Рэаліі сельскай гаспадаркі. На Магілёўшчыне здохла 897 дзяржаўных кароў, кантралёры знайшлі вінаватых

Недалічыліся такой колькасці жывёлаў у адной з гаспадарак Глускага раёну. Тут выяўленыя сістэмныя правапарушэнні на сельгаспрадпрыемстве. Распачатыя крымінальныя справы, многіх кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Каровы дохлі і іх спісвалі, ці прадавалі

Паўтара года кіраўнік адной з гаспадарак, імя і назва якіх не называюцца, патрабаваў ад загадчыц фермаў уносіць ілжывыя звесткі ў справаздачнасць. Рэальныя дадзеныя аб непрадукцыйным выбыцці буйной рагатай жывёлы ў бухгалтарскіх дакументах не адлюстроўваліся, а «спісаныя» тушы прадавалі прыватным асобам.

Пра сітуацыю ў сельгаспрадпрыемстве стала вядома, як паведамляецца, «з аператыўнай інфармацыі». Была арганізаваная комплексная праверка, якая і выявіла нястачу 897 галоў.

telegra.ph

Высветлілася, што цяляты і маладняк дохлі праз парушэнні ветэрынарна-санітарных правіл, тэхналогіі кармлення, умоваў утрымання. Акрамя таго, захламлёнасць памяшканняў станавілася прычынай траўмавання жывёлаў, а ветэрынарная дапамога на належным узроўні не аказвалася.

«Ведаючы, што адбывалася, кіраўнік не толькі не рабіў захадаў для прадухілення шкоды, але імкнуўся любымі спосабамі схаваць нястачу. У выніку прадпрыемству нанесена маёмасная шкода на суму звыш паўтара мільёна рублёў», – апавядае газеце «На страже», прадстаўнік Магілёўскай абласной міліцыі Дзяніс Лугін.

Пракуратура Глускага раёну ў снежні 2021-га распачала чатыры крымінальныя справы: тры супраць загадчыкаў ферм за ўтойванне фактаў сканання жывёлы і іх рэалізацыі. Адна ўзбуджаная за перавышэнне паўнамоцтваў дырэктарам.

Кароў кралі…

Паводле Лугіна, аператыўнікі выкрылі схему крадзяжу буйной рагатай жывёлы. Загадчык малочнатаварнага комплексу на працягу паўгода рэалізоўваў дойных кароў жыхару абласнога цэнтру, а атрыманыя сродкі выкарыстоўваў на асабістыя патрэбы: пагашэнне крэдытаў, аплату камунальных паслуг.

komkur.info

Ім было прададзена 6 кароў за 16 тысяч рублёў. Супраць яго распачата пяць крымінальных спраў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Па словах Лугіна, трое аграрнікаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, у дачыненні да яшчэ аднаго працягваецца расследаванне.

Адміністрацыйныя пакаранні накладзены на трох кіраўнікоў гаспадарак, а яшчэ на пяцярых рыхтуюцца матэрыялы. У суд накіравана сем пазоваў аб кампенсацыі шкоды.

 

Усе магілёўскія школы гатовыя да навучальнага году, запэўніваюць чыноўнікі

На рамонт магілёўскіх школ з бюджэту было выдзелена 5,3 мільёны рублёў. Амаль столькі ж узялі на яго з заробленага навучальнымі ўстановамі і спонсараў – 4,5 мільёны рублёў.

Заяўляецца, што школы забяспечаныя ўсім неабходным для «якаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў». Усе яны атрымалі сертыфікаты гатоўнасці.

Паводле кіраўніцы гарадскога цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Іны Нізаўцовай, на рамонт школ было выдзелена больш за 5,3 мільёны рублёў, з іх на капітальны рамонт – больш за 3 млн. Яшчэ больш за 4,5 мільёны рублёў атрымана за кошт пазабюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі.

Капітальны рамонт правялі ў дзвюх школах – № 5 і № 13. Упарадкаваныя прылеглыя тэрыторыі і спартыўныя аб’екты, паведаміў «Веснік Магілёва», спасылаючыся на чыноўніцу.

Сёлета ў школу пойдуць больш за 41 тысячу вучняў. З іх больш за 4,5 тысяч – першакласнікі. Установы агульнай сярэдняй адукацыі папоўніліся 111 маладымі спецыялістамі.

