У Магілёве 6 верасьня надвор’е будзе прахалодным і без форс-мажору. Імавернасць дажджоў 5-10 працэнтаў.
Паводле Белгідрамету цягам дня будзе воблачна з праясненнямі. Без істотных ападкаў. Тэмпература паветра +14…+16°C. Вецер паўночна-заходні, 3-8 м/с.
Актуальнымі застаюцца для Магілёўскага рэгіёну пастановы аб недапушчальнасці перабывання ў лясах. Яны прынятыя выканкамамі ўсіх 21 раёну вобласці ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі. На карце Міністэрства лясной гаспадаркі Магілёўшчына – «чырвоная».
Тым часам, на большай частцы Гомельскай, Мінскай абласцей і ў Мінску чакаецца надзвычайная з 5 класам пажарная небяспека. На сайце Белгідраметупазначана «штармавое папярэджанне аб небяспечнай гідраметэаралагічнай з’яве! (Чырвоны ўзровень небяспекі)». Зважайце на сябе.
Грабянёўскае, ці «Святое» возера – яшчэ адна перліна Магілёўскай ўнікальнасці. Гэта найвялікшы ў тутэйшы вадаём. Яго глыбіня сягае 19 мэтраў. Ён лічыцца помнікам прыроды з адметнай экасістэмай. Возера застаецца, нягледзячы на не найлепшыя для сябе часы, улюблёным месцам адпачынку гараджанаў.
Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.
Грабянёўскае возера ўпершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе. Паводле жыхароў пасёлку Грабянёва, больш за пяць дзясяткаў гадоў таму, возера было невялікім. Калі паблізу пачалі масава будаваць жыллё, з вадаёму бралі пясок. Возера значна павялічылася як памерамі, гэтак і глыбінёю.
Старажылы кажуць, што ў даўнейшыя часы з возера выцякала рачулка Качарага. Па іх словах вадаём з Дняпром злучаў Гаджыеў роў. Складаную сістэму сувязі возера з ракой знішчылі меліяратары. З таго часу вада ў ім зрабілася стаячай, чысціць не спрабавалі. Працы камунальнікаў зводзіліся да ўпарадкавання пляжу.
У 2012 годзе возера прызнавалася самым чыстым вадаёмам у горадзе, а праз два гады санэпідэмстанцыя выдала прадпісанне аб забароне купання, бо вада не адпавядала стандартам па мікрабіялагічных паказчыках.
Каб Грабянёўскае возера ўратаваць, трэба пазбавіць дно арганікі. За шмат гадоў на ім пласт арганічных адкладаў вырас да двух мэтраў, і яны гніюць. З надыходам спёкі вада награваецца і пачынае «цвісці».
1654 год. Жыхары Магілёва здалі горад маскоўкаму войску і палку Канстанціна Паклонскага.
Трыма месяцамі раней шматтысячнае войска Вялікая Княства Маскоўскага атакавала беларускія землі. Вайна доўжылася 13 гадоў і прынесла вялізныя страты беларускай гаспадарцы, загінула шмат людзей. Край абязлюдзіў і на доўгія гады заняпаў. Багата рамеснікаў нападнікі палонам вывезелі ў Масковію. Вайну 1654-1667 гадоў называюць Патопам.
Маскоўцы былі абазнаныя ў канфесійных праблемах Літвы і ўмела схілялі праваслаўнае насельніцтва краю на свой бок.
На пазіцыю пераважна праваслаўнага жыхарства Магілёва паўплываў і розгалас, пра тое, што твораць маскоўцы з гарадамі, якія бароняцца. На той момант быў акупаваны Полацк. Абложаны Смаленск.
Магілёў за здраду пазбавілі магдэбургскага права, але новая ўлада пакінула гараджанам некаторыя вольнасці. Ад іх не патрабавалася хадзіць на вайну, іх не маглі высяляць у іншыя гарады, гарадскія двары вызвалілі ад ваеннага пастою. Пры гэтым каталіцкаму насельніцтву і яўрэям забаранялася жыць у горадзе.
1 лютага 1661 году магілёўцы ўзнялі паўстанне і выбілі маскоўскі гарнізон. Гораду ўлады Рэчы Паспалітай вярнулі магдэбургскае права і даравалі новы герб. Са зменамі, ён застаецца сімвалам Магілёва дагэтуль.
