Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Кампаніі беларусаў у Літве выраслі за год у тры разы

Зараз у Літве больш за 50 000 беларусаў. Літва ўваходзіць у ТОП-3 самых папулярных лакацый для беларускіх айцішнікаў.
За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваны ў Літве, вырас больш як у 3 разы, паведамляе devby.io .

Сёння ў суседняй краіне зарэгістравана 30 кампаній з беларускімі каранямі. У іх занята больш за 4 700 супрацоўнікаў, а яшчэ год назад іх было менш за 1 500.

Самы вялікі штат у EPAM. За год адбыўся рост супрацоўнікаў у 450%. Асабліва інтэнсіўна каманда расла ў чэрвені-ліпені 2022 года – на 750 чалавек за два месяцы.
EPAM працуе ў Вільні і Каўнасе. Зараз адкрыта яшчэ больш за 100 вакансій на працу.

За 1-3 кварталы 2022 года EPAM увайшоў у ТОП-3 ІТ-бізнэсаў у Літве па суме выплачаных падаткаў – больш за 6 000 000 еўра.

Каманда літоўскага офіса Wargaming за мінулы вырасла на 250% да 988 спецыялістаў. Асабліва інтэнсіўны рост адбыўся пасля нападу Расіі на Ўкраіну – у красавіку-жніўні, з 450 да 900 спецыялістаў, за кошт супрацоўнікаў мінскага офіса, пасля таго як кампанія закрыла бізнес у Беларусі.

У офіс патрабуецца яшчэ 50 спецыялістаў. Wargaming таксама у тройцы лідараў па суме выплачаных падаткаў: за 3 кварталы 5 200 000 еўра.

Штат распрацоўшчыка гульняў Melsoft з красавіка 2022 года вырас у 4,3 раза да 320 супрацоўнікаў.

Вытворца лічбавай оптыкі Yukon Advanced Optics Worldwide павялічыў свой штат у Літве да 275 чалавек і увайшоў у ТОП-5 па колькасці супрацоўнікаў сярод кампаній з беларускімі каранямі.

Распрацоўшчык дадатку для жаночага здароўя Flo (Flo Health) павялічыў за год свой штат у Вільні і Каўнасе з 70 чалавек да 245 супрацоўнікаў (400%).

Значны рост штатаў паказалі і такія кампаніі з беларускімі каранямі, як ITAG LT, Softeq Development (у 5 разоў), Coherent Solutions (у 3 разы), Gurtam (у 2,5 разы), EIS Group Lietuva (130%) і іншыя.

Усе тыя сумы, якія ў выглядзе падаткаў кампаніі з беларускімі каранямі пералічваюць у літоўскі бюджэт, адпаведна не атрымлівае беларускі бюджэт, а значную частку ганарараў і заробкаў супрацоўнікі пакідаюць у літоўскіх гандлёвых сетках.

Падзенне верталёта на дзіцячы садок пад Кіевам – загінула кіраўніцтва МУС, а ўсяго 18 чалавек, трое з іх дзеці

Раніцай 18 студзены ў горадзе Бравары пад Кіевам адбылася катастрофа з верталётам міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ён упаў на дзіцячы садок, у якім знаходзіліся выхаванцы і дарослыя. Паводле апошняй інфармацыі ў выніку катастрофы загінулі 9 чалавек, што знаходзіліся ў верталёце, і яшчэ 9 чалавек, якія знаходзіліся на зямлі – трое з іх дзеці. 

У верталёце знаходзіўся міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі, яго першы намеснік і дзяржаўны сакратар службы – паведаміў на сваёй старонцы кіраўнік Нацпаліцыі Украіны Ігар Кліменка.

Дзяніс Манастырскі вяртаўся з Чарнігава, дзе сустракаўся з нацгвардзейцамі, якія праявілі асабістую мужнасць і адвагу пры выкананні воінскага абавязку пры адбіцці і стрымліванні ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі. 

Фота з адкрытых крыніц.

10 сутак арышту далі жыхару Бялыніч за нацысцкую сімволіку – гэта ж не Пагоня

10 сутак адміністрацыйнага арышту – такое пакаранне вынесена ў канцы 2022 года жыхару Бялыніцкага раёна, які размясціў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы выяву нацысцкай сімволікі – паведамляе мясцовая газета. Канфіскаваны мабільны тэлефон.

У лістападзе 2022 года праваахоўнікі выявілі, што ў фотаальбоме 42-гадовага грамадзяніна Украіны – жыхара Бялыніцкага раёна – на яго старонцы ў сацсетцы ў адкрытым доступе захоўваюцца тры фотаздымкі з выявамі свастыкі –  крыжа з чатырма канцамі, загорнутымі пад прамым кутом у правы бок.

Віну сваю мужчына прызнаў цалкам і падчас судовага разбору патлумачыў, што гэтыя фотаздымкі ён размясціў яшчэ ў 2012-2013 гадах, бо раней цікавіўся разнастайнымі сімваламі і іх паходжаннем, у тым ліку тымі, што выкарыстоўваліся ў фашысцкай Германіі.

