У Расіі загінула дачка філосафа і палітолага Аляксандра Дугіна, ідэолага расійскага імперыялізму

Машына, якою яна ехала, выбухнула ў Падмаскоўі ўвечары 20 жніўня. Следчыя распачалі крымінальную справу аб забойстве Дар’і Дугінай. Паведамляецца, што ў гэтай машыне разам з дачкой мусіў ехаць і бацька, але ў апошні момант перадумаў.


Аляксандра Дугіна лічаць ідэолагам так званага «рускага свету», рашызму. Ён заснавальнік і лідар «Міжнароднага еўразійскага руху». Аўтар «рашысцкай» геапалітычнай кнігі «Асновы геапалітыкі: геапалітычная будучыня Расеі». З 2014 году ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюзу, а з 2015 года і ў санкцыйны спіс ЗША і Канады. Ён таксама у спісе асобаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. Фігурант базы цэнтру « Міратворац».


Паводле следства, 20 жніўня прыкладна ў 21:00 у машыне Toyota Land Cruiser спрацавала, як мяркуецца, выбуховае прыстасаванне. Асоба загінулай устаноўлена – гэта журналіст і палітолаг Дар’я Дугіна. Расійскія мэдыя паведамляюць, што справа ўзбуджана па факце забойства, учыненага агульнанебяспечным спосабам. 

Расійскія «Известия» пішуць, што са словаў сябра Дугінай Сяргея Аляксандрава, ёй пагражалі. Галоўнымі яе ворагамі Аляксандраў называе «прадстаўнікоў ліберальнага лобі, антырасійскага».

Дар’я Дугіна нарадзілася ў 1992 годзе. Скончыла філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і працавала палітычным аглядальнікам Міжнароднага еўразійскага руху. У ліпені 2022 года была ўключана ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

фота з рэсурсу cdn.iz.ru