Зноў рамонт – у чарговы раз за зіму 25 студзеня перакрываюць рух па вуліцы Першамайскай на чыгуначным пераездзе – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. З 9:00 да 16:00 тут будуць праводзіцца рамонтныя работы. Аб’ехаць гэты ўчастак дарогі можна будзе па Дачным пасёлку або па вуліцы Крупскай.
Конкурс малюнкаў “Захаваем прыроду роднага краю” абвешчаны Палацам культуры вобласці. Усе жадаючыя могуць аплаціць унёсак у суме 6 рублёў і выслаць сваю працу на электронны адрас арганізацыі. Канкурсанты будуць падзеленыя на некалькі ўзроставых катэгорый – да 6 гадоў, ад 7 да 10, з 11 да 14, ад 15 да 17 і старэй за 18. Конкурсныя працы будуць прымаць да 14 красавіка.
На фота: Акварэль магілёўскага мастака Фёдара Кісялёва.
Трагедыя адбылася вечарам 23 студзеня на чыгунцы каля вёскі Пагост Аршанскага раёна. 55-гадовы жыхар горада Барань, які нідзе не працаваў, ляжаў на рэйках побач са сваім веласіпедам – паведамляе БелТА. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён быў цвярозы.
У 19.35 яго пераехаў таварны поезд, які рухаўся па маршруце Баранавічы – Орша – Смаленск. Машыніст заўважыў на пуцях мужчыну, падаў гукавы сігнал, спрабаваў экстрана затармазіць састаў, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Мужчына атрымаў смяротныя раненні, у тым ліку цягніком яму адрэзала ногі.
Гнілыя трубы, паламаная станцыя абезжалезвання. Вадаправодная вада ў жылым доме па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве ўжо некалькі тыдняў палохае жыхароў, і само кіраўніцтва водаканала не ведае, калі гэта закончыцца.
Кожную раніцу вада з крана ў доме №5 па Ракасоўскага мае цёмны, карычневаты колер, з вялікай колькасцю іржы – піша раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”. Бліжэй да абеда вада становіцца быццам чыстай, але калі набраць і адстаяць яе, то ўсё роўна з’яўляецца асадак. У якасці доказу мясцовая жыхарка прынесла ў рэдакцыю газеты дзве бутэлькі з вадой – адна з вадой ранішняй, другая, набраная з крана бліжэй да абеду (на фота).
Вось як гэта растлумачыў начальнік Чэрыкаўскага ўчастка Касцюковічыводаканал Аляксандр Чысцякоў.
– Справа ў тым, што ў нас якраз у гэты перыяд узніклі праблемы ў працы станцыі абезжалезвання, якая ачышчае ваду, у тым ліку і для жыхароў пятага дома па вул. Ракасоўскага, Выйшаў з ладу фільтр, патрабуецца замяніць фарсункі. Усе гэтыя дэталі – ключавыя вузлы станцыі, без іх яна якасна выконваць ачыстку вады ад жалеза немагчыма. Плюс да ўсяго побач са свідравінай, размешчанай паміж першай школай і першым дзіцячым садам, адбыўся прарыў водаправоднай сеткі. Там мы аператыўна замянілі частку згнілага вадаправода на новы і ліквідавалі цеч. На станцыі абезжалезвання працэс ліквідацыі непаладак больш працяглы, і цяпер на ёй вядуцца рамонтныя працы. Мы разлічваем зрабіць усё ў кароткія тэрміны.
Што да розніцы ў колькасці іржаўчыны раніцай і на працягу дня, начальнік участка адзначыў, што звязана гэта хутчэй за ўсё з тым, што на працягу дня павялічваецца разбор вады і таму колькасць іржы ў ёй зніжаецца.
Калектар, які за апошнія пару гадоў размыла амаль да самых бліжэйшых дамоў мікрараёна, актыўна рамантуецца – паведамляюць нашы чытачы. Mogilev.media пісалі ўвосень мінулага года пра з’яўленне “Вялікага Фацінскага каньёна” ў Магілёве. Вось як гэта месца выглядала ў кастрычніку.
