Спецслужбы Беларусі спрабуюць наладзіць кантакт з палітэмігрантамі з Магілёва

Да шэрагу магілёўцаў, якія з палітычных прычын пакінулі радзіму, пачалі прыходзіць паведамленні ад незнаёмых з прапановай паразмаўляць.

Такія паведамленні пачалі прыходзіць у сацыяльныя сеткі магілёўцаў, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу. Mogilev.media вядомы тры выпадкі, калі да былых жыхароў Магілёва ў мэсэнджары Фэйсбука пісаў нейкі Ares Rest з адраса @ares.rest.2025. Ён цікаваіўся ў таго ці іншага палітэмігранта справамі “ўдалечыні ад роднага горада” і пытаўся, якім чынам можна паразмаўляць.

Некаторыя магілёўцы вырашылі апублічыць гэтыя спробы наладжвання кантактаў з боку лукашэнкаўскіх спецслужб. Так, журналіст Уладзімір Лапцэвіч выклаў у Фэйсбук скрыншот паведамлення, суправадзіўшы словамі: “Вось такое паведамленне прыйшло днямі ў мэсэджар ФБ. Перад тым, як яго выдаліць, зрабіў скрыншот, каб засталася памяць”. 

Аб падобным паведамленні распавёў у каментары да паста Лапцэвіча экаактывіст Сяргей Пехцераў. У скрыншоце, які дадаў Сяргей, суправадзіўшы словамі “у мяне такі пакемон”, да яго аб жаданні паразмаўляць звяртаецца нейкі Антон нібыта з Магілёва.

Саркастычным расповядам суправадзіла сваю кароткую перапіску з Ares Rest актывістка Святлана Кутковіч. “Сеанс таннага гіпнозу ад “таварыша маёра”

​Знаёмцеся, гэта Ares Rest – мяркуючы па ніку, “бог вайны” на дзяржслужбе, а па факце – звычайны майстар эпісталярнага жанру ў пагонах. ​Вырашыла апублічыць гэты шэдэўр аператыўнай думкі, каб вы разумелі, на якім узроўні цяпер знаходзіцца “інтэлектуальны штурм” у РБ”, – напісала Святлана напачатку свайго расповяда ў Фэйсбуку.

Варта адзначыць, што час з’яўлення гэтых паведамленняў у магілёўскіх палітэмігрантаў супаў са з’яўленнем у пабліку “Могилев Live” у Фэйсбуку рубрыкі “Нашы за мяжой”. У мінулым незалежны, а цяпер цалкам праўладны паблік таксама  спрабуе даведацца аб жыцці эмігрантаў і прапануе ім распавесці пра сваё жыццё ў іншых краінах. 

Калі прааналізаваць паведамленні Ares Rest да Святланы Кутковіч і тэкст у “Могилев Live”, то агульнай рысай там ёсць жаданне невядомых пачуць, пра што чалавек сумуе. У гэтым яскрава бачна спроба ўзмацніць пачуццё настальгіі ў палітэмігрантаў і на гэтай падставе, хутчэй за ўсё, нешта прапанаваць. 

Такім чынам лукашэнкаўскія спецслужбы не толькі псіхалагічна чапляюць чалавека з мэтай альбо вярбоўкі, альбо вяртання, але і падстаўляюць пад імаверны крымінальны пераслед з боку праваахоўных органаў той дзяржавы, дзе знаходзіцца палітычны ўцякач. Напрыклад, у Польшчы нават заява аб гатоўнасці супрацоўнічаць з замежнымі спецслужбамі згодна з Крымінальным кодэксам з’яўляецца злачынствам і караецца вялікімі тэрмінамі зняволення. 

Фотаздымак: grodnonews.by

У Глускім раёне прызналі экстрэмісцкай закінутую Фэйсбук-старонку

Старонка «В Центре Европы – Окраина Мира», якая не абнаўляецца з канца 2022 года, па цяперашнім меркаванні Глускай пракуратуры, з’яўляецца экстрэмісцкай.

Пракуратура Глускага раёна стараецца даказаць, што недарма есць свой хлеб і таксама можа змагацца з беларускімі “экстрэмістамі”. Так, нядаўна нагляднае ведамства ў выніку маніторынгу выкрыла ў Фэйсбуку акаўнт «В Центре Европы — Окраина Мира», які потым, 9 студзеня 2026 года, раённы суд прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам. Тое, што апошнія пасты на гэтай старонцы датуюцца лістападам 2022 года, ні пракуратуру, ні суд абсалютна не збянтэжыла. Хаця, па шчырасці, можна было ў Сеціве знайсці нешта больш свежае. І не важна, што тая інфармацыя ўжо магла быць прызнана “экстрэмісцкай” такімі ж пракурорамі і суддзямі з іншага раёна, бо падвойнае, а то і патройнае такое прызнанне часта сустракаецца і яшчэ нікому не зашкодзіла.

Потлумачыць, чаму глускія пракуроры засяродзілі сваю ўвагу менавіта на вышэйзгаданым акаўнце, ўзялася на старонках глускай праўладнай раёнкі памочнік пракурора Глускага раёна Вольга Бутэвіч (на здымку). Зрабіла гэта, як і належыць беларускаму пракурору лукашэнкаўскіх часоў, па-руску і з яўнай праявай непавагі да беларускай мовы. 

“При детальном анализе контента данного аккаунта прокуратурой Глусского района установлены публикации, которые демонстрируют экстремистскую символику

и направлены на популяризацию так называемого «пратэснага руху», а также представляют в негативном свете события социальной, политической

и культурной жизни Республики Беларусь”, – напісала пракурор, з агідай выкарыстаўшы ў рускамоўным тэксце два беларускія словы.

Цяпер акаўнт у Фэйсбуку, на які падпісаны менш за 700 чалавек і які быў створаны ў 2015 годзе, а тры гады таму спыніў сваё актыўнае абнаўленне, уключаны ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вядзе гэты спіс міністэрства інфармацыі.

Фотаздымак: glusk.by