Чэрыкаўскі раён стаў крымінальным лідарам

118 удараў рукамі, сякерай, качаргой – пракурор расказаў, як Чэрыкаўскі раён стаў крымінальным лідарам

У раёне зарэгістравана больш за ўсё злачынстваў за 2022 год па ўсёй вобласці, распавёў пракурор Чэрыкаўскага раёна. У асноўным вінаватыя – людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Майсееў пракаментаваў крымінагенную абстаноўку:

– У 2022 годзе колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна злачынстваў павялічылася ў параўнанні з 2021 годам з 91 да 117, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у Магілёўскай вобласці. Адбыўся значны рост колькасці злачынстваў, учыненых у групе асоб, у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення.

У мінулым годзе, паводле слоў пракурора, у раёне былі ўчынены злачынствы, якія не былі зарэгістраваны ў 2021 годзе. Размова ідзе аб 8 махлярствах, 3 ухіленнях ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу, 2 забойствах, 1 рабаванні і 1 угоне.

Пракурор распавёў падрабязнасці пра адну з трагедый, што адбылася ў Чэрыкаўскім раёне ў 2022 годзе. Пара сужыцеляў доўгі час вяла асацыяльны лад жыцця, ужывала спіртное. У алкагольным псіхозе мужчына нанёс сужыцельцы больш за 118 удараў рукамі, сякерай, жалезнай качаргой. Жанчына памерла на месцы.

Амаль у тры разы (з 52 да 143) павялічылася колькасць правапарушэнняў, звязаных з распіццём алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або на рабоце ў стане ап’янення.

Асноўнымі віноўнікамі з’яўляюцца не працаўладкаваныя асобы, якія не маюць пастаяннага заработку, злоўжываюць спіртнымі напіткамі і вядуць асацыяльны лад жыцця – падкрэсліў пракурор.

Даведка: Чэ́рыкаў – горад у Магілёўскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Чэрыкаўскага раёна. Насельніцтва – 12777 жыхароў (на 1 студзеня 2022 года). Размешчаны на рацэ Сож, за 32 км ад чыгуначнага вузла Крычаў, за 77 ад Магілёва.

Фота ілюстрацыйнае.