Зараз, нягледзячы на разліў на Дняпры і на надвор’е, вядуцца рамонтныя работы на калектары.
Калектар вырашылі завярнуць у фацінскую затоку а не ў Днепр, як раней, а былую прамыіну засыпяць. Але наколькі будзе трывалая новая пабудова, якую ўзімку бетаніруюць, цяжка сказаць – пішуць нашы чытачы.
У раёне зарэгістравана больш за ўсё злачынстваў за 2022 год па ўсёй вобласці, распавёў пракурор Чэрыкаўскага раёна. У асноўным вінаватыя – людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Майсееў пракаментаваў крымінагенную абстаноўку:
– У 2022 годзе колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна злачынстваў павялічылася ў параўнанні з 2021 годам з 91 да 117, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у Магілёўскай вобласці. Адбыўся значны рост колькасці злачынстваў, учыненых у групе асоб, у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення.
У мінулым годзе, паводле слоў пракурора, у раёне былі ўчынены злачынствы, якія не былі зарэгістраваны ў 2021 годзе. Размова ідзе аб 8 махлярствах, 3 ухіленнях ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу, 2 забойствах, 1 рабаванні і 1 угоне.
Пракурор распавёў падрабязнасці пра адну з трагедый, што адбылася ў Чэрыкаўскім раёне ў 2022 годзе. Пара сужыцеляў доўгі час вяла асацыяльны лад жыцця, ужывала спіртное. У алкагольным псіхозе мужчына нанёс сужыцельцы больш за 118 удараў рукамі, сякерай, жалезнай качаргой. Жанчына памерла на месцы.
Амаль у тры разы (з 52 да 143) павялічылася колькасць правапарушэнняў, звязаных з распіццём алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або на рабоце ў стане ап’янення.
Асноўнымі віноўнікамі з’яўляюцца не працаўладкаваныя асобы, якія не маюць пастаяннага заработку, злоўжываюць спіртнымі напіткамі і вядуць асацыяльны лад жыцця – падкрэсліў пракурор.
Даведка: Чэ́рыкаў – горад у Магілёўскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Чэрыкаўскага раёна. Насельніцтва – 12777 жыхароў (на 1 студзеня 2022 года). Размешчаны на рацэ Сож, за 32 км ад чыгуначнага вузла Крычаў, за 77 ад Магілёва.
Два чалавекі загінулі на пажары ў прыватным доме па вуліцы Спартакаўскай у Бабруйску вечара 23 студзеня – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны ўзгарання высвятляюцца. Таксама ў Бабруйску ў гэты дзень гарэў дом па вуліцы Звязды. Гаспадар дома 1979 года нараджэння атрымаў апёкі і быў выратаваны, а яго сужыцельніца, жанчына 1981 года нараджэння, загінула.
Яшчэ адзін пажар у прыватным доме ў Бабруйску – на вуліцы Кірава – завяршыўся менш трагічна. Гаспадар дома 1958 года нараджэння спрабаваў самастойна загасіць полымя, атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны.
Таксама гарэў дом у Чавусах па вуліцы Забалоцкай. Гаспадар дома 1951 года нараджэння выратаваўся, атрымаўшы атручэнне дымам, і быў шпіталізаваны.
У вёсцы Машавое Касцюковіцкага раёна ў сваім доме быў знойдзены мужчына 1969 года нараджэння, які атруціўся ўгарным газам – зарана закрыў дымаход у печы.
У Асіповічах на чыгунцы адбыўся наезд электрацягніка на чалавека. Пацярпела дзяўчына 1999 года нараджэння, якая з траўмамі рознай ступені цяжкасці была шпіталізаваная.
Міжнародны дзень эскімо (International Eskimo Pie Day).
“Салодкае” свята ўстаноўлена таму, што ў гэты дзень у 1922 годзе амерыканец Хрысціян Нэльсан атрымаў патэнт на эскімо.
