Двое жыхроў Горак былі затрыманыя на водасховішчы “Леніно” каля аднайменнай вёскі Горацкага раёна. Знаходзячыся ў 30 метрах ад берагавой лініі, яны лавілі рыбу на чатыры сеткі, агульнай даўжынёй у 222 метры – піша “Горацкі веснік”. Абодвум рыбакам выпісаны штраф у 5 базавых велічынь.
Галоўнае новаўвядзенне – у залежнасці ад стажу работы супрацоўніка будзе вызначацца, ці атрымае ён 100% ад сваёй зарплаты за першыя дванаццаць дзён хваробы. Змены ўступяць у сілу з 1 студзеня 2024 года.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касценіч распавяла пра асноўныя змены ў схеме аплаты бальнічнага:
– Дзейнічае норма, па якой з першага дня на працягу 12 дзён бальнічны складае 80% ад заробку, а ў наступныя дні – 100%. Зараз мы прывязаліся да стажу: калі ў цябе 10 гадоў і больш, з першага дня ты атрымаеш 100% ад сваёй зарплаты, калі менш за 10 гадоў, то 80%, – патлумачыла Ірына Касцевіч.
Гаворачы аб беларусах, якія маюць дадатковую работу, міністр адзначыла:
– Прапануем выплачваць бальнічны па асноўнай працы, але база, з якой будзе выплачвацца бальнічны, будзе сумавацца па ўсіх месцах працы. Разлік ад агульнай сумы, з якой выплачвалі ўзносы, будзе ажыццяўляць фонд.
Ірына Касцевіч выказала меркаванне, што такія меры дапамогуць пазбегнуць памылак з боку бухгалтарскіх службаў.
Пліты невялікага маста праз рэчку Крычаўку рассыпаюцца на вачах – паведамляюць мясцовыя жыхары.
Мост праз рэчку Крычаўку знаходзіцца недалёка ад старажытнага гарадзішча Гарадзец. Бетонныя пліты, па якіх ходзяць штодня нямала людзей, знасіліся і пачалі проста абсыпацца – прычым так мост выглядае ўжо не першы год.
Складаецца ўражанне, быццам жалезная агароджа з парэнчамі вось-вось зваліцца ў рэчку.
На касцёл св. Станіслава ў Магілёве быў здзейснены акт нападу на мінулым тыдні – былі пабітыя вокны па ўсім будынку. А вось касцёл у Бабруйску, як аказалася, верагодна будуць перадаваць ва ўласнасць каталіцкай абшчыне.
На волю выйшаў магілёўскі палітзняволены Валадар Цурпанаў. А арыштаваны прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў зняволенні.
На тыдні стала вядома, што расійскія вундэркінды, дзесяцігадовая Аліса і дзевяцігадовы Хеймдаль Цепляковы сапраўды вучацца ў магілёўскім БРУ – высветлілі mogilev.media.
Да міжнародных навінаў – пад Кіевам разбіўся верталёт разам з кіраўніцтвам МУС.
Стала вядома, што насельніцтва Кітая пачало інтэнсіўна скарачацца з-за ранейшай палітыкі “аднаго дзіцяці” ў сям’і.
На мінулым тыдні стала вядома пра ліквідацыю яшчэ адной грамадскай арганізацыі ў Беларусі – Асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.
У Касцюковічах п’яны мужчына спрабаваў выкінуць падлетка з вакна інтэрната.
На Тэатральнай плошчы ў Магілёве запрацаваў новы гадзіннік. Стары механічны быў заменены на новы, электронны, але на працягу першага ж тыдня працы ён неаднаразова даваў збоі ў працы.
Дзень почырку, Дзень ручнога ліста (Handwriting Day)
Заснаваны па ініцыятыве Асацыяцыі вытворцаў пішучых прылад з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога ліста, аб непаўторнасці почырку кожнага чалавека і зірнуць на стварэнне рукапіснага тэксту, як на спосаб самавыяўлення.
Дата гэтага свята абрана не выпадкова – у гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў, Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774 год). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.
Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу многіх тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваліся і Арыстоцель, і вялікія італьянцы эпохі Адраджэння. А ў 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Графалогія лічыцца адной з найважнейшых навук, здольнай толькі па ручным пісьме вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека.
Па почырку можна пазнаць характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, у якім настроі чалавек пісаў, яго стаўленне да навакольных і нават аптыміст ці песіміст аўтар.
1556 год. У кітайскай правінцыі Шаньсі адбыўся самы разбуральны землятрус з усіх сусветных сейсмічных катастроф.
Яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Сіань, які размешчаны на берагах вялікай ракі Хуанхэ.
Па сведчанні відавочцаў, цэлыя гарады апускаліся ў грунт за лічаныя секунды, колькасць ахвяр гэтай трагедыі налічвала больш за 830 000 чалавек. Па колькасці загінулых – гэта трэцяя катастрофа за ўсю пісьмовую гісторыю чалавецтва, а з землятрусаў – наймацнейшы ў гісторыі па колькасці ахвяр і адзін з наймацнейшых па магнітудзе (8,4)
На карце чырвоным колерам адзначана правінцыя Шэньсі, охравым – закранутыя землятрусам раёны.
1793 год. У Санкт-Пецярбургу падпісана пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.
Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводства. Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск (сёння Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія вобласці Падолле і Валынь.
У гэтым падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.
1783 год. Нарадзіўся Стэндаль (Анры-Мары Бейль).
Французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, аўтар знакамітага рамана «Чырвонае і чорнае». Аўтар слова «турыст».
Удзельнік пахода Напалеона на Расію ў 1812 годзе. Праз Оршу, Смаленск дайшоў да Маквы.
Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, служыў ваенным інтэндантам у Оршы.
1849 год. У ЗША упершыню ўручаны дыплом урача жанчыне Элізабет Блэквел.
А вось першай жанчынай на Беларусі і ў Расіі з дыпломам доктара медыцыны ў 1867 годзе стала ураджэнка Чавус Варвара Руднева-Кашаварава(па нараджэнню – Нафанова).
1889 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка.
Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.
У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам.
Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка.
Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі. Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прародазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.
Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.
У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.
Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.
Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку. Таксама – горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі. Ёсць музей і стаіць абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.
1901 год. Нарадзіўся Станіслаў Калеснік.
Беларускі, савецкі географ, доктар геаграфічных навук, акадэмік АН СССР, прафесар, палярнік, заснавальнік савецкай гляцыялогіі, Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР (1964-1977).
У аўтабіяграфіі месца нараджэння – г. Віцебск.
Скончыў геаграфічны факультэт ЛДУ.
Удзельнік і кіраўнік шматлікіх геамарфалагічных даследаванняў горных раёнаў, ледавікоў, арктычных экспедыцый.
У Ленінградскім універсітэце прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры, дэкана геаграфічнага факультэта, прарэктара.
Працаваў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага геаграфічнага саюза, з’яўляўся Ганаровым членам Польскага, Сербскага, Харвацкага, Амерыканскага геаграфічных таварыстваў; Ганаровым доктарам Кракаўскага і Фінскага (Турку) універсітэтаў.
Рэдактар Энцыклапедычнага слоўніка геаграфічных назваў.
Памёр 13 верасня 1977 года.
Яго імем названы: пік у Забайкальскім Алатау, два пікі на Паміры, ледавікі – на Каўказе, Палярным Урале.
1916год. Самае рэзкае у свеце пахаладанне на працягу сутак: падзенне на 56 градусаў.
Адбылося ў амерыканскім штаце Мантана: тэмпература знізілася з з +6,7 да -48,8°С.
1938 год. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі.
Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік.
Рэдактар, выдавец беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.
Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.
Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.
Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.
Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»). Таксама – апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.
21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў гэты ж дзень расстраляны.
1960 год. У склад Магілёўскай вобласці ўключаны Глускі раён.
