Віцебскіх дэсантнікаў пабачылі ў Запарожскай вобласці, але пытанняў больш чым адказаў

Паведамленне пра ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне ўскалыхнула інфармацыйную прастору. Бацькі дэсантнікаў у Бабруйску і Магілёве забілі трывогу. Але цвярозы аналіз інфармацыі паказвае, што найхутчэй мы маем справу з ваеннымі чуткамі. 

Украінскія крыніцы спасылаюцца на мэра акупаванага Мелітопаля Івана Фёдарава, які заявіў, што ў Кірылаўцы заўважылі беларускіх вайскоўцаў. Прычым ён настойвае, што “на самай справе гэта беларусы”, і што “гэта тое, што бачаць нашы жыхары”. Паведамлялася нават пра “шаўроны брыгады з Віцебска”.

Беларускія як незалежныя, так і афіцыйныя крыніцы скептычна аднесліся да паведамлення. Узнікла гіпотэза, што магчыма мэр Мілітопаля, які сам знаходзіцца не ў горадзе і толькі звязваецца са сваімі гараджанамі з дапамогай інтэрнэта, пераказаў ваенную байку. 

Напачатку ўзнікла гіпотэза пра наяўнасць вайсковай формы беларускай арміі ў расійскіх вайскоўцаў. У Расіі ў сувязі з правядзеннем мабілізацыі назіраецца недахоп вайсковай амуніцыі. Многія магілёўскія швейныя прадпрыемствы загружаны ваеннымі заказамі. У межах супрацоўніцтва ў Расію магла быць пастаўлена і гатовая беларуская вайсковая форма.

Але больш рэалістычнай выглядае версія звычайнай блытаніны. У Амурскай вобласці Расіі дыслакуецца 38-я асобная гвардзейская матарызаваная стралковая Віцебская ордэна Леніна, Красназнамённая, ордэна Суворава брыгада Расійскай Федэрацыі. Брыгада ніяк не звязана з Беларусю, але яе вайскоўцаў маглі прыняць за беларусаў.

Летам мінулага году было шмат паведамленняў пра беларускіх добраахвотнікаў, якіх пачалі вербаваць на вайну. Размова ішла як пра вайскоўцаў, так і пра цывільных грамадзян. Сур’ёзныя эксперты называлі лічбу да 16 тыс беларусаў, якія ваююць за Расію ў Данбасе. Але за гэты час пацверджанняў тым паведамленням няма. Украінцы пакуль не ўзялі ваеннапалонных беларусаў, няма фота ці відэаматэрыялаў.

Найбольш верагодна, што паведамленні пра віцебскіх дэсантнікаў у Запарожскай вобласці не больш, чым недакладная і неправераная інфармацыя. 

Цэнтр Адэсы ўключаны ў спіс аб’ектаў спадчыны чалавецтва – здагадайцеся, хто быў супраць

ЮНЕСКА ўключыў гістарычны цэнтр Адэсы ў свой спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца ў небяспецы, хаця расійскі дэлегат катэгарычна выступаў супраць гэтага рашэння.

Гэтае пытанне разглядалася з 2009 года, але ўвесь час адкладалася. Цяпер ва ўмовах расійскага ўварвання ва Ўкраіну рашэнне было зацверджана ў Парыжы па паскоранай працэдуры, бо падчас вайны Адэса некалькі разоў абстрэльвалася расіянамі. 

Расійскі прадстаўнік некалькі разоў спрабаваў затрымаць галасаванне Камітэта ЮНЕСКА. Тым не менш яно адбылося. Шэсць членаў прагаласавалі за ўключэнне Цэнтра Адэсы ў спіс, адзін быў супраць, яшчэ 14 устрымаліся.

У межах цэнтра Адэсы цяпер знаходзяцца 42 помнікі культурнай спадчыны нацыянальнага і мясцовага значэння. Рашэнне зробіць немагчымымі дзеянні забудоўшчыкаў на гэтай тэрыторыі.

Акрамя таго, магчымае знішчэнне расійскімі ракетамі спадчыны ЮНЕСКА, як лічаць украінскія эксперты, будзе разглядацца міжнародным судом у Гаазе.

Фота 24tv.ua

Расійскія маракі аштрафаваны ў Нарвегіі за нашэнне камуфляжнай формы са сцягамі

Расійскіх рыбаловаў аштрафавалі ў прыпартавым горадзе, бо іх маглі прыняць за вайскоўцаў. Гэта зрабілі з улікам ваенных дзеянняў Расіі ва Ўкраіне, для супакаення мясцовых жыхароў і ўкраінскіх уцекачоў, хаця сам камуфляж у Нарвегіі не забаронены.

