Расія нанесла ракетны ўдар па Сумах – што вядома

13 красавіка 2025 года расійскія войскі нанеслі адзін з самых смяротных удараў па ўкраінскім горадзе Сумы за гады вайны. У выніку ракетнага абстрэлу загінулі 32 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, і яшчэ 99 атрымалі раненні, сярод якіх 10 дзяцей.

Ход атакі

Паводле звестак украінскіх уладаў, каля 10:15 раніцы па мясцовым часе расіяне выпусцілі дзве балістычныя ракеты тыпу «Іскандэр-М» па цэнтры Сум. Удар адбыўся ў Вербную нядзелю, калі людзі збіраліся на рэлігійныя службы. 

Пад абстрэл трапілі жылыя дамы, тролейбус, цэнтр правоў чалавека і кангрэс-цэнтр Сумскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які часта выкарыстоўваўся для заняткаў з дзецьмі.

Украінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што ў атацы былі выкарыстаны касетныя боепрыпасы, што сведчыць пра наўмыснае імкненне нанесці максімальныя страты сярод мірнага насельніцтва.

Рэакцыя ўкраінскіх уладаў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў атаку «свядомым тэрорам» і заклікаў міжнародную супольнасць да больш жорсткай рэакцыі на дзеянні Расіі. Ён падкрэсліў, што «размовы ніколі не спынялі балістычныя ракеты і бомбы», і падкрэсліў неабходнасць узмацнення ціску на Маскву.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ахарактарызаваў атаку як «абсалютнае зло» і звярнуўся да міжнародных партнёраў з просьбай аб узмацненні сістэм супрацьпаветранай абароны.

Міжнародная рэакцыя

Атака выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў да «моцных мер» для забеспячэння спынення агню. Прадстаўніца Еўрасаюза Кая Калас назвала напад «жахлівым прыкладам эскалацыі Расіі» на фоне гатоўнасці Украіны да безумоўнага спынення агню.

вайна

Кіраўнік гуманітарнай місіі ААН ва Украіне Маттыяс Шмале асудзіў атаку «ў самых моцных выразах» і нагадаў, што міжнароднае гуманітарнае права забараняе напады на мірных жыхароў і грамадзянскую інфраструктуру.

Ваенна-стратэгічны кантэкст

Сумы знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад расійскай мяжы і маюць стратэгічнае значэнне. У апошнія тыдні расійскія войскі ўзмацнілі паветраную актыўнасць у рэгіёне, у тым ліку пасля таго, як украінскія сілы былі вымушаныя адступіць з пазіцый у суседняй Курскай вобласці. Некаторыя населеныя пункты ў Сумскай вобласці ўжо знаходзяцца пад расійскай акупацыяй.

Атака на Сумы адбылася праз некалькі дзён пасля падобнага ракетнага ўдару па Крывым Рогу, у выніку якога загінулі 20 чалавек. Гэтыя дзеянні выклікаюць трывогу наконт магчымай вясновай наступальнай аперацыі Расіі на фоне застойных мірных перамоваў.

Атака на Сумы 13 красавіка 2025 года стала чарговым сведчаннем таго, што Расія працягвае выкарыстоўваць тактыку наўмыснага тэрарызавання мірнага насельніцтва. Удар па горадзе падчас рэлігійнага свята выклікаў шырокі міжнародны рэзананс і падкрэсліў неабходнасць узмацнення падтрымкі Украіны з боку сусветнай супольнасці.

Фота: Reuters

З’явілася відэа з пралётам “шахеда” над Магілёвам учора вечарам

Чытачы mogilev.media даслалі ў рэдакцыю кароткі ўрывак з відэа, знятага падчас пралёту “шахеда” ўчора вечарам у Магілёве ў раёне ліфтавага завода. На роліку выразна чуваць характэрны гук беспілотніка-камікадзэ, але сам ён застаўся нябачны ў кадры з-за цемры. У цэнтры кадра можна пазнаць вежу “Магілёўліфтмаша”. Светлая кропка, якая мятляецца ў верхняй частцы кадра – верагодна, гэта блік на фотакамеры. Як паведамляюць сведкі, арыентуючыся па гуку, дрон ляцеў ва ўсходнім кірунку. Відэа было знята 11 сакавіка ў 22:32.

Фота: скрыншот

“Калі працверазеў, было ўжо позна” – украінцы ўзялі ў палон жыхара Касцюковіч

Ураджэнец Касцюковіч, 37-гадовы Артур Яфрэмаў сцвярджае, што запісацца на вайну яго прымусілі расійскія паліцэйскія, калі ён чарговы раз напіўся.