Нешта падобнае на марожанае вядома з часоў Старажытнай Грэцыі: астуджаная садавіна з дробна наструганым салодкім лёдам, замарожаныя сіропы, адвары і сокі, шчарбеты і фруктовы лёд. Гіпакрат для ўмацавання здароўя рэкамендаваў яго пацыентам.
Рэцэпт блізкага да сучаснага марожанага ў Еўропу ў 1295 годзе прывёз Марка Пола.
Сапраўднае марожанае сталі гатаваць пры двары Кацярыны Медычы.
У 1649 годзе з’явілася ванільнае марожанае французскага кулінара Жэрара Тырсена.
Вафельны ражок запатэнтаваны ў 1903, брыкетыкі эскімо – у 1920 годзе.
Па адной з версій, слова “эскімо” прыйшло ад французаў, якія так звалі дзіцячы камбінезон, падобны на эскімоскі гарнітур: марожанае, што “апранутае” у шакаладны “камбінезон”. У 1919 годзе Х. Нэльсан пакрыў шакаладнай глазурай брыкет марожанага і назваў яго Eskimo Pie (піражок эскімоса).
Сучасны выгляд эскімо на палачцы набыло толькі ў 1935 годзе.
У БССР эскімо сталі выпускаць у прамысловых маштабах ў 1936 годзе на Мінскім малочным камбінаце. Да гэтага працавалі невялікія вытворчыя арцелі, у тым ліку ў Магілёве, Чавусах. Напрыклад, у Чавускім парку (у той час – “Бульвар”), яшчэ на пачатку 1930-х можна было набыць эскімо ў “саматужнікаў” па 5 капеек (заробак настаўніка пачатковай школы тады складаў 35 рублёў). Наркам харчавання СССР А. Мікаян лічыў, што савецкі грамадзянін павінен з’ядаць за год не менш як 5 кг марозіва.
Зараз у краіне 39 вытворцаў марожанага. Беларусы у год спажываюць каля 6 кг марозіва (у свеце – 21).
Міжнародны дзень адукацыі (International Day of Education, з 2019 года).
Прызначаны Генеральнай Асамблеяй ААН. У гэтым годзе праходзіць пад дэвізам “Інвеставаць у людзей, надаваць прыярытэтную ўвагу адукацыі”. Адукацыя – права кожнага чалавека. ААН прызнае вартасць адукацыі для дасягнення ўстойлівага развіцця і падкрэслівае, што адукацыя можа павысіць індывідуальную прадукцыйнасць і павялічыць патэнцыял эканамічнага росту, садзейнічаць выкараненню галечы і голаду, садзейнічаць здароўю і гендэрнай роўнасці.
Аднак, паводле звестак ААН, цяпер 244 мільёны дзяцей і падлеткаў не наведваюць школу, 617 мільёнаў не валодаюць элементарнымі навыкамі чытання і матэматыкі. Міграцыя і вымушанае перамяшчэнне таксама аказваюць негатыўнае ўздзеянне на атрыманне адукацыі.
Аксіння і Фядос (народны каляндар).
Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце.
Калі на Фядоса цёпла, то вясна будзе ранняй, але дажджлівай.
Адліга абяцае зацяжную вясну.
Сцюжа – да позняга і цяжкага пасева ярыны хлябоў.
Фядосава цяпло – на раннюю вясну пайшло.
Бойся студзеньскай вясны. Хілая зіма – жывучая. Цёплыя дні студзеня нядобрым адгукаюцца.
Надвор’е дня ўказвае на надвор’е лістапада.
1582 год. Вольны горад-дзяржава Рыга далучаны да Рэчы Паспалітай.
Гэта адбылося паводле Ям-Запольскага перамір’я, якое замацавала перамогу Рэчы Паспалітай і Швецыі ў Лівонскай вайне з Масковіяй.