Сімволіка Трэцяга рэйху і да гэтага часу была ўнесена ў рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, выкарыстанне якіх цягне адказнасць.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Колькі ў Беларусі ўкраінскіх бежанцаў і чым яны забяспечаныя? Разбіраемся

Афіцыйныя лічбы ў разы адрозніваюцца ад дадзеных ААН, забеспячэнне ўкраінскіх бежанцаў горшае, чым тых, хто атакаваў польскую мяжу.

Вярхоўны камісар па справах бежанцаў ААН Філіпа Грандзі 12 студзеня 2023 года падзякаваў Беларусь за падтрымку, што аказваецца бежанцам з Украіны, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў, піша Спутнік. 

У матэрыяле прыводзяцца лічбы, згодна з якімі з лютага 2022 года ў Беларусь, паводле статыстыкі Дзяржпагранкамітета, прыбылі звыш 75 тысяч грамадзян Украіны.

200 000, 70 000 ці 17 000? Ці 7 000?

Але гэтыя лічбы ніяк не суадносяцца з дадзенымі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў па стане на 6 снежня 2022 года – ААН кажа толькі аб 17 260 бежанцах, якія прыбылі ў Беларусь (дадзеных аб колькасці выбыўшых няма), гэта амаль у 5 разоў ніжэй за дадзеныя памежных служб Беларусі.

Пры гэтым МУС Беларусі ўстанавіла размеркавальныя квоты рэгістрацыі хадайніцтваў на 2023 год агульнай колькасцю 2 500. Адпаведная пастанова ведамства №305 ад 21 снежня 2022 года афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Размяркоўваюцца квоты наступным чынам:

Віцебская і Гомельская вобласці – па 500 чалавек;

Брэсцкая і Гродзенская вобласці – па 380 чалавек;

Мінская – 350 чалавек;

Магілёўская – 390 чалавек.

Вось гэтыя лічбы ўжо стасуюцца з дадзенымі ААН.

Нагадаем, што 18 сакавіка 2022 года, А. Лукашэнка агучыў агульную колькасць украінскіх бежанцаў, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі. Паводле яго слоў, пачынаючы з узброенага канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе “ў краіну ўехала больш за 200 тысяч украінцаў” – паведамляла БелТА. 

Лукашэнка пракаментаваў гэты факт наступным чынам: «Нехта лічыць 170-180 тысяч, нехта — 200 тысяч. Але ў гэтых межах. Адзінкі пасля гэтага з’ехалі. Цяпер назад вярнуліся».

Па дадзеных апошніх перапісаў насельніцтва Беларусі 2019 і 2009 года, доля ўкраінцаў застаецца нязменнай на адзнацы 1,7% ад агульнай колькасці жыхароў краіны: у 2009 годзе пражывала 158 723, у 2019 годзе –159 656 (для параўнання: у 1999 годзе – 237 014).

Эксперты сцвярджаюць, што дадзеныя перапісаў цалкам абвяргаюць дадзеныя А. Лукашэнкі аб уездзе 170-200 тысяч украінцаў з 2014 года. Калі ў такой колькасці яны і заязджалі, што мала верагодна, то тут жа ў сваёй большасці яны з’ехалі ў іншыя краіны.

У верасні 2014 года СМІ пісалі аб прыбыцці ў Беларусь “больш за 25 тысяч уцекачоў з Украіны” . Адкуль узяліся яшчэ 145-175 тысяч, невядома.

З мэтай вызначэння колькасці ўкраінскіх мігрантаў, Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Рэспубліцы Беларусь у супрацоўніцтве з МУС, агенцтвамі ААН і Беларускім Чырвоным Крыжам запусцілі Матрыцу ўліку перамяшчэнняў – інструмент, які дазваляе збіраць і аналізаваць дадзеныя аб мабільнасці, уразлівасцях і патрэбах мігрантаў, у тым ліку для таго, каб асобы, якія прымаюць рашэнні і рэагуюць на міграцыйныя выклікі, маглі аказваць гэтым групам насельніцтва больш эфектыўную дапамогу.

Паводле апублікаванай справаздачы ААН у Беларусі застаюцца каля 7200 грамадзян Украіны – што ў 30 разоў менш агучаных Лукашэнкай лічбаў – і 1100 грамадзян трэціх краін. У асноўным яны прыязджаюць з Данецкай вобласці, а таксама з Луганскай, Харкаўскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей.

Амаль палова з іх уехала ў Беларусь напрамую з Украіны, 33% з Польшчы, 19% з Расіі і менш за 1% з Літвы і Латвіі.

Большасць украінскіх мігрантаў – мужчыны ад 19 да 39 гадоў. Каля паловы з іх плануе застацца ў Беларусі, у той час як іншая палова мае намер патрапіць у Нямеччыну, Іспанію, Францыю, Польшчу і іншыя краіны ці вярнуцца ў краіны свайго паходжання.

Большасць апытаных украінцаў плануюць пакуль заставацца ў Беларусі – ў асноўным, таму што тут у іх ёсць сваякі і сябры. Пры гэтым кожны трэці хацеў бы вярнуцца на радзіму, калі гэта будзе магчыма і бяспечна.

Восенню 2022 года МУС паведаміла аб выдачы грамадзянства 7,3 тысячы выхадцаў з Украіны. Але працэдура грамадзянства – працяглая і гэта не закранула тых, хто прыбыў у 2022 годзе. 

Роўныя правы з беларусамі?