Як паведамляе Dagbladet, праваахоўныя органы паведамілі, што расіяне былі аштрафаваны на 5000 нарвежскіх крон – каля 230 долараў – за праход у паўночны нарвежскі горад у працоўнай камуфляжнай форме, якая падобная на вайсковую.

Інцыдэнт адбыўся 12 студзеня. Маракі з Расійскай федэрацыі выйшлі на бераг у Кіркенесе ў Фінмарку. Паліцыя правяла міграцыйную праверку і выявіла мужчын у камуфляжнай вопратцы, якая падобная на вайсковую форму расійскай арміі. Адзначаецца, што на форме былі расійскія сцягі і напісанае кірыліцай слова “Расія”.

Расіяне яшчэ лёгка аддзелаліся малым штрафам. Па словах пракурора Марціны Месла, у артыкуле 165 Крымінальнага кодэкса Нарвегіі гаворыцца пра няправамернае выкарыстанне публічнай формы. Адпаведна яму няправільнае выкарыстанне формы, адметных знакаў альбо тытулаў караецца штрафам альбо пазбаўленнем волі да 6 месяцаў.

“Тое, што экіпажы аддаюць перавагу хаджэнню па горадзе ў камуфляжнай вопратцы, якую можна прыняць за расійскую ваенную форму, як мы бачым, можа стварыць страх і дыскамфорт – з улікам ваенных дзеянняў Расіі, так і палітычнай сітуацыі з бяспекай, як для мясцовага насельніцтва, так і для ўкраінскіх уцекачоў, якія жывуць тут ” – сказала Месла. Яна падкрэсліла, што раней расійскія рыбалоўныя брыгады не выкарыстоўвалі падобную ​​вопратку.

Месла таксама заявіла, што расійскія ваенна-марскія караблі лічацца пагрозай для бяспекі і могуць уводзіць толькі ў тры парты Нарвегіі. Гэта адна з прычын таго, што расследаванне скончылася штрафам за выкарыстанне формы. Нашэнне камуфляжнага адзенне ў цэлым у Нарвегіі дазваляецца.

Фота: dagbladet.no

Ва Украіне ўтварылася міннае поле, большае за Беларусь па памерах

Тэрыторыя 250 тысяч квадратных кіламетраў замінавана сёння ва Украіне. “Цяпер гэта найбуйнейшае міннае поле ў свеце” –  заявіў прэм’ер-міністр краіны Дзяніс Шмыгал. 

Летам 2022 года асацыяцыя сапераў Украіны распавяла пра міннае поле ў 133 тысячы квадратных км. Восенню дзяржаўная служба Украіны ў экстраных сітуацыях ацэньвала плошчу, якая патэнцыйна забруджаная мінамі, як 300 тысяч квадратных метраў. км. (палова тэрыторыі Украіны).

250 тысяч замінаваных квадратных кіламетраў – гэта тэрыторыя, большая за плошчу ўсёй Беларусі (206,7 тысячы кв. км.). Памер знявечанай тэрыторыі перавышае, напрыклад, плошчу ўсяго Карэйскага паўвострава (каля 221 000 кв. км.), Лаоса ці Румыніі (кожная – каля 238 000 кв. км.), Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ( 244 000 кв. км.).

Раней моцна замінаваны былі рэгіёны Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумской, Мікалаеўскай, Адэскай абласцей. У рэгіёне Херсоншчына і Міколаеўшчына цяпер актыўна працягваецца ачышчэнне замінаваных тэрыторый ад выбуховых аб’ектаў. Размінаванню падлягаюць каля 7 тысяч кіламетраў тэрыторыі Херсоншчыны і да 1,5 тысяч – Мікалаеўшчыны. Цяпер самымі замінаванымі з’яўляюцца ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны Украіны – Запарожская, Данецкая, Луганская, Харкаўскай, Херсонская вобласці.

Замінаваная тэрыторыя ўяўляе сабой не толькі вялікую небяспеку для людзей, але і стварае сур’ёзныя праблемы для сельскай гаспадаркі – аднаго з асноўных сектараў украінскай эканомікі.

Эксперты ацэньваюць час, які неабходны на размінаванне тэрыторыю краіны ў 5–7, а магчыма і 10 гадоў. 

Фото: ДСНС Харкаўськай вобласці.