят, бязродных дварнякоў, пародзістых каўказскіх аўчарак, прыгожую хаскі, здзічэлага алабая, які з голаду і знясілення стаў паляваць на свойскія курэй.
Часам валанцёры публікуюць гісторыі ад імя жывёлаў.
«Прывітанне. Мяне клічуць Дора», – пачынаецца адна з іх.
«Я адзін з тых сабак, якія былі кінуты на вуліцы сваёй сямʼёй. Адзін з тых, у каго дах над галавой – адкрытае неба, месца начлегу – бліжэйшая яма каля плота, а запаветныя кроплі вады – налітая дажджом лужына. Я ўцякаў ад стрэлаў адлову. Стрэлы, ад якіх нават не паміраеш адразу а павольна задыхаешся…».
Чарговую талаку па будаўніцтве прытулку для жывёлаў пад Асіповічамі ўдзельнікі праекту «Берагі надзеі» плануюць правесці 3-4 верасня і чакаюць талакоўцаў.
Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі і яе ліквідацыі.
Адзначаецца з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з 1998 года.
23 жніўня 1791 году адбылося найбуйнейшае паўстанне рабоў на востраве Сан-Дамінга, сучасным Гаіці, які ў той час быў французскай калоніяй.
Гэта падзея паклала пачатак выкаранення рабства. На 150-й сесіі выканаўчага савету ЮНЕСКА было прапанавана адзначаць яе штогод.
Дата пачатку паўстання і стала Міжнародным днём памяці ахвяр гандлю людзьмі і яго ліквідацыі.
1633 год. Крычаву было нададзенае Магдэбургскае права.
Горад атрымаў герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач з якім срэбны меч».
Прывілей на самакіраванне надаў Крычаву кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза.
Крычаў упершыню згадваецца ў 1136 годзе.
Цяпер 26 тысячны горад – вялікі прамысловы цэнтр на ўсходзе Магілёўшчыны.
1847 год. Памёр Ян Чачот.
Паэт, фалькларыст, мовазнавец.
Выдаў 6 зборнікаў аўтэнтычных беларускіх народных песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале.
Упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу, зрабіў спробу ўнармавання беларускай граматыкі.
Беларускую мову называў «славянакрывіцкай мовай», шырока выкарыстоўваў выраз «Белая Русь».
За ўдзел у таемных студэнцкіх гуртках трапіў пад пераслед расійскіх уладаў. Быў высланы ў Сібір. У Беларусь вярнуўся толькі праз 9 гадоў.
1895 год. Памёр Міхал Андрыёлі.
Ілюстратар і мастак.
Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. За яго трапіў у ссылку.
Ілюстраваў варшаўскія часопісы, падручнікі гісторыі, даведнікі.
Аўтар кампазіцыяў «Гедымін будуе Віленскі замак», «Смерць Кейстута», партрэтаў, помнікаў архітэктуры.
1917 год. Нарадзіўся Пімен Панчанка.
Народны паэт Беларусі.
Аўтар 31 зборніка паэзіі, кніг, літаратурна-крытычных артыкулаў, а таксама перакладаў твораў замежных літаратараў.
Пімена Панчанку называюць выкрывальнікам савецкай бюракратыі.
1938 год. Нарадзіўся Мікола Сташкевіч.
Гісторык.
Даследчык гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, палітычных партый і грамадскіх рухаў Беларусі XIX-XX стагоддзяў, станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі.
1939 год: Паміж Гітлераўскай Германіяй і СССР падпісаны дагавор аб ненападзенні.
У гісторыі вядомы, як пакт «Молатава і Рыбентропа».
У тайным пратаколе да яго быў зацверджаны падзел Усходняй Еўропы. Да сфераў інтарэсаў СССР адносіліся Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, усходняя Польшча, Бесарабія.
1989 год. «Балтыйскі шлях».
2 мільёны грамадзян Латвіі, Літвы, Эстоніі, узяўшыся за рукі, сталі ўздоўж дарогі Вільнюс-Талін. Яе працягласць – 600 км.