Украінцам, якія прыбылі ў Беларусь, з верасня 2022 года сталі прадастаўляць дадатковыя льготы і пашырылі іх правы. Гэта прадугледжана адпаведным указам.

У новай рэдакцыі выкладзены ўказ ад 30 жніўня 2014 года “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. “Прадугледжана прадастаўленне названай катэгорыі асоб правоў нароўні з беларускімі грамадзянамі, а менавіта на дашкольную, агульную і спецыяльную адукацыю; атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў або на ўмовах аплаты; даступнае медыцынскае абслугоўванне; прызначэнне дапамог на дзяцей і пенсій” – гаворыцца ў паведамленні.

Дакумент вызваляе грамадзян Украіны ад выплаты дзяржпошлін за рэгістрацыю часовага знаходжання, выдачу дазволу на часовае пражыванне, разгляд заявы аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне ў рэспубліцы, выдачу біяметрычнага віду на жыхарства. 

Усё так. Але, каб здзяйсняць усе астатнія адміністрацыйныя працэдуры неабходна кожны раз выплачваць па ½ базавай велічыні, і гэтыя выдаткі значна вышэйшыя пазначаных ільгот. Уцекачам, калі афармляюць афіцыйна сваё бежанства, даюць толькі дапамогу ў 1 базавую велічыню (32 рублі ў 2022 годзе, 37 – у 2023).

Якія бежанцы лепш?

Самі супрацоўнікі міграцыйных службаў зазначаюць, што такая падтрымка не задавальняе большасць бежанцаў і яны імкнуцца выехаць у іншыя краіны. Бо трэба акрамя харчавання, адзення, аплачваць жыллё, транспарт, камунальныя паслугі, паслугі сувязі.

ДзяржСМІ пішуць, што амаль кожны апытаны мігрант і бежанец атрымаў гуманітарную дапамогу ў Беларусі – у асноўным ад міжнародных арганізацый. 

Пры гэтым ўсе бежанцы яшчэ маюць патрэбу ў падтрымцы – фінансавай дапамозе, прадуктах харчавання, сродках гігіены, адзенні, доступу да паслуг аховы здароўя. Міжнародная арганізацыя па міграцыі аказвае гэтыя віды дапамогі, а таксама дапамагае з пражываннем, транспартам і працаўладкаваннем.

Большасць бежанцаў і мігрантаў паведамляюць: дапамога была. Выдалі аднаразова пакет з прадуктамі харчавання: 0,5 кг макарон, 0,7 кг рысу, сушкі, пітную ваду, пачак перапечкаў «Мінскія», намазка на хлеб Namazka, 3 пачкі печыва, рулон туалетнай паперы, сурвэткі, папяровыя ручнікі, шампунь, дэзінфікуючую вадкасць, зубную пасту, зубную шчотку, галеты, слоік 0,3 кг мясных кансерваў.

Цяпер параўнаем, што выдавалі беларускія ўлады на беларуска-польскай мяжы бежанцам з краін Азіі і Афрыкі штодня(!) ў канцы 2021 года: малако, кансервы, хлеб, пюрэ хуткага прыгатавання, салодкае, садавіну. Аб гэтым паведамляў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. 

Тады было зазначана, што 2 000 бежанцам штодзень дастаўляюць каля 8 т прадуктаў. Гарачае харчаванне – гарбату і кашы – рыхтуюць ваенныя. Валанцёры раздаюць сфарміраваныя загадзя прадуктовыя пакеты: 2 л малака, хлеб, два слоікі мясных кансерваў, два слоікі рыбных кансерваў, пюрэ хуткай падрыхтоўкі, каўбасу, кандытарскія вырабы, садавіну. “Штодня фарміруем каля 4 тон такіх набораў” – казаў Дзмітрый Шаўцоў.

А што ў суседніх краінах?

Параўнаем беларускую дапамогу з дапамогай у суседніх краінах, не вельмі заможных.

У Літве ў 2022 годзе стандартны прадуктовы кошык, што для незаможных літоўцаў, што для бежанцаў з Украіны, складаецца з дзевяці розных прадуктаў: аўсянка хуткага прыгатавання, мясныя і агароднінныя кансервы і кансерваваныя супы, малако, алей, печыва. Дапамогу размяркоўваюць самакіраванні і дзве няўрадавыя арганізацыі: фонд Maisto Bankas і Літоўскі Чырвоны Крыж.

Атрымаць харчовы паёк можна ў 600 пунктах па ўсёй Літве. Дапамогу раздаюць раз на 1-2 месяцы, напрыклад ў другім паўгоддзі 2022 года рэалізовывалася ў чэрвені, жніўні, кастрычніку і снежні.

У Латвіі, напрыклад, у Даўгаўпілсе, бясплатнае гарачае харчаванне бежанцы могуць атрымаць на супавай кухні Сацыяльнай службы, у сталовай Арміі выратавання з панядзелка па пятніцу.

Акрамя таго, у Латвійскім Чырвоным Крыжы можна атрымаць пакеты дапамогі ад ЕС: прадукты харчавання, сродкі гігіены і бытавой хіміі, неабходнае для дзяцей, канцылярскія тавары і іншае.

Фота з адкрытых крыніц.

