Зона радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі пасля аварыі на ЧАЭС скарацілася ў два разы – Мінпрыроды

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС чвэрць тэрыторыі Беларусі – 25% усіх зямель былі забруджаныя радыяцыяй. Цяпер жа колькасць забруджаных тэрыторый складае 12,5% ад агульнай плошчы краіны, што роўна напалову менш. Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяна Кананчук.

Паводле слоў Кананчук, падрыхтавана новая праграма, у якой “радыяцыйнаму маніторынгу будзе ўдзелена асаблівая ўвага, тым больш у галіне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння праграмнага забеспячэння і доследных узораў… Гэта будзе дастаткова сур’ёзны крок у развіцці розных відаў маніторынгу, у тым ліку і радыяцыйнага”.

Фота: realt.onliner.by

Маніторынг выявіў забруджанасць паветра ў Магілёве на працягу некалькіх дзён запар

Аналіз стану атмасфернага паветра ў гарадах Беларусі дэманструе стабільна высокія паказчыкі забруджанасці ў Магілёве – паведаляе Белгідрамет. Так, па стане з 30 мая да 2 чэрвеня станцыя фонавага маніторынга паветра, размешчаная на завулку Крупскай у Магілёве, паказвала перавышэнне норм па ўзроўні забруджанасці ў 1,1 – 1,5 разоў. 

Горш чым у Магілёве абстаноўка з чысцінёй паветра складалася на працягу мінулага тыдня толькі ў Брэсце.

Фота: mogilev.media, графіка: Белгідрамет

Вось як выглядае рачулка ў цэнтры Крычава – фота

Горы смецця, цвіль і нават жалезная бочка – у што ператварылі жыхары горада і камунальныя службы рэчку Крычаўку, даліна якой магла б стаць жывапісным месцам у сэрцы горада.

Невялічкая рачулка Крычаўка з’яўляецца правым прытокам галоўнай воднай артэрыі Крычава рэчкі Сож. Яе даўжыня больш за пяць кіламетраў і збольшага рачулка цячэ ў межах горада. 

Калі рэчка перацякае праз тунэль у старую частку горада, то яе акваторыя становіцца вельмі забруджанай. Неахайнасць людзей праявілася ў тым, што ў Крычаўку скідваюць рознае смецце: гумавыя рэчы, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўку ад розных відаў ежы і мноства металічных адходаў – ад накрывак слоікаў да цэлай жалезнай бочкі. 

Камунальныя службы Крычава не заўважаюць праблем малой рэчкі, якая прыгожа цячэ па гарадской прасторы і ўрэшце ўпадае ў Сож. Хараство малой рэчкі губляецца за гарамі смецця і людской абыякавасці да наваколля.

Адзначым, што рэчка Крычаўка мае гістарычнае значэнне, на яе левым беразе размешчана старадаўняе гарадзішча пад назвай Гарадзец або Цвінтар. Назва правага прытока Сожа паходзіць ад наймення горада, хоць, што першае было названа – рака ці паселішча, цяпер ужо ніхто не скажа.

Фота: mogilev.media

Трапічныя лясы кампенсуюць толькі чвэрць выкідаў вугляроду

Даследаванне супрацоўнікаў Брыстольскага ўніверсітэта, апублікаванае ў часопісе Nature паказала, што дэградаваныя пад ўздзеяннем чалавечай дзейнасці і другасныя лясы (выгадаваныя з нуля) штогод паглынаюць каля 107 мільёнаў тон вугляроду. Такія вынікі заснаваны на спадарожнікавых назіраннях за трыма арэаламі найбуйнейшых трапічных лясоў свету. 

Навукоўцы падлічылі, што зараз такія лясы кампенсуюць каля 26% ад усіх выкідаў вугляроду. Яны таксама выявілі, што ў адрозненні ад трапічных лясоў Амазоніі і Цэнтральнай Афрыкай, лясы на інданезійскім востраве Барнэа нашмат больш эфектыўна скарачаюць выкіды вугляроду.  Наяўнасць вялікай колькасці балот, клімат і навакольнае асяроддзе на Барнэа спрыяюць таму, каб вуглярод паглынаўся там прыкладна на 50% хутчэй, чым у іншых рэгіёнах.

Даследчыкі адзначаюць, што траціна з тых лясоў, якія пацярпелі ад высечкі або пажару – потым так і не былі адноўлены, што яшчэ раз падкрэслівае ўразлівасць трапічных дрэў.

Вядома, што павялічэнне аб’емаў выкідаў вуглякіслага газа спрыяе пацяпленню клімата. Агульныя выкіды вуглякіслага газу ў 2022 годзе ўзраслі на 1% у параўнанні з 2021-м.

У цэлым вугляроднае забруджванне, хоць і працягвае павялічвацца, расце не такімі хуткімі тэмпамі, як 10-15 гадоў таму. Але навукоўцы выказваюць сумнеў у тым, што чалавецтву удасца стрымаць пацяпленне ў межах 1,5 градуса вышэй за даіндустрыяльныя значэнні. 

Фота з адкрытых крыніц

У Крычаве каналізацыя выцякае проста ў рэчку

У невялікую рэчку Крычаўку, што ўпадае ў Сож, сцякае каналізацыйны ручай, які падпітваецца вадой са сцёкавай трубы новага жылога квартала.   