фота: mogilev-region.gov.by

«Фантомныя кнігі невядомых друкароў» – магілёўскі гісторык расказвае пра таямніцы першай гарадской друкарні

Падрабязнае даследаванне як з’явілася і працавала ў Магілёве першая друкарня.

На сваім ютуб-канале былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў размяшчае ролікі, прысвечаныя гісторыі нашага краю. Чарговая лекцыя прысвечана пачатку кнігадрукавання ў Магілёве ў пачатку XVII стагоддзя.

Паглядзець лекцыю можна тут.

 

У навуковай літаратуры можна сустрэць тэзіс, што першыя кнігі былі надрукаваныя ў горадзе ў 1616, 1617 і 1619 гадах. Гэта літургічная кніга «Служэбнік» і літаратурны твор Кірылы Транквіліон-Стаўравецкага «Вучыцельнае Евангелле». Аднак саміх гэтых магілёўскіх кніг не існуе ў прыродзе. Іх няма ў каталогах, няма ў бібліятэках і зборах.

Відэалекцыя, ператварылася ў падрабязнае даследаванне таго, як з’явілася інфармацыя пра паяўленне і працу ў Магілёве першай друкарні.

«Фантомныя кнігі», магчыма, выдадзеныя ў Магілёве невядомымі пакуль друкарамі, былі вядомыя бібліёграфам у канцы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў. Але пасля 1813 года іх не сустракаў больш ніводны даследчык.

Навіны пабрацімаў. У Клайпедскім парту перабывае найвялікшы за ўсе часы карабель узброеных сіл ЗША, які наведваў Літву

Дэсантны карабель Злучаных Штатаў Амерыкі USS Kearsarge прабудзе ў порце Клайпеды да 23 жніўня. Гэта найвялікшы ваенны карабель, які калі-небудзь заходзіў у Літву. Цырымонія яго вітання запланавана на 22 верасня.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Дэсантны карабель-амфібія класа Wasp – флагман 22-га экспедыцыйнага корпусу марской пяхоты ЗША.

Экіпаж карабля налічвае больш за 2 тысячы. На борт ён здольны ўзяць яшчэ 1,5 тысячы чалавек. Гэты карабель можа несці да 26 верталётаў. Мае стандартнае для такога класу караблёў ўзбраенне, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi.

Выданне адзначае, што ЗША – стратэгічны партнёр Літвы і адзін з галоўных саюзнікаў, які стаіць на варце бяспекі Балтыйскага рэгіёну. Літва дамагаецца пастаяннай і бесперапыннай прысутнасці амерыканскіх войскаў у рэгіёне ў розных формах.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: dcdn.lt

У расійскім Кемерава зняволеныя ўзялі ў закладнікі трох супрацоўнікаў следчага ізалятару. Патрабавалі тэлефоны, наркотыкі, цыгарэты

Паведамляецца, што ў палон трох работнікаў СІЗА зняволеныя ўзялі падчас агляду камераў. Сярод захопленых была жанчына. Турэмшчыкаў трымалі ў закладніках блізу 5 гадзінаў.

Спачатку было заяўлена, што зняволеныя патрабавалі арганізаваць ім сустрэчу з прадстаўнікамі рэгіянальнага ўпраўлення Федэральнай службы выканання пакарання і пракуратуры. Пазней з’явілася паведамленне, што арыштанты яшчэ патрабавалі мабільныя тэлефоны, цыгарэты і наркотыкі.


Інцыдэнт адбыўся ў Следчым ізалятары №1, які знаходзіцца ў Кемерава і з’яўляецца адзінай такой установаю ў абласным цэнтры. Паводле афіцыйных звестак, яна разлічана на больш як 700 зняволеных.


Двое супрацоўнікаў ізалятару былі паланёныя ўвечары 21 жніўня. 22 жніўня стала вядома, што закладнікі вызваленыя і пацярпелых няма.

«Падчас правядзення рэжымных мерапрыемстваў двое работнікаў СІЗА, у тым ліку адна жанчына, былі заблакаваныя зняволенымі ў адной з камер. Для правядзення перамоваў і вызвалення закладнікаў на месца выехала кіраўніцтва рэгіянальнага глаўка Федэральнай службы выканання пакаранняў. Па дадзеных ведамства, сітуацыя ва ўстанове, нягледзячы на інцыдэнт, была кантраляванай», паведамляе расійскае ТАСС.

