Як стала вядома, атаку на касцёл святога Станіслава ў Магілёве здзейснілі двое маладзёзаў, якія былі моцна нападпітку – 17 і 18 гадоў.
Дзеянні вандалаў зафіксавалі камеры відэаназірання. Двое хлопцаў прабраліся на тэрыторыю касцёла, пераадолеўшы агароджу і старэйшы кінуў некалькі камянёў у вокны помніка архітэктуры. Малодшы разарыў батлейку, арганізаваную на ўваходзе ў касцёл – скраў фігурку осліка.
Ці былі ідэнтыфікаваныя гэтыя вандалы і ці затрыманыя – пакуль невядома. Нагадаем, акт нападу на касцёл у Магілёве быў здзейснены ў ноч з 19 на 20 студзеня – пісалі mogilev.media.
Смяротнасць толькі ў Карабельным раёне Мікалаева падчас вайны перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў, паведамляе korabelov.info. Па астатніх раёнах горада статыстыка пакуль не апрацавана.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
На працягу 2022 года ў раёне зарэгістравана 174 (у 2,3 разы менш, чым за 2021 год) нованароджаных і 852 (у 1,4 раза менш, чым за 2021 год) памерлых. Гэта азначае, што смяротнасць у 4,9 раза перавысіла нараджальнасць. Для параўнання: у 2021 годзе гэтыя суадносіны складалі 2,9, у 2020 годзе — 2,7.
Структура смяротнасці: хваробы сістэмы кровазвароту – 61,4%, злаякасныя новаўтварэнні –13,0%, траўмы, атручэнні і іншыя наступствы – 10,8%, хваробы органаў стрававання і інфекцыйныя хваробы па 4,4%, хваробы органаў дыхання – 3,4%.
У Мікалаеве з-за анамальна цёплага надвор’я з 21 студзеня пачалі красаваць пралескі – пішуць мясцовыя СМІ.
Папярэдняе рэкордна ранняе красаванне было зафіксавана некалькі гадоў таму 29-30 студзеня. Сярэдняя тэмпература ў Мікалаеўскай вобласці ў студзені 2023 года на 5-6 градусаў перавышае абсалютны сярэдні максімум па шматгадовым назіранні.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Як паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі, у сувязі з рамонтам маста паміж станцыямі Друць і Вендрыж адмяняецца некалькі цягнікоў у студзені, лютым, сакавіку і красавіку 2023 года. Гэта цягнікі Магілёў – Мінск і Магілёў – Салігорск. Таксама ў гэтыя перыяды асобныя цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа на ўчастку Асіповічы – Магілёў будуць курсіраваць змененым раскладам і маршрутам.
Змены ў раскладзе будуць адбывацца 25 студзеня, 21, 22 лютага, 14, 15, 28, 29 сакавіка, 11, 12 красавіка 2023 года. Адмяняюцца: цягнікі № 742/741 Мінск – Магілёў адпраўленнем з Мінска ў 6:58, з Магілёва – у 15:33; – цягнікі № 879/880 Магілёў – Салігорск адпраўленнем з Магілёва 6:18, з Салігорска – у 17:21.
Акрамя таго, у названыя дні поезд нумар 744 Мінск – Магілёў будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 16:52 (замест 15:35) і прыбываць на станцыю Магілёў-1 у 20:13 (па звычайным графіку – 18:18). Таксама 25 студзеня, 22 лютага, 15 і 29 сакавіка і 12 красавіка поезд № 744/745 Магілёў – Мінск адправіцца са станцыі Магілёў-1 у 7:22 (замест 6:58) і прыбудзе на станцыю Мінск-Пасажырскі ў 10:44 ( па графіку – 9:42). Гэтыя цягнікі будуць рухацца змененым маршрутам праз Оршу (без высадкі і пасадкі пасажыраў на прамежкавых станцыях).
Паспрыялі актыўныя жыхары магілёўскіх мікрараёнаў – гарадскія ўлады ўнеслі ў план рэканструкцыі 12 двароў.
У адных выпадках планавання рэканструкцыі двароў стала вынікам грамадскай ініцыятывы, як напрыклад па вуліцы Каштанавая, у іншых – проста прыйшла чарга для рэканструкцыі.
Пры рэканструкцыі плануецца ўстаноўка сучасных гульнявых, спартыўных і дзіцячых пляцовак, рамонт пешаходных шляхоў, з’яўленне малых архітэктурных форм і зон адпачынку. У выпадку рэалізацыі плана з’явяцца сучасныя дваравыя тэрыторыі і розных раёнах горада.
