У Гаазе ствараецца цэнтр па расследаванні ўварвання Расіі ва Украіну

Міжнародны офіс па расследаванні ўварвання Расіі ва Украіну адкрыўся сёння, 3 ліпеня, у Гаазе. Гэта першы крок да трыбуналу над маскоўскім рэжымам паведамляе The Guardian.

У Міжнародны цэнтр судовага пераследу за злачынства агрэсіі ўваходзяць пракуроры з Кіева, ЕС, ЗША і Міжнароднага крымінальнага суда.

Цэнтр правядзе расследаванне і збярэ доказы як прамежкавы крок перад стварэннем спецыяльнага трыбунала, які прыцягне да адказнасці крэмлёўскіх чыноўнікаў за развязванне вайны супраць Украіны.

Высокапастаўленыя чыноўнікі правядуць прэс-канферэнцыю ў штаб-кватэры судовага агенцтва ЕС Еўраюст.

Сярод іх генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін, пракурор Міжнароднпга крымінальнага суда Карым Хан, памочнік генеральнага пракурора ЗША Кенэт Палітэ і камісар ЕС па пытаннях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрс.

Фота з адкрытых крыніц 

У Асіповічах у 2022 годзе не было забойстваў, а ўзнагародзілі за гэта пракурораў

Пракуратура Асіповіцкага раёна прызнана лепшай у Беларусі, бо ў рэгіёне летась – было шмат крадзяжоў, квітнела п’янства, не была выкаранена карупцыя – але затое не здарылася асабліва цяжкіх злачынстваў.

У інтэрв’ю карэспандэнту “Асіповіцкі край” раённы пракурор Дзяніс Іван’коў даволі шчыра абмаляваў карціну стану злачыннасці ў рэгіёне і дзейнасці пракуратуры. Пракурор лічыць, што прызнанне лепшымі – вынік працы яго каманды прафесіяналаў, з якой усе задачы могуць быць паспяхова вырашаны. 

Афіцыйная статыстыка сапраўды выглядае аптымістычнай і паважнай. Іван’коў адзначыў, што летась агульная колькасць злачынстваў на Асіпоўшчыне знізілася з 609 да 590, іх раскрыццё павысілася і працэнт раскрыцця перавышае рэгіянальны і рэспубліканскі ўзровень. У раёне не зарэгістраваныя забойствы ці замахі на іх, не было фактаў наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія б прывялі да смерці, не было разбояў.

Каб пазбегнуць сур’ёзных злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, пракурор распачаў дзевяць крымінальных спраў па фактах прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў, катаванняў і пагроз забойствам.

Найбольш распаўсюджаныя злачынствы 

Нягледзячы на аптымістычную справаздачнасць і вялікую працу мясцовых пракурораў, Асіповіцкі раён досыць часта мільгае ў зводках крымінальнай злачыннасці. Часткова прычына гэтага тлумачыцца самім пракурорам. 

Са ловаў Дзяніса Іван’кова, крадзёж – займае па ранейшаму першае месца ў структуры злачынстваў. Значная колькасць крадзяжоў здзейснена шляхам змянення камп’ютарнай інфармацыі, ухілення бацькоў ад утрымання дзяцей альбо ад кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўным забеспячэнні.

Кіберзлачынцы таксама асабліва хвалююць пракурора. Хаця колькасць падобных злачынстваў і знізілася, але застаецца вялікай – 69. Пракурор яшчэ раз нагадаў землякам: каб не быць ахвярай, нельга нікому, у тым ліку асобам, якія называюць сябе “работнікамі банка” ці “міліцыя”, паведамляць свае асабістыя дадзеныя, дадзеныя банкаўскіх карт і коды ад Апавяшчэнні SMS банка. 

Карупцыя таксама па-ранейшаму ўяўляе сабой значную пагрозу для нармальнага функцыянавання дзяржавы. Летась у рэгіёне было выяўлена 14 карупцыйных злачынстваў: 11 крадзяжоў маёмасці шляхам злоўжывання афіцыйнымі паўнамоцтвамі, два выпадкі атрымання хабару і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. 