«Балтыйскі шлях» быў арганізаваны ў 50-ю гадавіну падпісання Пакту «Молатава–Рыбентропа».
Акцыяй рэспублікі савецкай Прыбалтыкі заявілі аб імкненні да аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту. Праз два гады гэта стала рэальнасцю.
1954 год. Памёр Васіль Русак.
Нацыянальны дзеяч, выдавец.
Удзельнік Беларускага вайсковага з’езду і Першага Ўсебеларускага кангрэсу.
Старшыня з’езду Случчыны, прэзідыуму Рады Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання, камандзір Другога Грозаўскага палка.
Кіраўнік Пражскага Беларускага нацыянальнага камітэту, выдавец і фундатар «Biełaruski śpieŭnik», «Iskry Skaryny».
У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай, асуджаны на 10 гадоў. Памёр у ГУЛАГу.
2018 год. Памёр Алесь Ліпай.
Журналіст і паэт.
Заснавальнік і кіраўнік першай у Беларусі незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (1991) і сайту «Беларускія навіны».
Кампанія БелаПАН разгромленая рэжымам Лукашэнкі. Ад 2021 году за кратамі трое калегаў Ліпая – Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў і Андрэй Аляксандраў.
Ліпай быў першым карэспандэнтам у Беларусі Радыё «Свабода».
Ён аўтар кніг паэзіі. У 1990-х гадах арганізаваў дастаўку ў Беларусь
звыш 1000 кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках.
У чэрвені 1996 году пад час вызвалення закладнікаў, захопленых у дзіцячым садку, узяў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягнуўшы тым самым ягоную ўвагу на сябе.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Андрэй Бяляўскі
Асуджаны на два гады калоніі «за абразу Лукашэнкі».
Судзілі відэаблогера, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, на закрытым працэсе.
Бяляўскага забралі 25 красавіка. Разам з ім быў затрыманы і яго непаўналетні сын. Хлопца адпусцілі пад апеку бацькоў Бяляўскага.
Відэа-блогер публікаваў на платформе «ЦікТок» ролікі з разважаннямі на сацыяльна-палітычныя тэмы. Яго канал меў 107 тысяч падпісчыкаў.
Мерыем Герасіменка
Па сканчэнні 15-дзённага адміністрацыйнага арышту не выйшла на волю.
Увечары 3 жніўня падчас канцэрту на тэрасе мінскага бара «Банки-бутылки» яна выконвала песні ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Пасля гэтага перастала з’яўляцца ў сацсетках.
5 жніўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя аб тым, што яе затрымалі за ахвяраванне на турэцкі робат «Байрактар» для Украіны.
Яўген Рубашка
Пазбаўлены доўгатэрміновага спаткання.
Праваабаронцы пішуць, што дазналіся пра тое з ліста асуджанага родным. Адміністрацыя папраўчай установы наклала на яго спагнанні за, нібыта, парушэнні ўнутранага парадку: не належным чынам рабіў прыборку.
Яўгена Рубашку асудзілі на 5 гадоў калоніяў агульнага рэжыму. Актывіста анархічнага руху прызналі вінаватым у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» ды «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».
Андрэй Кузнечык
Зняволены журналіст і палітвязень піша сваім дзецям вершаваныя лісты.
Яго збіраюцца этапаваць з Магілёўскай турмы № 4 у Наваполацкую калонію №1.
Журналіста абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».
Сяргей Міргародскі
Затрыманы.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў затрыманы валодае двума рэстаранамі ў Мінску. А забралі яго за ўдзел у пратэстах 2020 года разам з 55-гадовай жонкай Алай і 24-гадовым сынам Серафімам.
Ілля Шчэгалёў
Затрыманы.
Праваабаронцы дазналіся пра тое з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле якіх 28-гадовы мужчына нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і рабіў рэпосты з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
На запраўцы напісана, што яе рэканструююць, але чытачы Магілёў.media сцвярджаюць: яна зачыненая наагул і замест яе збіраюцца ставіць кавярню.