Галоўная задача Швецыі на чале Еўрапейскага Саюза – падтрымка Украіны ў барацьбе з расійскай агрэсіяй

Швецыя ў студзені прыняла ў Чэхіі абавязкі старшыні Еўрапейскага Саюза на працягу шасці месяцаў і адразу заявіла пра важнасць падтрымкі ўкраінскага народу, бо гэта дапаможа Еўропе. 

Прэм’ер-міністр Швецыі сфармуляваў прыярытэты старшынства Стакгольма – бяспека, канкурэнтаздольнасць, дабрабыт, дэмакратычныя каштоўнасці і вяршэнства закона. І без Украіны яны не могуць быць дасягнуты.

Прэм’ер-міністр краіны Ульф Крыстэрсан і ўрад запрасілі прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі на чале з яго старшынёй Урсулай фон Дэр Ляйен на першую ўводную сустрэчу.

Прыярытэты старшынства Швецыі ў Еўрапейскім Саюзе

Першай заклапочанасцю Стакгольма стане аказанне эканамічнай і ваеннай падтрымкі Кіеву, якая забяспечыць бяспеку еўрапейцаў. Чакаецца, што Еўрапейскі Саюз накіруе ў 2023 годзе Украіне 18 млрд еўра фінансавай дапамогі і пачне канфіскоўваць замарожаныя расійскія актывы, каб атрымаць дадатковыя грошы. 

Швецыя таксама хоча накіраваць намаганні ЕС па барацьбе з партыяй арганізаванай злачыннасці.

Другая заклапочанасць – канкурэнтаздольнасць. Усё больш і больш краін – членаў ЕС выступаюць за перагляд дзяржаўнай дапамогі ў адказ на праграму “зялёных” субсідый, якія праводзяцца ў ЗША. Прэм’ер -міністр Швецыі заявіў пра неабходнасць “чыстай канкурэнцыі”.

Па-трэцяе, Швецыя будзе весці абмеркаванне новай прапановы аб рэформе электрычнага рынку ЕС і хуткага пераадолення залежнасці ад выкапнёвых крыніц энергіі.

Таксама Швецыя абавязалася забяспечыць вяршэнства закона ў ЕС. Але падтрымка ўльтра-правага ўрада меншасці выклікае занепакоенасць у Брусэлі.

Такім чынам, спекуляцыі расійскіх прапагандыстаў пра змяншэнне падтрымкі Ўкраіны ў яе барацьбе з расійскай агрэсіяй, не павінны спраўдзіцца.

Ва Украіне ўтварылася міннае поле, большае за Беларусь па памерах

Тэрыторыя 250 тысяч квадратных кіламетраў замінавана сёння ва Украіне. “Цяпер гэта найбуйнейшае міннае поле ў свеце” –  заявіў прэм’ер-міністр краіны Дзяніс Шмыгал. 

Летам 2022 года асацыяцыя сапераў Украіны распавяла пра міннае поле ў 133 тысячы квадратных км. Восенню дзяржаўная служба Украіны ў экстраных сітуацыях ацэньвала плошчу, якая патэнцыйна забруджаная мінамі, як 300 тысяч квадратных метраў. км. (палова тэрыторыі Украіны).

250 тысяч замінаваных квадратных кіламетраў – гэта тэрыторыя, большая за плошчу ўсёй Беларусі (206,7 тысячы кв. км.). Памер знявечанай тэрыторыі перавышае, напрыклад, плошчу ўсяго Карэйскага паўвострава (каля 221 000 кв. км.), Лаоса ці Румыніі (кожная – каля 238 000 кв. км.), Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ( 244 000 кв. км.).

Раней моцна замінаваны былі рэгіёны Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумской, Мікалаеўскай, Адэскай абласцей. У рэгіёне Херсоншчына і Міколаеўшчына цяпер актыўна працягваецца ачышчэнне замінаваных тэрыторый ад выбуховых аб’ектаў. Размінаванню падлягаюць каля 7 тысяч кіламетраў тэрыторыі Херсоншчыны і да 1,5 тысяч – Мікалаеўшчыны. Цяпер самымі замінаванымі з’яўляюцца ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны Украіны – Запарожская, Данецкая, Луганская, Харкаўскай, Херсонская вобласці.

Замінаваная тэрыторыя ўяўляе сабой не толькі вялікую небяспеку для людзей, але і стварае сур’ёзныя праблемы для сельскай гаспадаркі – аднаго з асноўных сектараў украінскай эканомікі.

Эксперты ацэньваюць час, які неабходны на размінаванне тэрыторыю краіны ў 5–7, а магчыма і 10 гадоў. 

Фото: ДСНС Харкаўськай вобласці.

Ідзе бітва праваслаўных цэркваў за Кіева-Пячэрскую лаўру

У чым сутнасць канфлікта паміж буйнейшымі праваслаўнымі цэрквамі Украіны

Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) не працягнулі арэнду двух галоўных храмаў Кіева-Печэрскай лаўры. На Раство ў іх правядзе набажэнства канкурэнт – Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ). 

Вакол лаўры разгарэліся жарсці, якія не прытушылі нават баявыя дзеянні. Падзея ўзрушыла ўсіх палітыкаў, журналістаў і блогераў краіны, якія прапануюць розныя варыянты вырашэння канфлікту. Асабліва гістэрычна рэагуюць на падзею маскоўскія прапагандысцкія СМІ. 