Гэта адзіны палескі раён у складзе вобласці і адзіны са здабычай нафты, у басейне р. Прыпяць. Самы цёплы, з самым працяглым вегетатыўным перыядам, адзіны раён, дзе пануе ветравая эрозія глебаў.
У 1938-1944 гадах уваходзіў у склад Палескай, у 1944-1954 – Бабруйскай, у 1954-1960 –Мінскай вобласці. Зараз у раёне каля 12 000 жыхароў.
1981 год. Памерла Вера Маслоўская.
Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.
Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).
У 1920-1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.
Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе ў Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951-1958 гадах працавала ў Супраслізагадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.
Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.
2007 год. Памёр ураджэнец Пінска Рышард Капусцінскі.
Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».
Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў Залаты Крыж Заслугі за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.
Удзельнік руху «Салідарнасць».
Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у 1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.
Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага,Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і узнагарод.
Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Памёр 23 студзеня 2007 года.
У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.
За апошнія восем гадоў начное неба стала ў два разы ярчэй – такія дадзеныя апублікаваны супрацоўнікамі Нямецкага даследчага цэнтра геаграфічных навук у часопісе Science. І начное неба становіцца ярчэй з ашаламляльнай хуткасцю па ўсім свеце.
Самыя цьмяныя зоркі на начным небе хутка знікаюць, а візуальны шум і штучнае святло перашкаджаюць нам іх убачыць.
Такія высновы зроблены на падставе назіранняў больш за 50 000 навукоўцаў з усяго свету, якія параўналі сваё вынікі назіранняў нябесных целаў з картамі зорнага неба. Штогод, з 2011 па 2022 год яркасць павялічвалася на 10%.
Па-першае, гэтая тэндэнцыя звязана з паўсюднай усталёўкай святловыпрамяняльных дыёдаў, якія выпраменьваюць больш святла, чым лямпы напальвання. Па-другое, тысячы спадарожнікаў на нізкай калязямной арбіце адбіваюць сонечныя прамяні ў поле зроку аптычных тэлескопаў і перадаюць радыёхвалі на тых жа частотах, што і радыётэлескопы.
Паляўнічыя за скарбамі ў Іраку і Сірыі спаборнічаюць, каб знайсці закапаныя залатыя зліткі, долары і іншыя каштоўнасці тэрарыстычнай арганізацыі “Ісламская дзяржава”.
Як піша Guardian, былыя ворагі ўтвараюць самыя неверагодныя хаўрусы, каб знайсці нарабаваныя тэрарыстамі і схаваныя перад разгромам у пустынях абедзвюх краін і сярод руін іх гарадоў багацці. Калісьці немагчымыя альянсы былых ворагаў былі створаны, каб знайсці некаторыя скарбы Ісламскага халіфата, і ў той жа час калісьці цесныя сямейныя сеткі былі парушаны ў той жа пагоне за багаццямі.
Вечарам тры гады таму Аяд, былы афіцэр іракскай арміі, прыняў званок ад чалавека, які нядаўна быў яму смяротным ворагам. Чалавек па тэлефоне быў пастухом з горада, які быў аплотам тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава” , і ў яго была некаторая інфармацыя, якой ён хацеў падзяліцца.
На працягу многіх гадоў гэты пастух быў членам ІД, жыхаром горада Баадж, які пацярпеў ад разгулу марадзёраў у паўночным Іраку ў 2014 годзе. Членства ў тэрарыстычнай арганізацыі дало яму шмат інфармацыі пра экстрэмістаў, калі яны ўмацавалі кантроль над правінцыяй Масул, і таксама тады, калі рэгіён выслізнуў з іх рук.
Баец сірыйскіх Дэмакратычных сілаў праходзіць міма знішчаных машын у лагеры ІД у Багузе, Сірыя, у сакавіку 2019 г.
Цяпер пастух сядзеў на адным з самых вялікіх сакрэтаў: дзе тэрарыстычная група, калі ўцякала, схавала здабычу. Ён ведаў пра адно месца, дзе байцы ІД схавалі не менш за 3 мільёны долараў. Калі б Аяд змог іх адкапаць, ён і яго новы сябар маглі б падзяліць здабычу. Пастух звязаўся з Аядам, таму што палічыў, што ў былога армейскага афіцэра ёсць сувязі, каб выканаць гэтую працу.