Побач з дамамі ў мікрараёне Камсамольскі ў Крычаве знаходзіцца вялікі маляўнічы яр, які працінае невялікая рэчка Крычаўка. Яна мае тры водных прытока, адзін з якіх з’яўляецца каналізацыяй. Размешчана каналізацыя ў лагчынцы побач з новай школай №8. Вада, якая выцякае з яе, ператвараецца ў моцны ручай, які нясе сваю брудную ваду ў Крычаўку. Прычым гэтай каналізацыі ўжо і не адзін дзясятак год.

У гэты ж каналізацыйны ручай, які мае непрыемны пах, выліваецца вада са сцёкавай трубы трох новых дамоў мікрараёна, што будаваліся на працягу 2018-2020 гадоў. Праблема са сцёкавай трубой узнікла яшчэ ўвесну 2020 года, аднак яна не вырашана да сённяшняга дня, бо ні мясцовыя жыхары, ні супрацоўнікі крычаўскай санэпідэмстанцыі гэтай праблемы, відаць, не заўважаюць.

Адзначым, што на працягу 2019-2020 гадоў крычаўскімі чыноўнікамі абмяркоўвалася пытанне адаптацыі берага Крычаўкі ў ланшафтна-рэкрэацыйную зону. Больш за тое, у Крычаўскім райвыканкаме ў гэты ж час адбыліся грамадскія абмеркаванні наконт экалагічнай ацэнкі градабудаўнічага праекта – будаўніцтва новага жылога квартала каля школы №8, якія да пазітыўных вынікаў не правялі.

Фота: mogilev.media 

Эксперт растлумачыла, чым небяспечная зімняя адліга для глыбінкі

Падчас зімняй адлігі для рэгіёнаў, дзе няма цэнтралізаванага вадаправода, вялікай праблемай становіцца якасць пітной вады.

Зімняя паводка – падобная той, што склалася на Магілёўшчыне – можа выклікаць непрыемныя наступствы для чалавека. У такі час павялічваецца каламутнасць вады не толькі ў вадаёмах, але і ў крыніцах нецэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння, адбываецца масавае забруджванне вады ў студнях, крыніцах, дробных свідравінах – расказала памочнік урача-гігіеніста Наталля Лаўрэнава выданню “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Ваду забруджваюць бруд і гной з ферм, ачышчальных збудаванняў, са сметнікаў, з гаспадарчых двароў і туалетаў. А таксама ў верхавыя грунтавыя воды паступаюць сцёкі з палёў, з  прысядзібных участкаў, якія змяшчаюць як хімічныя элементы, якія ўваходзяць у склад мінеральных угнаенняў, так і арганічныя забруджванні (той жа гной, змесціва выграбных ям). 

Фільтраванне праз глебу з ападкамі такіх забруджванняў прыводзіць да пагаршэння якасці пітной вады па органалептычных (мутнасць, пах, прысмак), мікрабіялагічных і па санітарна-хімічных паказчыках (па нітратах), што ў сваю чаргу ўплывае на здароўе чалавека.

Фота ілюстрацыйнае

Скасоўваецца Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС

Ва ўмовах радыёактыўнага забруджвання пражывае амаль кожны дзясяты жыхар Магілеўскай вобласці.

14 лістапада ў Беларусі быў падпісаны ўказ “Аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях”. Паводле яго, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС скасоўваецца, а яго задачы і функцыі структурных падраздзяленняў перадаюцца Дзяржатамнагляду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, канцэрну “Беллегпрам”, Гомельскаму і Магілёўскаму аблвыканкамам.

Катастрофа на ЧАЭС ў красавіку 1986 года падзяліла гісторыю беларускага грамадста на да і пасля. Чарнобыльскім забруджваннем быў атручаны кожны пяты квадратны метр нашай зямлі. 

Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 11 верасня 1990 года № 227 “Аб Дзяржаўным камітэце БССР па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” быў створаны асобны Камітэт з правамі міністэрства для каардынацыі намаганняў усіх зацікаўленых бакоў і кансалідацыі рэсурсаў па пераадоленню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

У 1995 годзе Дзяржкамчарнобыля пераўтвораны ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У 1998-2001 гадах працаваў Камітэт па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры МНС, які потым у 2001-2006 гадах быў перападпарадкаваны Савету Міністраў Беларусі.

З 2006 года Камітэт па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС быў пераўтвораны ў Дэпартамент пры МНС. Змяняўся статус структуры, змяняліся фінансаванне і адзнакі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Самай вострай, сярод комплексу сучасных экалагічных праблем Магілёўскага Падняпроўя, на працягу апошніх 30 гадоў застаецца праблема радыёактыўнага забруджвання тэрыторыі ў выніку аварыі. 

Магілёўская вобласць разам з Гомельскай, больш за іншыя рэгіёны краіны пацярпела ад радыеактыўнага забруджвання. У рознай ступені забруджана больш за 7 тыс. км² (27% тэрыторыі).

Галоўны радыёактыўны хімічны элемент, які вызначае 85% радыяцыйнага фону мясцовасці забруджаных раёнаў – цэзій-137. Некаторыя раёны Магілёўшчыны забруджаны таксама стронцыем-90 (Краснапольскі і Чэрыкаўскі раёны). Плямы радыёактыўнага забруджвання глеб са шчыльнасцю забруджвання больш за 1 Кu/км² зафіксаваны ў 14 з 21 раёна вобласці. 

У зоне забруджвання знаходзяцца больш за 700 населеных пунктаў 13 раёнаў, з іх 5 гарадоў – Быхаў, Слаўгарад, Чавусы, Чэрыкаў, Краснаполле. 

фота: rodniva.by