У Рэчы Паспалітай Рыга захавала асаблівыя прывілеі – Рыжская ландфагтыя. Горад кантраляваў Рыжскую патрыманіяльную акругу ў 750 км², працягваў чаканіць уласную манету, тут канчаткова зацвердзілася лютэранства.
Далучэнне да каталіцкай дзяржавы выклікала доўгія Каляндарныя беспарадкі 1583-1589 гадоў, калі Рыжскі рат па ўказе польскага караля паспрабаваў увесці новы грыгарыянскі каляндар.
1885 год. У Полацку нарадзіўся Юрый Тарыч (Аляксееў).
Беларускі і расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст, заснавальнік беларускага кіно. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР.
У 1905 годзе як член Варшаўскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі быў высланы ў в. Тара Табольскай губерні. Адсюль і псеўданім – Тарыч.
У кінематографе з 1914 года, калі напісаў сцэнарый фільма «Трагедыя сям’і Набатавых».
У 1926 годзе сумесна з Я. Івановым-Барковым зняў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» па аповесці М. Чарота «Свінапас».
Працаваў на студыі «Савецкая Беларусь», дырэктарам і мастацкім кіраўніком «Манголкіно» (1943-1945), супрацоўнічаў з “Беларусьфільм”.
Сцэнарыст і рэжысёр 20 кінафільмаў.
Памёр 21 лютага 1967 года ў Маскве.
1901 год. Нарадзіўся Янка Шутовіч.
Беларускі літаратуразнавец, выдавец.
Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, рэдактарам часопісаў «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі», працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны і ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, настаўнікам, загадчыкам Беларускага музея ў Вільні (1941-1944).
За актыўную дзейнасьць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння быў зняволены ў лагеры Бяроза-Картуская (1939). У 1944 годзе арыштаваны НКДБ. Вязень ГУЛАГу, ссыльны.
Пасля ссылкі, з 1957 года працаваў у Віленскім дзяржаўным мастацкім музэі, у часопісе «Полымя».
Аўтар перакладаў твораў літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі М. Гарэцкага «Віленскіякамунары», знайшоў дзённік А. Станкевіча.
Памёр 9 снежня 1973 года ў Вільні.
Фота: Магіла Яна Шутовіча ў Павільнісе (Павіленскія могілкі), Вільня, 2021
1905 год. Нарадзіўся Фёдар Дамінікоўскі.
Беларускі географ, геолаг, кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Скончыў Варонежскі ўніверсітэт, быў сакратаром беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варонежы.
Працаваў у Беларускім доследым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі, ва Усесаюзным інстытуце сельскай гаспадаркі ў Саратаве, маскоўскім Інстытуце паўночнай зерневай гаспадаркі, загадчыкам кафедры геалогіі і глебазнаўства БДУ (з 1943), вучоным сакратаром Савета ўніверсітэта.
Даследчык гісторыі навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945-1947), вялікай колькасці артыкулаў для часопіса “Беларусь”.
Памёр 8 красавіка 1949 года ў Мінску.
1911 год. Памёр Аляксандр Аскерка.
Удзельнік паўстання К. Каліноўскага. публіцыст, выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў».
Скончыў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Служыў у грэнадзёрскім палку імя караля Фрыдрыха-Вільгельма, паручнік.
Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісій па рэформе у Санкт-Пецярбургу,Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.
Пад час паўстання 1863-1864 гадоў быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Арыштаваны 12 чэрвеня 1863 года, прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.
Па вяртанні з катаргі, з 1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».
У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е» (Podgórze), частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.
Апошнія гады жыцця правёў у малодшай дачкі – Марыі ў маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. Там жа і пахаваны недалёка ад магілы генерала Томаша Ваўжэцкага – другога пасля Т. Касцюшкі галоўнакамандуючага войск ВКЛ (1794).
1931 год. У в. Мокрае Быхаўскага раёна нарадзіўся Міхась Мушынскі.
Гісторык беларускай літаратуры беларускі крытык, літаратуразнавец, тэкстолаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.