Як піша выданне са спасылкай на следства аднаго з закладнікаў арыштанты вызвалілі самі, а дваіх адбілі ў выніку «спецыяльнага мерапрыемства, неабходнага пры дадзеных абставінах».

Распачатае крымінальнае справа па факце «захопу закладнікаў».

фота: tass.ru

Напластаванні тынкоўкі прыхарошаныя фарбаю. Адрамантаваная наспех школьная агароджа стане сюрпрызам для магілёўскіх вучняў на 1 верасня

Фотаздымкі з такой школьнай агароджай даслалі Магілёў.media чытачы.

«Рамонт агароджы перад першым верасня ў 11-й школе. Гэта канчатковы вынік», – напісалі  чытачы.

11 школа знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Мянжынскага. Гэтая гарадская мясціна ўдалечыні ад людных вуліц. Сюды рэдка наведваецца начальства.

Паводле старажылаў, агароджу перад галоўным уваходам у школу ўзвялі па Другой Сусветнай вайне. Ад таго часу яе рамантуюць. Адбіткі рамонту розных гадоў можна прасачыць па тынкоўцы. Яе напластаванні прыхарошаныя фарбаю.

Школа №11 з даўнімі традыцыямі і адна з найстарэйшых у горадзе. Яе адкрылі ў 1925 годзе, неўзабаве як Магілёў вярнула Беларусі савецкая Расія. Навучальная ўстанова, паводле старажылаў, была беларускамоўнай, бо тады ў краі трываў перыяд беларусізацыі. У цяперашнім будынку школа ад 1938 году.

 

Здагадайцеся, які раён Магілёўшчыны першым намалаціў 100 тысяч тон зерня? Падумайце!

Загадка не складаная – гэта Шклоўскі раён. У няпросты час для краіны, якая, як кажуць чыноўнікі, пад санкцыйным ціскам захаду, не магло быць іначай. У імпрэзе, прымеркаванай да поспеху хлебаробаў іх непасрэдна не было. Віншаванні прымала начальства.

Шклоўскі раён – малая радзіма Лукашэнкі. Тут родная яго вёска і адна з рэзідэнцыяў. На Шклоўшчыне ён пачаў узыходзіць на палітычны Парнас. Свае мясціны Лукашэнка наведвае рэгулярна. Неўзабаве ў яго дзень народзінаў і, абвясціўшы Шклоўскі раён першым стотысячнікам яму зрабілі падарунак.

У фотарэпартажы  інтэрнэт-парталу мясцовай раёнкі «Ударны фронт» няма камбайнёраў, трактарыстаў, шафёраў, якія непасрэдна спрычыніліся да дасягнення. На фота чыноўнікі на полі ў кабінетных строях. Іх фатаграфавалі ў полі, на фоне камбайнаў.

Мясцовых аграрнікаў віншаваў не сам Лукашэнка, бо падзея не надта важкая, а старшыня райвыканкаму Андрэй Камко, які заклікаў аграрнікаў «не збаўляйце тэмпаў, вы забяспечваеце харчовую бяспеку краіны».

Другім статысячнікам у рэгіёне стаў Магілёўскі раён. 

фота з рэсурсу shklovinfo.by

Дзень у гісторыі: 22 жніўня. Нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, заснавальнік першага Беларускага прафесійнага тэатру. Памёр Віталь Вольскі, аўтар п’есаў пра Несцерку і Машэку. Заснаванае Таварыства Чырвонага крыжа. Гарэлка стала абавязковым прадуктам для савецкіх салдат

1861 год. Нарадзіўся Ігнат Буйніцкі.

Заснавальнік Беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатру.

Упершыню на сцэне паказаў, як танцуюць беларусы. Сваёй дзейнасцю захаваў і развіў традыцыі грання на беларускай дудзе.

У 1975 годзе намаганнямі Уладзіміра Караткевіча перапахаваны на малой радзіме, у Празароках. На цэнтральнай плошчы мястэчка яму стаіць помнік.

Буйніцкаму прысвячалі вершы шматлікія паэты – Янка Купала, Змітрок Бядуля, Уладзімір Караткевіч.

У Мінску, Маладзечне, Глыбокім яго імем названы вуліцы, завулкі, на малой радзіме працуе музей.

1864 год. Заснаванае Таварыства Чырвонага крыжа.

