Падчас рэканструкцыі бою ў Гаях адзін з гледачоў накінуўся на “фашыста” – відэа

У сацсетках вірусіцца відэаролік, зняты падчас гістарычнай рэканструкцыі, што прайшла пад Магілёвам каля вёскі Гаі. Тут абыгрывалі сюжэт з абаронай Магілёва батальёнам міліцыі на чале з капітанам К. Уладзіміравым.

Адзін з гледачоў проста падчас рэканструкцыі выбег на “сцэну” і стаў біць аднаго з актораў, што граў нямецкага салдата, захопніка. На відэа можна пабачыць, што немалады мужчына пачаў біць рэканструктара нагамі, адбіраць у яго “аўтамат”. Мужчыну адцягнуў іншы рэканструктар, у форме міліцыянера часоў вайны.

Відэа з сацыяльных сетак

Запякаў бульбу, ды так і кінуў касцёр – унук спаліў бабуліну сядзібу пад Чавусамі

У вёсцы Бясчынне Чавускага раёна днём 3 ліпеня агонь ахапіў пяць гаспадарчых будынкаў і падбіраўся ўшчылюную да жылога дома – паведамляе прэс-служба МНС. Як высветлілася, раней 11-гадовы ўнук гаспадыні дома паглядзеў у інтэрнэце рэцэпт печанай бульбы і вырашыў яго паўтарыць. Распаліў вогнішча, паклаў бульбу, але яна згарэла. Расчараваўшыся, хлопец пераключыўся на іншыя забаўкі, а пра касцёр забыўся. Агонь хутка перакінуўся на бліжэйшыя гаспадарчыя пабудовы.

Фота: МНС

З’явіліся фота ваеннага лагера пад Асіповічамі, што будуецца, верагодна, для “вагнераўцаў”

Расійскі Тэлеграм-канал “Сігнал” апублікаваў фотаздымкі, атрыманыя ад аднаго з мясцовых жыхароў, якія пацвярджаюць інфармацыю пра будаўніцтва пад Асіповічамі ваеннага лагера для ПВК “Вагнер”.

Ваенны лагер разгортваецца ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. На фота можна заўважыць намёты, усталяваныя ў іх буржуйкі і насцілы. У адной такой палатцы можа размясціцца да 60 чалавек, а на ўстаноўку кожнай палаткі ідзе не больш за 30 хвілін.

Нядаўна ў каналах вагнераўцаў паявілася інфармацыя, што ПВК часова прыпыняе прыём на працу новых наймітаў у Расіі ў сувязі з няўдзелам у вайне і пераездам у Беларусь. 

Фота: Тэлеграм-канал “Сігнал””

Дваццаць чатыры галы ў двух матчах – вынікі восьмага тура Магілёўшчыны па футболе

Шэраг цікавых матчаў адбыліся ў зоне “Усход”. Тур скончыўся разгромам аўтсайдэраў, а таксама некалькімі ўпарнымі і відовішчнымі матчамі.

Нечаканым вынікам з’явілася лёгкая перамога клімавіцкіх футбалістаў над гаспадарамі з крычаўскага “Сожа”. Гаспадары нядоўга гулялі на роўных з гасцямі і ўжо ў сярэдзіне першага тайма клімавіцкія футбалісты вялі ў ліку 1:2. Адзначым, што ўвесь першы адрэзак матчу пакінуў добрыя ўражанні футбольным заўзятараў, якіх было дзве сотні на крычаўскім стадыёне. 

Аднак, у другім тайме госці цалкам захапілі ініцыятыву і не далі ніводнага шансу гаспадарам пераламіць хаду матча. Вынікам гэтага сталася маса нябеспечных атак, якія скончыліся двума галамі гасцей, што выйгралі з агульным лікам 1:4. 

Слаўгарадскія футбалісты таксама не зусім чакана слаба згулялі з гасцямі з Краснаполля. Хоць гаспадары стараліся супраціўляцца і перыядычна арганізоўвалі небяспечныя вылазкі ў штрафную краснапольцаў, аднак першы тайм цалкам застаўся за гасцямі, якія змаглі арганізаваць шэраг галявых момантаў, двойчы забіўшы. 