Выдаў звыш 340 навуковых прац, у тым ліку 12 індывідуальных і 31 калектыўных манаграфій. Сярод іх – “Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы”, “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры”.
Памёр 8 чэрвеня 2018 года.
1939 год. Пры землятрусе ў Чылі загінула болей за 50 000 чалавек.
Рэкордны па колькасці ахвяр землятрус на тэрыторыі Чылі.
Больш за ўсё пацярпелі гарады Чыльян і Кансепсьён, аднак разбурэнні і ахвяры былі практычна ва ўсіх правінцыях Паўднёвага Чылі. Магнітуда па розных ацэнках складала ад 7,8 да 8,8.
Чыльян адчуваў наступствы моцных землятрусаў у 1751, 1835, 1939, 1953, 1960 і 2010 гадах, але менавіта землятрус 1939 года стаў найбольш трагічным.
1965 год. ПамёрСэр Уінстан Леанард Спэнсэр-Чэрчыль.
Брытанскі дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр (1940-1945, 1951-1955), гісторык, пісьменнік, мастак. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры.Найвялікшы лідар ваеннага часу ў ХХ стагоддзі, адзін з самых уплывовых людзей у гісторыі Вялікабрытаніі. Першы ў свеце ганаровы грамадзянін ЗША.
Афіцэр, ваенны карэспандэнт, сведка ваенных дзеянняў у Брытанскай Індыі, Судане, Другой англа-бурскай вайне.
Да Першай сусветнай вайны займаў пасады міністраў гандлю, унутраных спраў, першага лорда адміралцейства, камандзіра 6-га батальёну Каралеўскіх шатландскіх стралкоў на Заходнім фронце.
У міжваенны перыяд – міністр па ўзбраенні, міністр авіяцыі, канцлер казначэйства.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны – першы лорд адміралцейства, прэм’ер-міністр. Яго катэгарычная адмова разгляду варыянтаў паражэння, капітуляцыі або кампраміснага міру натхнілі брытанскі супраціў.
Антыкамуніст, адзін з галоўных ініцыятараў інтэрвенцыі Антанты ў Расію, але ўжо 22 чэрвеня 1941 года заявіў аб падтрымцыСССР.
5 сакавіка 1946 года Чэрчыль вымавіў вядомую Фултанскую прамову, ад якой часам пачынаюць адлічваць час халоднай вайны.
1971 год. Памёр Уладзімір Уладамірскі.
Беларускі акцёр, другі ў гісторыі Народны артыст БССР пасля У. Галубка. Народны артыст СССР.
Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Бабруйску.
Працаваў у Другім паказальным тэатры Заходняга фронту ў Бабруйску, Смольным тэатры Петраграда, у мінскім Купалаўскім тэатры.
Стварыў высокамастацкія вобразы ў беларускім рэпертуары.
Быў жанаты на артыстке Кацярыне Азбукінай, сястры адраджэнца Мікалая Азбукіна.
Памёр 24 студзеня 1971 года.
На фота – В.Волкаў. Групавы партрэт дзеячаў беларускага тэатру Г. Глебава, А. Марыкса, У.Уладамірскага (справа). 1959 год
1997 год. Заснаваны філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне Маладзечанскага раёна.
Утвораны па ініцыятыве дырэктара музэя Жанны Дапкюнас і пры спрыянні старшыні калгаса «Яхімоўшчына» Г. Божкі.
Пасля рэстаўрацыі хаты, ў якой жыў Янка Купала, і падрыхтоўкі экспазыцыі філіял ўпершыню адкрыўся для наведвальнікаў 30 мая 2001 года.
Плошча экспазіцыі больш за 100 м². У двух пакоях размяшчаюцца экспазыцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Купала – мемарыяльны.
Традыцыйна штогод у Яхімоўшчыне ў дзень нараджэння паэта 7 ліпеня праводзіцца Купальскае свята.
1999 год. На МАЗе выпушчаны першы аўтобус для міжгародных перавозак.