“І тады я зрабіў вялікую памылку”, – сказаў Аяд, пераказваючы гісторыю ў кавярні на вяршыні гары на поўначы Ірака. “Я патэлефанаваў свайму стрыечнаму брату, які працаваў у разведцы і якому было прасцей дабрацца, чым мне, і папрасіў яго забраць. Ён пагадзіўся”.
Гісторыя, якой падзяліўся Аяд, з’яўляецца адной з многіх падобных, што адбыліся за гады пасля паразы ІД на палях бітваў у Іраку і Сірыі. У пустынях абедзвюх краін і сярод руін іх гарадоў павольна здабываецца велізарная колькасць скарбаў, часта самымі неверагоднымі кансорцыумамі. Калісьці немагчымыя альянсы былых ворагаў ствараліся, каб вярнуць некаторыя скарбы ІД, у той час як калісьці цесныя сямейныя сувязі разрываліся ў час той жа пагоні.
На астравах у Еўфраце, пад калодзежамі ў правінцыі Анбар, у каналізацыі старога горада Масула і пад разбуранымі дамамі па ўсёй Ніневіі ўсплывае скарб «халіфата», яго месцазнаходжанне вызначае невялікая сетка людзей, якія цярпліва чакаюць магчымасць захапіць велізарную колькасць зліткаў, долараў і каштоўнасцяў, якія ІД сабрала ў імправізаваную скарбніцу.
Што і колькі было пахавана падчас уцёкаў знішчаных членаў ІД, невядома. Але дагэтуль гэтыя скарбы становяцца непераадольнай спакусай для ўсё большай колькасці чыноўнікаў і скарбашукальнікаў.
“Гэта не міф” – сказаў адзін былы член ІД, які зараз знаходзіцца ў Сірыі. “Але ў жывых засталіся толькі некалькі чалавек, якія ведаюць, дзе некаторыя з гэтых запасаў”.
У некаторых выпадках вязні ІД і скупыя ахоўнікі заключалі фаўстаўскія здзелкі аб свабодзе ў абмен на багацце. А ў іншых апалчэнцы, армейскія падраздзяленні, прадстаўнікі плямён і шпіёны былі ўцягнутыя ў шматгадовае супрацьстаянне каля меркаванага сховішча, пры гэтым ніхто не быў гатовы падзяліцца здабычай і ўсе жадалі чакаць свайго часу, спадзеючыся, што канкурэнт адвядзе вочы, або згубіць цікавасць.
Былыя члены ІД, такія як гэты пастух, цяпер цэняцца актывам. “Ён быў у ІД толькі таму, што мусіў прыняць рэчаіснасць” – сказаў Аяд пра пастуха, які паказаў яму на падземнае багацце. “Ён таксама хацеў забраць гэты скарб. Ваенная здабыча – гэта сумленная гульня”.
Стрыечны брат Аяда ўзяў з сабой двух мужчын у Баадж у канцы 2019 года. Ён выконваў указанні ў дакладнасці, як яны яму перадаваліся. “Я сказаў яму прайсці да канца арашальнай трубы, затым павярнуць направа на некалькі метраў і пачаць капаць. Ён гэта зрабіў і знайшоў сінюю пластыкавую бочку з салёнымі агуркамі з сеткаватым верхам. Ён патэлефанаваў мне і спытаў, што рабіць. Я эксперт па выбуховых рэчывах і сказаў яму, што гэта можа быць міна. Таму бочку разрэзалі, а грошы ляжалі ў мяшках, шчыльна запакаваныя”.
З усіх магчымых месцаў скарбаў у Іраку, кажуць афіцэры паліцыі, зняволеныя ІД і афіцэры разведкі, горад Масул мае найбольшы патэнцыял. Нягледзячы на тое, што горад зараз адбудоўваецца, а Вялікая мячэць аль-Нуры – адкуль цяпер ужо мёртвы лідар ІД Абу Бакр аль-Багдадзі абвясціў так званы халіфат у сярэдзіне 2014 года, амаль цалкам адноўлена – завалы па-ранейшаму падносяць сюрпрызы.