Вось адрасы дваравых тэрыторый:
пр. Шмідта (раён Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій;
Кіраўнік Збройных сіл Украіны, генерал Валерый Залужны атрымаў спадчыну ад грамадзяніна ЗША, украінца Грэгары Сцепанца – піша The New York Times. Пакуль невядома, ці з’яўляўся нябожчык родным для Валерыя Залужнага і ці былі яны наогул знаёмымі. Паведамляецца, што Сцепанец сышоў з жыцця ў кастрычніку 2022 года.
Залужны аддаў атрыманую спадчыну на патрэбы ўкраінскай арміі, дадае выданне, спасылаючыся на сям’ю Сцяпанец і прэс-службу ВСУ.
У бягучым годзе ў Магілёўскай вобласці правядуць капітальныя рамонты 21 школы – расказала кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнню дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская. На рамонт выдзелена каля 27 мільёнаў рублёў.
У прыватнасці будуць адрамантаваны 3 школы ў Быхаўскім раёне (№2 і №3 Быхава і Чарнаборская), па 2 – у Асіповіцкім, Касцюковіцкім, Магілёўскім (Кадзінская і Усходаўская), у Чавусах (№№ 1 і 2). Па адной – у Клімавіцкім, Слаўгарадскім (Васькавіцкая), у Глуску, Кіраўску, Краснаполлі (гімназія), Мсціславе (гімназія), Крычаве (№7), Хоцімску (№1).
Усяго у вобласці 365 устаноў сярэдняй адукацыі. Такім чынам, капітальнаму рамонту падлягаюць 5,75% іх колькасці. Атрымліваецца, што тэмпы такія, каб рамантаваць школы раз на 20 гадоў.
Стан будынкаў навучальных устаноў павінны заўсёды быць пад пільнай увагай.
Нагадаем, што у жніўні 2014 года абрушыўся дах у Крычаўскай гімназіі, а ў студзені 2004 года ў выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполлі загінула 4 чалавекі – настаўнік і 3 вучня.
Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар).
Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.
Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.
На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.
Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.
Мароз і сонца – да добрага лета.
25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт.
Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.
Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.
1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец.
Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.
Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.
Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.
Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».
Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М. Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.
У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.
З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.
У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.
Памёр 15 студзеня 1885 года ў Варшаве.
1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч.
Беларускі паэт
Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.
Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.
Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.
Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.
Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.
У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці.
Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.
1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна.
Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.
Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.
Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.
У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.
Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.
Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”
За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.
Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.
1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.
Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы, выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.
Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.
Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.
Памерла 18 ліпеня 1964 года.
1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч.
Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.
Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.
Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.
Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.
Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў).
Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.
Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).
1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч).
Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.
Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.
Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.
Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.
У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.
Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў тэрмін «пераадкрыццё часу».
1938 год. У Празе памёр Тамаш Грыб.
Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.
У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.
Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады,лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.
Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.
Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.
Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.
1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі.
Бард, паэт і акцёр.
Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно.
Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.
Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі.
У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).
Памёр 25 ліпеня 1980 года.
Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.
помнік у Навагрудку
1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка.
Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак.Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.
Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.
Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.
Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.
1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка.
Беларускі паэт.
Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя А. Куляшова.
Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.
Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.
Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.
Расійскіх рыбаловаў аштрафавалі ў прыпартавым горадзе, бо іх маглі прыняць за вайскоўцаў. Гэта зрабілі з улікам ваенных дзеянняў Расіі ва Ўкраіне, для супакаення мясцовых жыхароў і ўкраінскіх уцекачоў, хаця сам камуфляж у Нарвегіі не забаронены.
Як паведамляе Dagbladet, праваахоўныя органы паведамілі, што расіяне былі аштрафаваны на 5000 нарвежскіх крон – каля 230 долараў – за праход у паўночны нарвежскі горад у працоўнай камуфляжнай форме, якая падобная на вайсковую.
Інцыдэнт адбыўся 12 студзеня. Маракі з Расійскай федэрацыі выйшлі на бераг у Кіркенесе ў Фінмарку. Паліцыя правяла міграцыйную праверку і выявіла мужчын у камуфляжнай вопратцы, якая падобная на вайсковую форму расійскай арміі. Адзначаецца, што на форме былі расійскія сцягі і напісанае кірыліцай слова “Расія”.