МАЗ-152 серыйна выпускаўся ў 2000-2014 гадах. Мадыфікацыя МАЗ-152А была больш камфартабельнай, з дадатковымі опцыямі: кандыцыянер, прыбіральня, лядоўня, міні-кухня. Усяго сабрана каля 820 аўтобусаў.
2018 год. Памёр Міхал Анемпадыстаў.
Беларускі мастак, паэт, дызайнер, культуролаг, мастацтвазнавец.
Працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі. Быў дызайнерам вядомых лагатыпаў, у тым ліку, кампаніі «Будзьма беларусамі!», рок-фестывалю «Басовішча». Стварыў серыю анімаваных паштовак «Будзьма з беларускімі святамі».
Ілюстратар кніг, альбомных вокладак для CD-дыскаў гуртоў «N.R.M.», «Партызанская школа».
У сваіх фотапрацах засяродзіўся на беларускай гародніне, каб адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры. Меркаваў, што беларусы, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі – нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя, пад запэцканай (ад глебы) кажурой бульбы схавана «залатое сонца».
Удзельнік шматлікіх групавых, персанальных выстаў уеўрапейскіх гарадах.
Актыўны стваральнік беларускай рок-паэзіі, у тым ліку, для рок-мюзікла «Народны альбом». Песні на яго вершы выконваюцца гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», спявачкай Касяй Камоцкай.
Удзельнік грамадскай адукацыйнай праграмы «Лятучы ўніверсітэт», чытаў шматлікія лекцыі, у тым ліку, у Магілёве – «Колер Беларусі», «Беларускі стыль», «Межы памежжа».
У 2006 годзе быў абраны «Чалавекам году» па версіі музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў».
Паляжаць у лужыне за кулямётам “Максім”, пачытаць сценгазету, палюбавацца на клумбу ў выглядзе савецкай зоркі цяпер змогуць дзеткі ў Слаўгарадзе. Прадстаўнікі “Белай Русі” і мясцовыя дэпутаты зрабілі для слаўгарадскіх малых пляцоўку ў “патрыятычным стылі”, у якой з радасцю бавіліся б самі.
Гарадскі дзіцячы парк знаходзіцца ў цэнтры невялікага раённага цэнтра. Акрамя розных выяваў і скульптур лясных жывёл, казачных і мульцяшных перасанажаў у ім змешчана тэматычная дзіцячая пляцоўка “Вызваліцелям Слаўгарадчыны прысвячаецца”, якая была зроблена з нагоды мінулага Года гістарычнай памяці.
На спецыялізаванай пляцоўцы можна ўбачыць чырвоную савецкую зорку, складзеную з пафарбаваных бардзюраў, дзіцячыя мадэлькі кулямёта Максім і машыны ЗІС (Завод імя Сталіна). Побач знаходзіцца сцяна, аформленая ў выглядзе ідэалагічнай насценгазеты з “патрыятычнымі” лозунгамі “Никто не забыт, ничто не забыто”, “Беларусь помнит”, з выявамі савецкіх салдат і франтавых лістоў.
Аднак асаблівую асалоду выклікае драўляная расфарбаваная скульптура партызана са стрэльбай у чыісьці, што можна прыняць за домік.
Пакой у інтэрнаце па вуліцы Ульянаўскай у Бабруйску загарэўся днём 22 студзеня – паведамляе прэс-служба абласнога МНС. У блоку на восьмым паверсе, дзе пражывае сям’я з чатырох чалавек, загарэўся адзін з пакояў. У другім пакоі ў гэты час знаходзіліся муж і дачка 2017 года нараджэння, жонка 2000 года нараджэння і іх сын дома адсутнічалі. Пабачыўшы пажар, мужчына разам з дачкой выскачыў да суседзяў, яны не пацярпелі. Адзначаецца, што спрацавала пажарная сігналізацыя і апавяшчальнік. Усяго з восьмага паверха інтэрната ратавальнікі эвакуявалі 14 чалавек, трое з іх – дзеці.