Большасць беларускіх і расійскіх вернікаў нават не ведаюць, што ў іх краінах не адна, а некалькі праваслаўных цэркваў. Так, у Расіі ў дадатак да усім знаёмай Рускай праваслаўнай царквы сёння афіцыйна зарэгістраваны яшчэ пяць праваслаўных цэркваў. Яшчэ больш іх ва Ўкраіне. 

Даведка. Праваслаўнымі лічыць сябе 70 % насельніцтва сучаснай Украіны ў пераважнай большасці цэнтральных, усходніх і паўднёвых рэгіёнаў краіны. Найбольшай доўгі час была Ўкраінская праваслаўная царква ў складзе рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыархату. Але 15 снежня 2018 года на аб’яднальным Саборы была створана Праваслаўная царква Украіны, якой у студзені 2019 года патрыярхат Канстанцінопаля прызначыў статус аўтакэфальнай. Гэтыя акты не былі прызнаны Маскоўскім патрыярхатам, які лічыць тэрыторыю былой Украінскай ССР сваёй “кананічнай тэрыторыяй”. Ёсць таксама меншыя праваслаўныя структуры.

На Кіева-Пячэрскую лаўру прэтэндуюць ўсе праваслаўныя цэрквы Ўкраіны. Лаўра мае сакральнае значэнне як для ўкраінскага, так і для расійскага праваслаўя. Усе назіральнікі адзначаюць, што падпарадкаваныя раней Маскве праваслаўныя пачынаюць губляць лаўру, а галоўны “канкурэнт” гэтай царквы – Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) пачынае яе атрымліваць.

Даведка. Свята Успенская Кіева-Печэрская Лаўра з 1990 года ў ваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца нефармальнай сталіцай усходнеславянскага праваслаўя. Манастыр пачаў дзейнічаць у XI стагоддзі, у часы князя Яраслава Мудрага прыблізна за сто гадоў да таго, як Масква была заснавана на поўночных балотах. Сёння Кіева-Печэрская Лаўра ўключае манастыр, музейны горад і запаведнік. 

Структурна лаўра складаецца з дзвюх частак, якія падзелены сцяной. Верхнюю лаўру ў асноўным займаюць аб’екты запаведніка: музеі, галерэі, Нацыянальная гістарычная бібліятэка. Але сярод гэтых аб’ектаў маюцца два храмы, якія знаходзяцца ў часовай арэндзе ў УПЦ.

Ніжняя лаўра – гэта 79 аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца на аснове рашэння 2013 года прэзідэнта Віктара Януковіча. Сярод іх – храмы, знакамітыя пячоры, семінарыя, тэалагічная акадэмія, сінаідальныя аддзелы і афіцыйная рэзідэнцыя кіраўніка УПЦ.

Бітва за лаўру 

Змаганне за лаўру працягваецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Яшчэ ў 1992 годзе, калі пачаўся рух за аддзяленне Украінскай царквы ад Масквы, была зроблена спроба захапіць і перадаць частку лаўры Кіеўскаму патрыархату. Але праваслаўныя святары, што аддзяліліся ад маскоўскага патрыархату, не рашыліся тады на адкрыты канфлікт. 

З сярэдзіны 1990-х Украінскі патрыархат прасіў даць ёй адзін з храмаў лаўры для карыстання. Але іх просьбы ігнараваліся.

У 2000 годзе, перад адкрыццём адноўленага за кошт украінскай дзяржавы галоўнага храма лаўры – Успенскага Сабора, які быў знішчаны ў 1941 годзе, Кіеўскі патрыархат правёў вялікі малебен з патрабаваннем прадухілення перадачы сабора ў Маскоўскі патрыярхат. Але сітуацыя зноў не памянялася. Больш таго, у 2013 годзе прэзідэнт Віктар Януковіч перадаў яшчэ і ніжнюю лаўру УПЦ МП. 

Яшчэ адным драматычным момантам у гісторыі Лаўры стаў вечар 22 лютага 2014 года. У той час як Кіеў аплакваў актывістаў, якіх застрэлілі на Майдане, а прэзідэнт Віктар Януковіч толькі што ўцёк з Кіева, Еўрамайдан атрымаў навіну, што маскоўскія святары забралі з лаўры гістарычныя каштоўнасці.

На Майдане была адразу ж сфарміравана калона, якая пачала рух у бок лаўры. Настрой актывістаў быў самым радыкальным. Пятро Парашэнка і Арсен Авакаў адразу прыбылі ў лаўру, і ім ўдалося затрымаць узбуджаны натоўп прама на бар’еры на ўваходзе ў лаўру. 

Канфлікт быў часова прытушаны. Аднак пытанне, чаму лаўру – уласнасць усяго ўкраінскага народа і ўсяго ўкраінскага праваслаўя – выкарыстоўвае толькі адна з яго галін, застаецца актуальным для значнай часткі грамадства. 

Ужо пасля стварэння ў 2019 г. аўтакэфальнай Праваслаўнай царквы Украіны, яго мітрапаліт Епіфаній заявіў, што Кіеўва-Пячэрская лаўра часова знаходзіцца  “у духоўнай акупацыі”, і ПЦУ не ставіць гэтую праблему рабром выключна з-за нежадання стварыць “унутраны рэлігійны фронт”.