Два гады таму высокапастаўлены афіцэр іракскай паліцыі знайшоў у адным разбураным доме сумку з 1,5 мільёна долараў. “Я пералічыў грошы і вырашыў аддаць іх ураду” – сказаў афіцэр, ветэран барацьбы з ІД за горад. “Я лічыў, што гэта мой абавязак. Ведаеце, што яны мне сказалі? – Дзе астатняе? Замест таго, каб атрымаць ад іх падзяку, я атрымаў падазрэнні і непрыемнасці. Лепш бы я не аддаваў ім гэтыя грошы, і наступным разам не аддам”.
Частка грошай, перададзеных афіцэрам іракскай паліцыі.
Афіцэр паказаў на яго пяць баявых раненняў, тры кулявыя і два аскепкавыя шнары. “Што дала нам дзяржава за нашыя ахвяры? Няшмат” – сказаў ён.
Побач з яго офісам у старым горадзе знаходзяцца два меркаваныя месцы скарбаў, абодва вядомыя ўсім сілам бяспекі, якія кантралююць горад. “Ёсць адзін каля дома ЮНЕСКА, а другі побач” – сказаў ён. “Ніхто не адважваецца іх браць, таму што побач камеры. І ніхто не змог дамовіцца з іншымі, хто што атрымае”.
У мінулым лістападзе карэспандэнт Guardian наведаў адно з месцаў і знайшоў толькі што выкапаную яму ў зямлі склепа. “Я выкапаў яму, дзе мне сказалі, і знайшоў толькі сумку з выбухоўкай і ўсякім лайном” – сказаў адзін з прысутных. “Калі там нешта было, то гэта забралі”.
Далей на захад, да сірыйскай мяжы, шыіцкія апалчэнцы таксама шукалі скарбы. Вязні, якія знаходзяцца пад вартай, выказалі здагадку, што некаторыя з больш буйных партый наяўных грошай і зліткаў былі пахаваны ў халадзільніках пад зямлёй каля памежнага з Сірыяй горада Аль-Каім. «Не можам знайсці» – сказаў адзін з міліцыянтаў. «Але гэта недзе там».
На поўдзень ад Аль-Каіма скарб з золата і долараў на агульную суму каля 16 мільёнаў долараў ляжаў некранутым пад калодзежам з моманту яго пахавання ў канцы 2018 года. Шыіцкія апалчэнцы, прадстаўнікі плямёнаў, ІД і афіцыйныя асобы Ірака ведаюць пра яго месцазнаходжанне, але ніхто не адважваецца здабываць яго без ведама іншых груп, баючыся сутыкнуцца з гневам супернікаў.
“Усе даўно на гэта глядзелі” – заявіла крыніца, блізкая да кіраўніцтва ліванскай “Хізбалы” ў Іраку. “Калі б адна група паспрабавала ўзяць яго, іншыя б іх забілі. Верагодна, вы маглі б узяць яго з калодзежа, але даставіць адтуль у бяспечнае месца немагчыма. Амерыканскай арміі трэба было б зноў уварвацца.”
У Эрбіле, на поўначы, афіцэр курдскай разведкі прызнаўся, што яго арганізацыя мала ўяўляла, хто з яе вязняў ІД валодае інфармацыяй пра скарбы. “Мы ведаем, што ў іх мала грошай” – сказаў ён. “Яны вярнуліся да асноўнай тактыкі кантрабанды і цішыні. Яны ўжо ня могуць нікога абкладаць падаткам”.
Калі стрыечны брат Аяда вярнуўся з палявання за скарбамі ў Баадж, у яго былі дрэнныя навіны. “Ён сказаў мне, што ў скрынях нічога не было, і місія правалілася” – сказаў Аяд. “Я яму не паверыў. Пазней яго жонка сказала мне, што бачыла ўсе грошы, раскладзеныя ў іх доме. Усяго было 3 мільёны даляраў. Пасля гэтага ён купіў чатыры новыя вілы. І ён усё роўна кажа мне, што нічога не знайшлі”. Пастух таксама застаўся з пустымі рукамі.
