Справу магілёўскага дырэктара, што атрымаў 16 хабараў за год, перадалі ў суд

Дырэктара магілёўскага прадпрыемства грамадскага харчавання ў Магілёве будуць судзіць за хабарніцтва. Усяго за год ён атрымаў 25 тысяч рублёў.

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 33-гадовага магілёўца.

Ён быў дырэктарам прадпрыемства грамадскага харчавання і займаўся арганізацыяй харчавання ў некаторых школах і іншых навучальных установах Магілёва і вобласці, праводзіў аптовыя закупкі прадуктаў харчавання і размеркаванне іх па навучальных установах.

З чэрвеня 2024 года па кастрычнік 2025 года дырэктар не менш як 16 разоў атрымліваў ад індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый хабар.

Грошы браў за заключэнне дагавораў на набыццё абсталявання, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспарту.

Прадстаўніка грамадскага харчавання затрымалі з доказамі злачынства. Яго апошні хабар складаў 2,3 тысячы рублёў, а агульная сума атрыманага склала 25 тысяч рублёў.

Нягледзячы на тое, што абвінавачаны, які быў затрыманы ў канцы лістапада мінулага года, цалкам вярнуў грошы, атрыманыя злачынным шляхам, з-пад варты яго не вызвалілі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўская пракуратура абмежавала доступ да двух грамадска-палітычных сайтаў

Сайт “Хартыі 97” і Школы грамадзянскай асветы Sapere Aude цяпер немагчыма адкрыць у Беларусі без VPN.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, пракурор Магілёўскай вобласці вынес пастановы аб абмежаванні доступу да сайтаў sapere.online і c97.org.

Пракуратура сцвярджае, што падставай для абмежавання сталі нібыта парушэнні патрабаванняў законаў “Аб сродках масавай інфармацыі” і  “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Менавіта такія фармулёўкі звычайна выкарыстоўваюцца для апраўдання ціску на свабоду слова і вольнага доступу грамадзян да інфармацыі.

“На рэсурсе c97.org размяшчаліся загадзя ілжывыя дадзеныя аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь і прававым статусе беларусаў. Акрамя таго, на рэсурсе ўтрымліваліся матэрыялы і гіперспасылкі на кантэнт, прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні судоў”, – гаворыцца ў паведамленні. Прычым ніякіх доказаў таго, што звесткі былі ілжывыя, не прыводзіцца.

Працягвае змагацца пракуратура ў Беларусі і з грамадскімі навукамі. Рэсурсу sapere.online выстаўлена прэтэнзія, што “акрамя экстрэмісцкіх матэрыялаў размяшчаліся вынікі апытанняў грамадскай думкі грамадзян аб стаўленні да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Вялікую праблему у такіх апытаннях магілёўскія пракуроры ўбачылі ў тым, што праводзіліся яны без атрымання акрэдытацыі, “што супярэчыць патрабаванням п. 1 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Тут варта нагадаць, што атрымаць акрэдытацыю сапраўды незалежным сацыёлагам ў Беларусі проста не магчыма.

У адрозненні ад “Хартыі 97”, якая добра вядома беларусам, аб Школе грамадзянскай асветы Sapere Aude многія могуць чуць упершыню. А між тым, гэта даволі цікавы рускамоўны рэсурс, “прысвечаны падзеям, тэндэнцыям і з’явам глабальнага свету”. “Кожны дзень мы сочым за тым, што кажуць і пішуць лепшыя навукоўцы, аналітыкі, філосафы, публіцысты і грамадскія дзеячы з усяго свету і дзелімся іх самымі цікавымі думкамі – заўсёды на рускай мове”, – адзначаецца ў рубрыцы sapere.online “Пра нас”.

У выніку па патрабаванні магілёўскай пракуратуры Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі абмежавала доступ да гэтых рэсурсаў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У Асіповічах карупцыянер перахітрыў судовага выканаўцу

Асуджаны па карупцыйнай справе жыхар Асіповіцкага раёна фармальна ўладкаваўся на працу вадзіцелем, каб зноў займець права кіравання аўтамабілем.

У Асіповіцкім раёне выкрыта спроба перахітрыць судовага выканаўцу па выкананні мер пасля суда аб крымінальнай справе аб карупцыі. Толькі па пратэсце пракурора было скасавана пастанаўленне, якое дазволіла асуджанаму часова зняць забарону на кіраванне транспартнымі сродкамі.

Як выявіла пракуратура, у ліпені 2025 года ў дачыненні да мясцовага жыхара было ўзбуджана выканаўчая вытворчасць аб спагнанні штрафу ў памеры 350 базавых велічынь – гэта 14,7 тыс. рублёў. Штраф быў прызначаны судом па справе аб карупцыйным злачынстве.

