Пазітыў артпраекта “Я” дапаможа ўзняць настрой на выхадных у Магілёве

Не толькі паглядзець на карціны, але і сустрэцца з мастакамі дае магчымасць ArtPrаject “Я” у Выставачнай зале музея гісторыі Магілёва, што адкрыўся на гэтым тыдні. 

Калабарацыя розных аўтараў, якія жывуць у адным горадзе і часцяком не ведаюць адзін пра аднаго атрымалася надзіва ўдалай, свежай, каларытнай і пазітыўнай.

Куратар – Вадзіс Красоўскі сабраў самых разнастайных творчых асоб горада, пачынаючы ад масцітых мастакоў і заканчваючы самадзейнымі аўтарамі.

– Мастакі павінны мець зносіны, а ў нас горад не ведае сваіх творцаў, і яны не ведаюць адзін аднаго. – лічыць арганізатар выставы – І вось тутака яны сустрэліся анлайн і офлайн. Яны і гледачы могуць абмеркаваць, падзяліцца думкамі. І гэта вельмі важна.

Розныя тэхнікі і віды выяўленчага мастацтва таксама сустрэліся на адной пляцоўцы і ўдала дадалі разнастайнасці і рэл’ефнасці выставе. 

Кожны дзень артпраект прапануе сустрэчы з творцамі, якія ў сваю чаргу запрашаюць сваіх творчых людзей і арганізуюць канцэрты, дыскусіі, гульні…

Тут не сумна, хаця і ёсць меланхалічныя творы. 

Наведаць выставу і сустрэцца з магілёўскімі творцамі можна да 26 лютага, калі адбудзецца ўрачыстае закрыццё праекта. 

Фота: mogilev.media

Музей гісторыі Магілёва адмовіўся забіраць у свае фонды неонавую вывеску з кінатэатра «Ветразь»

Паступіў адказ на зварот аднаго з грамадзян з просьбай аб захаванні ў фондах Музея гісторыі Магілёва арыгінальнай неонавай вывескі з закрытага кінатэатра “Ветразь” – піша Тэлеграм-канал oktagon. Дырэктар музея Сяргей Бяспанскі заўважае, што “для нас, магілёўцаў кінатэатр “Ветразь” з’яўляецца адным з сімвалаў мінулай эпохі. Але ў сувязі з тым, што плошча фондасховішча музея складае 50,5 квадратных метраў, а толькі асноўны фонд налічвае 12 887 адзінак захоўвання, мы не маем магчымасці прыняць у фонды музея такі буйнагабарытны прадмет, як вывеска кінатэатра “Ветразь”.

Музей гісторыі Магілёва адмовіўся забіраць у свае фонды неонавую вывеску з кінатэатра «Ветразь»

Выставу з прыхаваным антываенным падтэкстам і супрацьлеглымі думкамі паказваюць у Магілёве

У экспазіцыі дзясяткі работ, у якіх творы Леанарда да Вінчы, Малевіча, Пікаса, Маціса, Далі пададзеныя аўтарам ва ўнікальнай тэхніцы сублімацыі на тканінах. А культурныя і палітычныя падзеі перададзеныя творцам у працэсе яго пошукаў гармоніі і сэнсу існавання.

У карцінах прыхаваны антываенны і антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.

Магілёўскі дызайнер і мастак Валерый Плаксін прадставіў даробак шматгадовай творчасці на сваёй персанальнай выставе. Яна разгорнутая ў выставачнай зале Музею гісторыі Магілёва, што на вуліцы Болдзіна.


Валерый Плаксін нарадзіўся ў 1945 годзе ў Ленінградзе. Скончыў у 1970 годзе факультэт прыкладнога мастацтва Маскоўскага тэхналагічнага інстытуту. Працаваў мастаком у Краснаярску, а з 1978 года на просьбу адміністрацыі магілёўскага Камбіната шоўкавых тканін («Магатэкс») 30 гадоў кіраваў мастацкай майстэрняй на прадпрыемстве.