“Самым вялікім шкадаваннем у маім жыцці было даверыць гэта свайму стрыечнаму брату” – дадаў Аяд. “Я ведаю, што там ёсць нашмат больш скарбаў, але гэта адзіны, пра які я ведаў. Я быў афіцэрам у іракскай арміі, калі ўпаў Масул. Я вярнуўся, каб змагацца з Ісламскай дзяржавай разам з Нацыянальнай абаронай. Мы ўсе заплацілі вялікую цану, каб аднавіць гэтую краіну. Але самую вялікую цану я заплаціў за кошт маёй сям’і”.
Сусветны дзень снега (World Snow Day, з 2012 года) – міжнароднае свята, дзень зімовых відаў спорту. Адзначаецца штогод у перадапошнюю нядзелю студзеня.
Ініцыятарам і заснавальнікам правядзення свята з’яўляецца Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту (FIS). Па задуме арганізатараў, Сусветны дзень снега павінен служыць папулярызацыі зімовых відаў спорту і актыўнага, здаровага ладу жыцця. Праходзіць пад дэвізам – «Нацешыцца, азнаёміцца і выпрабаваць!»
Першымі Дзень святкавалі ЗША, Канада, Аўстралія, Швейцарыя, Фінляндыя, Германія, Вялікабрытанія, Нарвегія, Польшча, Турцыя, Казахстан, Украіна і іншыя. Зараз Сусветны дзень снега адзначаюць у 50 краінах.
1558 год.Маскоўскае княства распачала Лівонскую,Інфлянцкую вайну (1558—1583).
Вайна вялася Маскоўскай дзяржавай супраць Лівонскага ордэна і падтрымаўшых яго Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Швецыі за кантроль над Лівоніяй.
На сярэдзіну XVI стагоддзя Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Масковія, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць большы выхад да Балтыйскага мора, чым у яе быў (існаваў горад і порт Івангарад). У 1557 годзе быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы. У студзені 1558 года маскоўскія войскі пачалі вайну з мэтай авалодання лівонскіх гарадоў і замкаў Нарвы, Дэрпта, Нейгаўза, Рэвеля, Рыгі.
Асада маскоўскімі войскамі Нарвы, 1558
1624 год. Віцебск пазбаўлены Магдэбургскага права, якое было нададзена ў 1597 годзе.
1796 год. Беларускія гарады Бабруйск, Давыд-Гарадок, Докшыцы і Паставы атрымалі гербы ад расійскіх уладаў.
На фота: Імперскі герб Бабруйска. Ён адрозніваецца ад сучаснага адсутнасцю арла ў верхняй частцы.
1800 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Фольбарт.
Доктар медыцыны. Спецыяліст у галіне медыцыны, прыродазнаўчых навук.
Член Пецярбургскай акадэміі навук, мінералагічнага таварыства, Маскоўскага і Рыжскага таварыстваў даследчыкаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі, Рускага геаграфічнага таварыства. Вучыўся медыцыне ў Германіі, Францыі, Англіі.
Працаваў урачом у Пецярбургу.
З 30-гадовага ўзросту пачаў займацца мінералогіяй, склаў багатую калекцыю мінералаў і адкрыў ванадзіевакіслую медзь, якой прысвоілі назву “фальбарыт”. Сур’ёзна займаўся і палеанталогіяй.
Памёр 5 сакавіка 1876 года.
Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі
Пачалося абвяшчэннем Маніфесту Часовага нацыянальнага ўрада. Гістарыяграфічная навука дае розныя ацэнкі паўстанню ў цэлым, асабліва ў плане нацыянальнай матывацыі кіраўнікоў і сацыяльнай базы ўдзельнікаў: ад «польскай шляхецка-клерыкальнай смуты» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага» або «сялянска-рэвалюцыйнага руху».
