Віцебскіх дэсантнікаў пабачылі ў Запарожскай вобласці

Віцебскіх дэсантнікаў пабачылі ў Запарожскай вобласці, але пытанняў больш чым адказаў

Паведамленне пра ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне ўскалыхнула інфармацыйную прастору. Бацькі дэсантнікаў у Бабруйску і Магілёве забілі трывогу. Але цвярозы аналіз інфармацыі паказвае, што найхутчэй мы маем справу з ваеннымі чуткамі. 

Украінскія крыніцы спасылаюцца на мэра акупаванага Мелітопаля Івана Фёдарава, які заявіў, што ў Кірылаўцы заўважылі беларускіх вайскоўцаў. Прычым ён настойвае, што “на самай справе гэта беларусы”, і што “гэта тое, што бачаць нашы жыхары”. Паведамлялася нават пра “шаўроны брыгады з Віцебска”.

Беларускія як незалежныя, так і афіцыйныя крыніцы скептычна аднесліся да паведамлення. Узнікла гіпотэза, што магчыма мэр Мілітопаля, які сам знаходзіцца не ў горадзе і толькі звязваецца са сваімі гараджанамі з дапамогай інтэрнэта, пераказаў ваенную байку. 

Напачатку ўзнікла гіпотэза пра наяўнасць вайсковай формы беларускай арміі ў расійскіх вайскоўцаў. У Расіі ў сувязі з правядзеннем мабілізацыі назіраецца недахоп вайсковай амуніцыі. Многія магілёўскія швейныя прадпрыемствы загружаны ваеннымі заказамі. У межах супрацоўніцтва ў Расію магла быць пастаўлена і гатовая беларуская вайсковая форма.

Але больш рэалістычнай выглядае версія звычайнай блытаніны. У Амурскай вобласці Расіі дыслакуецца 38-я асобная гвардзейская матарызаваная стралковая Віцебская ордэна Леніна, Красназнамённая, ордэна Суворава брыгада Расійскай Федэрацыі. Брыгада ніяк не звязана з Беларусю, але яе вайскоўцаў маглі прыняць за беларусаў.

Летам мінулага году было шмат паведамленняў пра беларускіх добраахвотнікаў, якіх пачалі вербаваць на вайну. Размова ішла як пра вайскоўцаў, так і пра цывільных грамадзян. Сур’ёзныя эксперты называлі лічбу да 16 тыс беларусаў, якія ваююць за Расію ў Данбасе. Але за гэты час пацверджанняў тым паведамленням няма. Украінцы пакуль не ўзялі ваеннапалонных беларусаў, няма фота ці відэаматэрыялаў.

Найбольш верагодна, што паведамленні пра віцебскіх дэсантнікаў у Запарожскай вобласці не больш, чым недакладная і неправераная інфармацыя.