Пасля публікацыі на mogilev.media, мост у Крычаве трохі падрамантавалі

Яшчэ ў студзені mogilev.media пісалі пра кепскі стан маста праз рэчку ў Крычаве. І вось цяпер камунальныя службы горада адрэагавалі і падлаталі бетонныя пліты. Усе дзіркі на мосце праз невялікую рэчку Крычаўку залатаны жалезнымі пласцінамі, якія прыварылі да арматуры плітаў. 

Больш за тое, да жалезнай агароджы маста ў некалькіх месцах былі прывараны дадатковыя рашоткі, для таго каб зменшыць з’яўленне няшчасных выпадкаў на гэтым участку.  

Цяпер жыхары горада змогуць адносна спакойна хадзіць па мосце, не моцна хвалюючыся за сваё здароўе і бяспеку. Нагадаем, што дагэтуль пліты маста знаходзіліся ў кепскім стане ўжо не першы год і выглядалі страшнавата, бо рассыпаліся літаральна на вачах. 

Фота mogilev.media

У Крычаве каналізацыя выцякае проста ў рэчку

У невялікую рэчку Крычаўку, што ўпадае ў Сож, сцякае каналізацыйны ручай, які падпітваецца вадой са сцёкавай трубы новага жылога квартала.   

Побач з дамамі ў мікрараёне Камсамольскі ў Крычаве знаходзіцца вялікі маляўнічы яр, які працінае невялікая рэчка Крычаўка. Яна мае тры водных прытока, адзін з якіх з’яўляецца каналізацыяй. Размешчана каналізацыя ў лагчынцы побач з новай школай №8. Вада, якая выцякае з яе, ператвараецца ў моцны ручай, які нясе сваю брудную ваду ў Крычаўку. Прычым гэтай каналізацыі ўжо і не адзін дзясятак год.

У гэты ж каналізацыйны ручай, які мае непрыемны пах, выліваецца вада са сцёкавай трубы трох новых дамоў мікрараёна, што будаваліся на працягу 2018-2020 гадоў. Праблема са сцёкавай трубой узнікла яшчэ ўвесну 2020 года, аднак яна не вырашана да сённяшняга дня, бо ні мясцовыя жыхары, ні супрацоўнікі крычаўскай санэпідэмстанцыі гэтай праблемы, відаць, не заўважаюць.

Адзначым, што на працягу 2019-2020 гадоў крычаўскімі чыноўнікамі абмяркоўвалася пытанне адаптацыі берага Крычаўкі ў ланшафтна-рэкрэацыйную зону. Больш за тое, у Крычаўскім райвыканкаме ў гэты ж час адбыліся грамадскія абмеркаванні наконт экалагічнай ацэнкі градабудаўнічага праекта – будаўніцтва новага жылога квартала каля школы №8, якія да пазітыўных вынікаў не правялі.

Фота: mogilev.media 

Вось як выглядае мост у Крычаве – фотафакт

Пліты невялікага маста праз рэчку Крычаўку рассыпаюцца на вачах – паведамляюць мясцовыя жыхары. 

Мост праз рэчку Крычаўку знаходзіцца недалёка ад старажытнага гарадзішча Гарадзец. Бетонныя пліты, па якіх ходзяць штодня нямала людзей, знасіліся і пачалі проста абсыпацца – прычым так мост выглядае ўжо не першы год. 

Складаецца ўражанне, быццам жалезная агароджа з парэнчамі вось-вось зваліцца ў рэчку.

Вось як выглядае мост у Крычаве