У стане алкагольнага ап’янення было здзейснена кожнае трэцяе ад агульнай колькасці злачынстваў – 134 крымінальна пакараныя дзеянні. Нападпітку здзяйсняліся крадзяжы (60), хуліганскія дзеянні (12), нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў (9).

А самае страшнае – у раёне шмат людзей паміраюць з-за алкаголю. З-за злоўжывання спіртовымі напоямі загінула 16 чалавек: сем у выніку атручвання алкаголем альбо яго сурагатамі, шэсць – у транспартных аварыях, двое – на пажары і адзін утапіўся.

Праблема вызначэння лепшых у праваахоўнай дзейнасці па статыстычных паказчыках заключаецца ў тым, што дастаткова здарыцца ў 2023 годзе хаця б аднаму цяжкому  злачынству, як раён пакажа адразу вялікі рост злачыннасці, а асіповіцкая пракуратура перастане быць лепшай у рэспубліцы. 

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц. 

Пракуратура аб крымінагеннай сітуацыі ў Магілёве: 23 справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за забойства. Вёў прафілактычную нараду чыноўнік-карупцыянэр

Адкрываў нараду аб прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў чыноўнік, абвінавачаны раней у карупцыі. Цяпер намеснік старшыні Ленінскага райвыканкаму Яўген Дуплеўскі курыруе ідэалогію і ўзаемадзеянне раённай улады з праваахоўнымі структурамі. Яшчэ ён старшынюе ў раённай арганізацыі праўладнага аб’яднання «Белая Русь».

На нарадзе намеснік пракурора гораду Яўген Фурманаў адзначыў, што нягледзячы на зніжэнне злачынстваў на 17,6 працэнта, выклікаюць занепакоенасць факты ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і забойстваў.

Паводле супрацоўніка пракуратуры ў горадзе ўзбуджана 23 крымінальныя справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за ўчыненне забойства.

Па словах старшага памочніка пракурора Магілёва Вольгі Новікавай у Ленінскім раёне толькі за ліпень зарэгістраваныя адно забойства і пяць злачынстваў, звязаных з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Большая частка злачынстваў, гаварылі на нарадзе, учыняецца падчас распівання спіртных напояў, ці людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе «Веснік Магілёва».

Што да Яўгена Дуплеўскага, то яго крымінальнае мінулае цяпер не згадваецца. У лютым жа 2014 года абласная пракуратура распачала супраць супрацоўніка гарвыканкаму крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Дуплеўскі прызнаўся ва ўчыненні злачынства.

На той момант ён рабіў начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму. Следства ўстанавіла, што чыноўнік чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў за гэта заробак.

Яму пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Лукашэнка задаволіў прашэнне аб памілаванні карупцыянера, калі ён кампенсаваў суму шкоды.

Памілаваны Дуплеўскі працягнуў працу ў сістэме адукацыі і быў прызначаны нават дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну.

У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва.

фота з рэсурсу: vestnikmogileva.by

МУС заявіў пра выкрыццё 80 педафілаў

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў комплексны падыход у супрацьдзеянні педафіліі дазволіў выявіць 131 злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх і выкрыць 80 педафілаў.

Паведамленне ў тэлеграм-канале ведамства аб выніках такой працы праілюстраваныя гісторыяй сексуальнага гвалту ў Гродненскай вобласці.

Ахвярай педафіла, як адзначаецца, стала 10-гадовая дзяўчынка. На змену яе паводзінаў звярнулі ўвагу педагогі і паінфармавалі міліцыю. Падазраваны быў затрыманы і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Падкрэсліваецца, што выяўленне гэтага факту стала магчымым, дзякуючы «комплексу мерапрыемстваў па супрацьдзеянні злачынствам, звязаным з сексуальным гвалтам у адносінах дзяцей”.

Раней міліцыя паведамляла, што за першыя чатыры месяцы ў Беларусі выяўлена 390 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, альбо свабоды непаўналетніх. Падазраванымі прызнаныя 214 чалавек.

Ад іх дзеянняў пацярпелі 358 дзяцей. На аднаго педафіла практычна прыходзіцца па дзве ахвяры, указвалі міліцыянты.

фота носіць ілюстрацыйны характар