У другім тайме гульня гаспадароў мацнейшай не стала, хоць пару стандартных палажэнняў прапойскіх футбалістаў былі вельмі небяспечнымі. Але ж напрыканцы гульні госці паднапружыліся і забілі яшчэ адзін мяч, цалкам пахаваўшы надзеі ггаспадароў на годны лік. У выніку сустрэча, што прайшла пад дыктоўку гасцей і завяршылася з лікам 0:3.

Значна больш упартым атрымаўся матч паміж футбалістамі мсціслаўскай “Віхры” і гасцямі з Касцюковічаў. Гаспадары ў першым тайме глядзеліся годна і гулялі на роўных з больш моцнымі гасцямі. У нейкі момант гаспадары нават ледзь не выйшлі наперад, аднак першы тайм скончыўся з роўным лікам 1-1. 

Пасля перапынку госці значна прыбавілі ў гульні і распачалі з першых хвілін другога тайму асаду брамы гаспадароў. Нечаканая змена ў гульні прымусілі мсціслаўскіх футбалістаў перайсці да рэдкіх контратак, якія не прынеслі поспеху. А вось касцюкоўцы сапраўды моцна згулялі другую палову матча, забіўшы два мячы і ўпэўнена давёўшы гульню да ўпэненай перамогі 1:3.

Найбольш упартым матчам тура сталася сустрэча чавускай “Нівы” і лідара турнірнай табліы зоны Усход “Сервалюкса-Агра” з Мяжысетак. Гульня была практычна роўнай і гаспадары годна глядзеліся ў сустрэчы з моцным фаварытам. Першы тайм прайшоў ў вязкай барацьбе ў цэнтры поля і нешматлікіх, але вострых атаках абедзьвух каманд. 

У другім тайме ўсё ж вышэйшы ўзровень футбалістаў “Сервалюкса” паўплываў на малюнак гульні і яны на кароткі час перахапілі ініцыятыву, забіўшы адзіны мяч у матчы. Тым не менш, чавускія футбалісты імкнуліся зраўняць лік і шанцы на гэта ў іх былі, аднак досыць граматна дзейнічалі абаронцы каманды супернікаў, не дапусціўшы гола ў браму сваёй каманды. У выніку адбылася цяжкая перамога гасцей 0:1.  

Але найбольш разгромным атрымаўся матч паміж дрыбінскімі і горацкімі футбалістамі. Горацкія гульцы з’яўляліся нашмат больш моцнымі на працягу двух перыядаў. Прычым ужо у першыя дваццаць хвілін гульні галы паляцелі ў браму дрыбінскай каманды па прынцыпе – з рогу ўсяго многа. 

Першы тайм прынёс ажно сем галоў і паказаў усю няроўнасць супернікаў. У другім тайме “футбольных карлікаў” з Дрыбіна працягвалі знішчаць горацкія гульцы, якія сыпалі мячы ў браму супернікаў адзін за адным, забіўшы за другі тайм яшчэ шэсць галоў. У выніку рэкордны лік усяго тура 0:13. 

Сенсацыі не здарылася і ў матчы паміж бабруйскімі “тарпедаўцамі” і шклоўскімі “спартакоўцамі”.  Гаспадары ў гэтым сезоне выглядаюць больш моцнымі. Тым не менш, разгромнага ліку 6:1 ніхто не чакаў, а думалася, што будзе ўпартая барацьба. 

Першы тайм, які скончыўся з лікам 3:1 даваў шансы на хоць нейкі прыстойны вынік матча, але другая палова сталася проста жудаснай для гасцей. Яны саступілі па ўсіх паказчыках, прапусціўшы яшчэ тры мячы і прайграўшы з лікам 6:1. Прычым іх атакі глядзеліся зусім бяззуба на фоне вострых і скаардынаваных нападаў на браму суперніка гаспадароў.    

