Спецслужбы Беларусі спрабуюць наладзіць кантакт з палітэмігрантамі з Магілёва

Да шэрагу магілёўцаў, якія з палітычных прычын пакінулі радзіму, пачалі прыходзіць паведамленні ад незнаёмых з прапановай паразмаўляць.

Такія паведамленні пачалі прыходзіць у сацыяльныя сеткі магілёўцаў, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу. Mogilev.media вядомы тры выпадкі, калі да былых жыхароў Магілёва ў мэсэнджары Фэйсбука пісаў нейкі Ares Rest з адраса @ares.rest.2025. Ён цікаваіўся ў таго ці іншага палітэмігранта справамі “ўдалечыні ад роднага горада” і пытаўся, якім чынам можна паразмаўляць.

Некаторыя магілёўцы вырашылі апублічыць гэтыя спробы наладжвання кантактаў з боку лукашэнкаўскіх спецслужб. Так, журналіст Уладзімір Лапцэвіч выклаў у Фэйсбук скрыншот паведамлення, суправадзіўшы словамі: “Вось такое паведамленне прыйшло днямі ў мэсэджар ФБ. Перад тым, як яго выдаліць, зрабіў скрыншот, каб засталася памяць”. 

Аб падобным паведамленні распавёў у каментары да паста Лапцэвіча экаактывіст Сяргей Пехцераў. У скрыншоце, які дадаў Сяргей, суправадзіўшы словамі “у мяне такі пакемон”, да яго аб жаданні паразмаўляць звяртаецца нейкі Антон нібыта з Магілёва.

Саркастычным расповядам суправадзіла сваю кароткую перапіску з Ares Rest актывістка Святлана Кутковіч. “Сеанс таннага гіпнозу ад “таварыша маёра”

​Знаёмцеся, гэта Ares Rest – мяркуючы па ніку, “бог вайны” на дзяржслужбе, а па факце – звычайны майстар эпісталярнага жанру ў пагонах. ​Вырашыла апублічыць гэты шэдэўр аператыўнай думкі, каб вы разумелі, на якім узроўні цяпер знаходзіцца “інтэлектуальны штурм” у РБ”, – напісала Святлана напачатку свайго расповяда ў Фэйсбуку.

Варта адзначыць, што час з’яўлення гэтых паведамленняў у магілёўскіх палітэмігрантаў супаў са з’яўленнем у пабліку “Могилев Live” у Фэйсбуку рубрыкі “Нашы за мяжой”. У мінулым незалежны, а цяпер цалкам праўладны паблік таксама  спрабуе даведацца аб жыцці эмігрантаў і прапануе ім распавесці пра сваё жыццё ў іншых краінах. 

Калі прааналізаваць паведамленні Ares Rest да Святланы Кутковіч і тэкст у “Могилев Live”, то агульнай рысай там ёсць жаданне невядомых пачуць, пра што чалавек сумуе. У гэтым яскрава бачна спроба ўзмацніць пачуццё настальгіі ў палітэмігрантаў і на гэтай падставе, хутчэй за ўсё, нешта прапанаваць. 

Такім чынам лукашэнкаўскія спецслужбы не толькі псіхалагічна чапляюць чалавека з мэтай альбо вярбоўкі, альбо вяртання, але і падстаўляюць пад імаверны крымінальны пераслед з боку праваахоўных органаў той дзяржавы, дзе знаходзіцца палітычны ўцякач. Напрыклад, у Польшчы нават заява аб гатоўнасці супрацоўнічаць з замежнымі спецслужбамі згодна з Крымінальным кодэксам з’яўляецца злачынствам і караецца вялікімі тэрмінамі зняволення. 

Фотаздымак: grodnonews.by