Выстава Плаксіна здзіўляе і падштурхоўвае да роздуму. Дапытліваму наведніку ёсць аб чым паспрачацца і што пераасэнсаваць. Яе трэба наведаць, каб параўнаць сваё ўспрыманне геніяльных карцін з бачаннем іх вачамі дызайнера. Паспрабаваць зразумець унутраны свет мастака і пашукаць сябе, аглядаючы яго творы. У карцінах Плаксіна прыхаваны антываенны і нечаканы антырасісцкі падтэкст, які выклікае супрацьлеглыя думкі.

Сам аўтар кажа, што аб’ектам ягоных захапленняў з’яўляюцца не падзеі і нават не сама рэальнасць, а эмоцыі, уражанні, роздумы, унутраны свет…

Яго працы дызайнерскія, бо гады працы на камбінаце шаўковых тканін нікуды не падзеліся, яны і па сёння з майстрам. Некаторыя з твораў маюць плакатнае адценне. Іншыя здаюцца сублімацыяй палітычных ці культурных падзей. 

Некаторыя творы з’яўляюцца простым адлюстраваннем ягонага ўспрымання сутнасці іншых экзатычных для нас культур.

«Лабірынт – альбо заблытаная дарога…». Гісторык Аляксей Бацюкоў пра першую магілёўскую паэму

Гэта паэма ўваходзіць у калекцыю выбітных літаратурных твораў старажытнай беларускай літаратуры. Яна вядомая дзякуючы таму, што друкаваная кніга з ёй захавалася ў адзіным экзэмпляры. Аўтар напісаў твор, каб прадэманстраваць свае інтэлектуальныя і літаратурныя таленты і быць прынятым настаўнікам у Магілёўскую брацкую школу.


Аляксей Бацюкоў амаль паўтары гады вядзе свой цыкл адукацыйных лекцый пра Магілёў і Магілёўшчыну, пачынаючы ад часоў неандэртальцаў, набліжаючыся да нашага часу. Мяняюцца платформы для размяшчэння відэа, і цяпер аўтар працуе на сваім асабістым ютуб-канале.


Хто такі Аляксей Бацюкоў

– Магілёўскі гісторык, пісьменнік і журналіст, які быў звольнены з пасады дырэктара Музею гісторыі Магілёва ў лютым 2021 года.

– На пасадзе дырэктара музэю адзначыўся гучнымі набыткамі гісторыка-культурных каштоўнасцяў для музейнай экспазіцыі – гэта адзіны ў Беларусі экзэмпляр Статута ВКЛ 1588 года, меч мсціслаўскага рыцара XVI стагоддзя, літургічнае покрыва са слуцкага пояса, адзіны ў Магілёве асобнік кнігі Спірыдона Собаля і шмат іншага.

– Быў двойчы асуджаны да адміністратыўных штрафаў за ўдзел у мітынгах у Магілёве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«Лабірынт…» – пра што гэтая паэма

Чарговая лекцыя Аляксея Бацюкова прысвечаная выхаду ў друк унікальнага твору – першай магілёўскай паэмы, прычым напісанай магілёўцам для магілёўцаў і пра Магілёў. Яе аўтар – праваслаўны месціч Фама Яўлевіч надрукаваў твор у 1625 годзе ў Кракаве, дзе ён вучыўся вольным навукам у Ягелонскім універсітэце.

 

Эмацыйны і маралізатарскі зварот маладога вучонага – Яўлевічу было каля 25-30 гадоў – спалучаецца з аналізам развіцця паэтычнай традыцыі ў ВКЛ і прычынамі пачатку панавання польскай мовы.

Паэма «Лабірынт – альбо заблытаная дарога…» уваходзіць у калекцыю выбітных літаратурных твораў старажытнай беларускай літаратуры. Лабірынт, вы ўяўленні Фамы Яўлевіча – гэта цяжкі грамадска-палітычны стан, у якім апынуўся Магілёў у пачатку XVII стагоддзя ва ўмовах ціску на традыцыйную культуру і веру. А Мудрасць – галоўная гераіня паэмы – з’яўляецца памочнікам, які здольны вывесці гараджанаў з небяспекі. Дзеля выратавання магілёўцам спатрэбіцца трываласць у змаганні з дрэннымі звычкамі і непісьменнасцю, павага да навукі і школьнай адукацыі.