Стрымліваючым фактарам апошняга дзесяцігоддзя быў страх, што Пуцін можа скарыстацца канфліктам і ўвесці свае войскі ва Ўкраіну. 

Вайна 2022 – 2023 гадоў і лаўра

Напад Расіі на Ўкраіну 24 лютага паставіў УПЦ МП перад складаным выбарам. Маскоўскі патрыархат афіцыйна стаў на бок агрэсіі і блаславіў расійскіх салдат на вайну. А для УПЦ такая пазіцыя азначала б самагубства і масавы пераход вернікаў у стан іншых праваслаўных цэркваў. 

Украінская праваслаўная царква асудзіла агрэсію расіян, заклікала да міру, змяніла статут і абвясціла пра сваё аддзяленне ад Маскоўскага патрыархату. Але Расійская праваслаўная царква па ранейшаму лічыць іх сваімі. “Духоўная сувязь” з Масквой, якой УПЦ на працягу многіх гадоў ганарылася, сёння выклікае недавер.

Пасля пачатку новай фазы расійскай агрэсіі ў 2022 годзе знікла боязь, што больш справядлівае рашэнне па карыстанню маёмасцю лаўры рознымі праваслаўнымі царквамі выкліча агрэсію Пуціна. Баяцца больш не было чаго. Так напад Расіі аслабіў прарасійскіх праваслаўных ва Ўкраіне.  

Першыя прыкметы таго, што ўкраінская дзяржава змяніла сваё стаўленне да УПЦ, з’явіліся прыблізна ў кастрычніку гэтага года, калі служба бяспекі Ўкраіны пачала рэгулярна праводзіць “меры контрвыведкі і меры бяспекі” у памяшканнях гэтай царквы. 

Падставай для вобшукаў стаў ідэалагічны пераход часткі іерархаў на акупаваных тэрыторыях на бок расіян. Было знойдзена шмат прапагандысцкай літаратуры, зброя, незарэгістраваныя грамадзяне і г.д. У выніку было заяўлена, што асяроддзе УПЦ з’яўляецца ідэальным месцам для функцыянавання рэзідэнтуры праціўніка. 

У рэшце рэшт, раніцай 22 лістапада СБУ наведаў Кіева-Печэрскую Лаўру. У выніку ператрусаў былі выяўлены “людзі без дакументаў, грамадзяне Расіі, прарасійская літаратура, а таксама наяўныя грошы ў памеры больш за 2 мільёны грыўняў, больш за 100 тысяч долараў ЗША і некалькі тысяч расійскіх рублёў.

Праваслаўная царква Ўкраіны 2 снежня пасля шматлікіх затрымак зарэгістравала манастыр пад назвай “Кіева-Пячэрская Лаўра”. Праўда, “паралельная лаўра” зарэгістравана па адрасе праз дарогу ад лаўры саспраўднай. Факт з’яўлення на рэлігійнай карце Кіева іншага манастыра з такім самым імем стаў паказальным і адкрывае магчымасць страты Украінскай праваслаўнай царквой манаполіі на Кіева-Пячэрскую Лаўру.

31 снежня было абвешчана, што тэрмін арэнды УПЦ дзвюх цэркваў верхняй лаўры – Успенскага сабору і трапезнай царквы заканчваецца. І вось учора з’явіліся паведамленні пра тое, што першае набажэнства Праваслаўнай царквы Украіны на тэрыторыі лаўры адбудзецца на Раство ва Ўспенскім саборы. 

Усе сродкі інфармацыі абмяркоўваюць гэтую падзею. Большасць украінскіх экспертаў выступаюць за мірнае рашэнне канфліктуі і схіляюцца да таго, што найлепшым выйсцем стане сумеснае карыстанне галоўнымі храмамі лаўры рознымі праваслаўнымі плынямі. У прыклад ставяць сумеснае карыстанне храмамі хрысціанамі розных канфесій у Ізраілі. 

Фота ўзята з адкрытых крыніц.

Львы каля Магілёва і іншыя археалагічныя адкрыцці 2022 года

Парэшткі еўрапейскіх львоў і вавілонскай вежы, першыя краманьёнцы, дзверы ў “замагільны свет”, карабель Кука, якар Тытаніка і іншыя самыя цікавыя археалагічныя адкрыцці 2022 года сабралі эксперты ўкраінскага “Громадське радіо”. 

Вавілонская вежа, верагодна, знойдзена.

Археолагі, напэўна, знайшлі частку легендарнай вежы. Гаворка ідзе пра знойдзеныя незвычайныя цагліны падчас раскопак на месцы горада Вавілона. Доктар Ірвінг Фінкель з Брытанскага музея лічыць, што менавіта падобную цэглу загадаў вырабіць цар Навухаданасар II для будаўніцтва вавілонскай вежы.

У 586 г. да н.э. Навухаданасар II захапіў Ерусалім. Там ён выбраў самых высокакваліфікаваных рабочых, якія адправіліся ў Вавілон, каб пабудаваць вежу са спецыяльнай цэглы. У першых частках Старога запавета ёсць ускосныя звесткі пра яўрэяў, адпраўленых у Вавілон для гэтай місіі, прычым вядзецца гаворка таксама пра цэглу, з якой рабілася вежа. Адзначана, што ў знойдзенай зараз археолагамі цэглы на месцы колішняга Вавілона (на поўдзень ад сучаснага Багдада) ёсць усе прыкметы будаўнічага матэрыялу таго часу, які супадае са звесткамі са Старога запавета: у ёй ёсць смала, раствор і бітум, якія згаданы ў біблейскай гісторыі.