Не адбылося нечаканасцяў і ў матчы глускай “Пцічы” з магілёўскім “Дняпром Юні”. Магілёўцы без сумневу лічыліся фаварытамі сустрэчы, што і даказалі на полі. Усе два таймы яны не пакідалі суперніку шанса для таго каб забіць хоць адзін мяч, пры гэтым у саміх было шмат разнастайных момантаў. Толькі невялікі адрэзак гульльні ў пятнаццаць хвілін гаспадары паспрабавалі напіцснуць на гасцей, але іх атакі праваліліся, а яны ў адказ прапусцілі два мячы на прыгожых контратаках. У выніку сустрэча скончылася з непрыстойным 0:5 на карысць гасцей. 

Матч паміж кіраўскімі футбалістамі і гасцямі з бялыніцкай “Друці” адбываўся не ў самых спрыяльных прыродных умовах, бо ўсю гульню ліў дождж. Аднак гэта не перашкодзіла гасцям паказаць шыкоўны футбол, раскатаўшы супернікаў нібыта падлеткаў. 

Першы тайм выглядаў на маральнае збіццё і прыніжэнне гаспадароў – былі забіты шэсць галоў у браму кіраўскай каманды. А вось у другім тайме госці крыху расслабіліся і забілі ўсяго пяць мячоў у браму суперніка, а гаспадарам дазволілі забіць гол прыстыжу. У выніку матч скончыўся з самым буйным лікам зоны “Захад” 1:11. 

Фота: glusk.by, gorkiv.by, mstlife.by, chausynews.by, bobr.by, zara.by.

Дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта ў Магілёве стаў кандыдат сельскагаспадарчых навук

Новым дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова стаў Аляксандр Кісялёў, кандыдат сельскагаспадарчых навук і дацэнт. Перад прызначэннем ён працаваў начальнікам аддзела рэалізацыі праграм давузаўскай адукацыі і прафарыентацыі гэтага ж універсітэта.

На пасадзе дэкана ён замяніў кандыдата гістарычных навук Віктара Буракова. 

 

Фота: msu.by

4 ліпеня ў гісторыі. Незалежнасць ЗША. Пошукі Зямлі Саннікава. Разгон Цяньаньмэнь. Тэракт у Мінску. «Мядзведзіроўка» Беларусі.

1695 год. «4 липня… выпал великий снег и пролежал в Могилеве несколько дней» – гарадская хроніка.

1776 год. У амерыканскай Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе аднагалосна прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Паводле дакумента, брытанскія калоніі у Паўночнай Амерыцы абвясцілі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Гэты дзень святкуецца ў ЗША як Дзень незалежнасці – дзень, калі Злучанымі Штатамі сталі называцца 13 калоній (13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць іх), якія ў выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання адстаялі сваю свабоду і права на дзяржаўнасць.

1783 год. На рынкавай плошчы ў французскім Аноне адбылася першая публічная дэманстрацыя паветранага шара братоў Мангальф’е.

Створаны імі паветраны шар уяўляў сабою злеплены з трывалай і тонкай паперы востраканечны мех з адкрытай гарлавінай у ніжняй частцы дыяметрам каля 11 м.

На ніжняй адтуліне была ўмацавана рашотка з вінаградных лоз, якая ўсталёўвалася на падмосткі. Пад падмосткамі было разведзена вогнішча з саломы. Гарачае паветра падняло шар аб’ёмам 600 кубаметраў на вышыню 2 000 м. Перш, чым апусціцца на зямлю, шар праляцеў больш за 1,6 км.

1890 год. Перапахаванне ў Вавельскім саборы у Кракаве Адама Міцкевіча (1798-1855).

Міцкевіч – самы  вядомы польскі паэт,  адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец в. Завоссе (зараз Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі ў Канстантынопаль.

У Навагрудку, Стамбуле працуюць дамы-музеі А. Міцкевіча; яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі  ў шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, стаіць помнік у Парыжы.

Дом-музей А. Міцкевіча ў Навагрудку.

1900 год. Пачалася першая руская палярная экспедыцыя Э. Толя на шхуне “Зара” (1900-1903) па пошуках Зямлі Санікава.

У ёй удзельнічалі беларусы – зоагеограф Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864-1937), пазней – член-карэспандэнт АН СССР, геолаг Канстанцін Валасовіч (1869-1919). У якасці гідрофа працаваў лейтэнант Аляксандр Калчак, які стаў вядомым палітычным дзеячам, адміралам. 

