У Расіі шукаюць на зонах «добраахвотнікаў» забіваць украінцаў. Нямала зэкаў пагаджаецца

Зняволеным абяцаюць у выпадку іх гібелі цела даставіць родным. Ад саміх жа асуджаных, якія пагодзяцца ваяваць ва Ўкраіне, патрабуецца не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць, бо дэзерціраў будуць расстрэльваць.

Набірае «добраахвотнікаў» на вайну прыватная вайсковая арганізацыя «Вагнер». Пра тое, як адбываецца вербаванне, расказаў рэсурсу «Важные истории» сваяк асуджанага з папраўчай установы, што ў Іванаўскай вобласці.

Па ягоных словах, 150 чалавек з гэтай калоніі збіраюцца вывезці 1 верасня ў Растоў-на-Доне, дзе з імі правядуць «двухтыднёвую падрыхтоўку».

Вербаваць зняволеных у калонію прыяжджаў асабіста кіраўнік «Вагнера» Яўген Прыгожын, расказвае суразмоўнік «Важных историй».

«Прыгожын ім казаў, як крута быць у яго групе “салдат фартуны”. Казаў, што асуджаныя будуць забіваць ворага і ім за гэта нічога не будзе. Кляўся, што ў выпадку гібелі цела забітага вернуць родным – нібыта для яго гэта прынцыповы момант, а сваякам заплацяць 5 мільёнаў рублёў» – апавядае сваяк асуджанага.

Паводле яго, у Прыгожына, былі тры патрабаванні да “добраахвотнікаў”: не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць, бо дэзерціраў будуць расстрэльваць.

Пасля сустрэчы «добраахвотнікаў» павялі на «гутарку», у іх пыталіся памер галавы, памер абутку, рост і вагу. Яны пісалі прашэнне аб памілаванні. Ніякіх кантрактаў асуджаныя не падпісвалі: паперы ім абяцалі даць на подпіс ужо «на месцы».

Суразмоўца «Важных историй» сцвярджае: зняволеныя паміж сабою абмяркоўваюць, што з іншых калоніяў Іванаўскай вобласці таксама рыхтуюць групы асуджаных на адпраўку ва Украіну. Далучыцца да «Вагнера» захацелі з двух мясцовых зон 500 чалавек.

фота: focus.ua

Пракуратура аб крымінагеннай сітуацыі ў Магілёве: 23 справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за забойства. Вёў прафілактычную нараду чыноўнік-карупцыянэр

Адкрываў нараду аб прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў чыноўнік, абвінавачаны раней у карупцыі. Цяпер намеснік старшыні Ленінскага райвыканкаму Яўген Дуплеўскі курыруе ідэалогію і ўзаемадзеянне раённай улады з праваахоўнымі структурамі. Яшчэ ён старшынюе ў раённай арганізацыі праўладнага аб’яднання «Белая Русь».

На нарадзе намеснік пракурора гораду Яўген Фурманаў адзначыў, што нягледзячы на зніжэнне злачынстваў на 17,6 працэнта, выклікаюць занепакоенасць факты ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і забойстваў.

Паводле супрацоўніка пракуратуры ў горадзе ўзбуджана 23 крымінальныя справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за ўчыненне забойства.

Па словах старшага памочніка пракурора Магілёва Вольгі Новікавай у Ленінскім раёне толькі за ліпень зарэгістраваныя адно забойства і пяць злачынстваў, звязаных з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Большая частка злачынстваў, гаварылі на нарадзе, учыняецца падчас распівання спіртных напояў, ці людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе «Веснік Магілёва».

Што да Яўгена Дуплеўскага, то яго крымінальнае мінулае цяпер не згадваецца. У лютым жа 2014 года абласная пракуратура распачала супраць супрацоўніка гарвыканкаму крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Дуплеўскі прызнаўся ва ўчыненні злачынства.

На той момант ён рабіў начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму. Следства ўстанавіла, што чыноўнік чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў за гэта заробак.

Яму пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Лукашэнка задаволіў прашэнне аб памілаванні карупцыянера, калі ён кампенсаваў суму шкоды.

Памілаваны Дуплеўскі працягнуў працу ў сістэме адукацыі і быў прызначаны нават дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну.

У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва.

фота з рэсурсу: vestnikmogileva.by