Расіяне яшчэ лёгка аддзелаліся малым штрафам. Па словах пракурора Марціны Месла, у артыкуле 165 Крымінальнага кодэкса Нарвегіі гаворыцца пра няправамернае выкарыстанне публічнай формы. Адпаведна яму няправільнае выкарыстанне формы, адметных знакаў альбо тытулаў караецца штрафам альбо пазбаўленнем волі да 6 месяцаў.
“Тое, што экіпажы аддаюць перавагу хаджэнню па горадзе ў камуфляжнай вопратцы, якую можна прыняць за расійскую ваенную форму, як мы бачым, можа стварыць страх і дыскамфорт – з улікам ваенных дзеянняў Расіі, так і палітычнай сітуацыі з бяспекай, як для мясцовага насельніцтва, так і для ўкраінскіх уцекачоў, якія жывуць тут ” – сказала Месла. Яна падкрэсліла, што раней расійскія рыбалоўныя брыгады не выкарыстоўвалі падобную вопратку.
Месла таксама заявіла, што расійскія ваенна-марскія караблі лічацца пагрозай для бяспекі і могуць уводзіць толькі ў тры парты Нарвегіі. Гэта адна з прычын таго, што расследаванне скончылася штрафам за выкарыстанне формы. Нашэнне камуфляжнага адзенне ў цэлым у Нарвегіі дазваляецца.
Энергію з БелАЭС няма куды дзяваць, пагэтаму ў Асіповічах і Бабруйску будуюць новыя электрасеткі.
Амаль 42 кіламетры размеркавальных сетак 0,4-10 кВ пабудавалі і рэканструявалі ў мінулым годзе «Бабруйскія электрасеткі». Інтэнсіўнае будаўніцтва завязана на неабходнасці выкарыстання пакуль не вельмі патрэбнай “атамнай” энергіі з БелАЭС.
РУП «Магілёўэнерга», паведаміла, што за мінулы год толькі па філіялу «Бабруйскія электрычныя сеткі» было пабудавана і рэканструявана амаль чатыры дзясяткі кіламетраў размеркаваных сетак.
Асаблівая ўвага была нададзена кабельным сеткам у 10 кВ у Бабруйску і Асіповічах, дзе рэканструявана 16,36 км кабельных ліній 10 кВ. Электрычныя сеткі 10 кВ былі рэканструяваны ў паселішчах Даманава і Думаноўшчына Бобруйского района, Азярышча Асіповіцкага раёна, а таксама ў Асіповічах. Агульная даўжыня сетак склала 20,62 км,
Паралельна будаўніцтву электрасетак было ўстаноўлена 9 камплектных трансфарматарных падстанцый. Акрамя таго, гаспадарчым спосабам былі мадэрнізаваны KРУН-10кВ на падстанцыях 35 кВ «Туркі», «Бортнікі», «Тэйкавічі», «Обча». У бягучым годзе плануецца мадэрнізацыя ПС-35 кВ «Цэль».
Чым выклікана такая ўвага да будаўніцтва новых электрычных магутнасцяў у вобласці?Развіццё электрасетак – нармальны працэс, але ўвага да іх рэканструкцыі відавочна павялічылася ў апошнія гады. І гэтаму павінны быць важкія прычыны.
Афіцыйнае паведамленне дае наступны адказ: “Для рэалізацыі плана развіцця электраэнергетычнай прамысловасці да 2025 года з улікам нескарыстаных сёння магутнасцяў Беларускай атамнай электрастанцыі неабходна павялічваць магутнасць трансфарматарных падстанцый і развіваць электрычныя сеткі”.
Аказваецца, амбіцыйны праект будаўніцтва БелАЭС павялічыў магутнасці электрастанцый краіны і выклікаў іх лішак. Планы па экспарту электраэнергіі ў Еўропу праваліліся з-за пазіцыі краін Балтыі, а спажыванне электраэнергіі ўнутры Беларусі амаль не расце з 2014 года з-за эканамічнага крызісу і дэпрэсіі.
Усё гэта і прывяло да распрацоўкі планаў штучнага павелічэння спажывання электрычнасці ўнутры краіны. Цяпер праектуюцца мікрараёны буйнапавярховых дамоў з электрычным абагрэвам. Найперш яны будуюцца ў Мінску, але ёсць і ў Магілёве – Міжгор’е (Саломенка-2), новы мікрараён на Першамайскай, пра які пісалі mogilev.media.
Для павелічэння спажывання электрычнасці неабходна развіццё прапускных магчымасцяў электрасетак і павелічэнне магутнасці трансфарматарных падстанцый.