Вось такая вада ўжо некалькі тыдняў у Чэрыкаве

Гнілыя трубы, паламаная станцыя абезжалезвання. Вадаправодная вада ў жылым доме па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве ўжо некалькі тыдняў палохае жыхароў, і само кіраўніцтва водаканала не ведае, калі гэта закончыцца. 

Кожную раніцу вада з крана ў доме №5 па Ракасоўскага мае цёмны, карычневаты колер, з вялікай колькасцю іржы – піша раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.  Бліжэй да абеда вада становіцца быццам чыстай, але калі набраць і адстаяць яе, то ўсё роўна з’яўляецца асадак. У якасці доказу мясцовая жыхарка прынесла ў рэдакцыю газеты дзве бутэлькі з вадой – адна з вадой ранішняй, другая, набраная з крана бліжэй да абеду (на фота).

Вось як гэта растлумачыў начальнік Чэрыкаўскага ўчастка Касцюковічыводаканал Аляксандр Чысцякоў.

– Справа ў тым, што ў нас якраз у гэты перыяд узніклі праблемы ў працы станцыі абезжалезвання, якая ачышчае ваду, у тым ліку і для жыхароў пятага дома па вул. Ракасоўскага, Выйшаў з ладу фільтр, патрабуецца замяніць фарсункі. Усе гэтыя дэталі – ключавыя вузлы станцыі, без іх яна якасна выконваць ачыстку вады ад жалеза немагчыма. Плюс да ўсяго побач са свідравінай, размешчанай паміж першай школай і першым дзіцячым садам, адбыўся прарыў водаправоднай сеткі. Там мы аператыўна замянілі частку згнілага вадаправода на новы і ліквідавалі цеч. На станцыі абезжалезвання працэс ліквідацыі непаладак больш працяглы, і цяпер на ёй вядуцца рамонтныя працы. Мы разлічваем зрабіць усё ў кароткія тэрміны.

Што да розніцы ў колькасці іржаўчыны раніцай і на працягу дня, начальнік участка адзначыў, што звязана гэта хутчэй за ўсё з тым, што на працягу дня павялічваецца разбор вады і таму колькасць іржы ў ёй зніжаецца.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”