Доктар Фінкель: “У кнізе Быцця літаральна сказана, што яны выкарыстоўваюць цэглу замест каменя і бітум для раствора”.

Францыя – суперсенсацыя пра засяленне Еўропы.

Краманьёнцы – непасрэдныя продкі сучасных людзей – некалькі разоў засялялі Еўропу, але па нейкіх прычынах потым зноў тэрыторыю кантралявалі неандэртальцы.  

Археолагі знайшлі доказы таго, што людзі сучаснага анатамічнага тыпу жылі ў Еўропе 54 тысячы гадоў таму. Раней самым старажытным помнікам Еўропы, дзе былі знойдзены рэшткі краманьёнцаў, лічылася балгарская пячора Бачо-Кіро, куды старажытныя людзі прыйшлі 45-43 тысяч гадоў таму.

Французскія археолагі выявілі ў гроце Мандрэн у даліне Роны культурныя пласты з тыповымі інструментамі неандэртальцаў, між якіх быў адзін пласт з больш развітай каменнай прамысловасцю. Марфалагічны аналіз знойдзеных зубоў паказаў, што каля 54 тысяч гадоў таму людзі сучаснага анатамічнага тыпу ўжо знаходзіліся ў басейне ракі. 

Швейцарцы аднавілі твар егіпецкай жрыцы.

Археолагі і навукоўцы пры дапамозе судова-медыцынскіх тэхналогій узнавілі твар Шэп-ан-Ісідзі – егіпецкай жанчыны, якая жыла ў VII стагоддзі да нашай эры. Надпісы на саркафагу паказваюць, што жанчына належала да заможнай сям’і і паходзіла з роду жрацоў Амона ў Фівах. Мумія захоўваецца з 1820 года ў бібліятэцы абацтва ў Санкт-Гален (Швейцарыя). Цяпер мы ведаем, як выглядалі людзі таго часу. 

Гэта новае даследаванне адрозніваецца ад аналагічных работ, якія выкананы раней.

Яно заснавана “выключна на судова-медыцынскай экспертызе знешнасці і анатамічных доказах”. Эксперты толькі рэканструявалі твар, не дадаючы аксэсуараў, такіх як ювелірныя вырабы, адзенне ці парыкі. 

Дзверы ў іншы свет у Егіпце.

Археолагі выявілі ў адным з некропаляў дзверы ў “іншы свет”. Група егіптолагаў выявіла рэдкую магілу старажытнага царства з ілжывымі дзвярыма, якія нібыта сімвалічна вялі ў іншы загробны свет Дуат.

На далёкай сцяне вывучанай магілы археолагі знайшлі надпісы, якія добра захаваліся. Яны выглядаюць так, быццам мастак скончыў маляваць іх літаральна днямі. Надпісы занялі бачнае месца ў цэнтры магілы і закрылі панэль з “ілжывымі дзвярыма” у іншае вымярэнне.

Карабель капітана Кука.

Пасля 22 гадоў пошукаў знойдзены патанулы карабель падарожніка і адкрывальніка капітана Джэймса Кука.

З 1999 года працягваліся пошукі карабля Кука, падчас якіх археолагі знайшлі некалькі іншых караблёў XVIII ст. І вось карабель Endeavur быў знойдзены каля ўзбярэжжа ЗША, недалёка ад вострава Род. 

Карабель Endeavur быў пабудаваны ў Англіі ў 1764 годзе. Праз чатыры гады Джэймс Кук адправіўся на ім ў экспедыцыю ў Ціхі акіян. У 1770 годзе ён высадзіўся ў Аўстраліі, а потым дабраўся да ўзбярэжжа Новай Зеландыі. 

Кук быў забіты на Гаваях падчас трэцяга падарожжа ў Ціхі акіян, а яго карабель быў затоплены ў 1778 годзе падчас вайны ў ЗША за незалежнасць.

Старажытныя піраміды і гарады ў Амазоніі знайшлі  пры дапамозе дрона.

На працягу доўгага часу навуковая супольнасць лічыла, што толькі адна з вялікіх цывілізацый папярэдняй Амерыкі развівалася ў трапічных лясах і дасягнула ўрбанізму – імперыі майя. 

Цяпер навукоўцы больш уважліва глядзець на Амазонію, якая раней разглядалася выключна сельскагаспадарчым рэгіёнам без буйных гарадоў і складанай дзяржаўнай структуры.

Вучоныя нямецкага археалагічнага інстытута даследавалі Льянас-дэ-Мохас  (вільготныя раўніны) на паўднёвым захадзе Амазонкі (тэрыторыя Балівіі) і знайшлі 24 невялікія паселішчы, з якіх толькі 15 былі вядомыя раней. Найбольшыя з іх – Катока і Ландзівар аказаліся складанымі арганізаванымі гарадамі з грамадскімі і цырыманіяльнымі месцамі. 

Акрамя таго, археолагі выявілі канічныя піраміды вышынёй 22 метры. І гэта іх вышыня сёння. Немагчыма вызначыць іх першапачатковую вышыню, таму што піраміды пабудаваны з зямлі, якая ў Амазонскіх умовах змываецца моцнымі дажджамі. 