1869 год. Нечаканае адкрыццё ў камбаджыйскіх джунглях комплекса Ангкор Ват.
Заблукаўшы ў камбаджыйскіх джунглях каля возера Тонлесап, французскі падарожнік Анры Муо раптам убачыў перад сабой гіганцкі храмавы комплекс з галерэямі, вежамі, павільёнамі і варотамі, багата ўпрыгожанымі разьбой па камені.
Так быў “выняты з небыцця” Ангкор Ват (“Пагада сталіцы”), жамчужына майстэрства старажытных кхмераў, найбуйнейшае ў свеце культавае збудаванне. Узведзены ў сярэдзіне XII стагоддзя і прысвечаны богу Вішну.
Займае плошчу ў 200 квадратных кіламетраў, насельніцтва дасягала паўмільёна жыхароў.
У 1992 годзе разам з іншымі збудаваннямі горада Ангкор узяты пад эгіду ЮНЕСКА.
Сёння з’яўляецца адной з галоўных турыстычных славутасцяў Камбоджы.
1906 год. Нарадзіўся Андрэй Александровіч.
Беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.
У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».
Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.
Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.
Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.
Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоўвыступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.
Беларускі паэт. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, працаваў на Магілёўскім радыё, у шклоўскай раённай газеце «Ударны фронт», рэдакцыях «Звязды», «Полымя».
Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.
1980 год. У Магілёве нарадзіўся 300-тысячны гараджанін. Яму сёння 43 гады. Горад “падрос” у параўнанні з перапісам насельніцтва 1979 года адразу амаль на 10 тысяч чалавек. Хацелася б ведаць як жа склаўся лёс 43-гадовага “300-тысячнага магілёўца”.
Фота носіць ілюстрацыйны характар
2012 год. Памёр Яўген Шатохін.
Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».
Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах,
Аўтра шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».
Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медаль Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,
Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска,Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.
Васемнаццаць год таму статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў расійскі герб
Калі ў 2001 годзе паўстала пытанне аб выбары афіцыйнага геральдычнага сімвала, Чавускі райвыканкам на чале з старшынёй А. Мацюліным аддаў перавагу гербу часоў Расійскай імперыі як «больш адпаведнаму менталітэту грамадзян». і пачынаючы са студзеня 2005 года статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў герб горада, дадзены яму ў часы Расійскай імперыі.
Прыняты ў 2005 годзе герб мае сваё паходжанне з XVIII стагоддзя, калі ў часы расійскага панавання на беларускіх землях, імператрыца Кацярына ІІ 16 жніўня 1781 года даравала Чавусам новы герб замест ранейшага магдэбургскага: «У верхняй частцы шчыта частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй — у чырвоным полі шпага, пакладзеная крыжападобна з мячом, злучаныя лаўровым вянком, у памяць слаўнай перамогі, здабытай над шведамі, у наваколлях гэтага горада пад Лясным».
Цяперашні геральдычны сімвал Чавусаў уяўляе сабой выяву на чырвоным полі французскага шчыта шпагі і мяча, размешчаных крыжападобна і злучаных лаўровым вянком.
Першы гістарычны герб Чавусаў быў нададзены гораду разам з Магдэбурскім правам каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславам Вазам 12 жніўня 1634 года. Ён выглядаў так: «у блакітным полі на белым кані святы Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч». Прычым гэты герб варта адносіць да шэрага гарадскіх знакаў, якія адлюстроўваюць ідэі абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцей. Аднак гэты герб так і не стаў сімвалам цяперашніх Чавусаў.
У жыхара Чавус было выяўлена 150 літраў самагоннай брагі – паведамляе chausynews. Як сведчыць мясцовы ўчастковы інспектар міліцыі І. Гулькоў, гэта першы ў Чавускім раёне вядомы выпадак вырабу моцных алкагольных напояў у такім аб’ёме.
Самагооншчыку цяпер пагражае штраф у памеры да 5 базавых велічынь (1 БВ зараз складае 37 рублёў) з канфіскацыяй названых напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў.