На навагоднія святы Беларуская чыгунка запусціць дадатковы цягнік на Крычаў

Усяго Беларуская чыгунка плануе запусціць 144 новых цягніка на найбольш папулярных маршрутах у краіне і за яе межамі на перыяд з 22 снежня да 9 студзеня – піша афіцыйны сайт кампаніі. Каля 50 з гэтых паяздоў будуць курсіраваць на Маскву і Санкт-Пецярбург, яшчэ 90 – на рэгіянальных маршрутах у межах Беларусі. Сярод новых цягнікоў, адзін папоўніць сістэму пасажыраперавозак на Магілёўшчыне – гэта будзе маршрут Гродна–Ворша–Крычаў.

Фота: rw.by

У Бранскай вобласці пусцілі пад адхон беларускі грузавы цягнік

Каля горада Унеча Бранскай вобласці днём 1 траўня выбухам было пашкоджана чыгуначнае палатно. Састаў беларускай чыгункі з 60 вагонаў сышоў з рэек і загарэўся. Акрамя лакаматыва пад адхон сышлі сем-восем вагонаў – паведамляе Meduza. Цягнік перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы.

Расійскае інфармацыйнае агенцтва “Навіны” размясціла ў сваім Тэлеграм-канале відэа з месца здарэння. Беларускія журналісты разгледзелі на гэтым відэа знак “Беларускай чыгунцы”. Інфармацыю пра аварыю з беларускім цягніком пацвердзілі і ў самім ведамстве.

Паводле папярэдніх дадзеных, выбух быў здзейснены з дапамогай прыстасавання, якое ўтрымлівала каля 200 грамаў выбухоўкі ў трацілавым эквіваленце. Расійскія праваахоўнікі абвясцілі план “Перахоп”, шукаюць двух мужчын якія, нібыта, трапілі на камеры відэаназірання.

Фота: З відэа РИА “Новости” 

Адмяняюцца цягнікі на Мінск і Салігорск – ідзе рамонт маста. Графік змен

Як паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі, у сувязі з рамонтам маста паміж станцыямі Друць і Вендрыж адмяняецца некалькі цягнікоў у студзені, лютым, сакавіку і красавіку 2023 года. Гэта цягнікі Магілёў – Мінск і Магілёў – Салігорск. Таксама ў гэтыя перыяды асобныя цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа на ўчастку Асіповічы – Магілёў будуць курсіраваць змененым раскладам і маршрутам.

Змены ў раскладзе будуць адбывацца 25 студзеня, 21, 22 лютага, 14, 15, 28, 29 сакавіка, 11, 12 красавіка 2023 года. Адмяняюцца: цягнікі № 742/741 Мінск – Магілёў адпраўленнем з Мінска ў 6:58, з Магілёва – у 15:33; – цягнікі № 879/880 Магілёў – Салігорск адпраўленнем з Магілёва 6:18, з Салігорска – у 17:21. 

Акрамя таго, у названыя дні поезд нумар 744 Мінск – Магілёў будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 16:52 (замест 15:35) і прыбываць на станцыю Магілёў-1 у 20:13 (па звычайным графіку – 18:18). Таксама 25 студзеня, 22 лютага, 15 і 29 сакавіка і 12 красавіка поезд № 744/745 Магілёў – Мінск адправіцца са станцыі Магілёў-1 у 7:22 (замест 6:58) і прыбудзе на станцыю Мінск-Пасажырскі ў 10:44 ( па графіку – 9:42). Гэтыя цягнікі будуць рухацца змененым маршрутам праз Оршу (без высадкі і пасадкі пасажыраў на прамежкавых станцыях).

Фота ілюстрацыйнае.

Каля Воршы раварыст патрапіў пад цягнік, яму адрэзала ногі

Трагедыя адбылася вечарам 23 студзеня на чыгунцы каля вёскі Пагост Аршанскага раёна. 55-гадовы жыхар горада Барань, які нідзе не працаваў, ляжаў на рэйках побач са сваім веласіпедам – паведамляе БелТА. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён быў цвярозы.

У 19.35 яго пераехаў таварны поезд, які рухаўся па маршруце Баранавічы – Орша – Смаленск. Машыніст заўважыў на пуцях мужчыну, падаў гукавы сігнал, спрабаваў экстрана затармазіць састаў, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Мужчына атрымаў смяротныя раненні, у тым ліку цягніком яму адрэзала ногі.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Па Беларусі зноў пойдуць расійскія войскі?

Інсайды паказваюць, што беларускую чыгунку могуць рыхтаваць да прыёму ваенных эшэлонаў з РФ. Адначасова чыгуначнікаў прымушаюць падпісваць дакументы аб неразгалошванні інфармацыі.

На некаторых рэсурсах паведамляецца, што ў Беларусі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па праверцы чыгуначнай інфраструктуры. 

Так, напрыклад,  з прыцягненнем службовых асоб аддзяленняў беларускай чыгункі і камендатур ВОСО (служба ваенных паведамленняў узброеных сілаў РФ) ажыццяўляецца праверка месцаў пагрузкі-выгрузкі на чыгуначных станцыях. Праводзіцца рамонт пагрузачна-выгрузных платформ, а таксама падрыхтоўка аўтамабільных падыходаў да пагрузачна-выгрузных месцаў на станцыях.

Таксама паведамляецца, што ідзе рраспрацоўка графікаў руху воінскіх эшалонаў па беларускай чыгунцы.

Адначасова ў сеціве паяўляюцца фотаздымкі ўнутранай дакументацыі, якая рассылаецца ў структуры беларускай чыгункі. Дакументы патрабуюць у тэрмін да 30 верасня ўзяць з усіх работнікаў, у тым ліку з кіраўнікоў, абавязацельства аб неразгалошванні службовай інфармацыі канфідэнцыйнага характару.

Усе гэтыя дзеянні могуць указваць на падрыхтоўку да прыёму воінскіх эшалонаў з РФ.

Паведамляецца, што для руху эшалонаў могуць выкарыстоўвацца наступныя чыгуначныя памежныя пераходы:

  • Краснае (Расія) – Асінаўка (Беларусь).
  • Злынка (Расія) – Закопытье (Беларусь).
  • Заверажжа (Расія) – Езярышча (Беларусь).

Калі гэта так і будзе, па чыгуначных шляхах Магілёўшчыны зноўку могуць пайсці эшэлоны расійскай арміі, што атакуюць Украіну.