Каб прымусіць даўжніка выконваць фінансавыя абавязацельствы, у дачыненні да яго ўвялі часовую забарону на кіраванне транспартнымі сродкамі. Аднак неўзабаве мужчына прадставіў дакументы аб нібыта працаўладкаванні вадзіцелем, што і стала падставай для адмены абмежавання.

Аднак пракурорская праверка паказала, што працаўладкаванне насіла фармальны характар. Фактычна мужчына прапрацаваў у арганізацыі ўсяго месяц, пасля чаго пайшоў у сацыяльны адпачынак без захавання заработнай платы, а затым увогуле звольніўся па ўласным жаданні.

Больш за тое, на момант адмены забароны асуджаны ўжо меў іншую крыніцу даходу. Ён выконваў работы па дамове падраду, аднак гэты факт не быў улічаны пры прыняцці рашэння.

У выніку пракурор Асіповіцкага раёна апратэставаў пастанаўленне судовага выканаўцы. Тады незаконнае рашэнне скасавалі, а даўжніку зноў забаранілі кіраваць транспартнымі сродкамі.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Смяротнасць ад агня на Магілёўшчыне вырасла ў чатыры разы

У Магілёўскай вобласці за студзень 2026 года на пажарах загінулі 24 чалавекі, за леташні студзень было шэсць такіх смерцяў.

Як сведчыць пракуратура, больш за ўсё ў агні гінулі за першы месяц года ў Слаўгарадскім, Быхаўскім, Кіраўскім і Магілёўскім раёнах вобласці. 

Такая жахлівая статыстыка прымусіла пракурораў з абласной пракуратуры раз’ехацца па раёнах, каб прыняць удзел у разнастайных пасяджэннях, дзе разглядаліся пытанні пажарнай бяспекі. Так, у Шклоў на пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку прыехаў зампракурора вобласці Андрэй Волкаў. Ён распавёў, што сёлета асноўнай прычынай пажараў, дзе загінулі людзі, была непагашаная цыгарэта. 

За ўвесь 2025 год у Магілёўскай вобласці ў агні загінулі 70 чалавек. У 2024 – 69, а ў 2023 – 88 чалавек.

Ілюстрацыя: Midjourney

Асіповіцкая пракуратура адмяніла закупку на 1 мільён рублёў

Асіповіцкае прадпрыемства хацела па тэндары аплаціць паслугі за перавозку хлеба, але пракуроры не далі гэта зрабіць.

Паводле пракуратуры, уся прычына адмены закупкі ў шматлікіх парушэннях, якія зрабілі на неназваным прадпрыемстве. Яно за ўласны кошт збіралася аплаціць паслугі па перавозцы хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. І ўсё было б добра, але, як высветлілася, юрысконсульт прадпрыемства даў вялікага маху.

Так, да ўдзелу ў працэдуры закупкі ён не ўпісаў патрабаванні для патэнцыйных ўдзельнікаў, а тэрмін падачы прапановы паслугі быў неабгрунтавана скарочаны. Напартачыў ён і пры апісанні мяркуемай колькасці транспартных сродкаў, з-за чаго неадпаведнасці ў гэтай колькасці блыталі ўдзельнікаў тэндара. А парадак прызнання пераможцы конкурса аказаўся выкладзеным з парушэннямі рэгламента.

У выніку пракуратура запатрабавала выправіць парушэнні. Прадпрыемства вырашыла ўвогуле адмяніць закупку, а юрысконсульту ад асіповіцкага пракурора было выпісана папярэджанне аб недапушчальнасці паўтарэння такіх памылак.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Глускім раёне прызналі экстрэмісцкай закінутую Фэйсбук-старонку

Старонка «В Центре Европы – Окраина Мира», якая не абнаўляецца з канца 2022 года, па цяперашнім меркаванні Глускай пракуратуры, з’яўляецца экстрэмісцкай.

Пракуратура Глускага раёна стараецца даказаць, што недарма есць свой хлеб і таксама можа змагацца з беларускімі “экстрэмістамі”. Так, нядаўна нагляднае ведамства ў выніку маніторынгу выкрыла ў Фэйсбуку акаўнт «В Центре Европы — Окраина Мира», які потым, 9 студзеня 2026 года, раённы суд прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам. Тое, што апошнія пасты на гэтай старонцы датуюцца лістападам 2022 года, ні пракуратуру, ні суд абсалютна не збянтэжыла. Хаця, па шчырасці, можна было ў Сеціве знайсці нешта больш свежае. І не важна, што тая інфармацыя ўжо магла быць прызнана “экстрэмісцкай” такімі ж пракурорамі і суддзямі з іншага раёна, бо падвойнае, а то і патройнае такое прызнанне часта сустракаецца і яшчэ нікому не зашкодзіла.