Гуманітарная арганізацыя, якая дзейнічае ва ўсім свеце, грунтуючыся на прынцыпах нейтральнасці і бесстароннасці.

Абараняе і дапамагае пацярпелым ва ўзброеных канфліктах і ўнутраных беспарадках, з’яўляецца часткай Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Штаб-кватэра месціцца ў Жэневе. Прадстаўніцтвы арганізацыі ёсць у амаль 80 краінах.

1898 год. Нарадзіўся Генрык Лаўмяньскі.

Польскі гісторык, даследчык Вялікага княства Літоўскага.

Генрык Лаўмяньскі быў экспертам ранняй гісторыі славянскага і балтыйскага народаў. Даследаваў старажытную гісторыю Польшчы, Літвы і славян увогуле.

Ён аўтар шматлікіх прац, у тым ліку шасцітомніка манументальнай манаграфіі Początki Polski.

У Познані заснаваў асяродак вывучэння Вялікага Княства Літоўскага. Выдаваў навуковы альманах «Lituano-Slavica Posnanensia», прысвечаны гісторыі Княства.

Дзве працы прысвяціў Магілёву: «Handel Mohylewa w XVI w». (1938) і «Struktura gospodarcza Mohylewa w czasach pomiary włócznej» (1939).

1941 год. Гарэлку Сталін зрабіў неабходным прадуктам для салдат, якія пазней норму ў 100 грамаў на чалавека назавуць «наркомаўскімі».

Была выдадзеная пастанова “Аб увядзенні гарэлкі на забеспячэнне ў дзейнай Чырвонай арміі”.

У вайсковых часцях прызначаліся адказныя за правільнае размеркаванне гарэлачных порцый.

У траўні 1942 года масавую штодзённую выдачу гарэлкі Сталін адмяніў, захаваўшы права на падбадзёрлівы напой з павелічэннем штодзённай дозы да 200 грамаў толькі за “вайскоўцамі частак перадавой лініі, якія маюць поспехі ў баявых дзеяннях”.

23 лістапада 1943 года Сталін зацвердзіў “наркомаўскія” нормы: 100 г для байцоў на перадавой і 50 г для астатніх. І было так да самай Перамогі.

1978 год. Памёр Піліп Пястрак.

Паэт, празаік, публіцыст, крытык.

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, апавяданняў і нарысаў, паэм, раманаў.

Тэме барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман «Сустрэнемся на барыкадах».

Перакладаў на беларускую мову творы замежных пісьменнікаў.

На яго вершы напісаны песні. У Гродна вуліца названая яго імем.

1988 год. Памёр Віталь Вольскі (Зэйдэль-Вольскі).

Беларускі празаік, перакладчык, драматург, сцэнарыст, літаратуразнавец.

Даследчык народнай творчасці, кітабаў, беларускай літаратуры эпохі феадалізму. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў і апавяданняў, п’ес. Сярод якіх «Несцерка», «Машэка».

Працаваў дырэктарам Беларускага драматычнага тэатру ў Віцебску, Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР.

Бацька пісьменніка Артура Вольскага і дзед музыкі Лявона Вольскага.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Дзмітрый Крывулька

Асуджаны на 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, суддзя Аляксандр Аношка з Жыткавіцкага раённага суду прызнаў Крывульку вінаватым у абразе Лукашэнкі ў сацыяльных сетках.

Ігар Банцэр

Не выпусцілі пасля 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Раней праваабаронцы дазналіся, што на Банцэра, нібыта, складзена 15 адміністрацыйных пратаколаў. Пра тое паведаміў сукамернік Банцэра, які выйшаў на волю.

Банцэр ужо адседзеў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі») за хуліганства, бо ў верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай.

Падчас суду трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

Хакейную зборную Беларусі ў кампаніі з расіянамі не пусцілі на чэмпіянат свету

У лютым гэтыя дзве каманды былі адхілены ад міжнародных турніраў да верасня з-за вайны ва Украіне.

Зборныя Расіі і Беларусі прапусцяць наступны сезон ва ўсіх турнірах Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе, піша  выданьне Tribuna.com, спасылаюся на словы журналіста Крыса Пітэрса.

Паводле яго, Расія і Беларусь як і раней не будуць дапушчаны да спаборніцтваў. Рашэнне па іх абнаўляецца ад сезона да сезону.