Акрамя мяса ў суседнюю краіну незаконна вязуць металалом і іншую прадукцыю, якая там без цяжкасцяў збываецца.
За апошнія некалькі дзён у Расію кантрабандай спрабавалі вывезці пяць з паловай тон мяса. Як высветлілася, тавар не меў неабходных суправаджальных дакументаў. Машыны з кантрабандным грузам спынілі непадалёк ад расійскай мяжы.
У Клімавіцкім і Мсціслаўскім раёнах міліцыя затрымала чацвярых жыхароў Чавускага раёну, якія перавозілі разабраныя тушы буйной рагатай жывёлы. У трох машынах яны везлі без суправаджальных дакументаў больш за чатыры тоны мяса.
«Пры гэтым груз перавозіўся з відавочнымі парушэннямі ветэрынарнага заканадаўства. Фігуранты патлумачылі, што мелі намер прадаць тавар у Расіі», – піша тэлеграм-канал «УВД Беларуси».
Прадукцыю і транспартныя сродкі ў “кантрабандыстаў” канфіскавалі. Аператыўнікі праводзяць праверку.
Паводле гэтага ж інфармацыйнага рэсурсу, раней жыхар Бабруйску спрабаваў вывезці ў Расію больш за 1,5 тоны мяса. Яго спынілі ў Крычаўскім раёне.
У Расію, на мяжы з якою адсутнічае беларускі пагранічны і мытны кантроль, акрамя мяса кантрабандай вязуць металалом і іншыя грузы. Тыдзень таму двое грамадзян суседняй краіны спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спынілі ў Мсціслаўскім раёне.
фота: gstatic.com