1731 год. Нарадзіўся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.
Каталіцкі святар, архіепіскап магілёўскі, навуковец, пісьменнік.
З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.
У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах.
Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт Імператарскай Акадэміі навук.
Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму.
Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская).
1915 год. Нарадзіўся Барыс Райскі.
Дырыжор. Заслужаны артыст Беларусі.
Працаваў галоўным дырыжорам аркестраў Мінскага цырка, беларускага тэлебачання і радыё.
Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі», «У пушчах Палесся», «Зорка Венера» і іншыя, радыёоперы, музыкі балетаў, камедый «Паўлінка» і «Несцерка».
Быў рэпрэсаваны ў 1950 годзе і 4 гады адбыўся ў лагерах. Вызвалілі ў 1954 годзе.
1927 год. Нарадзіўся Алесь Адамовіч.
Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.
Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР.
Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля».
Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму Беларускага Народнага Фронту.
Адамовіч не прымаў савецкага погляду на Другую сусветную вайну. Трымаўся таго, што вайна для беларуса – была «вайною пад стрэхамі».
Ягоныя творы экранізаваныя. Сярод іх «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой».
У 1985 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» Элем Клімаў паставіў мастацкі фільм «Ідзі і глядзі», у аснове якога творы «Хатынская аповесць» і «Карнікі».
У пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, імем пісьменніка названая вуліца, у 2018 адкрыты арт-аб’ект – «Прыпынак Адамовіча», а ў 2019 пастаўлены бюст.
1960 год. Памёр Міхась Васілёк.
Паэт. Арганізатар гурткоў Таварыства беларускай школы, дзеяч вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі.
Першы надрукаваны зборнік лірыкі «Шум баравы» быў канфіскаваны польскімі ўладамі, канфіскаваны і знішчаны быў і рукапіс другога зборніка.
Аўтар некалькіх кніг паэзіі.
У яго гонар названа вуліца ў Гродна, на якой стаяў дом паэта.
1978 год. Памёр Пётр Татарыновіч.
Каталіцкі святар, перакладчык, арганізатар Беларускай секцыі Ватыканскага радыё, паэт, выдавец. Доктар тэалогіі.
Прыхільнік беларусізацыі царкоўнага жыцця.
За патрыятычнае выхаванне беларускай каталіцкай моладзі пераследаваўся польскімі ўладамі.
Спрыяў пашырэнню ўніяцтва на Століншчыне.
Аўтар доктарскай дысертацыі «Святы Кірыла, біскуп Тураўскі, і ягонае духоўнае вучэнне».
Быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач «Радыё Ватыкана».
Апекаваў беларусаў-католікаў у эміграцыі.
Аўтар шэрагу кніг. Перакладчык на беларускую мову, у тым ліку рамана Генрыка Сянкевіча «Quo vadis?».
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
У экспазіцыі дзясяткі работ, у якіх творы Леанарда да Вінчы, Малевіча, Пікаса, Маціса, Далі пададзеныя аўтарам ва ўнікальнай тэхніцы сублімацыі на тканінах. А культурныя і палітычныя падзеі перададзеныя творцам у працэсе яго пошукаў гармоніі і сэнсу існавання.
У карцінах прыхаваны антываенны і антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.
Магілёўскі дызайнер і мастак Валерый Плаксін прадставіў даробак шматгадовай творчасці на сваёй персанальнай выставе. Яна разгорнутая ў выставачнай зале Музею гісторыі Магілёва, што на вуліцы Болдзіна.
Валерый Плаксін нарадзіўся ў 1945 годзе ў Ленінградзе. Скончыў у 1970 годзе факультэт прыкладнога мастацтва Маскоўскага тэхналагічнага інстытуту. Працаваў мастаком у Краснаярску, а з 1978 года на просьбу адміністрацыі магілёўскага Камбіната шоўкавых тканін («Магатэкс») 30 гадоў кіраваў мастацкай майстэрняй на прадпрыемстве.
