Кірмаш рамеснікаў і аграсядзібнікаў прайшоў у магілёўскім “Парк-Сіці” – фота

У Магілёўскім гандлёвым цэнтры “Парк-Сіці” прайшоў кірмаш “KLUKVA Маркет”. 

Тут было заўважана каля трох дзясяткаў рамеснікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, гаспадароў аграсядзіб Магілёўскай вобласці, якія выставілі на продаж уласныя вырабы ручной працы – эксклюзіўныя ўпрыгожанні, карціны, свечкі, мыла, прадметы дэкору, посуд, цацкі, шалікі, галаўныя уборы, сухія букеты, а таксама сыры, рыбу, мікразеляніну, мёд.  

Паказаць свае работы і заявіць аб сабе, як аб людзях творчых і крэатыўных.

Некаторыя з удзельнікаў кажуць, што прывезлі свае работы ўжо не ў першы раз, будуць яшчэ удзельнічаць на гэтай жа пляцоўцы, бо кірмаш дае надзею, што будзе рэалізавана іх прадукцыя і вырабы, што дасць магчымасць плаціць пададкі, зарабіць на жыццё. Яны лічаць, што кірмаш – добрая нагода каб паказаць свае работы і заявіць аб сабе, як аб людзях творчых і крэатыўных, пазнаёміцца з патэнцыйнымі пакупнікамі, заказчыкамі прадукцыі.

Назіранне паказала, што шмат хто цікавіцца прадстаўленай на кірмашы прадукцыяй, але робіць пакупкі толькі кожны 15-20 наведвальнік.  Хаця кошты на вырабы і прадукцыю адносна невысокія. 

Такое мерапрыемства плануецца надалей ладзіць 1-2 разы на месяц перад дзяржаўнымі і рэлігійнымі святамі. 

Нагадаем, што упершыню кірмаш “KLUKVA Маркет” прайшоў у ГЦ “Парк-Сіці” у Магілёве 11-12 чэрвеня 2022 года. Дэвіз Маркета – “выяві сябе!” 

Фота: mogilev.media

Выставу з прыхаваным антываенным падтэкстам і супрацьлеглымі думкамі паказваюць у Магілёве

У экспазіцыі дзясяткі работ, у якіх творы Леанарда да Вінчы, Малевіча, Пікаса, Маціса, Далі пададзеныя аўтарам ва ўнікальнай тэхніцы сублімацыі на тканінах. А культурныя і палітычныя падзеі перададзеныя творцам у працэсе яго пошукаў гармоніі і сэнсу існавання.

У карцінах прыхаваны антываенны і антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.

Магілёўскі дызайнер і мастак Валерый Плаксін прадставіў даробак шматгадовай творчасці на сваёй персанальнай выставе. Яна разгорнутая ў выставачнай зале Музею гісторыі Магілёва, што на вуліцы Болдзіна.


Валерый Плаксін нарадзіўся ў 1945 годзе ў Ленінградзе. Скончыў у 1970 годзе факультэт прыкладнога мастацтва Маскоўскага тэхналагічнага інстытуту. Працаваў мастаком у Краснаярску, а з 1978 года на просьбу адміністрацыі магілёўскага Камбіната шоўкавых тканін («Магатэкс») 30 гадоў кіраваў мастацкай майстэрняй на прадпрыемстве.


Выстава Плаксіна здзіўляе і падштурхоўвае да роздуму. Дапытліваму наведніку ёсць аб чым паспрачацца і што пераасэнсаваць. Яе трэба наведаць, каб параўнаць сваё ўспрыманне геніяльных карцін з бачаннем іх вачамі дызайнера. Паспрабаваць зразумець унутраны свет мастака і пашукаць сябе, аглядаючы яго творы. У карцінах Плаксіна прыхаваны антываенны і нечаканы антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.

Сам аўтар кажа, што аб’ектам ягоных захапленняў з’яўляюцца не падзеі і нават не сама рэальнасць, а эмоцыі, уражанні, роздумы, унутраны свет…

Яго працы дызайнерскія, бо гады працы на камбінаце шаўковых тканін нікуды не падзеліся, яны і па сёння з майстрам. Некаторыя з твораў маюць плакатнае адценне. Іншыя здаюцца сублімацыяй палітычных ці культурных падзей. 

Некаторыя творы з’яўляюцца простым адлюстраваннем ягонага ўспрымання сутнасці іншых экзатычных для нас культур.

У Клімавічах на пяць месяцаў закрыюць мост у цэнтры гораду, для пешаходаў наладзяць пантон

Абяцаюць, што за рамонт маста цераз раку возьмуцца з гэтага тыдня.

Знаходзіцца пераправа на цэнтральнай вуліцы райцэнтру вуліцы Леніна. Каля праблемнага ўчастка дарогі для пешаходаў разгорнуць пантон, а для транспарту прадугледжаны аб’езд, піша  мясцовая раёнка «Родная ніва».

Рамонт маста будзе трываць 5 месяцаў. За працу ўзялася мінскае прадпрыемства «Спецмостбуд».

Сёлета ў сакавіку паведамлялася, што на рамонт маста збіраліся «накіраваць 800 тысяч рублёў». Адзначалася, што выдзяленне фінансавых сродкаў «добрая навіна для клімаўчан».