Потлумачыць, чаму глускія пракуроры засяродзілі сваю ўвагу менавіта на вышэйзгаданым акаўнце, ўзялася на старонках глускай праўладнай раёнкі памочнік пракурора Глускага раёна Вольга Бутэвіч (на здымку). Зрабіла гэта, як і належыць беларускаму пракурору лукашэнкаўскіх часоў, па-руску і з яўнай праявай непавагі да беларускай мовы. 

“При детальном анализе контента данного аккаунта прокуратурой Глусского района установлены публикации, которые демонстрируют экстремистскую символику

и направлены на популяризацию так называемого «пратэснага руху», а также представляют в негативном свете события социальной, политической

и культурной жизни Республики Беларусь”, – напісала пракурор, з агідай выкарыстаўшы ў рускамоўным тэксце два беларускія словы.

Цяпер акаўнт у Фэйсбуку, на які падпісаны менш за 700 чалавек і які быў створаны ў 2015 годзе, а тры гады таму спыніў сваё актыўнае абнаўленне, уключаны ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вядзе гэты спіс міністэрства інфармацыі.

Фотаздымак: glusk.by

На Магілёўшчыне супрацоўнік Дзяржпрамнагляду папаўся на хабары

У рукі праваахоўнікаў трапіў супрацоўнік Дзяржпрамнагляду, які за хабар падпісваў дакументы аб прыёмцы аб’ектаў у эксплуатацыю.

Паводле пракуратуры, хабар 49-гадовы супрацоўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці сістэматычна атрымліваў з кастрычніка 2023 па жнівень 2025 года. Так, напрыклад, за падпісанне для камерцыйнай структыры прыёмкі газавага абсталявання ён шэсць разоў атрымліваў па 5 тыс. рублёў хабару.

Затрымалі хабарніка, калі ён атрымаў 1800 рублёў незаконнага ўзнагароджання. Цяпер мужчына знаходзіцца пад вартай, а яго справа накіравана ў суд.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Фігурантку справы аб зрыве сцяга ў Дрыбіне прызналі асобай са “зменшанай наяўнасцю свядомасці”

Пракуратура распавяла некаторыя падрабязнасці справы аб сарванні ЧЗ-сцяга і замазванні дарожных знакаў.

Паводле пракуратуры, гэтыя злачынствы 17-гадовы юнак здзяйсняў дзеля 20-гадовай дзяўчыны. Падзеі адбываліся ў нейкім сельскім населеным пункце Дрыбінскага раёна. Падбухтораны ёю, хлопец сарваў сцяг з фасаду аддзялення банку, адначасова пашкодзіўшы кранштэйн, дрэўка і ўласна тканіну. Дзяўчына пры гэтым знаходзілася побач. Далей яна падбухторыла яго зафарбаваць чорнай фарбай два дарожныя знакі “Пешаходны пераход”.

Падчас разбіральніцтва хлопец цалкам прызнаў сваю віну і кампенсаваў ўрон. Яго сяброўка ж сваю віну ніяк не прызнала, і сцвярджала, што яе прыяцель дзейнічаў самастойна.

Паводле пракуратуры, дзяўчына была раней судзімая. “Паколькі яна здзейсніла злачынствы ў стане паменшанай наяўнасці свядомасці, суд ужыў да яе прымусовыя меры бяспекі і лячэння”, – гаворыцца ў пракурорскім паведамленні.

Нагадаем, што суд Дрыбінскага раёна прысудзіў хлопцу па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” адзін год калоніі з адтэрміноўкай на адзін год. А дзяўчыне – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне да такіх дзеянняў заведама непаўналетняга. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Жывёлагадоўля Магілёўшчыны: людзей няма, каровы дохнуць

Вялікі падзёж жывёлы, які спрабуюць схаваць, і адсутнасць спецыялістаў – галоўныя праблемы жывёлагадоўлі ў Магілёўскай вобласці.

Пракуратура спрабуе забяспечыць захаванасць пагалоўя кароў у Магілёўскай вобласці. Атрымліваецца пакуль не найлепшым чынам, што і зразумела – вяртанне савецкіх парадкаў з іх прымусам і адсутнасцю зацікаўленасці ў выніках працы робіць пракурорскія праверкі пустой тратай дзяржаўных сродкаў.

На першы погляд, згодна інфармацыі пракуратуры, за 2025 год падзёж скаціны скараціўся ў параўнанні з 2024 годам з 26,37 тыс. да 21,26 тыс. галоў, альбо на 19,4%. Гэта агулам па рэгіёну, але ў той жа час у пяці раёнах колькасць памёрлых кароў наадворот вырасла.

Па меркаванні спецыялістаў з пракуратуры, скаціна дохне перш за ўсё з-за парушэння тэхналагічных рэгламентаў утрымання і кармлення, несвоечасовай вакцынацыі і неэфектыўнага лячэння. Пры гэтым пракурорскія знаўцы жывёлагадоўлі прызнаюць, што “ключавой праблемай таксама застаецца неўкамплектаванасць сельгасарганізацый ветэрынарнымі і заатэхнічнымі спецыялістамі”. 