Гэта запраўка непадалёк ад помніка святару Георгію Каніскаму, які паставілі два тыдні таму на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай у Падмікольскі парк – за сто метраў ад плошчы Арджанікідзэ. Мясціна – гістарычная частка гораду.
Чаму закрываюць запраўку, дакладна невядома. Дэмантаж яе абсталявання пачаўся 22 жніўня, паведамляюць чытачы Магілёў.media. Паводле іх на пад’яздных дарогах устаноўленыя абвесткі, што АЭС не працуе.
На яе месцы, нібы, з’явіцца кавярня.
Рашэнне аб узвядзенні запраўкі прыняў Магілёўскі гарвыканкам у 2003 годзе, нягледзячы на пратэст гараджан. Іх не задавальняла, што патэнцыйна небяспечны аб’ект размяшчаюць побач з жылымі дамамі. Пра намеры пабудаваць запраўку людзі даведаліся са сваіх крыніцаў.
Тагачасны старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў прызнаў факт будаўніцтва і паспрабаваў супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе. Чыноўнік прывёў прыклад Францыі, дзе сустракаюцца бензакалонкі, паводле яго, умантаваныя непасрэдна ў дамы.
Запраўку на Арджанікідзэ Шорыкаў называў «міні-запраўкай», якая, настойваў ён, будзе абсталяваная «лакальнымі ачышчальнымі збудаваннямі і ўсё ж будзе аддаленай ад жылога сектару».
Як сцвярджае Федэральная служба бяспекі, забойства Дар’і Дугінай учынілі спецслужбы Ўкраіны.
Паводле расійскіх спэцслужбістаў, устаноўленая выканаўца забойства – гэта грамадзянка Ўкраіны Наталля Воўк.
У ФСБ лічаць, што Воўк разам з 12-гадовай дачкой прыехала ў Расію 23 ліпеня і здымала кватэру ў доме, дзе жыла Дугіна, каб збіраць інфармацыю пра яе, піша інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости», спасылаючыся на цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ.
Па ўчыненні злачынства Воўк разам з дачкой выехала праз Пскоўскую вобласць у Эстонію, гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Дар’я Дугіна загінула ўвечары 20 жніўня, пісаў Магілёў.media.
Яна знаходзілася за рулём аўтамабіля, які быў, паводле сьледства, узарваны з дапамогай дыстанцыйнага прыстасавання ў Падмаскоўі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Забойства, здзейсненае агульна небяспечным спосабам».
21 жніўня Ўкраіна заявіла, што не мае дачынення да падрыву машыны Дугінай.
У эфіры нацыянальнага тэлемарафону дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта краіны Міхаіл Падаляк заявіў, што «Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, таму што мы не крымінальная дзяржава, якой зʼяўляецца Расійская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава».
На думку Падаляка, забойства Дугінай сведчыць аб барацьбе за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расіі, і расійскія ўлады будуць выкарыстоўваць яго, каб павелічыць «ідэалагічны інфармацыйны ціск» на расійскае грамадства для павышэння градуса нянавісці да Украіны і радыкалізацыі ўнутранага палітычнага дыскурсу.
Дар’я Дугіна нарадзілася ў 1992 годзе. Скончыла філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і працавала палітычным аглядальнікам Міжнароднага еўразійскага руху. У ліпені 2022 года была ўключана ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.
Яе бацьку, Аляксандра Дугіна, лічаць ідэолагам так званага «рускага свету», рашызму. Ён заснавальнік і лідар «Міжнароднага еўразійскага руху». Аўтар «рашысцкай» геапалітычнай кнігі «Асновы геапалітыкі: геапалітычная будучыня Расеі». З 2014 году ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюзу, а з 2015 года і ў санкцыйны спіс ЗША і Канады. Ён таксама у спісе асобаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. Фігурант базы цэнтру « Міратворца».