Выставу з прыхаваным антываенным падтэкстам і супрацьлеглымі думкамі паказваюць у Магілёве

У экспазіцыі дзясяткі работ, у якіх творы Леанарда да Вінчы, Малевіча, Пікаса, Маціса, Далі пададзеныя аўтарам ва ўнікальнай тэхніцы сублімацыі на тканінах. А культурныя і палітычныя падзеі перададзеныя творцам у працэсе яго пошукаў гармоніі і сэнсу існавання.

У карцінах прыхаваны антываенны і антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.

Магілёўскі дызайнер і мастак Валерый Плаксін прадставіў даробак шматгадовай творчасці на сваёй персанальнай выставе. Яна разгорнутая ў выставачнай зале Музею гісторыі Магілёва, што на вуліцы Болдзіна.


Валерый Плаксін нарадзіўся ў 1945 годзе ў Ленінградзе. Скончыў у 1970 годзе факультэт прыкладнога мастацтва Маскоўскага тэхналагічнага інстытуту. Працаваў мастаком у Краснаярску, а з 1978 года на просьбу адміністрацыі магілёўскага Камбіната шоўкавых тканін («Магатэкс») 30 гадоў кіраваў мастацкай майстэрняй на прадпрыемстве.


Выстава Плаксіна здзіўляе і падштурхоўвае да роздуму. Дапытліваму наведніку ёсць аб чым паспрачацца і што пераасэнсаваць. Яе трэба наведаць, каб параўнаць сваё ўспрыманне геніяльных карцін з бачаннем іх вачамі дызайнера. Паспрабаваць зразумець унутраны свет мастака і пашукаць сябе, аглядаючы яго творы. У карцінах Плаксіна прыхаваны антываенны і нечаканы антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.

Сам аўтар кажа, што аб’ектам ягоных захапленняў з’яўляюцца не падзеі і нават не сама рэальнасць, а эмоцыі, уражанні, роздумы, унутраны свет…

Яго працы дызайнерскія, бо гады працы на камбінаце шаўковых тканін нікуды не падзеліся, яны і па сёння з майстрам. Некаторыя з твораў маюць плакатнае адценне. Іншыя здаюцца сублімацыяй палітычных ці культурных падзей. 

Некаторыя творы з’яўляюцца простым адлюстраваннем ягонага ўспрымання сутнасці іншых экзатычных для нас культур.