У гонар беларусаў названы пяць геаграфічных аб’ектаў на поўначы Еўразіі.

Удзельнікі экспедыцыі. У верхнім радзе: трэці злева над Толем – Калчак (лічба 3). Другі рад: М. Каламійцаў, Ф. Матысен, Э. Толь, Г. Вальтар, Ф. Зееберг, А. Бяльніцкі-Біруля (5)

1922 год. У в. Бахацец (цяпер – Чавускі раён) нарадзіўся Ціхан  Жучкоў (1922-1987).

Савецкі лётчык-ас знішчальнай авіяцыі Ваенна-Марскога флота. Герой Савецкага Саюза. Падпалкоўнік.

З 1930 года жыў у Магілёве, у в. Нядашава, скончыў школу ў в. Амхавая Магілёўскага раёна. Працаваў на розных заводах Магілёва, скончыў аэраклуб.

З чэрвеня 1941 года ў войску. Скончыў Ваенна-марское авіявучылішча імя І. Сталіна. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у Ленінградска-Наўгародскай, Выбаргскай і Прыбалтыйскай аперацыях. Збіў асабіста 14 і ў складзе групы 11 самалётаў ворага, патапіў 1 катэр і спаліў 6 аўтамашын.

Пасля вайны служыў у ВМФ, у Кіеўскай ваеннай акрузе, у Групе савецкіх войскаў у Германіі і ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Памёр 9 сакавіка 1987 года.

1944 год. Савецкія войскі праз 4 дні баёў вызвалілі Полацк – найстаражытны горад краіны, “калыску” беларускай дзяржаўнасці, ад якога “пачаўся свет”.

31 вайсковае злучэнне атрымала назву “Полацкі”, больш за 30 воінаў – званне Герой Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праявілі 23 воіны-гвардзейцы 51-й стралковай дывізіі на чале з лейтэнантам А. Грыгор’евым. Іх гераізму прысвечана песня Ю. Візбара “Цана жыцця”.

1950 год. Пачало вяшчанне Радыё Свабодная Еўропа.

Першыя перадачы ішлі на чэшскай мове, потым колькасць моў паступова павялічвалася. 

Зараз у эфір радыёстанцыі выходзяць праграмы больш як на 20 мовах. Беларуская служба бярэ пачатак ад 20 мая 1954 года. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў.

1952 год. У ЗША памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

1989 год. Разгон кітайскімі вайсковымі падраздзяленнямі студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Паводле заявы мэра Пекіна падчас “контррэвалюцыйнага мецяжу” загінулі больш за 200 чалавек з цывільнага насельніцтва, уключаючы 36 студэнтаў. Па дадзеных праваабаронцаў, аперацыя кітайскіх вайскоўцаў па “навядзенні канстытуцыйнага парадку” каштавала жыцця 3 500 жыхарам Пекіна, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Адны студэнты патрабавалі дэмакратычных рэформаў, другія абураліся беспакаранасцю партнаменклатуры, трэція выступалі супраць інфляцыі і беспрацоўя. Але ўсіх аб’ядноўвала ідэя барацьбы з карупцыяй і лозунг “Далоў прадажных чынуш!”.

Сімвалам гэтых падзей сталі не ахвяры, а просты кітаец з авоськамі, які спыніў танкі на плошчы Цяньаньмэнь і ўтрымліваў іх на працягу паўгадзіны.

2008 год. А 00:25 у Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся тэракт.

Узрыў выбухнуў на гала-канцэрце пад час выступлення на сцэне Таісіі Павалій, каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Ад узрыву самаробнай прылады ў літровым пакеце з-пад соку “Садачок”, якая была начыненая балтамі і гайкамі, ніхто не загінуў, але пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

У серыі тэрактаў (2005, 2008, 2011) былі абвінавачаны і пакараны смерцю ўраджэнцы Віцебска Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

2012 год. У Беларусі адбыўся “Плюшавы дэсант” альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія  перасяклі межы беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом і даляцелі да мінскага Сухарава. 

Яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзведзяў з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Беларусі.