Праўда, узнікае пытанне, а можа гэтая неўкамплектаванасць – гэта не “таксама”, а менавіта “перш за ўсё”? Бо калі б былі ў дастатковай колькасці людзі, якім такая праца была б патрэбная, то і не было б парушэнняў тых самых рэгламентаў? Канешне, гэтых людзей трэба зацікавіць у такой працы, але гэта ўжо не пытанне пракурорскіх правяральшчыкаў.

Ад пракурораў пры такой сістэме патрабуецца знайсці і пакараць вінаватых, напісаць разнастайныя прадпісанні. І вось з гэтым яны выдатна спраўляюцца. “Па выніках разгляду актаў нагляду да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 759 работнікаў, у тым ліку 211 кіраўнікоў прадпрыемстваў АПК і 26 службовых асоб райвыканкамаў. Па патрабаванні пракурораў да матэрыяльнай адказнасці прыцягнута 704 работнікі на агульную суму звыш 226 тыс. рублёў, з іх 48 кіраўнікоў сельгасарганізацый”, – справаздачацца яны. Ну прыцягнулі, і што далей? Кароў стала больш? Ветэрынарныя і заатэхнічныя спецыялістамі натоўпамі пабеглі на вакантныя месцы?

Не, з пракурорскай інфармацыі гэта ніяк не вынікае. Затое вынікае іншае – што падзёж скаціны лепей схаваць для прыгожай справаздачы. Штосьці з таемнага стала яўным, але ж штосьці і не стала. “У 2025 годзе ў Магілёўскай вобласці ўзбуджана 64 крымінальныя справы па прыкметах злачынстваў, звязаных з утойваннем падзёжу БРЖ, з іх пракурорамі – 10. Па крымінальных справах устаноўлены факты ўтойвання ад уліку ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці звыш 3 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, падзёж якіх меў месца не толькі ў 2025 годзе, але і раней”, – рапартуе пракуратура, пэўна, лічачы, што такім чынам змагаецца са злачыннасцю ў сельскай гаспадарцы. Насамрэч, не. Усе гэтыя лічбы толькі сведчаць аб заганнай савецкай сістэме кіравання, якая адроджана ў Беларусі.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

На Магілёўшчыне пададзена 65 заяў аб абмежаванні грамадзян у дзеяздольнасці

Магілёўская пракуратура ўпэўненая: без грошай – не нап’юцца.

У Магілёўскай вобласці праз суд абмяжоўваюць дзеяздольнасць грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, і разглядаюць гэта як адзін са спосабаў барацьбы з алкагалізмам.

У 2025 годзе пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суды 65 заяў аб абмежаванні грамадзян у дзеяздольнасці. Яшчэ 18 спраў тычыліся пазбаўлення непаўналетніх права самастойна распараджацца сваімі даходамі. Прычына ва ўсіх выпадках адна – алкаголь.

Як правіла, у падобных справах фігуруюць адны і тыя ж абставіны:

  • усе даходы трацяцца на алкаголь;
  • удзел у ўтрыманні сям’і адсутнічае;
  • адбываюцца рэгулярныя сямейныя скандалы;
  • здзяйсняюцца адміністрацыйныя правапарушэнні.

Менавіта па такой схеме развіваліся справы ў Асіповіцкім і Бабруйскім раёнах.

У адным выпадку мужчына жыў з пажылой маці і траціў грошы выключна на спіртное.

У другім – 46-гадовы жыхар Бабруйскага раёна цалкам ігнараваў выдаткі на сям’ю, пазычаў грошы ў суседзяў і патрабаваў ад жонкі купляць яму алкаголь.

У абодвух выпадках суды падтрымалі пазіцыю пракуратуры і абмежавалі мужчын у дзеяздольнасці.

Пад абмежаванні трапляюць і непаўналетнія. Калі падлетак траціць заробак, дапамогу або іншыя выплаты не па прызначэнні, у тым ліку на алкаголь і цыгарэты, суд можа пазбавіць яго права самастойна распараджацца грашыма.

Так, у Бабруйску такое рашэнне было прынята ў дачыненні да непаўналетняга сіраты, які расходаваў сродкі на спіртное.

У пракуратуры ўпэўненыя, што такая практыка – адзін са спосабаў барацьбы з алкагалізмам і звязанымі з ім правапарушэннямі.

Мабыць, адзіная дзіўнасць ва ўсёй гэтай гісторыі – лічба. Шэсцьдзясят пяць грамадзян-алкаголікаў, дармаедаў і дэбашыраў на ўсю вобласць – гэта амаль што нічога. Куды суды рассарціраавалі ўсё астатняе насельніцтва, якое злоўжывае алкаголем?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.