Выстава Плаксіна здзіўляе і падштурхоўвае да роздуму. Дапытліваму наведніку ёсць аб чым паспрачацца і што пераасэнсаваць. Яе трэба наведаць, каб параўнаць сваё ўспрыманне геніяльных карцін з бачаннем іх вачамі дызайнера. Паспрабаваць зразумець унутраны свет мастака і пашукаць сябе, аглядаючы яго творы. У карцінах Плаксіна прыхаваны антываенны і нечаканы антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.
Сам аўтар кажа, што аб’ектам ягоных захапленняў з’яўляюцца не падзеі і нават не сама рэальнасць, а эмоцыі, уражанні, роздумы, унутраны свет…
Яго працы дызайнерскія, бо гады працы на камбінаце шаўковых тканін нікуды не падзеліся, яны і па сёння з майстрам. Некаторыя з твораў маюць плакатнае адценне. Іншыя здаюцца сублімацыяй палітычных ці культурных падзей.
Некаторыя творы з’яўляюцца простым адлюстраваннем ягонага ўспрымання сутнасці іншых экзатычных для нас культур.
У Магілёве на гарадскім свяце «Звенит звонок!» дзятву вучылі абыходжанню са зброяй, расказвалі пра таямніцы следства і дазвалялі фатаграфавацца ў кампаніі з экіпіраванымі спецназаўцамі.
Імпрэза праходзіла ў Падмікольскім парку, а анансавалі яе ідэолагі з Магілёўскага гарвыканкаму. На свята прыйшло некалькі сот школьнікаў рознага ўзросту.
Хлопчыкі і дзяўчынкі разбіралі і збіралі аўтаматы пад наглядам ваенрукоў. Дзятве дазвалялі забаўляцца з вінтоўкай, пры гэтым не папярэджвалі, што цэліцца ў людзей забаронена.
Некаторыя «гульнявыя пляцоўкі» са зброяй былі ўпрыгожаныя савецкай атрыбутыкай, а вядоўцы былі адзетыя ў форму савецкіх салдат.
Гараджане абавязаныя вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Уладальнікі металічных гаражоў павінны прыбраць іх да 10 верасня. На іх месцы ўзвядуць шматпавярховікі.
Будаўніцтва трох дзесяціпавярховых дамоў на вуліцы 30 год Перамогі адгукнулася на лёсе невялікага гаражнага кааператыва. Гаражы, пабудаваныя ў пачатку 1990-х ідуць пад знос у сувязі з распачатым будаўніцтвам. Будаўнікі збіраюцца знішчыць больш за 200 металічных каробак – паведамляе тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў».
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксей Шарай даводзіць: яшчэ падчас будаўніцтва гаражоў у Дамову быў уключаны адмысловы пункт. Гараджане абавязаліся вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Цяпер такое патрабаванне агучанае – на месцы кааператыва запланавана шматкватэрнае будаўніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.
Уласнікі металічных гаражоў павінны самастойна забраць з іх каштоўную маёмасць і паклапаціцца пра новае месца размяшчэння да 10 верасня. Пакінуць гараж на прыдамавой тэрыторыі змогуць толькі інвалідам ІІ групы па хваробе апорна-рухальнага апарату.
Гаражы, у якія не будзе забяспечаны доступ будаўнікам, будуць ускрытыя без прысутнасці ўладальнікаў, а самі металічныя каробкі адправяцца на адмысловы палігон, чакаць свайго далейшага лёсу.
Грукат, шархаценне, удары – адбіваюць жаданьне жыхароў ад перасовання ў ім.
Ліфт, усталяваны ў шматпавярховым доме па вуліцы Каштанавай тры месяцы таму, палохае яго жыльцоў незвычайнымі гукамі.
Відэа з праблемнай працай ліфта адна з жыхарак выклала ў адзін з магілёўскіх паблікаў.
“Як вы думаеце, праца такога ліфта – ці бяспечная?” – задае пытанне аўтар відэа ў пабліку.
– Гэта труць кантрольныя чаравікаў… Спачатку нічога страшнага, пакуль не заб’юць накіроўвальныя, укладышы і г.д. – адказвае адзін абазаны чытач.
– Нічога небяспечнага няма, – паўтарае другі “спецыяліст” – ідзе прыцірка.
“Навошта і што прыціраецца ўжо тры месяцы? – не сунімаецца аўтар допісу – І шум апошнім часам у грукат перайшоў – у кватэрах чутны”.