Відэа з палонным грамадзянінам Беларусі выклала 77-я асобная аэрамабільная брыгада Узброеных сілаў Украіны, заўважыла “Наша ніва”. На відэа мужчына сцвярджае, што яго падманам прымусілі падпісаць кантракт з расійскім войскам. 

«Мянты мяне прынялі, давай прэсаваць. Падпісвай, тыпу, кантракт на вайну. Я першы раз, другі раз адмовіўся, трэці. Потым я зноў напіўся і мяне прэсавалі, зноў узялі. І я п’яны ўзяў і падпісаў. А потым, калі працверазеў, ужо позна было, я ўжо быў у Варонежы. Мяне туды завезлі п’янага» – заявіў Яфрэмаў.

Фота: 77-я асобная аэрамабільная брыгада УСУ, скрыншот

З «Белшыны» знялі санкцыі, а яна і расійскай арміі дапамагае, і застаецца “кашальком Лукашэнкі” – БРЦ

Беларускі расследвальніцкі цэнтр выпусціў новае даследаванне пра памылку ў зняцці еўрапейскіх санкцый з бабруйскага прадпрыемства «Белшына». Як паказалі расследвальнікі, кампанія працягвае супрацоўнічаць з Міністэрствам абароны Расіі, а ў 2023 годзе дыстрыб’ютарам прадпрыемства стаў «Торговый дом “БелАЗ”», які знаходзіцца пад кантролем Дзмітрыя Лукашэнкі.

Бабруйскае прадпрыемства «Белшына» ў сакавіку 2024 года дамаглося прыняцця судовага рашэння, якое зняла з завода еўрапейскія санкцыі. Тады суд вырашыў, што кампанію бяздоказна абвінавацілі ў садзейнічанні агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, а таксама ў тым, што прадпрыемства з’яўляецца “кашальком” сям’і Лукашэнкі.

Каманда незалежнага медыярэсурса Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікавала вялікі матэрыял, у якім давяла, што зняццё санкцый з бабруйскага прадпрыемства было памылкай. Ужо пасля ўвядзення санкцый «Белшына» актыўна прысутнічала на расійскім рынку, у тым ліку пастаўляючы сваю прадукцыю абаронным прадпрыемствам. А з 2023 года бабруйскі вытворца працуе ў Расіі праз дыстрыб’ютара, які знаходзіцца пад кантролем сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя.

Гісторыя падпарадкавання «Белшыны» сям’ёй Лукашэнкі, якую расказваюць даследчыкі БРЦ, коратка выглядае так. У лютым 2023 года генеральнага дырэктара прадпрыемства Андрэя Бунакова са скандалам пасадзілі ў турму, абвінаваціўшы ў карупцыі. Нібыта працуючы на расійскім рынку праз дыстрыб’ютара «Импориа Тайерс», бабруйчане пастаўлялі шыны па заніжаных коштах, чым наносілі шкоду ўласнаму прадпрыемству. У выніку месца «Импориа Тайерс» заняў «Торговый дом “БелАЗ”», які на 45% належыць Прэзідэнцкаму спартоваму клубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Пры гэтым “Гандлёвы дом “БелАЗ”” купляў у “Белшыны” звышбуйнагабарытныя шыны для расійскага рынку па кошце ніжэйшым за той, па якім «Белшына» прапаноўвала свайму ўласнаму гандлёваму дому ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Што да супрацоўніцтва з расійскім Міністэрствам абароны, даследвальнікі БРЦ прыводзяць факты, што з 2022 па 2023 год дыстрыб’ютар бабруйскага завода «Белнефтехим-Рос» і Мінабароны Расіі падпісалі некалькі кантрактаў на суму больш за 1,5 млрд расійскіх рублёў ($19,5 млн). Толькі за першае паўгоддзе 2023-га «Белнефтехим-Рос» прадаў Міністэрству абароны тавараў на суму больш за $11 млн.

Сярод пакупнікоў бабруйскай прадукцыі ў Расіі – ТАА «ШЕРП» і ТАА «АЗ “НАЗ”» (экс-«Автозавод “ГАЗ”»), а таксама АТ «Автомобильный завод “Урал”». ТАА «Нижегородский ТД “Белшина”» прадаваў шыны АТ «БАЗ», ПАТ «КАМАЗ», АТ «СЭГЗ» і АТ «СКБ», якое знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага Саюза. Усе пералічаныя кампаніі вырабляюць вайсковую тэхніку, што можа сведчыць пра тое, што прадукцыя «Белшыны» шырока выкарыстоўваецца ў расейскай вайсковай прамысловасці.