Якар Тытаніка.

Археолагі ўпершыню паказалі 15-тонныя якар і бронзавыя шпілі “Тытаніка”. З часу аварыі прайшло больш за 110 гадоў, і толькі цяпер дайверы з экспедыцый Oceangate здолелі зрабіць унікальныя кадры гіганцкага якара, якарнага ланцуга, аднаго з катлавых бронзавых шпіляў.

Еўрапейскія львы.

Львы шырока прадстаўлены ў мастацтве многіх еўрапейскіх народаў і іх міфах. Але гэта не з’яляецца доказам існавання дзікіх львоў на гэтай тэрыторыі. 

Ці маглі львы жыць на тэрыторыі Грэцыі, Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Украіны і Беларусі 3000 гадоў таму? Археолагі лічаць, што так, маглі. Гэтае пытанне, безумоўна найперш цікавае магілёўцам, і сёлета яго абмяркоўвалі ў сур’ёзных навуковых часопісах. 

Гэта здаецца неверагодным, але археолагі, у прыватнасці, зоаархеолагі сур’ёзна вывучаюць гэтае пытанне, а некаторыя лічаць, што гэта вельмі магчыма. 

Калісьці людзі даліны Немей на поўдні Грэцыі жылі ў смяротным страху перад львамі, якія хаваліся на навакольных пагорках і палявалі на насельніцтва. Толькі магутны Геракл, якога выклікаў цар суседняга Тырынфа, змог забіць звера. Сын Зеўса загнаў магутнага драпежніка ў кут пячоры і задушыў голымі рукамі. Пасля гэтага людзі жылі без страху, а Геракл працягваў рабіць свае знакамітыя подзвігі. 

Магчыма, гісторыя пра немейскага льва – гэта не толькі міф. У 1978 годзе два нямецкія навукоўцы зрабілі ўражлівае адкрыццё. Падчас раскопак таго самага Тырынфа яны выпадкова натыкнуліся на косці кошкі каля чалавечага шкілета. Яны зрабілі выснову, што гэта костка льва, і, магчыма, таго самага віду, які сёння насяляе часткі афрыканскага кантыненту.

Тая костка была толькі першай з дзесяткаў, знойдзеных у Тырынфе і ў іншых месцах на працягу наступных дзесяцігоддзяў. Знойдзены чатыры фрагменты костак лап і кавалак рэбраў, якія звязаны з рознымі перыядамі часу паміж 1700-1600 г.г. да н.э. і каля 1200 г. да н.э. Шмат костак датуецца больш чым 1000 годам да пачатку бронзавага веку ў Грэцыі, які ў паўднёва-ўсходняй Еўропе вядомы як медны век.

Хаця некаторыя дэталі застаюцца незразумелымі, многія археолагі і гісторыкі зараз выкарыстоўваюць гэтыя доказы, каб зрабіць выснову, што сучасныя львы калісьці жылі побач з людзьмі на тэрыторыі Еўропы на працягу сотняў гадоў.

У паўднёва-ўсходняй Еўропе, уключаючы Грэцыю, апошнія знаходкі ільвіных костак датуюцца прыблізна 7-м стагоддзем да нашай эры. У той час як вучоныя апісваюць знікненне грэчаскага льва з дзікай прыроды прыблізна ў 1200 г. да н.э., калі мастацкія выявы львоў становяцца менш жорсткімі, менш дакладнымі і больш непадобнымі на рэальныя. Магчыма, ільвы выжылі ў класічным перыядзе паміж 500 і 300 г. да н.э. 

Прамых доказаў жыцця львоў каля Магілёва пакуль няма, але прыродныя і кліматычныя ўмовы тут не надта адрозніваліся ад ўкраінскіх, і знаходжанне львоў на тэрыторыі Беларусі тэарэтычна верагодна. 

Калісьці ніхто не верыў у дзікіх львоў у Грэцыі, цяпер з’явіліся доказы. Потым знайшліся косткі львоў ў Венгрыі, Румыніі, Украіне… Магчыма іх знойдуць і ў Беларусі. 

Украінцам для выхаду на пенсію прыйдзецца працаваць даўжэй

Пенсійны ўзрост застаецца роўным 60 гадам для мужчын і жанчын, але некаторым украінцам давядзецца працаваць на 5 гадоў даўжэй.

З 2023 года ва Украіне былі зменены правілы выхаду на пенсію. Як паведамляе obozrevatel, агульны пенсійны ўзрост цяпер складае 60 гадоў, але для таго, каб пайсці на заслужаны адпачынак своечасова, украінцам цяпер трэба мець не менш за 30 гадоў працоўнага стажу. З 2023 года тыя ўкраінцы, якія маюць менш за 20 гадоў стажу, павінны будуць працаваць да 65 гадоў. 

Гэтае рашэнне было прынята ў якасці альтэрнатывы агульнаму павелічэнню пенсійнага ўзросту. Падлічана, што ў 2027 годзе 45% украінцаў ва ўзросце 60 гадоў не атрымаюць пенсіі і ім прыйдзецца дапрацоўваць. 

Затое цяпер любы ўкраінец можа разлічыць, ці зможа ён атрымаць сваю пенсію своечасова і які стаж для гэтага патрабуецца дадаткова.