– Не небяспечна. – супакойвае яшчэ адзін каментатар – Націсніце на кнопку са званочкам і растлумачце праблему дыспетчару. Абслугоўваючы механік прыбярэ праблему. Пасля мантажу, яшчэ бывае паўгода вылазяць “касякі”. І гэта таксама нармальна.
Валадар Цурпанаў 1 верасня прыйшоў у 43 школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсіфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».
Актывіста затрымалі, а пазней асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства і непадпарадкаванне службовай асобе».
У ізалятары Цурпанаву прысудзілі яшчэ 8 содняў за іншае адміністрацыйнае правапарушэнне, звязанае з яго пратэстнай актыўнасцю. Ён абвясціў сухую галадоўку і пасля 10 дзён галадавання быў дастаўлены супрацоўнікамі вязніцы ў больніцу.
Да лёсавызначальнага для сябе «візіту» на школьную лінейку Цурпанаў у разгар пратэстаў дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадской і абласной вертыкалі. Ім агучыў патрабаванні пратэстоўцаў.
Забяспечыць правядзенне мірных сходаў без абмежаванняў;
Зліквідаваць пасады і структуры ідэолагаў;
Аднавіць працу інтэрнэту, зняўшы блакаду;
Вызваліць палітвязняў.
Валадара Цурпанава, які праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем, пазней асудзілі на 3 гады «хіміі», з яе адправілі ў калонію. Цяпер жа ён няволіцца ў гродзенскай турме №1. На волю мае выйсці ў лютым 2023 году.
Радасць тых, хто пратэставаў супраць узвядзення аўтазаправачнай станцыі, што яе зачынілі, наагул была заўчаснай. АЗС рэканструююць. Так пазначана ў пашпарце аб’екту. Паводле яго звестак, у абноўленым будынку будзе сервіз комплексных паслугаў.
Як удалося высветліць, на запраўцы прадугледжаная і кавярня, якую, як спадзяваліся жыльцы прылеглых дамоў, адчыняць замест АЗС.
Гэта запраўка непадалёк ад помніка святару Георгію Каніскаму, які паставілі тры тыдні таму на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай у Падмікольскі парк – за сто метраў ад плошчы Арджанікідзэ. Мясціна – гістарычная частка гораду.
20 гадоў таму гараджан абурыла ўзвядзенне аўтазаправачнай станцыі ў цэнтры Магілёва. Звароты з пратэстамі яны пісалі ў гарвыканкам, які праігнараваў меркаванне жыхароў. АЗС пабудавалі.
Яе «закрыццё» узрадавала тых, хто памятае пратэстную эпапею, якая вымусіла тагачаснага кіраўніка гораду Віктара Шорыкава апраўдвацца, нагадваў Магілёў.media пра падзеі 2003 году.
Шорыкаў тады вымушаны быў прызнаць факт будаўніцтва небяспечнага аб’екту і намагаўся супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе.
Апошні дзень працы двух, што засталіся ў Мінску, 1 верасня. Пра тое паведаміла беларускае прадстаўніцтва сеткі на сваёй старонцы ў Інстаграме.
“1 верасня (чацвер) – апошні дзень працы піцэрый “Папа Джонс” – гаворыцца ў допісе прадстаўніцтва.
«Паспейце патраціць бонусныя балы, назапашаныя ў нашай праграме лаяльнасці «Папа Бонус», зрабіўшы замову онлайн на сайце або ў дадатку з дастаўкай» – адзначаецца ў ім.
Карыстальнікі паслугаў сеткі на навіну, аб закрыцці ядальняў адрэагавалі эмацыйнымі каментарамі.
«Вельмі шкада. Добрая сетка піцэрый была. Толькі вось прычыну закрыцця так і не сказалі. Неяк не прыгожа ў адносінах да спажыўца» – гаворыцца ў адным з іх.
22 чэрвеня піцэрыя “Papa Johnʼs” зачынілася ў Магілёве, а 5 красавіка – у Бабруйску.
Прычыны закрыцця ядальняў кіраўніцтва сеткі не агучвае.
У Беларусі сетка “Papa Johnʼs” – мела 21 ядальню ў 7 гарадах.