На вайскова-тэхнічным форуме «Армия-2023», які праходзіў у Падмаскоўі, паводле БРЦ, былі прадстаўленыя ўзоры расійскай ваеннай тэхнікі, абсталяваныя шынамі «Белшына». Сярод іх, напрыклад, самаходная гаўбіца «Мальва» — адна з перадавых распрацовак расейскага войска. Такія гарматы выкарыстоўваюцца ў нападах на Харкаўскую вобласць.

Фота: VPK.name

Расійскае ракетнае ўзбраенне завозіцца ў Беларусь – паведамляе супольнасць чыгуначнікаў

За некалькі месяцаў лета ў Беларусь было вывезена каля 1 100 тон расійскага ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў. Магчыма, гэта не толькі абмен узбраеннем, але і спроба вывесці яго з-пад удараў.

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі апублікавала інфармацыю, што на працягу гэтага года ў Беларусь актыўна пастаўлялася расійскае ўзбраенне. Па інфармацыі выдання, у чэрвені – жніўні 2024 года на беларускі авіяцыйны арсенал у Віцебскай вобласці (ваенная частка 94017) па чыгунцы было дастаўлена 49 вагонаў, груз якіх адпавядаў 1 ​​класу небяспекі – выбуховыя матэрыялы. Арыентыровачная вага дастаўленага грузу склала каля 1 100 тон.

Адпраўнікамі з расійскага боку выступалі:

  • вайсковая часць 58661-51 – 12-ы арсенал захоўвання авіяцыйных сродкаў паражэння ВПС РФ (станцыя Патрыкеева, Куйбышаўскай чыгункі);
  • вайсковая часць 55443 – 13-ы арсенал Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ (станцыя Котава, Кастрычніцкай чыгункі);
  • федэральная казённая ўстанова – аб’яднанае стратэгічнае камандаванне Паўднёвай ваеннай акругі (станцыі Марцава, Паўночна-Каўказкай чыгункі);
  • вайсковая часць 75392 МА РФ – 559-ы гвардзейскі бамбардзіровачны авіяцыйны полк (станцыя Марозаўская, Паўночна-Каўказкай чыгункі);
  • вайсковая часць 49371 – 859-ы цэнтр баявога прымянення і перавучвання лётнага складу марской авіяцыі ВМФ РФ (станцыя Ейск);
  • АТ «Завод Пластмас» (станцыя Патаніна, Паўднёва-Уральскай чыгункі)

Даследчыкі выдання падкрэсліваюць, што адпраўкі ракетнага ўзбраення і выбуховых рэчываў на тэрыторыю Беларусі з Расіі ажыццяўляліся фактычна ў адзін і той жа перыяд часу, на працягу якога паралельна праводзіліся пастаўкі беларускага ўзбраення, боепрыпасаў і тэхнікі на 23-і арсенал Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў выглядзе так званай «братэрскай узаемадапамогі». 

Улічваючы дадзеную акалічнасць, піша выданне, можна меркаваць, што такім чынам адбываўся абмен на больш неабходнае на той час для Расіі ўзбраенне. А знаходжанне аб’ёму расейскіх ракетных боепрыпасаў на тэрыторыі Беларусі стварае іх дадатковы запас і адносна бяспечнае захоўванне – што важна ўлічваць у кантэксце эфектыўных удараў украінскай арміі па расійскіх складах боепрыпасаў.

Фота: belzhd.com

Магілёвец прадае на Куфары тавары нібыта з расійска-украінскай вайны

Спальны мяшок, “скрадзены ў хахла пад Часаў Ярам”, “кікімара”, “украінскія падсумкі для аўтамата Калашнікава” ў вольным продажы выстаўлены на платформе Куфар. 

Карыстальнік з нікам Геній выставіў шэсць лотаў, некаторыя з якіх могуць мець дачыненне да ваенных дзеянняў ва Украіне. Гэта маскіровачны касцюм, які звычайна выкарыстоўваюць снайперы, вайсковы рыштунак, зарадныя прыстасаванні для беспілотных апаратаў. Два тавары наўпрост выдаюцца прадаўцом як прадметы з расійска-украінскай вайны. Гэта спальны мяшок, падпісаны як “скрадзены ў хахла пад Часаў Ярам” і нібыта ўкраінскія падсумкі для аўтамата Калашнікава. Пра спальны мяшок дадаткова пазначана, што ён чысты і “без усялякіх слядоў біялагічнага ДНК”. Усе прадметы размешчаныя ў катэгорыях спорт, рыбалка і турызм. 

Над Гомелем авіяцыя збівала расійскія беспілотнікі-камікадзэ – што вядома

Сёння ноччу адразу некалькі расійскіх беспілотнікаў тыпу “шахед” заляцелі ў паветраную прастору Беларусі. Прынамсі два з іх былі збітыя ў небе над Гомелем – відэа з падзеннем ахопленых агнём парэшткаў з’явілася ў мясцовых пабліках.

Першыя сведчанні пра збіццё беспілотнікаў над Гомелем былі апублікаваныя ў гарадскім канале “Чат дорожных происшествий” – піша выданне Флагшток – каля першай гадзіны ночы. 

Неўзабаве было лакалізаванае месца падзення абломкаў аднаго са збітых беспілотнікаў-камікадзэ – Навабеліцкі раён у квартале завулкаў 6-ты і 8-мы Ільіча. То бок, збітыя расійскія шахеды ў прамым сэнсе падалі на горад. Паведамляецца, што недалёка ад гэтага месца – на вуліцы 3-яй Транзітнай – пажарная каманда тушыла ўзгаранне. Таксама пажар на зямлі назіраўся ў месцы верагоднага падзення другога беспілотніка – у прыватным сектары на вуліцы Белага, каля магазіна “Суседзі”.

Прыкладна праз поўгадзіны пасля з’ўлення інфармацыі пра першых збітых шахедаў, украінскі маніторынгавы канал “Мікалаеўскі Ванёк” паведаміў пра трэці беспілотнік, што ўварваўся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне Хойнікаў.

Сістэма апавяшчэння, якую безперапынна мантуюць і выпрабоўваюць з 2022 года, не змагла папярэдзіць гамяльчан падчас атакі расійскімі БПЛА – заўважыла пры гэтым выданне Флагшток.

Раніцай 5 верасня Узброеныя сілы Беларусі праводзілі ў ваколіцах Гомеля мерапрыемству па пошуку неразарваных боепрыпасаў. Верагодна, гаворка ідзе пра ракеты, якімі авіяцыя збівала шахедаў – мяркуюць у маніторынгавым канале “Беларускі Гаюн”.

Са сваім афіцыйным каментаром выступіла Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 

шахед гомель

Як бачым, у гэтай заяве адсутнічае ключавая дэталь – фіксацыя, што беспілотнікі былі расійскімі.

Нагадаем, што 29 жніўня ў небе над Беларуссю ўжо збівалі – верагодна, упершыню – расійскі беспілотнік-камікадзэ.

Фота ілюстрацыйнае

Расійскі беспілотнік-камікадзэ лётаў над Бабруйскам, Быхавам і Магілёвам – абноўлена

Сёння раніцай каля 08:40 гадзін па беларускім часе ў небе над Беларуссю быў заўважаны расійскі беспілотнік-камікадзе тыпу “Шахед”. Ён зайшоў у паветраную прастору нашай краіны з боку Жытомірскай вобласці Украіны, накіраваўся ў бок Нароўлі, а потым рушыў на Бабруйск – паведамляе “Беларускі Гаюн”.

Маніторвнгавы канал адзначыў, што раніцай у небе над Гомельскай і Магілёўскай вобласцю Беларусі ляталі знішчальнік Су-30 ваенна-паветраных сілаў Беларусі і верталёт Мі-24 ВПС РБ, якія былі ўзняты з аэрадромаў «Баранавічы» і «Мачулішчы».

Раней ужо некалькі разоў з’яўляліся паведамленні пра тое, што атакуючы Украіну, расійскія беспілотнікі залятаюць у паветраную прастору Беларусі. У адным выпадку такі дрон праляцеў над Беларуссю каля 350 кіламетраў, дасягнуўшы Віцебска.

Абноўлена:

“Беларускі Гаюн” размясціў абноўленую інфармацыю пра пралёт дрона над Магілёўскім рэгіёнам. З графіка можна зрабіць выснову, што лятальны апарат пасля Бабруйска ўзяў кірунак на Быхаў, потым развярнуўся ў бок Беразіна і накіраваўся на Магілёў. Над абласным цэнтрам, як паведамляецца, баыла заўважана вынішчальная авіяцыя.

Фота ілюстрацыйнае