У Гаазе ствараецца цэнтр па расследаванні ўварвання Расіі ва Украіну

Міжнародны офіс па расследаванні ўварвання Расіі ва Украіну адкрыўся сёння, 3 ліпеня, у Гаазе. Гэта першы крок да трыбуналу над маскоўскім рэжымам паведамляе The Guardian.

У Міжнародны цэнтр судовага пераследу за злачынства агрэсіі ўваходзяць пракуроры з Кіева, ЕС, ЗША і Міжнароднага крымінальнага суда.

Цэнтр правядзе расследаванне і збярэ доказы як прамежкавы крок перад стварэннем спецыяльнага трыбунала, які прыцягне да адказнасці крэмлёўскіх чыноўнікаў за развязванне вайны супраць Украіны.

Высокапастаўленыя чыноўнікі правядуць прэс-канферэнцыю ў штаб-кватэры судовага агенцтва ЕС Еўраюст.

Сярод іх генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін, пракурор Міжнароднпга крымінальнага суда Карым Хан, памочнік генеральнага пракурора ЗША Кенэт Палітэ і камісар ЕС па пытаннях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрс.

Фота з адкрытых крыніц 

Лепшыя фотаздымкі космаса-2023

Ад здымкаў палярнага ззяння да выяў цэлых галактык.

Журы найбуйнейшага ў свеце штогадовага конкурсу астрафотаздымкаў “Астранамічны фатограф года” апублікавала работы ўдзельнікаў 2023 года – паведамляе Каралеўскі Музей Грынвіч. 

Арганізатар мерапрыемства – Каралеўская Грынвіцкая абсерваторыя – прадставіў здымкі, якія трапілі ў шорт-ліст спаборніцтва 2023 года. Штогод лонг-лісты складаюць тысячы работ.

Выстава з работ пераможцаў будзе прадстаўлена ў Нацыянальным марскім музеі ў Лондане 16 верасня 2023 года. 

Конкурс праводзіцца ўжо 15 год. Удзельнікі могуць паспрабаваць свае сілы ў 8 асноўных катэгорыях. Пераможцы за 1,  2, 3-е месцы атрымліваюць прызы ў памеры 1 500, 500 і 250 фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 5 475, 1 825 і 913 беларускіх рублёў) адпаведна. 

Фота Савёнак А. Леапард у небе над Ізраілем.
Фота М. Хэнсан, М. Сэлбі. NGC 3521 Маркіза ў небе.
Фота П. Ларкін. Туманнасць Медузы
Фота М. Клара. Сонечная ўспышка
Фота Дж. Гензель. Бяззоркавы стоўпы.
Фота. К. Чандарыя. Млечны шлях.

У Бабруйску позна вечарам патануў мужчына

Вечарам каля 23:00 2 ліпеня ў Бабруйску патануў мужчына 1986 года нараджэння. Ён купаўся ў возры Пружынка ў Бабруйску – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота з адкрытых крыніц

Выпіў невядома што, хуткую выклікаць не дазволіў – пад Мсціславам атруціўся мужчына

51-гадовы жыхар вёскі каля Мсціслава загінуў ад атручэння невядомай вадкасцю. Па словах яго жонкі, якія прыводзяць “Магілёўскія ведамасці”, мужчына быў частым госцем на палігоне побытавых адыходаў. Там ён пабачыў пяцілітровую бутыль з нейкай вадкасцю. Пераліўшы вадкасць у дзве меншыя бутэлькі, жыхар Мсціслаўскага раёна прыйшоў дахаты і выпіў з паўлітра сваёй здабычы.

Калі праз пару гадзін яму стала дрэнна, жонка прапанавала выклікаць хуткую, але муж забараніў гэта рабіць. Нараніцу медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Як высветлілі супрацоўнікі судовай экспертызы, у склад вадкасці ўваходзіў этыленгліколь – таксічнае рэчыва, якое і стала прычынай смерці. У большасці выпадкаў смяротная доза – усяго 100-150 мл вадкасці, якая змяшчае этыленгліколь. У выпадку своечасовага аказання медыцынскай дапамогі магчымы спрыяльны зыход.

Фота ілюстрацыйнае